Святлана КАМПАНЕЕЦ,
настаўнік-метадыст беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Найважнейшай каштоўнасцю сучаснага грамадства становіцца чалавек, які здольны да пошуку і засваення новых ведаў, да прыняцця нестандартных рашэнняў. Таму сучасная школьная адукацыя ва ўсім свеце адыходзіць ад фарміравання толькі прадметных ведаў і ўменняў, а стварае ўмовы для развіцця сучасных ключавых кампетэнцый – крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі, кааперацыі (узаемадзеяння і супрацоўніцтва).
Крэатыўнасць вызначаецца як здольнасць распрацоўваць новыя падыходы да вырашэння праблемы, нараджэнне ідэі. Гэта новы шлях разумення і бачання рэчаў.
Камунікацыя праяўляецца ў здольнасці выражаць і інтэрпрэтаваць думкі, пачуцці і факты ў пісьмовай і вуснай форме, уменні вучняў задаваць пытанні і адказваць на іх у даступнай для іншых форме.
Пад кааперацыяй разумеецца ўменне звяртацца за дапамогай, выслухваць чужую думку, згаджацца, нават адмаўляцца ад уласнай. Ацэньваць свой уклад у працу каманды.
Аўтары дапаможніка “Кампетэнцыі «4К»: фарміраванне і ацэнка на ўроку: Практычныя рэкамендацыі” у якасці асноўных элементаў крытычнага мыслення выдзяляюць некалькі ўменняў: аналіз, ацэнка, аргументацыя, вывядзенне гіпотэзы, самарэгуляцыя.
Прапанаваны ўрок па тэме “Максім Гарэцкі “Роднае карэнне” ілюструе вучэбныя заданні, якія даюць магчымасць прымяняць і развіваць кампетэнцыі “4К”.
Пры распрацоўцы заданняў улічваліся асноўныя характарыстыкі:
— вучэбнае заданне мае больш за адно рашэнне;
— у цэнтры задання ляжыць міні-праект або прадукт дзейнасці;
— заданне патрабуе самастойнага пошуку інфармацыі з розных крыніц;
— заданне можа ўключаць пошук і выкарыстанне інфармацыі з другіх прадметаў.
Літаратура: Пинская, М.А. Компетенции «4К»: формирование и оценка на уроке : Практические рекомендации // М.А.Пинская, А.М.Михайлова. – 2019. – 76 с.
Мэта: у выніку ўрока скласці рэцэнзію на твор Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”.
Задачы:
— даказаць, што Максім Гарэцкі – пачынальнік беларускай прозы; растлумачыць з’явы, апісаныя ў творы з пункту гледжання навукі, зрабіць свае высновы;
— раскрыць вобраз Архіпа Лінкевіча – вясковага інтэлігента з абуджаным сумленнем;
— параўнаць з іншымі творамі з сугучнай тэмай і праблемай;
— прааналізаваць вобраз аўтара;
— абгрунтаваць ідэю твора.
Тып урока : вывучэнне новага матэрыялу.
Абсталяванне: партрэт Максіма Гарэцкага, тэкст апавядання, табліца для запаўнення, вучэбн. дапам. па беларус. літ. для 9-га кл. В.У.Праскаловіч і інш., 2019).
Ход урока
І Актуалізацыя вывучанага матэрыялу
Настаўнік: Сёння гаворка ў нас пойдзе пра Максіма Гарэцкага і яго твор “Роднае карэнне.” Дома вы пазнаёміліся з біяграфіяй паэта, і я прапаную вам пацвердзіць фактамі словы Алеся Адамовіча, які пісаў: “Мэтанакіраванасць усяго жыцця Максіма была здзіўляючая; гэта – служэнне беларускай літаратуры ўсёй істотай, усімі сіламі, усімі сродкамі, усім часам, усім жыццём.”
Прыкладны адказ. Максім Гарэцкі – аўтар першай “Гісторыі беларускай літаратуры”, які выдаў “Маскоўска-беларускі слоўнік”, “Расійска-беларускі слоўнік”, “Народныя песні з мелодыямі”, напісаў творы “Камароўская хроніка”, “Віленскія камунары” і інш. Такім чынам, Максім Гарэцкі ўсё жыццё служыў беларускай літаратуры ўсімі сіламі, усімі сродкамі і ўсё жыццё.”
Вучні адказваюць і на дошку, дзе размешчаны партрэт Максіма Гарэцкага, наклейваюць раздрукаваныя вокладкі яго твораў.
ІІ Арыенціровачна-матывацыйны этап
Настаўнік: Дзякую за вашы разважанні і доказы. А сёння на ўроку мы будзем гаварыць пра твор М.Гарэцкага “Роднае карэнне”, які вы прачыталі дома. Вынікам нашай размовы павінна стаць рэцэнзія на апавяданне. Давайце звернемся да слоўніка і вызначым, што такое рэцэнзія.
Вучань: Рэцэнзія – крытычны водгук пра што-небудзь напісанае ці створанае.
Настаўнік: Прапаную выбраць пункты плана для паспяховага напісання нашай рэцэнзіі і абгрунтаваць сваю думку:
— растлумачыць з’явы, апісаныя аўтарам у творы;
— ахарактарызаваць галоўнага героя;
— абгрунтаваць ідэю твора;
— дапісаць працяг апавядання;
— параўнаць з іншымі творамі з сугучнай тэмай і праблемай;
— прааналізаваць вобраз аўтара.
Вучні павінны выбраць усе пункты плана, акрамя 4-га пункта, бо ён не патрэбен для напісання рэцэнзіі.
Настаўнік: Вынікам нашай работы будзе і адказ на праблемнае пытанне. Паглядзіце на сучаснага маладога чалавека.
Як вы думаеце, ці варта маладому беларускаму бізнесмену, які ідзе наперад, трымацца нацыянальных традыцый, сваіх каранёў?
Для адказу выкажыце гіпотэзу, прывядзіце аргументы і свой вывад выразіце ў выглядзе формулы, малюнка, схемы.
Настаўнік выслухоўвае і прымае першапачатковыя меркаванні вучняў, пакідае пытанне адкрытым.
ІІІ Аналітычная дзейнасць вучняў
Настаўнік прапануе заданне для чатырох груп. Групы працуюць самастойна і рыхтуюць адказы на пытанні.
1-я група. Прааналізуйце незвычайныя з’явы, якія апісваюцца ў творы з пункту гледжання навукі. Што можаце сказаць пра аўтара?
2-я група. Ахарактарызуйце вобраз галоўнага героя, выбраўшы з прапанаваных рыс характару толькі неабходныя, пацвердзіце свае назіранні цытатамі з тэксту. Ахарактарызуйце аўтарскія адносіны да героя.
3-я група. Дакажыце думку старажылаў: “Каб быць моцным, нельга адракацца ад родных каранёў.” Звярніцеся да твора З.Бядулі “На каляды к сыну” і да твора В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка”. У чым арыгінальнасць твора Максіма Гарэцкага?
4-я група. Выберыце з парад старога дзеда Яўхіма толькі тыя, якія спатрэбяцца вам у нашы дні, запішыце іх у сшытак. Чаму аўтар гэтыя думкі паклаў у вусны старога дзеда Яўхіма?
Хвіліна адпачынку. У думках вярніцеся ў вёску, дзе жылі вашы бабулі і прабабулі. Бачыце, колькі там хат, як весела смяюцца і гуляюць на вуліцы дзеці. Дарослыя заняты сваімі клопатамі. Як пахне хлебам і сырадоем у хаце. Адпачніце ў гэтай вясковай цішыні ад тлумнага горада.
Агучванне вынікаў працы груп
Усе вучні атрымліваюць табліцу. У яе неабходна занесці толькі самыя важныя высновы, якія прапануюць групы.
1-я група. Прыкладны адказ.
У творы шмат загадкавага і таямнічага. Паспрабуем растлумачыць апісаныя з’явы з пункту гледжання навукі. Начныя балотныя агеньчыкі, што наводзяць страх на людзей, могуць быць выкліканы фасфарысцыруючым газам, што выдзяляецца з балота.
Маланкі і перуны, якія ў час навальніцы цэляць у адно і тое ж месца, залежаць не ад нячыстай сілы, а ад магнітных прыцягальных уласцівасцей тэрыторый.
Людзі заўсёды верылі ў сілу чароўнага слова. Воўчую зграю, як і злога сабаку, можна спыніць, калі чалавек перастае баяцца, бо страх выклікае ў чалавечым целе пэўныя хімічныя рэакцыі, якія адчуваюць жывёлы. Для іх гэта каманда атакаваць.
Такім чынам, Максім Гарэцкі адзін з першых у беларускай літаратуры звяртаецца да таемных бакоў чалавечага жыцця, раскрывае і тлумачыць іх па-свойму. Па сутнасці, яго літаратурны матэрыял нават у нашы дні можа стаць цікавым для сцэнарыя мастацкага фільма ў жанры фэнтэзі.
2-я група. Прыкладны адказ.
З прапанаваных рыс характару мы выбралі наступныя:
Аўтар намаляваў у сваім творы вобраз беларускага інтэлігента ў першым пакаленні. Пісьменнік тонка адчувае душу свайго героя, умее перадаць яго настрой і перажыванні, спачувае яму. Максіма Гарэцкага, як і галоўнага героя, мучылі пытанні сувязі пакаленняў: як павінен жыць чалавек, які выбіўся ў людзі, атрымаў адукацыю? Ці патрэбна яму, сучаснаму адукаванаму чалавеку, сувязь з родным домам, з продкамі, ці павінен ён вучыць сваіх аднавяскоўцаў тлумачыць усе з’явы? А можа, сам павінен вучыцца ў іх?
3-я група. Прыкладны адказ.
Каб быць моцным, нельга адракацца ад родных каранёў. Наш літаратурны вопыт мінулых гадоў паказвае, што калі чалавек адракаецца ад сваіх родных, цураецца сваёй мовы, то гэта абавязкова прыводзіць да маральнай гібелі.
Лаўручок з твора З.Бядулі выракся маці, тым самым парушыў біблейскую запаведзь: шануй бацьку свайго і маці сваю. Думаю, што яго дзеці паставяцца да яго таксама.
У творы Віктара Карамазава “Дзяльба кабанчыка” маці застаецца адна, бо дзеці забываюцца пра яе. Адчужэнне дзяцей, іх чэрствасць і абыякавасць раніць душу маці, якая ўсё ж спадзяецца, што яны прыедуць і дапамогуць.
Герой Максіма Гарэцкага іншы. Ён думае і клапоціцца пра сваіх бацькоў, аднавяскоўцаў, хоча ім дапамагчы. Вучыцца многаму ў гэтых простых людзей. Адным словам, звязаны з імі нябачнымі ніцямі. Вёска дае яму фізічную моц, адчуванне радасці жыцця, разуменне яго шматграннасці і неадназначнасці. Гэта ўсё вельмі патрэбна сучаснаму чалавеку, і зусім няважна, у які час ты жывеш і чым займаешся.
Аб’ядноўвае гэтыя творы толькі тэма бацькоў і дзяцей. Радасна, што герой М.Гарэцкага імкнецца мець сувязь са сваімі каранямі.
4-я група. Прыкладны адказ.
Стары дзед Яхім – фігура вельмі цікавая. Гэта вясковы філосаф, які з’яўляецца выразнікам аўтарскіх думак і перакананняў.
Дзед дае наступныя парады:
– чытай і ў разумных людзей пытайся, як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі;
– часцей у роднае гняздзечка залятай;
– не забывайся запытаць у сябе: “А можа, цяпер у каго скарынкі хлеба няма?”;
– адным енкам бядзе людской не дапаможаш;
– каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць…
Можна сказаць, што гэта ёсць асноўныя маральныя правілы, якімі трэба кіравацца ў сучасным жыцці. Праца, розум, павага да людзей і роднай зямлі, дапамога, фізічная і духоўная моц робяць чалавека шчаслівым, бо не трэба вялікага розуму, каб зразумець, што абмежаванасць, разлад з роднымі, эгаізм, прыводзяць да бяды і адзіноты. І хіба можна быць паспяховым, калі няма гармоніі і паразумення з людзьмі, з роднай зямлёй? У вусны дзеда паклаў аўтар самыя важныя свае думкі, бо яны правераны яго жыццёвым вопытам, вымераны мудрасцю сталага чалавека. Яму мы верым.
IV Падагульненне
Настаўнік. Спадзяюся, што цяпер мы можам вярнуцца да праблемнага пытання, якое я паставіла ў пачатку нашага ўрока.
Як вы думаеце, ці варта маладому беларускаму бізнесмену, які ідзе наперад, трымацца нацыянальных традыцый, сваіх каранёў?
Для адказу выкажыце гіпотэзу, прывядзіце аргументы і свой вывад выразіце ў выглядзе формулы, малюнка, схемы. (Вучні дзеляцца сваімі меркаваннямі).
Павінна атрымацца прыкладна такая рэцэнзія на твор Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”
1. Літаратурны матэрыял Максіма Гарэцкага нават |
Максім Гарэцкі
|
3. Дзед – выразнік аўтарскіх думак і перакананняў аб сувязі беларускай інтэлігенцыі з роднай зямлёй. Ён мае вопыт, таму яму можна верыць |
2. Герой цікавы, шчыры, працавіты, добры, дапытлівы, з усімі хоча жыць у згодзе, шукае адказы на пытанне – прызначэнне чалавека на зямлі |
Герой апавядання |
4. Тэма бацькоў і дзяцей не новая ў беларускай літаратуры. Радасна, што герой Максіма Гарэцкага імкнецца мець сувязь |
Праблемнае пытанне: Нягледзячы на тое, што горад фарміруе новага чалавека, новую асобу, якая ва ўсім спадзяецца на гаджэты, ёсць нешта, што ……………………………………….……………. Адназначнага адказу тут няма, але …………………………………………………….. Формула: (веды + праца)*(традыцыі + карані) =сучасны чалавек |
V Выстаўленне адзнак за працу на ўроку
VІ Дамашняе заданне
Параўнайце рэцэнзію, складзеную ў класе, з рэцэнзіяй Тамары Мушынскай на твор Максіма Гарэцкага “Роднае карэнне”. Пры неабходнасці аформіце свае назіранні ў табліцу.