Галіна ЛЯЎКЕВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы: узбагачаць веды дзяцей пра беларускую народную творчасць (інтэр’ер, посуд, гульні, музыка, пацешкі); фарміраваць цікавасць да мінулага і сучаснага сваёй Радзімы; развіваць эстэтычны густ, садзейнічаць фарміраванню разумення таго, што мы жывём у Беларусі, а значыць мы – беларусы; падрыхтоўваць дзяцей да прагаворвання слоў, якія адлюстроўваюць самабытнасць беларускага інтэр’ера; выхоўваць павагу да культурных традыцый беларускага народа і маральныя якасці беларусаў: дабрыню, спагадлівасць, працавітасць, гасціннасць.
Матэрыял: “Беларуская хатка”, аформленая ў народным стылі мінулага; прадметы побыту, вырабы з ільну, саломы, нацыянальнае адзенне для гераіні – Бабы Васіліны.
Ход занятку
Выхавальнік дашкольнай адукацыі (В.). (Звоніць у званочак).
Мой званочак пяе,
Запрашае да мяне.
Хутка за рукі бярыцеся,
І ў кружок станавіцеся.
Пакланіся, усміхніся,
Пакланіся, усміхніся.
Малайцы!
В. Сёння мы з вамі адправімся ў незвычайнае падарожжа. А на чым можна адправіцца? (Адказы дзяцей). Малайцы! Але мы адправімся на цягніку. Згодны?
Гульня “Цягнік”
Цягнічок прыгожы, новы
Нас пытае: “Усе гатовы? Тады паехалі!
Чух-чух-чух: у-у-у.
Чух-чух-чух: у-у-у”.
Гучыць музыка, “цягнік” рухаецца.
Цягнічок за возам воз,
Нас у хатку прывёз.
Баба Васіліна (выхавальнік дашкольнай адукацыі). Прыветна вокны пазіраюць, нібыта ў госці запрашаюць. Ну, добры выгляд хата мае. Цікава… Што ж нас тут чакае? Міласці просім кожнага ў нашай хаце госцем быць, але не забываць пра правілы паводзін у маёй хатцы. Бачыце, як тут прыгожа! Тут шмат чаго цікавага. А хочаце даведацца, што тут ёсць? Мы з вамі трапілі ў беларускую хатку. Тут знаходзяцца рэчы, якімі раней карысталіся беларусы. Але спачатку давайце ўспомнім, хто такія беларусы, дзе мы з вамі жывём. (Адказы дзяцей, дзеці чытаюць вершы).
1. Твар румяненькі,
Белая хустачка.
Я ўжо ведаю,
Я – беларусачка.
2. Я дзяўчынка – беларуска
З васільковымі вачыма,
Хоць малая, але знаю
Беларусь – мая Радзіма.
3. Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус.
Мой край завецца Беларуссю
І сам я хлопчык – беларус.
Баба Васіліна. Значыць, мы з вамі – беларусы. А зараз давайце бліжэй пазнаёмімся з рэчамі, якія знаходзяцца ў беларускай хатцы. Чым адрозніваецца беларуская старадаўняя хатка ад цяперашняй хаты? У каго дома ёсць такія рэчы, якія вы бачыце тут? (Дзеці падыходзяць, разглядаюць, адказваюць на пытанні).
Баба Васіліна. А які посуд у маёй хаце! Ці падабаецца ён вам? (Дзеці разглядаюць і расказваюць, што яны бачаць).
Баба Васіліна. Нешта, дзеткі, мы засядзеліся. А танцаваць вы любіце?
Дзяўчынка. Любім мы спяваць, жартаваць, у гульні розныя гуляць.
Хлопчык. Як пастаўлю рукі ў бокі, самі ногі ідуць у скокі. Паглядзіце на мяне, які я высокі.
Баба Васіліна. Во цяпер дзеці пайшлі. І вясёлыя, і спевакі добрыя, і танцоры. І вядома ж, разумныя? Загадаю я вам зараз загадкі, а адгадкі знаходзяцца ў маёй хатцы.
Раніцу кожную лашчыць,
сушыць шыю, рукі, твар і вушы (Ручнік).
Дзеці разглядаюць ручнікі ў хатцы і расказваюць, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго.
Баба Васіліна. Гэтыя ручнікі самі людзі вышывалі рукамі. А цяпер людзі вышываюць ці не? (Адказ дзяцей). А цяпер слухайце наступную загадку.
Прывяжаш – пойдуць,
Адвяжаш – застануцца (Лапці).
Паглядзіце, як мы цяпер абуты. А раней людзі хадзілі ў такіх лапцях.
Баба Васіліна.
Маленькі, крывенькі,
А ўсе поле зрэжа (Серп).
Дзеці, ці бачылі вы яго ў сябе ў гаспадарцы? Ці можна дзецям з ім гуляць? Для чаго ён патрэбны? (Адказы дзяцей).
Баба Васіліна.
Залатая птушка,
Вечарам у дом улятае,
Увесь дом асвятляе (Лямпа).
Раней свету не было, і людзі карысталіся вось такой лямпай.
Баба Васіліна.
Пар пусціў дракон хвастаты
і разгладзіў шалік мяты (Прас).
Дзеці разглядаюць стары прас.
Баба Васіліна. Каб нам было крыху весялей – давайце пагуляем у гульню. (Гучыць музыка, дзеці бяруць у рукі лісточкі і выконваюць адпаведныя рухі).
Мы лісцікі асеннія,
На дрэве мы вісім.
Падзьмуў вецер – паляцелі.
Пакружыў, пакружыў,
На зямельку палажыў.
Малайцы, добра гулялі! Наша падарожжа скончылася.
Баба Васіліна. Дзеці, адкажыце калі ласка, што вам спадабалася? Што цікавага вы даведаліся? (Адказы дзяцей). А за тое, што вы былі ўважлівымі і паслухмянымі, я вам хачу даць на памяць гэтыя наклейкі-ўсмешкі. А нам пара вяртацца ў групу.
Гульня “Цягнік”
Цягнічок прыгожы, новы
Нас пытае: “Усе гатовы? Тады паехалі!
Чух-чух-чух: у-у-у,
Чух-чух-чух: у-у-у.
Гучыць музыка, “цягнік” рухаецца.