Вольга КАЛАЛА,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы”,
Гродзенская вобласць
Любоў да роднай мовы важна фарміраваць у дзяцей з маленства! Карэкцыйна-адукацыйны працэс у спецыяльнай групе ДЦРД г.п. Карэлічы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы ўжо другі год арганізуецца на беларускай мове. Галоўная мэта па фарміраванні ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю выконваецца на занятках па адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення”.
Каб заняткі па развіцці беларускага маўлення праходзілі цікава, выкарыстоўваю гульнявыя метады і прыёмы, якія павышаюць маўленчую актыўнасць выхаванцаў. Праз іх лягчэй зразумець няпростыя законы мовы, бо гульня – вядучы від дзіцячай дзейнасці.
Так, пры вывучэнні лексічнай тэмы тыдня “Адзенне” дзеці ў гульні “Дэфіле” з задавальненнем дэманстравалі (у ролі мадэлі) беларускае нацыянальнае адзенне. Для гэтага яны павінны былі паведаміць пра галаўны ўбор, андарак, гарсэт або камізэльку.
Праз дыдактычныя гульні “Чацвёрты лішні”, “Перакладчыкі”, “Знайдзі радню”, “Слова заблудзіла”, “Слова з канверта”, “Адшукай слова” выхаванцы ўзбагачалі свой беларускі слоўнік, замацоўвалі ўменні класіфікаваць, выкарыстоўваць абагульняючыя словы. Разам з тым развівалі мысленне, памяць, увагу. Цікавай для дзяцей з’явілася гульня “Падзорная труба”. Дзецям прапанавалася сярод прадметаў, якія бачаць праз “падзорную трубу”, назваць толькі адзін па-беларуску.
Складаным для выхаванцаў з’яўляецца засваенне граматычнага ладу маўлення. Праводзіла дыдактычныя гульні “Чаго не стала”, “Што змянілася”, “Назаві ласкава», “Адзін – шмат”, “Палічы”, у якіх дзеці ахвотна пералічвалі адзенне, замацоўвалі назвы па-беларуску, вучыліся правільна дапасоўваць лічэбнікі да назоўнікаў у родзе, ліку (адна кашуля, дзве спадніцы, пяць сукенак). У гульні “Прадметы і колеры” дзеці замацоўвалі колеры і назвы прадметаў, правільна дапасоўваючы прыметнікі да назоўнікаў (блакітная сукенка, чырвоная кашуля). У гульні “З якога матэрыялу зроблены?” дзеці з захапленнем разглядвалі беларускае народнае адзенне, якое выраблена з розных матэрыялаў (нітак, саломы, ільну, мешкавіны), утвараючы прыметнікі.
Падтрымліваць цікавасць да занятку дапамагло ўключэнне сюрпрызнага моманту, калі на занятак прышлі знакамітыя лялькі-беларусы: хлопчык Янка і дзяўчынка Арынка, да якіх дзеці адносяцца як да жывых істот. Лялькі прынеслі ў сваіх кішэнях розныя цікавыя рэчы традыцыйнага адзення, а таксама загадкі. Іх неабходна было скласці пры дапамозе малюнкаў. Лялькі нават стварылі праблемныя і гульнявыя сітуацыі, якія прапанавалі вырашыць у этнаграфічным музеі, што спрыяла наладжванню сітуацыйна-дзелавых зносін на беларускай мове.
Лялькі-беларусы дапамагалі засваенню дзецьмі арфаэпічнага вымаўлення гукаў [дж], [дз’], фрыкатыўных [г], [г’] і гука [ў] праз прагаворванне кароценькіх чыстагаворак кожным выхаванцам. Дзеці заўважалі і выпраўлялі памылкі не толькі ў сваіх выказваннях, але і ў выказваннях аднагодкаў.
Нязмушана і зацікаўлена выхаванцы паспрабавалі паказаць свае веды ў дынамічнай рухомай гульні “Апрані хлопчыка і дзяўчынку ў беларускі касцюм”, якая была выкарыстана на занятку ў якасці фізкультхвілінкі. Дзеці актыўна ўключыліся ў дыялог.
Трэба адзначыць, што дзякуючы выкарыстанню гульнявых метадаў і прыёмаў на занятку выхаванцы-дашкольнікі, якім уласціва найбольшае чуццё да моўных з’яў, атрымліваюць магчымасць шанавання традыцый сваіх продкаў, жаданне прыгожа гаварыць па-беларуску.