Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэта: стварыць вясёлы святочны настрой.
Матэрыял і абсталяванне: музычны рэпертуар, музычныя інструменты, хусткі, вяроўка, прышчэпкі.
Папярэдняя работа: гутарка пра свята 8 Сакавіка, развучванне песень, танцаў, вершаў і аркестра.
Ход ранішніка
Музычная зала святочна ўпрыгожана
Вядучы: Добры дзень, шаноўныя госці. Нашы дзеці віншуюць сёння тых, без каго немагчыма ўявіць жыццё. Гэтае свята для мам, бабуль, сясцёр. Сустракаем нашых удзельнікаў.
Дзеці пад музыку ўваходзяць у залу
Дзіця:
Светлы месяц сакавік
Светлым дням вядзе падлік.
Як два сонцы – лічба 8,
Кветкі ўдзячнасці прыносім.
Дзіця:
Словы шчодрыя знайду
I пра маму верш складу.
Светлая зараначка –
Дарагая мамачка.
Песня “Мама-сонейка”
Дзіця:
Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Мама! Матуля!
Чароўнае слова –
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
Песня “Песенька пра маму”
Дзіця:
На бярозку пад акном
Прыляцелі шпак з граком
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Дзіця:
Ручайкі бягуць, звіняць,
Як люстэркі, зіхацяць.
Прыйшла вясна,
Вясна-красна!
Песня “Весяліначка-вясна”
Вядучы: Матуля – самы дарагі чалавек для кожнага. Нездарма ж у народзе кажуць:
Пры сонейку цёпла, пры мамачцы –добра.
Нідзе няма лепш, як у сваёй маці.
Матчын гнеў што вясенні снег: выпадае шмат, ды хутка растае.
Шануй бацьку і маці: другіх не знойдзеш.
Гульня з мамамі “Пазнай дзіця”
Дзіця:
Мамачкі любімыя,
Рады мы вас віншаваць.
І для вас, самых прыгожых,
Будзем хутка танцаваць!
Танец “Вясёлая полька”
Вядучы: Дзеці! Пра каго б вы хацелі яшчэ расказаць у гэты святочны дзень?
Дзіця:
Бабулі лепшае няма,
Як мая, у цэлым свеце.
Не крычыць яна дарма,
Ласкаю прывеціць.
Звяжа цёплыя пальчаткі
Мне на Новы год.
А калі спячэ аладкі –
Скачуць самі ў рот.
Дзіця:
А мая бабуля казкі
Любіць баяць-гаварыць,
Цэлы вечар будзеш слухаць,
Сон не здолее змарыць…
Безліч казак бабуля знае,
Іх заўжды ахвотна бае.
Дзіця:
I таму шануюць дзеці
Сваіх бабуль нездарма,
Бо для іх нікога ў свеце
Ласкавейшага няма.
Вядучы:
Мы ведаем шмат песень
Пра сонца і вясну.
А для бабулек дарагіх
Спяём яшчэ адну.
Песня “Бабулька”
Гульня з бабулямі “Павесь платкі, знімі платкі”
Вядучы: Паважаныя нашы госці, дзеці падрыхтавалі яшчэ адзін сучасны танец. Сустракаем.
Танец “Маляўка”
Вядучы: Добра мы святкуем, але яшчэ я ведаю, што нашы дзеці – сапраўдныя музыканты. (Дзеці бяруць музычныя інструменты).
Аркестр “Мама слухай мяне”
Вядучы: А цяпер мы з вамі пагуляем у гульню “Якая мая мама”.
Гульня “Якая мая мама?” (назаві ласкавае слова)
Вядучы: Паважаныя нашы мамы! Прыміце нашы самыя шчырыя віншаванні, падарункі, якія дзеці зрабілі сваімі рукамі. Будзьце заўсёды прыгожыя, здаровыя, шчаслівыя!
Пад музыку дзеці выходзяць з залы