Беларускія вячоркі. Музычная забава для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту (5–6 гадоў)

- 14:31Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

 

 

Анжэла ЮРГЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 29 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Праграмныя задачы:

– садзейнічаць фарміраванню духоўна-маральнай асновы асобы дзіцяці творамі беларускага фальклору;

– спрыяць развіццю ўмення самастойна выконваць літаратурныя і музычныя творы розных жанраў;

– развіваць агульныя, спецыяльныя і творчыя музычныя здольнасці праз далучэнне да народнай музычнай культуры;

– выхоўваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці, ацэначнае стаўленне да музычных твораў;

– выхоўваць устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны дашкольнікаў да твораў народнай музыкі; цікавасць да музычнай, пазнавальнай, выканальніцкай і творчай дзейнасці.

 

Ход забавы

 

Зала ўпрыгожана як вясковая хата. Гучыць беларуская інструментальная музыка. У залу ўваходзяць вядучы і дзед з бабай.

 

Вядучы: Добры дзень вам, паважаныя госці! Вельмі добра, што вы да нас завіталі.

Святамі наша Радзіма багата,
Кожнае з іх – асаблівае свята.
Так, нашы прадзеды ішлі на Каляды,
Шчасця, багацця жадаць былі рады.
Папараць-кветку шукаць на Купалле.
Святы народныя нам завяшчалі –
Шаноўныя госці, будзьце здаровы!

 

З глыбокай даўніны прыйшоў да нас звычай – беларускія пасядзелкі. Доўгімі зімнімі вечарамі збіраліся жонкі, мужыкі, сялянская моладзь для рукадзелля і пражы, а больш для забаў і песень. Таму што як не цяжка было жыць у тыя далёкія часы, заставалася любоў народа да песень, танцаў, гульняў, жартаў. Вось і запрашаем вас паглядзець беларускія вячоркі.

 

Вядучы выходзіць.

 

Дзед: Штосьці ў мяне сёння работа не ладзіцца, усё з рук валіцца.

Баба: Гэта ж у нас сёння вячоркі. Чуеш, госцікі ідуць, вясёлую песню спяваюць.

 

Гучыць музыка “Добры вячор”. Уваходзяць дзеці. Праходзяць круг, спыняюцца і становяцца паўкругам.

 

Вядучы: Добры дзень вам, шаноўныя гаспадары!

Дзяўчынка: Завіталі мы да вас у госці добрыя песні паспяваці.

Хлопчык: Сябе паказаці, ды папрацаваці.

Дзед: Добры дзень вам усім, гасцям дарагім. Дзякуем, што да нас прыйшлі.

Вядучы: Дазвольце мы для вас адразу вясёлую песню заспяваем.

Баба: Вось цікава паслухаць.

 

Выконваецца песня “Весялуха”

 

Баба: Праходзьце, калі ласка, сядайце, будзьце як дома. Краснаму госцейку – краснае месца. Бярыце сабе работу: хлопчыкі – дудкі стругайце, дзяўчаты – вышывайце.

Дзед: А я кошык плесці буду.

Баба: Таленавітыя ў нас людзі на Беларусі – што працаваць, што спяваць – усё адно. Давайце будзем працаваць ды прымаўкі ўспамінаць. Вось я першая пачну: “Хочаш добра жыць – павінен працу любіць”.

Хлопец: Работа не воўк, у лес не ўцячэ.

Дзяўчынка: Нічога само не зробіцца.

Хлопец: Маці з бацькам усё зробяць.

Дзяўчынка: Чалавек без працы, што птушка без крылаў.

Хлопец: Хто ляжыць на пячы, таму прынясуць калачы.

Дзяўчынка: Перш папрацуй, а потым патанцуй.

Хлопец: Хто не працуе, таксама танцуе.

Дзяўчынка: Сёння зробіш, а заўтра знойдзеш.

Баба: Вось якія малайцы, колькі прымавак ведаеце…… Дзядочак, а не заспяваць нам зараз песню? Глядзіш і праца пойдзе ладней.

Дзед: Ну пачынай, баба!

Баба: Добра!

 

Баба вышывае і спявае песню “Чаму ж мне не пець…”

 

Дзяўчынкі:

– У першы раз вышывалі круглы месяц з зорачкамі.
– У другі раз вышывалі сонейка з праменьчыкамі.
– У трэці раз вышывалі поле з кветачкамі.

Баба: Вось як добра вы працавалі! Паглядзіце, які прыгожы ручнік я вышыла – і з зорачкамі, і з кветачкамі. І ў вас прыгожыя ручнікі атрымаліся. Давайце ўсім гасцям пакажам.

 

Танец з ручнікамі. Музыка “Люблю наш край, старонку…”

 

Дзед: Вы, хлопчыкі, таксама пакажыце сваю работу

 

Выходзяць. Паказваюць.

 

Хлопчык:

Як без дудкі без дуды, ходзяць ногі не туды.
А як дудку пачуюць – самі ногі танцуюць.

 

Баба: А ці не згуляць нам з дудкамі?

 

Гульня “Дудкі”

 

Першы вядучы выбіраецца па лічылцы:

Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Выйшаў хлопец паіграць.
Узяў у рукі ён дуду.
Заіграў: “Ту-лю-лю”.

 Дзед: Вось дзякуй, павесялілі. А зараз паглядзіце, які кошык у мяне атрымаўся. Я адразу прыгатаваў лазовыя галінкі, а потым кошык зрабіў.

Баба: Вельмі ладны кошык атрымаўся. Калі ласка, паглядзіце, у маёй хаце ёсць розныя вырабы. Мой дзед майстар на ўсе рукі.

Пазнаёмлю з цацкай, з саламянай і льняною,
І з глінянай – вось такою.
А вось, глядзіце, свістулькі гліняныя
З гліны зробленыя, у агні загатаваныя.
Ёсць збаночкі і макітры, і прыгожыя глякі.
Ёсць драўляны посуд: лыжкі, дошчачкі, каўшы.
Беларускія майстры іх зрабілі ад душы.

Дзед: А ці адгадаеце мае загадкі? Вось, слухайце…

Пасудзіна новая, а ўся ў дзірках (рэшата).

Ёсць у мяне конь – сам маленькі, а цэлае мора выпіў (лыжка).

У бабулінай у хаце, стаіць скрынка ў куце. Вось цікава падзівіцца, да замок мне не дае (куфар).

Баба: А вось і мой цудоўны куфар. Цікава вам, што ў ім? Зараз яго адчыню, нешта вам пакажу, вы паглядзіце і разам адкажыце.

 

Гульня “Цудоўны куфар” (гармонік, сурвэтка, лапці)

 

Баба: У нашай хаце сабраліся не толькі працавітыя, але вясёлыя і таленавітыя мае сябры.

Дзеці:

У нас галовы русыя, а вочы – сіні лён.
Мы – дзеці беларусы, сыграем і спяём.

 

Выконваецца песня “Матуля Беларусь”

 

Дзед: Вось дзякуй, пазабавілі. А зараз адкажыце, у якую гульню вы любіце гуляць.

Дзеці: “Падушачка”.

Дзед: Згуляем?

 

Гульня “Падушачка”

 

Вядучы выбіраецца па лічылцы:

Скок, скок, паскок,
Малады драздок,
Па вадзіцу пайшоў,
Маладзіцу знайшоў.

 

Баба: Чуеце, дзеці, да нас хтосьці ідзе, ды таксама песню спявае, пайду хуценька сустракаць.

 

Гучыць музыка. Заходзіць Сымон.

 

Сымон: Добры дзень у вашу хату.

Баба: І вам добры дзень. Праходзьце, калі ласка. Мы рады гасцям.

Сымон: Ішоў я міма вашай хаты, чую песні хтосьці спявае. Вось і мне захацелася з вамі трошкі павесяліцца. Ці дазволіце ў вас пагуляць?

Баба: Дазваляем. А што гэта ў цябе ў мяху?

Сымон: А гэта ж я ездзіў на кірмаш. Ой, чаго я толькі не бачыў. Вось купіў. Ледзь прынёс.

Баба: Дык што ж у цябе ў мяху?

Сымон: А вось здагадайцеся. Я вам дапамагу. Слухайце ўважліва загадку: па гарах, па палях ходзіць шуба ды каптан.

Дзеці: Баран.

Дзед: Так пакажыся.

 

Баран выскоквае і ўцякае. Сымон яго ловіць за хвост. Цягне і адрывае.

 

Сымон: Зусім ты змарыў мяне. Ты лепей дзяцей пазабаўляй і разам з імі пагуляй. Вось і хвост твой спатрэбіцца. Будзеш ім дзяцей лавіць.

 

Гульня “Рыбак з бітком”. У канцы гульні Баран падае.

 

Сымон:

Мой баранчык упаў ды прапаў,
Дайце баранчыку на ражок сыру кусок,
Сала, аладкі, каб бакі былі гладкі.

 

Баба: А як жа! Вось табе баранчык. Але ён ляжыць, не дыхае, капыцейкам не калыша. Дзетачкі, падыдзіце, на баранчыка паглядзіце.

 

Дзеці падыходзяць і дражняць Барана. Гульня-дражнілка “Бэрак”

 

Словы для гульні: Ты з мяне цешыўся (жартаваў, цвяліў, бавіўся, прыставаў, здзекаваўся, дражніў, ліпнуў, крыўляўся, сваволіў, кпіў, гарэзаваў)?

 

Дзед: Ну што ж, добра пагулялі, цяпер можна і паскакаць.

Дзеці:

Гэй, музыка, грай, жару паддавай!
Зробім круг вялікі, няхай паскачуць чаравікі!

 

Выконваецца “Карагод”

 

Дзед: Ай, якія ж дзеткі, што тыя кветкі. Усе разумненькія ды ладненькія. Як добра мы з вамі павесяліліся. Спадабалася?

Дзеці: Спадабалася!

Баба: Сёння мы ў нашай хаце шмат чаго вам паказалі і жадаем ад душы быць здаровымі заўжды.

Дзед: Шчасця шмат і грошы майце, да нас у госці прыязджайце.

Разам: Бывайце здаровы, жывіце багата. Хай лёгкай вам будзе дарога да хаты!

 

Пад музыку дзеці і баба з дзедам выходзяць.

 

Вядучы: Вось і падышоў час развітацца. Мы ўдзячны вам за цёплыя ўсмешкі і дружныя апладысменты.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий