Вольга БУРАВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Смаргонскі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”,
Гродзенская вобласць
Тэма: Завучванне верша Артура Вольскага “Радзіма” з дапамогай тэхнікі “Дынамічная інфаграфіка” (жывая мнематабліца)
Праграмны змест:
– працягваць фарміраваць уменні выразна выконваць паэтычны твор;
– развіваць уменне ўспрымаць яго змест;
– выхоўваць любоў да Радзімы, любоў да мастацкага слова.
Матэрыял: Букет кветак, галасавое паведамленне (запіс), малюнкі на тэму “Беларусь”, партрэт Артура Вольскага, музычная фізкультхвілінка (https://youtu.be/al4drWv4mzk), мультымедыйны праектар; жывая мнематабліца да верша Артура Вольскага “Радзіма” (https://drive.google.com/file/d/1urEcoLoZiRn53aUakFtUdy_HOx7Yb6-O/view?usp=sharing).
Ход занятку
Арганізацыйны момант “Букет ласкавых слоў”. Выхаванцы па чарзе адно аднаму перадаюць букет і гавораць ласкавыя, прыемныя словы. У канцы выхавальнік забірае букет і ставіць на віднае месца.
Выхавальнік: Няхай у нашай групе будзе толькі прыгожае, ласкавае, добрае, такое, як гэты прыгожы букет.
Дзеці, сёння раніцай я атрымала галасавое паведамленне, давайце яго паслухаем. Прыслала яго дзяўчынка Аўгусціна, якая жыве ў Францыі. Яна просіць расказаць пра краіну, у якой мы жывём.
Я прапаную дапамагчы Аўгусціне і запісаць для яе наша паведамленне, у якім раскажам пра сваю Радзіму. Вы са мной згодны?
Давайце мы з вамі ўспомнім, як называецца краіна, у якой мы жывём? Сталіца нашай краіны? Як называецца наш родны горад? Якія яшчэ гарады Беларусі мы ведаем? Давайце назавём дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. (Успамінаем прыродныя сімвалы, славутасці Беларусі, людзей, якія ўславілі Беларусь, прадпрыемствы Беларусі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стравы народнай кухні. Па меры адказаў выстаўляюцца малюнкі).
Выхавальнік: Шмат паэтаў і пісьменнікаў услаўляюць нашу Радзіму. Давайце мы з вамі ўспомнім творы, якія ўжо ведаем.
Выхавальнік паказвае партрэт. Пытае ў выхаванцаў, хто на партрэце (Артур Вольскі).
Выхавальнік: Мы з вамі ўжо чыталі творы, якія напісаў Артур Вольскі. А сёння пазнаёмімся з прыгожым вершам, які называецца “Радзіма”.
Выхавальнік чытае верш. Затым ідзе гутарка па змесце твора.
Выхавальнік: Можа, ёсць словы, якія вам незразумелыя?
– Чаму Артур Вольскі назваў верш “Радзіма”?
– Якімі прыгожымі словамі паэт апісвае нашу Радзіму?
– З кім параўноўвае паэт нашу Радзіму?
– Што самае галоўнае для нашай Радзімы? Як аб гэтым гаворыць паэт?
Музычная фізкультхвілінка “Дзяўчынка-беларусачка” (https://youtu.be/al4drWv4mzk)
Выхавальнік: Дзеці, верш “Радзіма” мы з вамі будзем вучыць на памяць. А на дапамогу нам прыйдзе чароўная табліца, якая будзе нам падказваць.
Выхавальнік дае ўзор з апорай на мнематабліцу. Звяртае ўвагу на інтанацыю. Пасля гэтага выхаванцы па ланцужку па табліцы дагаворваюць прапушчаныя словы ў радку, а потым па ланцужку расказваюць па адным радку (глядзі табліцу). Пасля гэтага жадаючыя расказваюць верш самастойна з дапамогай мнематабліцы.
Выхавальнік: Як вы думаеце, чаму Артур Вольскі напісаў верш менавіта пра Радзіму? Якія пачуцці ў вас выклікаў гэты верш? Як вы лічыце, мы змаглі расказаць пра нашу краіну так, каб дзеці з іншых краін даведаліся пра яе шмат цікавага і ім захацелася прыехаць да нас, каб убачыць усю прыгажосць нашай Беларусі?
Як вы лічыце, залежыць прыгажосць і росквіт нашай краіны ад кожнага з нас? Што мы з вамі для гэтага можам зрабіць, які мы можам унесці ўклад?
Я спадзяюся, што вы вырасцеце свядомымі грамадзянамі нашай краіны. І з дапамогай вашых добрых спраў праславіце нашу Радзіму яшчэ больш.