Цікавая казка Дзеда-Барадзеда. Занятак па адукацыйнай галіне “Мастацкая літаратура” для дзяцей другой малодшай групы (3–4 гады)  

- 10:16Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Ала ЦЕЦЯРУК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 6 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы: далучаць дзяцей да даступных твораў фальклору (казка), фарміраваць уменні эмацыянальна ўспрымаць казку, сачыць за развіццём сюжэту, адказваць на пытанні па змесце, развіваць уменне ўдзельнічаць у беларускамоўных зносінах па змесце казкі, узбагачаць слоўнік; развіваць эмацыянальны водгук на ўчынкі герояў, зрокавае і слыхавое ўспрыманне, адвольную памяць, гукавую культуру маўлення, моўнае дыханне, дробную і агульную маторыку; выхоўваць цікавасць да слухання фальклорных твораў і імкненне да разглядання ілюстрацый.

Матэрыял і абсталяванне: касцюм Дзеда-Барадзеда для дарослага, мяшок, кошык, каласкі, магніты, прэзентацыя і 4 ілюстрацыі да ўкраінскай народнай казкі “Каласок”, аўдыязапісы (беларускай народнай мелодыі, песні “Песенька Дзеда-Барадзеда” (сл. А.Вольскага, муз. Л.Захлеўнага)); мультымедыйная ўстаноўка, магнітафон, магнітная дошка.

Папярэдняя работа: гутаркі з выкарыстаннем ілюстрацыйнага матэрыялу “Дзядуля-казачнік”, “Хлеб расце ў полі”, гульня “Пакажы, што я скажу”, слоўнікавая работа: каласок, млын, змалаціць, рашчыніць цеста, працаваць, гультай, лапта, чахарда.

 

Ход занятку

Дзеці разам з памочнікам выхавальніка становяцца ў круг.

Сонца раніцай з намі вітаецца,
Падміргне і за хмарку схаваецца.
Сонца-сонейка! Свецяць праменьчыкі.
Як патрэбны твае нам струменьчыкі!
                                          А. Старынчык

Дзеці ўсміхаюцца адно аднаму, як сонейка. Раздаецца стук у дзверы. Пад гучанне песні “Дзед-Барадзед” уваходзіць Дзед-Барадзед (выхавальнік дашкольнай адукацыі) з мяшком, у якім знаходзяцца каласкі і ілюстрацыі да казкі “Каласок”.

Дзед-Барадзед: Добрай раніцы, мае даражэнькія! Прыйшоў я да вас у госці з казкаю!

Я хаджу па белым свеце,
Казкі ў мех збіраю,
І калі захочуць дзеці,
Іх апавядаю.

– Падкажыце, калі ласка, пра якіх казачных герояў вы ўжо слухалі казкі? (Пра Пеўніка, курачку, калабка, мядзведзя, Жыхарку і інш.).

Дзед-Барадзед дастае з мяшка каласок.

– Ці ведаеце вы, што гэта? (Каласок).

– Каласок вырастае з аднаго зярнятка. А на ім спее шмат зярнят, якія людзі потым збіраюць, мелюць і пякуць хлеб. Гэты каласок не просты, а чароўны! Каб ён нам казку паказаў, трэба стаць у круг і сказаць цудадзейныя словы:

Каласочак-каласок, калі ласка,
Пакажы нам цікавую казку!

– А цяпер скажам разам.

Дзеці ідуць па кругу разам з Дзедам-Барадзедам і прагаворваюць словы, потым садзяцца на крэселкі.

Дзед-Барадзед:

Вы на крэсельцах сядзіце
І ўважліва глядзіце.

На экране дэманструецца прэзентацыя да ўкраінскай народнай казкі “Каласок”, Дзед-Барадзед расказвае твор.

Дзед-Барадзед: Ці спадабалася вам казка? (Адказы дзяцей).

 

Дынамічная паўза

Дзед-Барадзед: Давайце яшчэ больш каласкоў назбіраем Пеўніку і мышанятам пакажам, што трэба дапамагаць адно аднаму. Падыходзьце да мяне і паўтарайце.

Дзеці выконваюць рухі згодна з тэкстам.

Зярняткі ў зямлю ўпалі,
          (далоні складзены разам, дзеці прысядаюць і быццам садзяць зерне).
А потым каласкамі сталі
     (павольна ўстаюць, імітуючы рост расліны, рукі падымаюць уверх і распраўляюць іх ушырыню).
Сонейка іх грэла
          (рукі ўверсе, паварочваюць тулава ў бакі).
І яны паспелі
          (апускаюць рукі ўніз).
Мы па поле пойдзем,
          (ідуць на месцы).
Каласочкі знойдзем
          (ідуць за Дзедам-Барадзедам да месца ў групавым пакоі, дзе ляжаць каласкі).

 

Беларуская народная гульня “Збяры каласы” (пад беларускую народную мелодыю)

Каласкі раскіданы на падлозе. Дзецям прапануецца іх сабраць.

Дзед-Барадзед: Гэй, дзетвара, не зявай, каласкі ў кошык хутчэй збірай!

Дзеці збіраюць каласкі ў кошык.

Дзед-Барадзед: Дзякуй вялікі за дапамогу! З гэтых каласкоў Пеўнік яшчэ больш прысмакаў напячэ.

 

Гульня “Што спачатку, а што потым”

Дзед-Барадзед: Каб вы казачку не забылі, Пеўнік перадаў падарунак: казку ў малюнках. (Дастае з мяшка ілюстрацыі да казкі “Каласок” і вывешвае на дошку ў рознай паслядоўнасці). Паглядзіце, мае даражэнькія, ці так казка расказвалася, як я размясціў малюнкі? (Не, не так). Напэўна, усе малюнкі пераблыталіся ў мяшку. Дапамажыце, калі ласка, мне ўзгадаць, з чаго пачалася казка, з якіх слоў? (Жылі-былі Пеўнік і двое мышанят: Круць і Верць. Мышаняты толькі спявалі і скакалі, а Пеўнік увесь час працаваў).

Што адбылося ў пачатку казкі? (Пеўнік падмятаў двор і знайшоў каласок). Знайдзіце вочкамі малюнак да гэтага дзеяння і пастаўце яго першым (жадаючы вывешвае малюнак).

Дзед-Барадзед: Што было далей? (Пеўнік змалаціў каласок). А што рабілі ў гэты час Круць і Верць? (Круць і Верць гулялі ў гульню). Што было потым? (Пеўнік занёс зярняты на млын, намалоў мукі). Знайдзіце малюнак да гэтых слоў і пастаўце яго другім (жадаючы вывешвае малюнак).

Дзед-Барадзед: Што рабілі Круць і Верць у гэты час? (Круць і Верць гулялі ў чахарду). Што адбылося ў казачцы потым? (Пеўнік рашчыніў цеста, пасадзіў у печ пірагі). Знайдзіце малюнак да гэтых слоў і пастаўце яго трэцім (жадаючы вывешвае малюнак).

Дзед-Барадзед: А што рабілі Круць і Верць у гэты час? (Круць і Верць весела скакалі). Што спытаў Пеўнік у мышанят, калі яны прыбеглі да стала з пірагамі? (Хто каласок знайшоў? Хто яго змалаціў? Хто зерне на млын насіў? Хто пірагі пёк?). Што адказвалі мышаняты? (Усё ты рабіў). Пасля гэтага што зрабілі Круць і Верць? (Круць і Верць вылезлі з-за стала). Які настрой быў у мышанят? (Мышанятам было сорамна, настрой сапсаваўся). Чаму? (Калі прыйшоў час частавацца пірагамі, мышанятам яны не дасталіся, таму што яны не хацелі нічым дапамагчы Пеўніку, толькі гулялі. Круць і Верць гэта зразумелі). Знайдзіце малюнак да гэтых слоў і пастаўце яго на патрэбнае месца (жадаючы вывешвае малюнак).

Дзед-Барадзед: А давайце навучым мышанят працаваць як працаваў Пеўнік.

 

Гульня “Пакажы, што я скажу”

Дзеці разам з Дзедам-Барадзедам становяцца ў круг. Дед-Барадзед называе дзеянні, дзеці імітуюць іх з дапамогай рухаў і гукаперайманняў.

Дзед-Барадзед:

– Як спяваў Пеўнік? (Ку-ка-рэ-ку).

– Пакажыце, калі ласка, як Пеўнік падмятаў двор? (Імітуюць падмятанне і гавораць “шух-шух”).

– Пакажыце, як Пеўнік малаціў каласок? (Уздымаюць счэпленыя ў замок рукі, потым рэзка апускаюць іх з нахілам уніз і прагаворваюць “ух”).

– Як Пеўнік нёс цяжкі мех з зернем на млын? (Ідуць на месцы з невялікімі нахіламі ў бакі, прагаворваюць “о-о-ох”).

– Пакажыце, як Пеўнік сыпаў муку на стол? (Перабіраюць пальчыкамі абедзьвюх рук, быццам “сыплюць муку” з гукам “с-с-с”).

– Давайце пакажам, як Пеўнік мясіў цеста? (Імітуюць дзеянне пад лік “раз-два”).

– Калі пірагі былі гатовы, як даставаў Пеўнік іх з печы? (Выстаўляюць дзве рукі ўперад далонямі ўверх).

Дзед-Барадзед: Малайцы! Усё ўмееце рабіць! Добрыя з вас працаўнікі будуць!

– Адкажыце, як называецца казка, з якой вы сёння пазнаёміліся? (“Каласок”).

– Хто ў казцы быў працавіты, а хто – гультай? (Адказы дзяцей.) Як мышанятам выправіць сваю памылку? (Папрасіць прабачэння і ва ўсім дапамагаць Пеўніку).

– А каму і як вы можаце дапамагчы? (Маме – прыбіраць заўсёды свае цацкі на месца, падмесці падлогу, паставіць прыгожа абутак, паліць кветкі; бабулі – прынесці, што яна папросіць; тату, брацікам ці сястрычкам – пагуляць з імі, іншым дарослым; сябрам – адклікацца на просьбы аб дапамозе да кожнага; адказы дзяцей з асабістага вопыту).  

– Дзякуй, мае даражэнькія! Мне вельмі спадабалася з вамі гуляць. А яшчэ хачу сказаць: знаёмцеся з казкамі. Яны нас вучаць сябраваць, працаваць, дапамагаць адно аднаму.

У кнігах казкі ўсе жывуць.
Вы іх смела адчыняйце
І старонкі разглядайце.
А мне час ісці па свеце,
Несці казкі іншым дзецям!

Дзед-Барадзед развітваецца з дзецьмі і пакідае групавы пакой.

 

Спіс літаратуры

  1. Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019.
  2. Залатая скарбонка. Хрэстаматыя для дашкольнікаў : дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з бел. і рус. мовамі навучання. – 3-е выд., перагледж. – Мінск : Аверсэв, 2021.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий