Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 79 г. Гродна”
У дзіцячым садзе № 79 Гродна распрацавана цэлая лінейка тэматычных мерапрыемстваў па бяспецы паводзін у надзвычайных сітуацыях.
Вучыць берагчы жыццё і здароўе трэба змалку. Педагогі не стамляюцца паўтараць прапісныя ісціны, каб у дзяцей склаўся трывалы алгарытм паводзін у надзвычайных сітуацыях. Хвілінкі бяспекі ўжо сталі неад’емным атрыбутам выхаваўчага працэсу, а больш маштабныя мерапрыемствы дазваляюць падрабязней спыніцца на пытаннях бяспечных паводзін у розных складаных сітуацыях, зрабіць акцэнт на рэчах, якія могуць здасца дробязямі на першы погляд.
Як вядома, забаронены плод салодкі. Калі дзеці знаходзяцца пад наглядам дарослых, то ім складаней здзейсніць нейкія цікавыя, але небяспечныя ўчынкі. Бацькі заўсёды іх спыняць і не палянуюцца нагадаць, што нельга гуляць з запалкамі, выглядаць у расчыненыя вокны, чапаць электраправады і г. д. Але ж спакуса ў маленькіх следапытаў застаецца. Менавіта для таго, каб не дапусціць горкага вопыту, наш дзіцячы сад № 79 Гродна распрацаваў цэлую лінейку тэматычных мерапрыемстваў. Распачалі са стварэння квест-пакоя. Галоўнымі персанажамі ў ім сталі самі ж выхаванцы. Раздрукаваныя ў поўны рост фотаздымкі дзяцей у хатняй атмасферы дазволілі аформіць рэкрэацыю дзіцячага сада ў вялікім фармаце. Удзельнікі квесту нібы акунаюцца ў віртуальную гульню. Дарэчы, мы нездарма выбралі менавіта такі прыём, бо сучаснаму пакаленню знаходжанне анлайн звыклае і камфортнае. Вось і тут дзецям неабходна кіраваць сваімі персанажамі, каб дасягнуць пэўнага выніку.
Падарожжа распачынаецца за закрытымі дзвярыма, за якімі гучаць крыкі дзяцей “Дапамажыце! Дапамажыце!”. Зразумела, ва ўдзельнікаў квесту з’яўляецца пачуццё трывогі і памкненне дапамагчы. Далей неабходна пераадолець некалькі прыступак, каб аператыўна і правільна сябе павесці ў прадстаўленай надзвычайнай сітуацыі. Першая праблема, з якой сутыкаюцца героі, – ці можна адчыняць дзверы незнаёмым людзям. Дзеці прапануюць свае варыянты, а потым персанаж з фотаздымка “ажывае”: рэальны хлопчык выходзіць з-за дзвярэй і дзякуе за слушныя падказкі. Ён таксама ўключаецца ў гульню, прапаноўваючы далейшыя заданні.
Разглядаючы ілюстрацыі да вядомых казак “Кошчын дом”, “Бабовае зярнятка”, “Кот, пеўнік і ліса”, малышы робяць вывад, якім правілам бяспекі яны вучаць.
Далей прадстаўлена сітуацыя, калі дзяўчынка спаліла каструлю і распачаўся пажар. Вядома, сучасныя дзеці з лёгкасцю назвалі нумар выратавальнай службы. Аднак далей было прапанавана заданне крыху іншага кшталту: на планшэце запісаны розныя віды тэлефонных званкоў на нумар 101 і 112, у тым ліку і ілжывых, калі людзі проста вырашылі пасваволіць, –трэба было прааналізаваць пачутае. Узяўшы трубку, дзеці змаглі самі патрэніравацца, што неабходна паведаміць дыспетчару, калі сапраўды здарыўся пажар.
У зоне ўзаемадзеяння з электрапрыборамі была змайстравана 3D-павуцінка з рознакаляровых электраправадоў. Такім спосабам можна даведацца, з якімі бытавымі рэчамі дазваляецца гуляць, а з якімі – не. Напрыклад, калі, разблытаўшы правадок, мы прыйшлі да праса, то знайшлі там значок забароны: значыць, гэта небяспечны прадмет і нядбайнасць з ім можа прывесці да бяды. А провад ад машынкі на дыстанцыйным кіраванні паказаў значок-смайлік.
Наступная экспазіцыя была прысвечана магчымасці выпадзення з акна. Дзяўчынка на фотаздымку стаіць на падаконніку, трымаецца за ручку, каб расчыніць акно. Усе дзеці ўголас паведамілі, што такія паводзіны могуць прывесці да трагедыі, нагадалі таксама пра наяўнасць спецыяльных замочкаў. У якасці замацавання пройдзеных этапаў на фінішы падарожжа паказваецца відэаролік, у якім блогер, маленькі хлопчык, падзякаваў усім за дапамогу і паведаміў, што ён завітаў у тыя кватэры і ўпэўніўся, што зараз там нікому нічога не пагражае.
Як па ланцужку, у ходзе квеста дзеці сутыкаліся з шэрагам магчымых небяспечных сітуацый і правільна вырашалі пастаўленыя праблемы. У гульнявой форме ім было гэта цікава, аднак пачуццё рэальнасці ўсё ж не пакідала. Такі інавацыйны падыход мае права на існаванне, таму што падобныя мерапрыемствы ўцягваюць у інтэрактыўную дзейнасць і праз асабістае пражыванне падзей дазваляюць выпрацаваць неабходныя жыццёвыя кампетэнцыі. Як вядома, узброены – значыць абаронены.