В.Карамазаў “Дзяльба кабанчыка”. Важная нагода для паездкі дамоў. Урок беларускай літаратуры ў 8-м класе.

- 16:16II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Алёна ЧАРНАВУС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Радунская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Мэта: вучні будуць ведаць пра В.Карамазава, яго творчасць; перакажуць змест апавядання; паглыбяць паняцці тэма, ідэя, праблема твора; адновяць веды пра ролю партрэта і пейзажу; выявяць сродкі раскрыцця характараў у мастацкім творы.

Абсталяванне: праектар, сігнальныя карткі.

Метады і прыёмы навучання: праблемнае навучанне, эўрыстычная гутарка, медыйныя прыёмы, прыёмы тэхналогіі актыўнай ацэнкі.

Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці: франтальная, індывідуальная, групавая, парная.

 

Шануй маці і бацьку свайго.
(Чацвёртая Божая запаведзь)

Ход урока

І Уступнае слова настаўніка

Н. Вітаю вас, жадаю нам плённай працы і спадзяюся на зваротную сувязь.

Сёння раніцай кожны выйшаў са свайго дому, мабыць, хтосьці крочыў у школу з задавальненнем, а камусьці хацелася б яшчэ паспаць. Але нягледзячы ні на што ўсіх аб’ядноўвае думка, што пасля вучэбнага дня вы вернецеся ва ўтульную кватэру ці дом, дзе сустрэнецеся з бацькамі. Гэта грэе вас, робіць упэўненымі не толькі ў сённяшнім, але і ў заўтрашнім дні.

Закон жыцця такі, што ў хуткім часе вы знойдзеце сваё месца: выберыце прафесію, створыце сям’ю. А вашым бацькам патрэбна ўпэўненасць у тым, што ў любой жыццёвай сітуацыі яны могуць разлічваць на вас. Праблему адчужэння дзяцей ад сваіх састарэлых бацькоў вы разглядалі на папярэднім уроку. Запрашаю вас прыняць удзел у “Паэтычным караоке.” На экране вы ўбачыце паэтычныя радкі з вывучанага вамі на папярэдніх занятках верша. Ваша задача – узнавіць твор і назваць аўтара.

Ключавое пытанне.

Н. Скажыце калі ласка, ці згодны вы са сцверджаннем, што дома трэба бываць госцем? (адказы вучняў).

 

ІІ Мэтавызначэнне

На гэта пытанне мы адкажам напрыканцы нашага ўрока, тэма якога гучыць так: “В.Карамазаў “Дзяльба кабанчыка”. Важная нагода для паездкі дамоў”.

Н. Зыходзячы з тэмы ўрока, скажыце, калі ласка, што вам ужо вядома і чаго вы яшчэ не ведаеце?(Прыкладны адказ: Не ведаю В.Карамазава; знаёмы з сюжэтам апавядання “Дзяльба кабанчыка”).

Мэта на мове вучняў:даведаюся пра В.Карамазава; узнаўлю змест паэмы; высветлю тэму, ідэю, праблему твора, звярну ўвагу на характары галоўных герояў.(Прымацоўваю клішэ ДАВЕДАЮСЯ, УЗНАЎЛЮ, ЗВЯРНУ ЎВАГУ).

Н. Для таго каб мы дасягнулі вызначаныя мэты, нам неабходна звяртаць увагу на НаШтоБуЗУ да ўрока:

    • змагу назваць тры факты з біяграфіі В.Карамазава;
    • перакажу сюжэт апавядання;
    • буду ведаць тэму, ідэю і праблему апавядання;
    • назаву сродкі раскрыцця характараў у эпічным творы;
    • складу інфармацыйны буклет.

Н. На працягу ўрока мы будзем складаць інфармацыйны прадукт у фармаце буклета. Будзьце ўважлівымі, кожны этап працы павінен быць адлюстраваны ў ім. Вашы правільныя адказы будуць ацэнены “рэспектамі”. Колькасць такіх “рэспектаў” будзе ўплываць на вашу адзнаку за ўрок.

 

ІІІ Аперацыйна-пазнавальны этап

1 Праца з інтэрактыўным канспектам

Н. Прапаную вам даведацца пра Віктара Карамазава пры дапамозе інтэрактыўнага канспекта. Ваша задача – агучыць факты з біяграфіі пісьменніка.

Настаўнік слухае адказы вучняў, ацэньвае работу пры дапамозе “рэспектаў”.

Н. Размясціце ў буклет малюнкі, якія адлюстроўваюць тры факты з біяграфіі В.Карамазава.

 

2 Праца ў групах

Настаўнік арганізуе працу ў групах і дае інструкцыю да выканання заданняў.

1-я група – знайсці ў літаратурным слоўніку на с. 296 паняцце “апавяданне”, прачытаць, даказаць родава-жанравую прыналежнасць твора “Дзяльба кабанчыка”.

2-я група – прачытаць першы абзац артыкула “Тэма, ідэя і праблема мастацкага твора” на с. 26, выдзеліць ключавыя словы, запісаць паняцці на картку, агучыць, размясціць на дошцы. (Прыкладны адказ: Тэма – гэта тое, пра што ідзе размова ў творы. Ідэя – гэта тое, пра што хацеў сказаць аўтар).

3-я група – выканаць заданне № 10 з QR-кодам з падручніка: размясціце эпізоды апавядання ў адпаведнасці з ходам развіцця сюжэта (трэнажор “Сюжэт апавядання Віктара Карамазава “Дзяльба кабанчыка”). Выконваюць заданне пры дапамозе мабільных тэлефонаў. Калі няма такой магчымасці, прапаную скрыншоты.

4-я група – выбраць з прапанаваных прыказак тую, якая магла б стаць эпіграфам да апавядання В.Карамазава.

Дзіця за руку бярэш, маці – за сэрца.
Радня да паўдня, а як сонца зойдзе, сам чорт не знойдзе.
Малыя дзеці топчуць бацькам ногі, вялікія – сэрца.
Да роднай хаты няма далёкай дарогі.

Н. Мы вызначылі родава-жанравую прыналежнасць твора “Дзяльба кабанчыка”, узнавілі змест твора, успомнілі паняцці тэма, ідэя, праблема мастацкага твора, падабралі прыказку ў якасці эпіграфа. Адлюструйце гэту інфармацыю ў буклеце.

 

Фізкультхвілінка

Н. “Да роднай хаты няма далёкай дарогі”, – павучае нас народнае выслоўе. Прапаную вам сесці зручна і паглядзець відэаролік. Падумайце, чаму калі нам сумна, хочацца прытуліцца да мамы?

 

3 Праца са зместам

Праца ў групах

1-я група – прыём “Хэштэгі”. Па ключавых словах-хэштэгах, якія з’яўляюцца сродкам раскрыцця характару герояў, знайсці цытаты і вызначыць іх ролю.

Хэштэг Цытата Роля ў тэксце
#хустка “Маці ў шарсцяной хустцы, якую Сцяпан купляў у Мінску яшчэ да арміі”. Маці працуе дзеля дзяцей,
а сабе нават хустку шкадуе купіць
#груша-вінёўка “Сцяпан падышоў да грушы-вінёўкі”. Адзінокая, як маці
#белы плашчык

“Сцяпан паглядзеў на сястрыцу ў белым плашчыку…
–Во, хоць кабанчык прывёў да маці”.

Сястра прыехала не дапамагаць, а ўзяць
#белая анучка “Сцяпан убачыў палец, абматаны белай анучкай, падобны на белую каціную лапку”. Сцяпан разумее, як цяжка маці адной, шкадуе яе і вяртаецца, каб дапамагчы
#гарбуз “Нібыта матчын папрок, яе сумная радасць, схаваная ад дзяцей бяда”. Вобраз-сімвал цяжару крыўды, што дзеці прычыняюць маці
#дрот “Багажнік не зачынілі, – не змаглі, – і Коля звязаў яго дротам”. Дзеці прыехалі да маці, каб узяць болей

Хэштэгі прымацоўваюцца на дошцы. Прыкладны адказ вучняў: В.Карамазаў выкарыстоўвае мастацкія дэталі, каб паказаць адзіноту маці і абыякавасць дзяцей.

Узаемаацэнка груп. Вучні размяшчаюць у буклет хэштэг, які найбольш адлюстроўвае адзіноту маці.

 

2-я група – у прапанаваных урыўках з твора знайсці мастацкія сродкі і вызначыць іх ролю ў тэксце.

Мастацкія сродкі Прыклады з тэксту
Эпітэты (с. 9) Чорнае, сумнае голле; чорная, падшэрхлая, не сагрэтая зямля; бурае, пакручанае лісце; дробныя гнілякі-яблыкі; жаўтлява-зялёныя грушы
Метафары (с. 9; 23; 24) Грушы сыпанулі дажджом, машына паўзла на ўзгорак, глядзела сіратліва
Параўнанні (с. 14; 17; 23) Схапіліся, як чужыя; дзяўчаты, нібы тыя авечкі; гарбуз, нібыта матчын папрок; постаць матчына, як позняя-позняя восень

Прыкладны адказ вучняў: аўтар ужывае мастацкія сродкі, каб паказаць настрой апавядання, які сугучны з настроем прыроды і стану маці.

Узаемаацэнка груп. Вучні размяшчаюць у буклет мастацкія сродкі, якія найбольш ярка адлюстроўваюць настрой апавядання.

 

3-я група – дэкадаваць карціну.

    • Каго вы бачыце на гэтай карціне?
    • Звярніце ўвагу на стан плоту, прыступак.
    • Чаму адчынены вароты?
    • Знайдзіце ў апавяданні апісанне пейзажу.
    • Вызначыце ролю пейзажнай замалёўкі.

Апісанне пейзажу з апавядання: “Маці доўга стаяла каля адчыненых варот, сіратліва глядзела на дарогу. З аднаго боку пабурэлы, пасохлы выган, з другога – пайшло ржышча, яшчэ мацней пабурэлае, па ім высыпаў, як ад страху перад блізкай зімою, халодны восеньскі пот, курэла нізкая смуга. Учора дзень быў ясны, сухі, а сёння засмужаны, волкі. Неба шэрае, цяжка абвісла. Поле цяпер пустое, сумнае. Дзень такі: зямля халодная, неба шэрае, нізкае, а яшчэ – вецер, гоніць і гоніць шэрыя хмары.”

На гэтай карціне яскрава перададзена адзінота маці, сум па сваіх дзецях. Адчыненыя вароты – знак вечнага чакання. Карціны прыроды таксама сугучныя з настроем маці.

Узаемаацэнка груп. Вучні размяшчаюць у буклет пейзажную замалёўку.

 

4-я група – апісанне знешнасці герояў. Напісаць каментарый да фотаздымка, карыстаючыся тэкстам апавядання. Вызначыць ролю апісанняў.

№ 1

№ 2

Прыкладны адказ вучняў:

№ 1 “Сцяпан паглядзеў на сястрыцу ў белым плашчыку, чырвоным берэціку, лакавых чаравічках…”

№ 2 “Бялюткі жыгуль стаяў пасярэдзіне двара… Коля, матчын старэйшы зяцёк марудзіў, але нарэшце асмеліўся вытыркнуць прыгнутую лысую галаву – зяць ледзь пралазіў у малыя дзверцы, бо быў таўсты, і высокі, не сказаць, каб здаровы, проста таўсты і высокі, тварам ружовы, нібы той кабанчык, якога пашкрэблі, памылі цёплай вадою. У шэрым світары, на які маці некалі прала ніткі. Вылез і стаіць…уставіўся на кола, быццам акрамя кола, нічога і нікога іншага не існуе”.

В.Карамазаў выкарыстоўвае апісанне партрэтаў сваіх герояў, каб паказаць, з якой мэтай прыехалі дзеці да маці. Зяць Коля – па сала, дачка Ніна ў белым плашчыку  і лакавых чаравічках не на дапамогу да маці з’явілася. З апісання знешнасці вынікае абыякавасць дзяцей да працы і адзіноты сваёй маці.

 

Узаемаацэнка груп. Вучні размяшчаюць у буклет фотаздымкі герояў і адным словам характарызуюць сутнасць героя.

Н. Скажыце, калі ласка, пра што твор В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка”? Назавіце тэму, ідэю і праблему апавядання.

Прыкладныя адказы вучняў: тэма апавядання – прыезд дзяцей да маці з нагоды свежавання кабанчыка; ідэя – абыякавасць дзяцей да жыцця бацькоў, пакінутых адзінока, самотна дажываць свой век у цяжкай працы; праблема – узаемаадносіны бацькоў і дзяцей у сучасным жыцці.

Адлюструйце гэту інфармацыю ў буклетах.

 

Ключавое пытанне

Звернемся да эпіграфа. Якія адносіны мае Божая запаведзь з апавяданнем В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка”.

Н. Скажыце калі ласка, ці згодны вы са сцверджаннем, што дома трэба бываць госцем? (Адказы вучняў).

 

ІV Падагульненне і сістэматызацыя ведаў

Н. Мы сёння з вамі вельмі плённа папрацавалі. Давайце звернемся да НаШтоБуЗУ і агучым яго, карыстаючыся інфармацыяй з вашага буклета.

НаШтоБуЗУ да ўрока:

    • змагу назваць тры факты з біяграфіі В. Карамазава;
    • перакажу сюжэт апавядання;
    • буду ведаць тэму, ідэю і праблему апавядання В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка”;
    • назаву сродкі раскрыцця характараў у эпічным творы;
    • складу інфармацыйны прадукт.

 

V Рэфлексійна-ацэначны этап

Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

 

VІ Дамашняе заданне

Заданне № 9 с. 26 у падручніку. Запоўніць “Старонку героя” у сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Героем старонкі будзе маці з апавядання В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий