ІКТ у выкладанні гісторыі культуры. Вывучэнне пытанняў культуры на ўроках гісторыі Беларусі  

- 12:14История и обществоведение. Идеи, Методичка

*Вопыт маладога настаўніка

 

Кацярына ПРЫЛІШЧ,
настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і мастацтва
ДУА “Ленінскі ВПК яслі-сад – сярэдняя школа”
Слуцкага раёна
Мінская вобласць

 

 

 

 

 

 

Калі няма культуры, тады няма і нацыі. На ўроках гісторыі Беларусі кожны настаўнік павінен надаваць вялікую ўвагу пытанням гісторыі культуры. Вучні павінны ведаць галоўных дзеячаў роднай культуры. Валоданне гэтымі ведамі надае вучню магчымасць яшчэ больш палюбіць свой родны край.

Вывучэнне пытанняў культуры заклікана спрыяць станаўленню асобы вучняў, фарміраванню іх светапогляду, характару. Знаёмства з шэдэўрамі культуры дапамагае выпрацаваць крытэрыі маральных прыярытэтаў, фарміруе разуменне мэты жыцця. Чалавек фарміруецца, як асоба.

Вельмі важна на ўроках гісторыі Беларусі пры вывучэнні тэм гісторыі культуры візуалізаваць інфармацыю. Дзякуючы вачам людзі атрымліваюць яе ў найбольшым аб’ёме – ад 70 да 90 %. Атрымліваецца, што ў працэсе візуалізацыі чалавек актыўна задзейнічае абодва паўшар’і мозгу: правае адказвае за візуальнае і эстэтычнае ўспрыманне, левае вызначае наша лагічнае мысленне. У выніку мы пачынаем больш выразна і структурна ўспрымаць інфармацыю, а дзякуючы знакам і вобразам – без цяжкасцей запамінаць яе. Сучасныя прыёмы візуалізацыі могуць выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі. Асноўнымі плюсамі выкарыстання візуалізацыі з’яўляюцца структураванне матэрыялу, даступнасць і эстэтычнасць прадстаўлення інфармацыі [2].

Да наглядных інструментаў, якія можна выкарыстаць у навучанні, можна аднесці інфаграфіку, ментальныя карты, відэа, мультымедыйныя прэзентацыі, скрайбінг, і г. д.

Візуалізацыя можа быць рознай: дошка і крэйда або больш сучасныя інтэрактыўныя дошкі, мультыборды. Усё гэта дазваляе запамінаць вучэбны матэрыял. На сёняшні дзень вучні актыўна выкарстоўваюць магчымасці гаджэтаў, многія ўмеюць самастойна вырабляць кантэнт, абменьвацца відэаролікамі, весці свой блог. Зараз вельмі актуальна паняцце медыяадукацыі – часткі адукацыйнага працэсу, накіраванага на фарміраванне ў грамадстве медыякультуры. Гэта адукацыя, дзе вучні набываюць веды праз гаджэты.

Вынік медыяадукацыі – медыяграматнасць, якая ахоплівае наступныя здольнасці, уменні і навыкі:

1) арыентавацца ў тэкстах і гутарковых аповедах, адрозніваць у іх асноўную інфармацыю ад другаснай;
2) дакладна фармуліраваць думкі і запісваць іх;
3) праяўляць крэатыўнасць пры стварэнні медыятэкстаў;
4) выяўляць схаваныя сэнсы, маніпулятыўныя тэхнікі, недакладную і няпоўную інфармацыю;
5) адрозніваць сапраўдны тэкст або аповед ад выдуманых гісторый і суб’ектыўных меркаванняў, не падмацаваных фактамі [1].

Напрыклад, мэтай з’яўляецца вывучэнне тэмы “Літаратура і мастацтва ў першай палове XIX стагоддзя”. Спачатку звяртаецца ўвага вучняў на цяжкасці ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы і нацыянальнай літаратуры. Толькі на пачатку ХІХ стагоддзя пачынаецца зараджэнне новай літаратурнай беларускай мовы. У той час беларуская мова не выкарыстоўвалася ў школе, адмаўлялі яе існаванне ўрад і навука, беларускую мову лічылі дыялектам польскай або рускай мовы. Па-беларуску пачынаюць пісаць П.Багрым, Я.Чачот, В.Равінскі, К.Вераніцын. З’яўляюцца творы В.Дуніна-Марцынкевіча, А.Рыпінскага, Я.Баршчэўскага.

Але як арганізаваць работу вучняў з вучэбным матэрыялам? Навучэнцам можна прапанаваць стварыць інфаграфіку, табліцу, плакат, ментальную карту. Таксама кожны вучань можа падрыхтаваць невялічкае рэзюмэ, якое будзе прысвечана жыццю і дзейнасці пісьменніка або паэта. Вялікую ўвагу трэба надаць працы з помнікамі. Патрэбна пазнаёміць вучняў з выявай помніка пісьменніку або паэту ці мастаку, музыканту. Вучні могуць знайсці месцы, дзе знаходзяцца помнікі ў гонар гэтых знакамітых людзей культуры і нават скласці геаінфармацыйную карту з меткамі, фотаздымкамі і звесткамі пра помнік. Навучэнцы на ўроку могуць параўнаць помнікі з розных мясцін і высветліць у якім горадзе або краіне знаходзіцца той ці іншы помнік і чым яны адрозніваюцца.

Увагу вучняў можна звярнуць на вельмі нестандартны беларускі помнік, які з’явіўся ў 2003 годзе ў Полацку. І гэта помнік літары «Ў». Літара з’явілася ў беларускай мове ў XIX стагоддзі. Упершыню яе ўжыў Ян Чачот у вершаванай брашуры, пасля яе можна было сустрэць у творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Літара «Ў» – гэта самабытная рыса беларускай мовы. Вучням неабходна адказаць на пытанні і выканаць заданні пры рабоце з выявай гэтага помніку. Вось як яны могуць выглядаць:

1. Вызначыць якой падзеі прысвечаны гэты помнік?
2. У якім годзе і дзе быў усталяваны гэты помнік?
3. Чаму менавіта ў гэтым горадзе знаходзіцца помнік?
4. Калі было аднаўленне гэтага помніку і што ў ім змянілася?
5. Параўнаць выявы помніка 2003 года і ўзноўленага, які быў урачыста адкрыты ў 2016 годзе?

Амаль кожнага чалавека ўражваюць творы выяўленчага мастацтва. Ян Дамель, Валенцій Ваньковіч, Іван Хруцкі, Канут Русецкі. Гэта тыя імёны, якія назаўсёды застануцца ў гісторыі беларускай культуры. Менавіта яны для нас адкрылі гістарычны жанр, класіцызм, рамантызм у выяўленчым мастацтве. Але як зацікавіць вучняў, каб ім хацелася даведацца пра гэтых дзеячаў беларускай культуры? У час інтэрнэту многія вучні, каб атрымаць інфармацыю, звяртаюцца не да падручнікаў ці кніг, а да сусветнай сеткі. І часцей усяго да “Вікіпедыі”.

“Вікіпедыя” – гэта інтэрнэт-энцыклапедыя, што змяшчае шмат матэрыялу, які можна і трэба выкарыстоўваць у навучанні. Кожны артыкул Вікіпедыі змяшчае спіс выкарыстаных крыніц. Дзякуючы ім настаўнікі могуць разгледзець тэму больш дэталёва. Важна, каб школьнікі вучыліся працаваць з крыніцамі, крытычна ставіліся да атрыманай інфармацыі і фарміравалі звычку спасылацца на крыніцы, якія выкарыстоўваюць. Пасля таго як тэкст праходзіць шматлікія ўзроўні рэдагавання і ўдакладнення, аўтарытэтны рэдактар-адміністратар пазначае артыкул як правераны або неправераны. Менавіта на гэтым неабходна засяродзіць увагу вучняў, калі яны наведваюць “Вікіпедыю” [2].

Вучням можна даць заданне – напісаць артыкул у фармаце “Вікіпедыі”. Але настаўнік павінен звярнуць увагу навучэнцаў на тое, што пры напісанні патрэбна выкарыстоўваць толькі вартыя даверу крыніцы і спасылацца на іх. Таксама матэрыял патрэбна пісаць максімальна аб’ектыўна і нейтральна.

Інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць па-новаму выкарыстоўваць на ўроках гісторыі тэкставую, гукавую і графічную інфармацыю. Яны даюць магчымасць настаўніку і навучэнцам выкарыстоўваць самыя розныя крыніцы інфармацыі, магчымасць у дэталях больш цэласна прадставіць гістарычны перыяд, які яны вывучаюць. Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца неабходнай умовай для развіцця больш эфектыўных падыходаў да навучання.

Мэта ўсіх педагагічных метадаў – гэта навучыць вучняў думаць, аналізаваць, фарміраваць свой пункт гледжання, рабіць усвядомлены выбар, прадстаўляць вынік сваёй працы. Галоўная задача настаўніка гісторыі ў вывучэнні пытанняў культуры – фарміраванне ў вучняў патрэбы захавання духоўных багаццяў, пакінутых нам нашымі продкамі.

 

Літаратура:

1 Ваврава Т. Медыяадукацыя і медыяграматнасць // Медыяадукацыя ў сучаснай школе: зб. навук.-метад. арт.; пад рэд. М.І.Запрудскага. – Мінск, 2016. С. 13–16.
2 Кудраўцава С. Вывучэнне пытанняў культуры на ўроках гісторыі Беларусі ў 8 класе. – Мінск, 2020, С .11–12, 42–44.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий