Вольга КАЛАЛА, настаўнік-дэфектолаг,
Ірына АРЦЮХ, выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць
Фарміраванне правільнага гукавымаўлення з’яўляецца адной з галоўнай задач настаўніка-дэфектолага і выхавальнікаў спецыяльнай групы ДЦРД г. п. Карэлічы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. Працуючы сумесна, мы імкнёмся не толькі разумець сутнасць праблемы няправільнага гукавымаўлення нашых выхаванцаў, але і разам паступова фарміраваць у дзяцей устойлівыя навыкі правільнага вымаўлення гукаў. Для дасягнення станоўчых вынікаў шырока ў сваёй рабоце выкарыстоўваем гульнявыя метады і наглядныя сродкі.
Так, распрацавалі дыдактычны дапаможнік, які ўключае ў сябе комплекс гульняў з рознымі варыянтамі гульнявых практыкаванняў. Ён уяўляе сабой драўляны гадзіннік, які падзелены на два сектары, а малюначкі для гульняў знаходзяцца ў асобных канвертах і прымацоўваюцца пры дапамозе ліпучак.
Гульня «Знайдзі пару»
Дыдактычныя задачы: замацоўваць вымаўленне гукаў у словах; развіваць фанематычны слых, мелкую маторыку; павялічыць аб’ём нагляднага і слыхамаўленчага матэрыялу.
Гульнявое правіла і дзеянне. Педагог размяшчае ў чырвоным або зялёным сектары малюнкі. Астатнія малюнкі ляжаць на стале. Адна стрэлка накіравана на малюнак, а другая – на пусты кружок знізу. На яго неабходна прымацаваць малюнак, які сходны з назвай прадмета, на які накіравана верхняя стрэлка. Педагог указвае стрэлкай на малюнак, дзіця прагаварвае гэта слова і падбірае сходнае па гучанні з прапанаваных малюнкаў.
Гульня «Пагуляй з зададзеным гукам»
Дыдактычныя задачы: замацоўваць вымаўленне гукаў у словах; развіваць уменне вызначаць наяўнасць гукаў у слове, утвараць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, утвараць форму множнага ліку, складаць сказы з дапамогай малюнкаў; павялічыць аб’ём нагляднага і слыхамаўленчага матэрыялу.
Гульнявое правіла і дзеянне. Адна стрэлка накіравана на гук, а другая – на пусты кружок.
I варыянт. Дзіця выбірае малюначкі з зададзеным гукам, прымацоўвае на пусты кружок і прагаварвае гэта слова, вылучаючы зададзены гук у слове.
II варыянт. Дзіця выбірае малюначкі з зададзеным гукам, прымацоўвае на пусты кружок і называе яго ласкава.
III варыянт. Дзіця выбірае малюначкі з зададзеным гукам, прымацоўвае на пусты кружок і называе шмат такіх прадметаў.
IV варыянт. Дзіця выбірае малюнак з зададзеным гукам, прымацоўвае на пусты кружок і складае сказ з адпаведным малюнкам.
Гульня «Назаві галосны гук»
Дыдактычныя задачы: замацоўваць уменні вызначаць наяўнасць галосных гукаў у слове, вылучаць сімвалы галосных гукаў; развіваць фанематычны слых; павялічыць аб’ём нагляднага і слыхамаўленчага матэрыялу.
Гульнявое правіла і дзеянне. Адна стрэлка накіравана на кружок з малюнкам, а другая – на пусты кружок. Педагог называе слова, вылучаючы галосны гук. Дзіця вызначае на слых наяўнасць галоснага гука і падбірае сімвал або галосную літару, які затым прымацоўвае на пусты кружок.
Гульня «Назаві першы або апошні гук»
Дыдактычныя задачы: замацоўваць уменні вызначаць наяўнасць галосных гукаў у слове, вылучаць сімвалы галосных гукаў; развіваць фанематычны слых; павялічыць аб’ём нагляднага і слыхамаўленчага матэрыялу.
Гульнявое правіла і дзеянне. Педагог размяшчае ў зялёным або чырвоным сектары малюнкі. Затым называе малюнак, на які накіравана маленькая стрэлка. Дзіця павінна вызначыць першы або апошні гук і знайсці малюнак, назва якога пачынаецца з гэтага гука. Прымацоўвае малюнак на пусты кружок, на які накіравана вялікая стрэлка.
Такім чынам, дадзены дапаможнік спрыяе фарміраванню гукавымаўленчага боку маўлення праз сістэмнае выкарыстанне комплексу гульняў, якія забяспечваюць выпрацоўку правільнасці і дакладнасці гукавымаўлення. А таксама спрыяе стварэнню ў дзяцей станоўчай матывацыі да заняткаў, падтрыманню спрыяльнага эмацыянальнага фону, а значыць, і дасягненню добрых вынікаў.