Святлана АЎДЗЕЙ, кіраўнік фізічнага выхавання
Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэта: выклікаць цікавасць да свята, выхоўваць павагу да абаронцаў Айчыны, стварыць вясёлы святочны настрой.
Матэрыял і абсталяванне: канат, гімнастычныя палкі, лісты бумагі, абручы, медалі.
Папярэдняя работа: гутарка пра свята Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, развучванне песень, танца, гульняў.
Ход свята
1-е дзіця:
Многа ёсць на свеце святаў,
А найлепшае – для таты!
Абаронцаў дзень Айчыны,
Дата гонару мужчыны!
2-е дзіця:
Мы, дзяўчаты-птушаняты,
Вас віншуем з гэтым святам!
Прызнаемся вам бясконца:
Мы без вас, як дзень без сонца,
І віншуем мы са святам
Нашых мілых хлопцаў, татаў!
Песня “Татка любы”
Вядучы: Роўна сталі, ручкі ў бакі, наперад, направа паварот, налева паварот! Прысядаем і ўстаём, рукамі да падлогі дастаём. Цяпер на месцы крочым, ногі вышэй уздымаем! Стой, раз, два. Вось і скончылася гульня!
А цяпер усе на пляц! Пачынаем страявую і фізічную падрыхтоўку.
Заданне “Перацягні канат”
Дзеці дзеляцца на каманды. Па сігнале пачынаюць цягнуць канат. Перамагае тая каманда, якая перацягне канат на свой бок.
Вядучы: Адно вучэнне прайшло паспяхова. Працягваем заняткі па фізічнай падрыхтоўцы і наступнае заданне.
Заданне “Разведка. Дастаў пакет”
Першы ўдзельнік садзіцца на каня (макет галавы на палцы), у руках у яго пакет (ліст), скача да названага арыенціру і назад, перадае эстафету іншаму.
Вядучы: У войску служаць не толькі мужчыны – шмат сёння ў нашай краіне і жанчын. Ёсць сярод іх лекары і медсёстры, сувязісты і тэлеграфісты. А зараз нашы дзяўчынкі пакажуць, што яны таксама не прэч служыць у арміі.
Конкурс “Дапамога параненаму”
Дзве дзяўчынкі абхапляюць за талію “байца”, ён кладзе ім рукі на плечы і скача на адной назе да арыенціру, застаецца на месцы, а дзяўчынкі бягуць за наступным іграком. І так па чарзе “дапамагаюць” усім удзельнікам.
Вядучы: Нашы дзяўчынкі жадаюць павіншаваць хлопцаў і праспяваць вясёлыя прыпеўкі.
1. Мы дзяўчынкі-хахатушкі,
Вельмі весела жывём,
І пра хлопчыкаў прыпеўкі
Праспяваем ой-ей -ей.
2. Ой, дзяўчынкі, паглядзіце,
Гэта Марка самалёт,
Значыць, лётчыкам ён стане
І адправіцца ў палёт!
3. Ой, дзяўчынкі, паглядзіце,
Ах, якія караблі
Глеб зрабіў іх з паперы,
Не адзін, а цэлых тры!
4. Ой, дзяўчынкі, паглядзіце,
Дзіма танк намаляваў,
Свой малюнак усім дзецям
У нашай групе паказаў!
5. Што ж, танкістам стане Дзіма,
Значыць, так таму і быць,
У нашым войску беларускім
Шчыра будзе ён служыць!
Усе: Шлём усім вам віншаванні,
Шчасця, міру пажаданні!
Лічым супер вас хлапцамі.
І заўсёды малайцамі!
Вядучы: Дзякуй нашым дзяўчынкам!
А цяпер праяўляем кемлівасць і працягваем прапанову. Дзеці вам трэба прадоўжыць сказ.
Заданне: “Выяві кемлівасць”
Танкам кіруе…(танкіст).
У разведку ходзіць… (разведчык).
Строчыць з кулямёта…(кулямётчык).
З парашутам скача…(дэсантнік).
Вядучы: Выдатна! Час абеду скончыўся. А цяпер пара папрацаваць.
Заданне “Уборка тэрыторыі”
На пляцоўцы рассыпаны кубікі і маленькія мячы. Дзеці з мяцёлкамі і шуфлікамі збіраюць усё ў кошык.
Вядучы: Вельмі добра! Малайцы! Працягваем падрыхтоўку і зараз наступнае заданне.
Заданне “Самалёты і аэрадром”
Раскладваюцца абручы па зале, гэта аэрадромы. Па камандзе трэба паспець заняць месца на аэрадроме. З кожным новым вылетам абручоў становіцца менш і так да апошняга абруча.
Вядучы: Усе салдаты паспяваюць і служыць і адпачываць. Хлопчыкі і дзяўчаты выходзьце танцаваць.
Танец “Вальс”
Вядучы: Заняткі ў школе маладога байца падышлі да канца. Хай не ўсё атрымалася адразу, але можна з упэўненасцю сказаць: нашы будучыя байцы годна справіліся з цяжкімі выпрабаваннямі. Дзякуем за службу.
Усе дзеці ўзнагароджваюцца памятнымі медалямі (уручэнне медалёў). Жадаем вам поспехаў у справах, шчасця, дабра, мірнага неба над зямлёй!
Дзеці пад музыку выходзяць з залы