Ірына ПАНКЕВІЧ,
настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА “НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Юбілейны”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма: Асновы сямейнага права
Мэты і задачы ўрока:
– навучальныя: вучні павінны ведаць азначэнні паняццяў сямейнае права, шлюб; умовы заключэння і скасавання шлюбу; асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы і абавязкі мужа і жонкі; правы і абавязкі бацькоў і дзяцей.
– развіваючыя: стварыць умовы для ўдасканалення ўменняў працаваць з тэкстам вучэбнага дапаможніка; прадстаўляць інфармацыю ў форме лагічна-сэнсавай схемы.
– выхаваўчыя: стварыць умовы для фарміравання прававой культуры навучэнцаў (веданне норм сямейнага права, уменне прымяняць іх пры рашэнні пазнаваўчых і практычных заданняў), адносін да сям’і як важнай жыццёвай каштоўнасці.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Форма ўрока: урок-практыкум.
Асноўнае паняцце: сямейнае права.
Забеспячэнне ўрока: вучэбны дапаможнік “Грамадазнаўства” для 11-га класа Мінск, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 14 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.) – Мінск, 2006; Кодэкс аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь – Мінск, 2004; раздатачны матэрыял, ілюстрцыйны матэрыял.
Тэхнічнае забеспячэнне: мульціборд, ноўтбук.
Адукацыйныя тэхналогіі: камп’ютарныя, праблемнага навучання, крытычнага мыслення, здароўезберагальная.
Шануй бацьку свайго і маці сваю,
каб табе добра было і каб ты жыў доўга на зямлі.
Закон Божы
Ход урока
І Арганізацыйны этап. Стварэнне эмацыянальнай атмасферы. Увядзенне ў тэму ўрока
Гучыць прыпеў песні “Родная хата” (словы А.Роўды, музыка Л.Захлеўнага).
На экране мульціборда воблака слоў на сямейную тэматыку.
– Як вы думаеце, аб чым мы з вамі сёння будзем гаварыць?(Адкрываецца дошка з назвай тэмы ўрока). Прачытайце тэму ўрока і суаднясіце фрагмент песні і воблака слоў з тэмай нашага ўрока. Абгрунтуйце яе актуальнасць.
Уступнае слова настаўніка
– Кожны чалавек імкнецца да стварэння сям’і. Сям’я стварае пачуццё ўстойлівасці ў імклівым свеце, дапамагае сумесна выпрацоўваць тактыку паводзін у грамадстве і вызначаць жыццёвыя перспектывы. Скажыце, што такое сям’я і якія яе функцыі? (Сям’я – гэта аб’яднанне людзей, якія звязаны паміж сабой повязямі шлюбу, бацькоўства або сваяцтва і знаходзяцца ў непасрэдных пастаянных блізкіх адносінах. Функцыі: рэпрадуктыўная, гаспадарча-бытавая, выхаваўчая, эмацыйная, рэкрэацыйная).
Прытча аб сям’і “Ці поўны слоік?”
Настаўнік напаўняе слоік каменнем і пытае:
– Ці поўны слоік? (Поўны).
Напаўняе гарохам (фасоллю).
– Поўны слоік? (Поўны)
Напаўняе пяском, дробнымі крупамі.
– Поўны слоік? (Поўны)
Налівае ваду.
– Поўны слоік? (Поўны)
Я хачу сказаць, слоік – гэта наш дом. Каменне – самыя важныя людзі ў доме і ў жыцці кожнага чалавека – бацькі. Гарох (фасоля) – гэта тыя, хто напаўняе дом радасцю, шчасцем, сэнсам жыцця – дзеці. Пясок – гэта тыя, хто дапаўняе дом пяшчотай, клопатам, любіць сваіх унукаў – бабулі і дзядулі. Вада – гэта любоў, якая змацоўвае ўсё і робіць гэта моцным. Тады і нараджаецца шчаслівая сям’я.
Сёння мы з вамі працягваем вывучэнне тэмы “Асноўныя галіны права”.
ІІ Асноўны этап. Вывучэнне новага матэрыялу
План:
1. Паняцце сямейнага права.
2. Правы і абавязкі мужа і жонкі.
3. Правы і абавязкі бацькоў і дзяцей.
– Адкрыйце сшыткі і запішыце дату і тэму ўрока – “Асновы сямейнага права”.
Наша задача сёння – пазнаёміцца з умовамі заключэння і скасавання шлюбу, з асабістымі маёмаснымі і немаёмаснымі правамі і абавязкамі мужа і жонкі, з правамі і абавязкамі бацькоў. Вы навучыцеся тлумачыць сутнасць паняцця “сямейнае права”, а таксама навучыцеся характарызаваць асабістыя маёмасныя і немаёмасныя правы і абавязкі мужа і жонкі, правы і абавязкі бацькоў. Мы будзем з вамі працягваць развіваць здольнасці абагульняць, аналізаваць, рабіць высновы, выказваць асабісты пункт гледжання, аргументаваць яго.
2.1 Паняцце сямейнага права
Сям’я дорыць чалавеку цяпло і клопат. Сям’я, мацярынства і дзяцінства знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гэта запісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. (Работа з артыкулам 32.)
Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
Жанчына і мужчына па дасягненні шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Муж і жонка раўнапраўныя ў сямейных адносінах.
Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.
Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.
Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя.
Адным з важнейшых правоў чалавека з’яўляецца права на стварэнне сям’і. Афіцыйнае прызнанне сям’і пачынаецца з рэгістрацыі шлюбу, якім называюць сацыяльную форму адносін паміж жанчынай і мужчынам. Наколькі паспяхова сям’я спраўляецца са сваімі функцыямі, настолькі стабільна развіваецца соцыум. Паколькі ўсе функцыі сям’і так ці інакш звязаны з працягам роду, паўнакроўным сямейнае жыццё становіцца толькі з нараджэннем дзіцяці.
– Як вы лічыце, што патрэбна для моцнай сям’і? (Каханне і ўсведамленне свайго доўгу як у адносінах да членаў сям’і, так і па адносінах да грамадства).
Зыходзячы са сказанага, можна зрабіць выснову, што шлюб – вельмі важная падзея. Ён патрабуе ад чалавека максімальнай адказнасці.
Для рэгулявання асабістых маёмасных і немаёмасных адносін, якія ўзнікаюць пры заключэнні шлюбу, і існуе галіна сямейнае права.
Давайце разам паспрабуем сфармуляваць азначэнне паняцця “сямейнае права” і запісаць яго ў сшытку. (Сямейнае права – гэта галіна права, нормы якой рэгулююць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя адносіны, якія ўзніклі пры заключэнні і скасаванні шлюбу, а таксама ў працэсе сямейнага жыцця грамадзян).
Варта адзначыць, што не ўсе адносіны, якія ўзнікаюць паміж членамі сям’і, могуць быць урэгуляваны нормамі права (каханне, павага і г.д).
Асноўнай крыніцай права, якая рэгулюе сямейныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Звернемся да Кодэксу і разгледзім, як ён трактуе тэрмін “шлюб” (арт. 12) і запішам у сшытак.
– Дзе заключаецца шлюб? (арт. 15).
– На якіх умовах павінен заключацца шлюб? (арт. 17, 19).
– У якіх выпадках адбываецца скасаванне шлюбу? (арт. 34, 37)
Паведамленне вучня “Сямейна-шлюбныя адносіны ў розныя перыяды гісторыі” (прэзентацыя)
– Параўнайце правы і абавязкі мужа і жонкі ў ХІХ і ХХІ ст.
– Ці змянілася структура беларускіх сямей на працягу шматвекавой гісторыі?
– Як вы лічыце, ці памяняліся ўмовы заключэння і скасавання шлюбу?
– Ці ёсць змены ў сістэме дашлюбных адносін моладзі? Каму належыць галоўная роля ў стварэнні сям’і?
2.2 Правы і абавязкі мужа і жонкі
– Паміж мужам і жонкай узнікаюць правы і абавязкі. Як вы лічыце, з якога моманту яны ўзнікаюць? (З дня рэгістрацыі шлюбу дзяржаўнымі органамі).
Давайце паспрабуем пералічыць правы і абавязкі мужа і жонкі.(Зыходзячы з кругагляду дзяцей)
А цяпер азнаёмцеся з матэрыялам падручніка на стар. 142–143 і зрабіце схему. (Схема складаецца вучнямі за партай, затым пераносіцца на дошку)
Гэтыя правы і абавязкі могуць быць канкрэтызаванымі і замацаванымі ў шлюбным дагаворы. Прачытайце інфармацыю аб шлюбным дагаворы і адкажыце на пытанне: “Як вы лічыце, шлюбны дагавор садзейнічае ўмацаванню сям’і?” Адказ абгрунтуйце.
– Што яшчэ вы запісалі б у шлюбны дагавор?
Пасля вывучэння другога пытання гучыць песня “Погода в доме”.
Фізмінутка “Палавінкі сэрца” (Вучням даецца пэўнае паняцце, а яны павінны знайсці азначэнне або артыкул Кодэкса РБ аб шлюбе і сям’і, якія развешаны па класным пакоі)
Што такое шлюб? (арт. 12).
Дзе заключаецца шлюб? (арт. 15).
На якіх умовах павінен заключацца шлюб? (арт. 17, 19).
У якіх выпадках адбываецца скасаванне шлюбу? (арт. 34, 37)
Шлюбны дагавор – прадугледжаная Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і альтэрнатыва рэжыму агульнай сумеснай уласнасці мужа і жонкі, якая дае ім шырокія магчымасці распараджэння гэтай уласнасцю.
Сямейнае права – гэта галіна права, нормы якой рэгулююць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя адносіны, якія ўзніклі пры заключэнні і скасаванні шлюбу, а таксама ў працэсе сямейнага жыцця грамадзян)
Сям’я – гэта супольнасць, заснаваная на на шлюбе мужа і жонкі, акрамя якіх уключае і іх нежанатых і незамужніх дзяцей, звязаных духоўна, агульнасцю быту і ўзаемнай маральнай адказнасцю.
2.3 Правы і абавязкі бацькоў і дзяцей
– Мудрасць стагоддзяў: “Пакуль ты малады, шануй таго, хто нямоглы і сівы, каб паважалі самога цябе на схіле гадоў”. (Аўтар – персідскі паэт)
Як вы лічыце, ці актуальны гэты выраз? Сваю думку аргументуйце.
– Паслухайце ўрывак з верша нямецкага гуманіста Себасцьяна Бранта:
Ребёнок учится тому, что видит у себя в дому: родители пример ему…
Коль видят нас и слышат дети, мы за дела свои в ответе
И за слова: легко толкнуть детей на нехороший путь.
Держи в приличии свой дом, чтобы не каяться потом.
Як вы лічыце, з’яўляюцца гэтыя словы актуальнымі ў сучасным грамадстве? Растлумачце.
– Азнаёмцеся з тэкстам вучэбнага дапаможніка на стар.144–146 і зрабіце схему. (Схема складаецца вучнямі за партай, затым пераносіцца на дошку)
Дыскусія па праблемным пытанні
– Як вы лічыце, што важней: выконваць свае абавязкі ці патрабаваць выканання сваіх правоў? Які абавязак вы для сябе лічыце самым галоўным? Чаму?
ІІІ Замацаванне
3.1 Аналіз праблемных сітуацый (“Замарочкі з бочкі”)
Разгледзім наступныя сітуацыі і паспрабуем разабрацца, якія былі парушаны правы і абавязкі ў адпаведнасці з законам. Вам неабходна прачытаць сітуацыі і знайсці адпаведныя артыкулы Кодэкса аб шлюбе і сям’і.
Сітуацыя 1. Марына (16 гадоў) і Міхаіл (19 гадоў) сустракаюцца 1 год. На чарговым прыёме ў гінеколага высветлілася, што Марына на другім месяцы цяжарнасці. Марына расказвае аб гэтым Міхаілу. Ён згодны жаніцца, але супраць гэтага шлюбу яго бацькі. Марына – сірата.
Дапамажыце Міхаілу рашыць гэту праблему. (Атрымаць дазвол на зніжэнне шлюбнага ўзросту і жаніцца без згоды бацькоў (артыкул 18 “Кодэкса аб шлюбе і сям’і РБ”).
Сітуацыя 2. Мусульманін Саід вучыцца ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце. У яго на радзіме ў Іране засталася сям’я і дзве жонкі. У Гродна Саід пазнаёміўся з Таццянай. Яны пакахалі адно аднаго, вырашылі пажаніцца і зарэгістраваць шлюб у Беларусі.
Ці будзе зарэгістраваны шлюб паміж Саідам і Таццянай? (Не дапускаецца заключэнне шлюбу паміж асобамі, з якіх хоць адна знаходзіцца ўжо ў іншым шлюбе, які зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку (артыкул 19“Кодэкса аб шлюбе і сям’і РБ”).
3.2 Дапісаць апошні радок у вершы:
Шмат загадак на свеце бывае.
Загадка пра маму, рэбус пра тату,
Пра цётку і дзядзьку, сястру або брата.
Уся радня, як каманда для карабля,
Вялікая і дружная наша… сям’я.
IV Рэфлексія
1. “Я лічу, што…”, “На мой погляд, гэта праблема заслугоўвае (не заслугоўвае) увагі”, “Я згодзен (згодна) з…”.
2. “Таму што…” або “Так як…”.
3. “Напрыклад…”, “Я магу даказаць гэта на прыкладзе…”.
4. “Такім чынам…”, “Подводзячы вынік…”, “Таму…”, “Зыходзячы са сказанага, я раблю выснову аб тым, што…”.
V Выстаўленне адзнак
VI Дамашняе заданне:
§14. Міні-праект (на выбар)