Фарміраванне ў вучняў асноўных якасцей граматнага чытача

- 13:37II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

 

Марына ГОРБАЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць

 

 

Істотныя змены ў інфармацыйнай, сацыякультурнай і адукацыйнай прасторы прывялі да ўзнікнення відавочнай супярэчнасці паміж інтэнсіўным развіццём інфармацыйных тэхналогій, наяўнасцю свабоднага доступу да любой інфармацыі і псіхафізіялагічнымі магчымасцямі дзяцей і падлеткаў успрымаць, асэнсоўваць, разумець і ацэньваць яе.

Ва ўмовах экспансіі экраннай культуры чытанне не толькі адыходзіць на другі план, а некаторымі маладымі людзьмі ўспрымаецца як архаізм. Спецыялісты ў галіне чытання сёння адзначаюць наступныя адмоўныя тэндэнцыі, з якімі мы не можам не пагадзіцца:

  • доля чытання ў структуры вольнага часу няўхільна скарачаецца;
  • чытанне становіцца ўсё больш утылітарным і прагматычным;
  • прыярытэт аддаецца забаўляльнаму чытанню;
  • нізкі ўзровень чытацкай кампетэнтнасці;
  • няўменне знаходзіць неабходныя крыніцы друкаванай інфармацыі;
  • традыцыйная кніга як крыніца інфармацыі трапіла ва ўмовы жорсткай канкурэнцыі з электроннымі носьбітамі;
  • змястоўнае самаадукацыйнае чытанне становіцца элітарным заняткам.

Таму паўстае пытанне, як пераканаць дзяцей і падлеткаў, што чытанне кніг адточвае інтэлект, вучыць разбірацца ў людзях, дапамагае выстаяць у цяжкіх абставінах. Юнаму чытачу важна не толькі растлумачыць, але і прадэманстраваць, што пошукавыя магчымасці інтэрнэта хоць і вялікія, але далёка не вычарпальныя.

Сутнасць чытання, яго ролю і месца ў сацыялізацыі школьнікаў вельмі грунтоўна вызначыў яшчэ ў 1925 годзе народны паэт Беларусі Я.Колас. Чытанне, на думку класіка, з’яўляецца “адзіным сродкам самаасветы”, спосабам, якім вучні могуць папаўняць свае веды незалежна ад дапамогі настаўніка.

Сучаснае тлумачэнне гэтаму паняццю такое: “Граматнае чытанне – гэта здольнасць чалавека да асэнсавання пісьмовых тэкстаў і рэфлексіі на іх, да выкарыстання іх зместу для дасягнення ўласных мэт, развіцця ведаў і магчымасцей, актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства” (кандыдат педагагічных навук, прафесар БДУ Н.У.Клімянкова).

Сістэма работы настаўнікаў нашай установы адукацыі па фарміраванні асноўных якасцей граматнага чытача ўключае шэсць кампанентаў дзейнасці. Абавязковая ўмова паспяховасці гэтай работы – укараненне ў навучанне (у тым ліку ў групах падоўжанага дня) розных форм чытання. Для развіцця маўлення вельмі важную ролю адыгрывае развіццё камунікатыўных здольнасцей вучняў, што азначае авалоданне ўменнем успрымаць і асэнсоўваць разнастайную інфармацыю, перадаваць свае думкі спачатку ў вуснай, а потым у пісьмовай форме. З мэтай прывіцця любові да кнігі ў кожным кабінеце пачатковых класаў размешчаны куток чытання. Інфармацыйныя стэнды ўключаюць рубрыкі “Люблю чытаць”, “Гэта цікава”. На класных гадзінах, уроках пазакласнага чытання дзеці “падарожнічаюць у свет кніг”, інсцэніруюць урыўкі літаратурных твораў.

Працягваюць мэтанакіраваную работу па фарміраванні граматнага чытача настаўнікі-філолагі. Улічваючы сучасныя падыходы да адукацыйнага працэсу, яны надаюць чытанню школьнікаў творчы характар. Перавагу на ўроку аддаюць інтэрактыўным метадам і прыёмам: славеснаму маляванню, пераказу з творчым заданнем, чытацкім гульням, інсцэніраванню ўрыўкаў, стварэнню кінасцэнарыяў. Усё гэта вучыць юных чытачоў аналізаваць не толькі змест тэксту, але і яго форму, фарміраваць у іх крытычнасць мыслення і самастойнасць эстэтычных меркаванняў. Так, на семінары-практыкуме “Сістэма работы настаўнікаў-філолагаў па фарміраванні асноўных якасцей чытання” былі прэзентаваны цікавыя формы работы: круглы стол “Як правільна выбраць кнігу”, адкрыты мікрафон “Месца кнігі ў маім жыцці”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Гімн роднай мове”, дыспут “Сапраўдны чытач: які ён?”.

Інтэграцыя намаганняў настаўніка-філолага і настаўнікаў іншых прадметаў – яшчэ адзін важны кампанент фарміравання асноўных якасцей граматнага чытача. Пры правядзенні ўрокаў кожны настаўнік дабіваецца разумення вучнямі зместу тэксту, нататкі, параграфа, пры гэтым выкарыстоўвае некалькі відаў кантролю прачытанага тэксту.

Вялікую ролю ў фарміраванні граматнага чытача адыгрывае і школьная бібліятэка, якая ў наш час стала інфармацыйна-метадычным цэнтрам. Бібліятэкар актыўна дапамагае вучням шукаць неабходную інфармацыю. Тут, як правіла, арганізуюцца кніжныя выставы да юбілеяў паэтаў і пісьменнікаў. Ні адна іншая бібліятэка не набліжана да свайго чытача так, як школьная. І гэта акалічнасць накладвае на школьнага бібліятэкара педагагічныя абавязкі. Ён адкрывае свет для юных чытачоў, ведае, як пераканаць рабят пачытаць літаратуру не толькі па праграме, але і дадатковую. Ненавязлівая размова ля кніжных паліц, уласны чытацкі вопыт, яго кампетэнтная рэкамендацыя дапамагаюць дзецям зрабіць правільны выбар.

Немалаважнае значэнне для фарміравання граматнага чытача мае адзінства “кніжных інтарэсаў” дзяцей і бацькоў. Галоўная задача – прывіць любоў да чытання. З гэтай мэтай многія бацькі (у пачатковых класах) слухаюць, як дзіця чытае ўслых, ходзяць разам у бібліятэку, абмяркоўваюць, што ён чытае самастойна (у сярэдніх і старшых класах). Пачэснае месца за сямейным сталом займае сучасная дзіцячая літаратура і літаратура для падлеткаў. “Лаканічныя, ёмістыя па сэнсе творы здольны зрабіцца добрымі дарадцамі не толькі дзецям, але і іх бацькам”, – слушна заўважае літаратуразнаўца Лада Алейнік.

Сямейны турнір кнігалюбаў, круглы стол “Абмяркуем разам”, конкурс чытачоў з удзелам бацькоў, прэзентацыі ўласных вершаў (а яны змяшчаюцца на школьным сайце і на старонках раённай газеты “Полымя”) – усё гэта і складае адзінства “кніжных інтарэсаў”. І сапраўды, як прыемна чуць ад васьмікласніка: “А мне мама параіла прачытаць кнігу А.Бадака “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”.

Вялікае значэнне ў гэтым пытанні адыгрывае фактар чытацкіх зносін. Менавіта меркаванні аднагодкаў, густу якіх давярае падлетак, аказваюць моцны ўплыў на выбар ім кніг для чытання, вызначаюць вектар чытацкіх паводзін. Таму такое важнае значэнне ў аспекце гэтай праблемы маюць чытацкія аб’яднанні, клубы па інтарэсах. Фарміраванне спрыяльнага асяроддзя стымулюе міжасабовыя зносіны вучняў і накіравана на павышэнне культуры чытання, забеспячэнне самаадукацыі і самарэалізацыі юных чытачоў, спасціжэнне праз кнігу і чытанне сацыяльнага і маральнага вопыту, назапашанага чалавецтвам. Таму і не пакінулі нікога раўнадушным літаратурная гасцёўня “Вайна вачыма дзяцей”, дыспут “Наколькі слова паэта важкае?” да 140-годдзя Я.Купалы. Сапраўдным святам для аматараў паэзіі сталі гадзіны паэзіі “Чытаем вершы паэтаў Карэліччыны”, “Чытаем класікаў разам”.

Напрыканцы хочацца яшчэ раз падкрэсліць галоўнае. Развіццё інфармацыйных тэхналогій патрабуе ад нас, педагогаў, бібліятэчных работнікаў, навучання змястоўнаму чытанню, выхавання паважлівых адносін да кнігі. На маю думку, сістэма фарміравання граматнага чытача павінна спалучаць традыцыйныя каштоўнасці, без якіх немагчыма захаванне нацыянальнай самабытнасці, і сучасныя тэхналогіі рацыянальнага чытання, без якіх няма прагрэсу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий