Жыццё, што пачалося ў фашысцкіх засценках…

- 10:52Наш музей, После уроков

11 красавіка ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэтая дата была абраная і зацверджаная ААН у памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. І хоць з моманту заканчэння Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўжо шмат гадоў, вязні, якія асабіста прайшлі праз жахі фашысцкіх засценкаў, да сённяшняга дня не могуць забыць той страшны час. Сярод іх наш зямляк Георгій Аркадзьевіч Белабокі з вёскі Пыхоўчыцы Бераставіцкага раёна.

Менавіта да яго сёлета 11 красавіка і завіталі члены валанцерскага атрада “Падары радасць” Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, каб паслухаць успаміны, пачуць добрыя парады, пацвердіць выснову, што сучаснай молодзі патрэбна памятаць трагічнае і гераічнае мінулае, усведамляць праблему генацыду беларускага народа, каб не дапусціць такога ў будучыні.  

Георгій Аркадзьевіч асабіста не памятае ваенных падзей, бо ён нарадзіўся ў нямецкай турме, але ж успаміны сваіх родных захоўвае ў памяці да сённяшняга дня.

– Мае бацькі, Аркадзій Георгіевіч і Ганна Аркадзьеўна Белабокія, таксама жылі ў Пыхоўчыцах. Да вайны бацька працаваў настаўнікам у пачатковай школе, – расказвае Георгій Аркадзьевіч. – У жніўні 1942 года немцы арыштавалі яго як савецкага актывіста і адвезлі ў турму ў Беласток. 11 чалавек сядзелі ў адзіночнай камеры, спалі на падлозе, прыціснуўшыся адно да аднаго, і калі каму трэба было павярнуцца, то мусілі варочацца ўсе. Кармілі іх вельмі дрэнна, усякімі адыходамі, хлеба не давалі наогул, збівалі, здзекаваліся з людзей.

Неўзабаве пасля арышту бацькі немцы прыехалі і арыштавалі маму, якая была цяжарная мною. Я нарадзіўся ў беластоцкай турме 2 лістапада 1942 года, як казала мама. А дзень майго нараджэння ў дакументах пазначаны 2 лютага 1943 года, калі мяне хрысцілі ў Алекшыцкай царкве. Мама дакладна не расказвала, што ёй давялося перацярпець у турме з нованароджаным дзіцём, успамінала толькі, што калі я нарадзіўся, ёй дазволілі на некаторы час выходзіць у турэмны двор, каб я мог падыхаць свежым паветрам, бо ў турэмнай камеры зусім не хапала паветра.

Увесь гэты час, пакуль бацькі былі арыштаваныя, дома са старэйшымі дзецьмі заставалася 80-гадовая бабуля Дар’я, маці маёй мамы. У бацькоў быў яшчэ старэйшы сын Лёня дванаццаці гадоў, і дзве дачкі – 9-гадовая Зоя і 4-гадовая Ліда. Дык вось брат разам з мужчынамі з Падбагоннікаў вазіў на возе перадачы ў турму ў Беласток. На сустрэчу з бацькамі яго не пускалі, але ён здолеў перадаць запіскі, якія хавалі ў бульбяную бабку ці зашывалі ў рубцы бялізны, каб вязні маглі даведацца, што адбывалася дома. На шчасце, маці са мной выпусцілі з турмы праз некалькі месяцаў…

Калі вярнуўся бацька, Георгій Аркадзьевіч не ведае, магчыма, ужо і пасля вызвалення ад немцаў. Гады турэмнага зняволення не прайшлі для бацькі бясследна: калецтва і траўмы, атрыманыя там, прывялі да страты здароўя, і ён памёр ва ўзросце 48 гадоў. Але яшчэ некаторы час пасля вяртання з турмы ён працягваў настаўнічаць, пад яго кіраўніцтвам у Пыхоўчыцах быў пабудаваны будынак новай пачатковай школы, які здаўся ў эксплуатацыю перад самай яго смерцю ў 1953 годзе.

Георгій Аркадзьевіч успамінае, што першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкія. А потым жыццё стала паціху наладжвацца. Вучоба ў школе, тэхнікуме, ваенная служба, інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі… Усё сваё жыццё, а гэта больш 50 гадоў, Георгій Аркадзьевіч працаваў ў адной гаспадарцы – РСУП “Алекшыцы”. Ён і цяпер актыўна ўдзельнічае ў грамадскісм жыцці мясцовага сельсавета, заўсёды цікавіцца навінамі, дасягненнямі роднай гаспадаркі. Разам з жонкай Галінай Сцяпанаўнай выгадавалі двух дачок, маюць трох унучак, і сёння яны радуюцца жыццю і ганарацца сваёй мірнай краінай.

Цікавай і цёплай атрымалася сустрэча, што ад увагі і ўспамін Георгій Аркадзьевіч расчуліўся да слёз. Напрыканцы ён пажадаў старшакласнікам не забываць гісторыю, памятаць, якой цаной заваяваны мір і спакой, берагчы сваю Радзіму, каб не дапусціць паўтарэння трагічных падзей, якія выпалі на яго маленства.

 

Святлана КУРЫЛА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий