Пазнавальна-даследчы праект “Сакрэты гліны” (старшая група, 5–6 гадоў)  

- 17:28Дошкольное образование. Исследовательская деятельность, Методичка

Ларыса БАЛБУНОВА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 г. Дзятлава”,
Гродзенская вобласць

marina_ya66@mail.ru

 

 

 

Актуальнасць

Прырода – найважнейшы сродак пазнаваўчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. Сваёй навізной, разнастайнасцю, дынамічнасцю прырода выклікае ў выхаванцаў цікавасць, дапытлівасць, жаданне пазнаваць яе таямніцы. Адной з таямніц прыроды з’яўляецца аб’ект нежывой прыроды – гліна. З глінай, з відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – ганчарствам і вырабамі з гліны – дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту знаёмяцца ў межах адукацыйных галін “Дзіця і прырода”, “Выяўленчае мастацтва”. З упэўненасцю можна лічыць, што без пазнання, вопытаў і даследаванняў, без практычных дзеянняў дзяцей з глінай не атрымаецца жаданага выніку. Таму ў праекце прадугледжваецца работа з улікам прынцыпаў інтэграцы і культураадпаведнасці.

Работа па пазнавальна-даследчым праекце “Сакрэты гліны” дазваляе дзецям пазнаць дзе і як знаходзяць гліну ў нашай краіне і горадзе, у працэсе экперыментаў параўноўваць яе з глебай і пластылінам, бліжэй пазнаёміцца з ганчарствам, асаблівасцямі працы дарослых па вырабе прадметаў з гліны.

Праект ўключае разнастайныя формы і метады работы з дзецьмі, актуалізуе ўяўленні і ўменні, атрыманыя выхаванцамі з розных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Праект прадугледжвае штодзённую дзейнасць дзяцей з выкарыстаннем назіранняў, экскурсій і даследаванняў, наглядных сродкаў, гульняў, твораў мастацкай літаратуры і фальклору, выяўленчай дзейнасці.

Дзейнасць у межах праекта садзейнічае павышэнню пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў, пашырае вопыт дзеянняў з аб’ектам нежывой прыроды – глінай. Усе формы работы з дзецьмі садзейнічаюць развіццю цікавасці, даследчых уменняў, творчых здольнасцей, самастойнасці, ініцыятывы, асэнсаваным адносінам да беларускага маўлення.

Прыродны матэрыял гліна – вельмі прыемны матэрыял для лепкі, рукі адчуваюць яе зусім не так, як пластылін. Ствараючы гліняны выраб, мы аддаём цяпло сваіх рук, настрой. Падчас лепкі з гліны ў дзяцей развіваецца дробная маторыка рук, мысленне, уяўленне, яны знаёмяцца з асаблівасцямі і якасцямі гліны. Гліна аднатонная і падатлівая, работа з ёй дазваляе фарміраваць у выхаванцаў уяўленні аб яе сродках выразнасці (аб’ём, форма, дынамізм, фактура), развіваць уменні ствараць прадметныя и дэкаратыўныя вырабы, камбінаваць прыёмы і спосабы лепкі.

Праект прадугледжвае сумесную дзейнасць “выхаванцы – педагогі –бацькі”, што ўмацоўвае партнёрскія ўзаемаадносіны паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Від, тып: групавы, кароткатэрміновы, пазнавальна-даследчы.

Тэрмін рэалізацыі: адзін месяц.

Удзельнікі: выхаванцы 5–6 гадоў, педагагічныя работнікі, бацькі.

Мэта: развіццё цікавасці да ўласцівасцей і якасцей аб’екту нежывой прыроды – гліны.

Задачы:

– развіваць цікавасць да прыроднага, зямельнага рэсурса Беларусі – гліны;
– фарміраваць уменні вылучаць і называць агульныя ўласцівасці гліны;
– устанаўліваць сувязі і залежнасці паміж аб’ектамі нежывой прыроды (глеба, гліна, вада);
– фарміраваць уяўленні аб адметных асаблівасцях гліны;
– пашыраць уяўленні аб прафесіях людзей, якія ствараюць прадметы рукатворнага свету (вырабы з гліны);
– развіваць уменні адрозніваць асаблівасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка);
– выхоўваць каштоўнаснае стаўленне да аб’екту нежывой прыроды – гліны, эстэтычныя пачуцці, устойлівую цікавасць да стварэння выразных вобразаў у лепцы.

Формы і метады

З выхаванцамі:

– зносіны;
– гульнявая дзейнасць;
– пазнавальная практычная дзейнасць;
– мастацкая дзейнасць;
– працоўная дзейнасць;
– спецыяльна арганізаваная дзейнасць.

З бацькамі:

– інфармаванне аб мерапрыемствах;
– апытанне;
– далучэнне да ўдзелу ў мерапрыемствах.

Чаканыя вынікі

Педагагічныя работнікі:

– накіроўваюць усе віды дзейнасці на пашырэнне ўяўленняў аб месцараджэннях, якасцях і асаблівасцях гліны, вырабаў з гліны;
– далучаюць дзяцей да практычнай дзейнасці з глінай.

Выхаванцы:

– пашыраць уяўленні аб месцараджэннях гліны ў Беларусі, якасцях гліны і асаблівасцях працы з ёй;
– удасканаляць уменні ствараць вырабы з гліны, пазнаёмяцца з творчымі работамі знакамітага мастака-кераміста М.Несцярэўскага.

Бацькі:

– пашыраць кампетэнтнасць па пытаннях пазнавальнага развіцця дзяцей;
– стануць актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў па тэме праекта.

Рэсурснае забеспячэнне:

1 Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінск : Нац. ін­т адукацыі, 2019. 
2 Дубініна, Д.М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці : дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Д.М.Дубініна, А.А.Страха, Д.У.Дубінін. – Мазыр : Белы Вецер, 2014. – 136 с.
3 Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапаможнік для педагогаў устаноў дашк. адукацыі/ Д.М.Дубініна.– Мінск : Новое знание, 2016. – 208 с. 
4 Ладутько, Л.К. Природа в развитии и воспитании детей дошкольного возраста (от 5 до 6 лет): учеб.-метод. пособие для педагогов учреждений дошк. образования/ Л.К.Ладутько, С.В.Шкляр.– Минск: Аверсэв, 2016. – 255 с.
5 Читаем детям: хрестоматия: пособие для педагогов учреждений дошк. образования: в 3т./ сост.: А.И.Саченко, Л.А.Смаль. – Минск: Экоперспектива, 2015. – Т. 3: От 5 до 7 лет. В 2 кн., кн. 1. – 463 с.
6 Інтэрнэт-рэсурсы.

Кадравае забеспячэнне: выхавальнікі дашкольнай адукацыі, музычны кіраўнік.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: музычны цэнтр, мультымедыйная ўстаноўка, фотаздымкі, ілюстрацыі, тэматычныя прэзентацыі, мастацкая літаратура, матэрыял для заняткаў і нерэгламентаваных відаў дзейнасці, гліна, фотаэкспазіцыі.

 

 

1 Падрыхтоўчы этап (тэрмін рэалізацыі – адзін тыдзень)

Выхавальнікі дашкольнай адукацыі

1) Вывучэнне метадычнай літаратуры.
2) Збор і ўдакладненне інфармацыі, выбар аптымальнага варыянта планавання дзейнасці па рэалізацыі праекта.
3) Стварэнне ўмоў для арганізацыі дзейнасці па тэме праекта:

– падбор наглядна-дыдактычных дапаможнікаў;
– падбор атрыбутаў да сюжэтна-ролевых гульняў “Сувенірная крама”, “Ганчарны салон”, “Фотастудыя”;
– падбор дыдактычных гульняў;
– падбор рухомых гульняў;
– падбор матэрыялу для даследчага цэнтра (карта Беларусі з месцазнаходжаннем гліны, карта горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна, глеба, гліна, мікраскоп, лупы, розныя ёмкасці, электронныя вагі і інш.);
– падбор музычнага матэрыялу;
– падбор матэрыялаў да гульняў-лато “Нежывая прырода”, “Мастацкія вырабы”;
– стварэнне мультымедыйных прэзентацый “Гліна – карысны зямельны рэсурс”, “Дзе знаходзяць гліну ў Беларусі”, “Вырабы з гліны”, “Сучасныя гліняныя цацкі”;
– падбор твораў мастацкай літаратуры;
– падрыхтоўка фотаздымкаў да афармлення зменных фотаэкспазіцый: “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;
– афармленне тэматычных выстаў “Вырабы з дрэва”, “Вырабы з ільну”, “Вырабы з гліны”;
– падрыхтоўка мастацкіх тэкстаў да тэатралізацыі і драматызацыі з глінянымі цацкамі.

4) Распрацоўка гутарак, вопытаў, даследаванняў, эксперыментаў, канспектаў заняткаў, сцэнарыяў драматызацыі.

Дзеці

Сумеснае з педагагічнымі работнікамі афармленне ў групе даследчага цэнтра, тэматычных выстаў, кніжных вітрын, падбор гульнявых атрыбутаў.

Бацькі

1) Інфармаванне аб тэме праекта, мерапрыемствах.
2) Апытанне “Вырабы з гліны ў вашай сям’і”.

 

2 Асноўны этап (два тыдні)

Выхавальнікі дашкольнай адукацыі

1) Арганізуюць адукацыйны працэс з выхаванцамі па тэме праекта;
2) Афармляюць вынікі дзейнасці ў даследчым цэнтры;
3) Афармляюць і папаўняюць фотаэкспазіцыі “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;
4) Афармляюць арт-панараму “Сакрэты гліны”;
5)Арганізуюць гутаркі з бацькамі па тэме праекта.

Дзеці

Нерэгламентаваныя віды дзейнасці

Зносіны

    • тэматычныя гутаркі: “Што такое земляны рэсурс?”, “Што мы ведаем пра гліну”, “Гліняны посуд”, “Мастацтва Беларусі”, “Народныя рамёствы”, “Сувенірныя вырабы” і інш.
    • гутаркі-разважанні “Дзе хаваецца гліна?”, “Якая яна, гліна?“;
    • інтэрв’ю “Дзе я бачыў вырабы з гліны?”;
    • дыялог “Навошта чалавеку гліна?”;
    • сітуацыя моўных зносін па прыказцы “Гліну не мяць – гаршкоў не відаць”;
    • моўнае заданне “Апішы гліняны прадмет”.

Пазнавальна-практычная дзейнасць:

    • экскурсія па горадзе;
    • экскурсія ў гарадскі краязнаўчы музей;
    • разглядванне карты Беларусі з месцазнаходжаннем гліны;
    • пошук інфармацыі і складанне карты “Гліна ў нашым горадзе, раёне”;
    • вымярэнне і параўнанне мясцін са знаходжаннем гліны (у горадзе, раёне, Беларусі);
    • вопыты і даследаванні “Гліна і яе якасці”, “Якасці гліны і пластыліну”, “Гліна і вада”. “Гліна і фарбы”, “Якая ў гліны вага?”, “Якая ў глебы вага?” і інш.;
    • назіранне за выкопваннем гліны (на прагулцы, на відэазапісу, дома);
    • стварэнне схемы-мадэлі “З зямлі – да вырабу”.

Гульнявая дзейнасць:

    • дыдактычныя гульні “Што спачатку, што потым?”, “Мастацкія вырабы”;
    • моўныя гульні “Я ведаю 5 вырабаў з гліны”, “Я ведаю 5 вырабаў з лёну”, “Я ведаю 5 вырабаў з саломы”, “Я ведаю 5 вырабаў з дрэва”,
    • рухомыя гульні “У ганчара”, “Круг-кола”. “Кашавар”;
    • беларуская народная гульня “Пеўнік”;
    • сюжэтна-ролевыя гульні: “Сувенірная крама”, “Ганчарны салон”, “Фотастудыя”.

Мастацкая дзейнасць:

    • музычныя гульні “Дудка”, “Гарлачык”;
    • чытанне вершаў, казак, прыказак, прымавак;
    • развучванне верша А.Дзеружынскага “Радзіма”;
    • развучванне скорагаворак, чыстагаворак;
    • разглядванне фотаздымкаў, ілюстрацый, прагляд тэматычных прэзентацый.

Працоўная дзейнасць:

    • ручная праца па падрыхтоўцы гліны для работы;
    • прыгатаванне фармовачнай масы;
    • выразанне формаў, трафарэтаў, штампаў.

Спецыяльна арганізаваная дзейнасць

Дзіця і прырода

   Тэма: “Якія сакрэты ў гліны?”

  Задачы: прадаўжаць фарміраваць уяўленні аб аб’ектах нежывой прыроды, прыродных рэсурсах (глеба, гліна, вада), патрэбных чалавеку, пазнаёміць з глінай і яе адметнымі асаблівасцямі, развіваць уменні заўважаць і называць якасці аб’ектаў нежывой прыроды, выхоўваць станоўчае стаўленне да прыроды.

   Тэма: “Карысць гліны”

   Задачы: канкрэтызаваць уяўленні аб гліне, як аб’екце нежывой прыроды, фарміраваць уменні ўстанаўліваць сувязі і залежнасці паміж аб’ектамі нежывой прыроды (глеба, гліна, вада), вызначаць уменні беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў, выхоўваць асновы экалагічнай культуры, павагу і беражлівыя адносіны да працы дарослых.

Дзіця і грамадства

   Тэма: “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва2

 Задачы: пашыраць уяўленні пра віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: вышыванка, ганчарства, вырабы з саломы, лёну, дрэва, развіваць цікавасць да сацыяльнай рэчаіснасці, да працы народных майстроў, выхоўваць павагу і беражлівыя адносіны да працы дарослых.

   Тэма: “Ганчарства”

  Задачы: канкрэтызаваць уяўленні пра від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ганчарства; развіваць уменні параўноўваць мінулае і сучаснае керамічных вырабаў, цікавасць да сацыяльнай рэчаіснасці, да працы народных майстроў – ганчароў і вырабаў з гліны – керамікі, выхоўваць павагу і беражлівыя адносіны да працы дарослых.

Выяўленчае мастацтва: лепка з гліны

   Тэма: “Птушка”

 Задачы: працягваць знаёмства з беларускай глінянай цацкай – птушкай; развіваць уменні ляпіць яе пластычным спосабам (адцягнуць галоўку, хвосцік і лапы, падстаўку, згладжваць паверхню вільготнай губкай), камбінаваць прыёмы і спосабы лепкі, выкарыстоўваць сродкі выразнасці: форму, фактуру, прапорцыі, выхоўваць каштоўныя адносіны да мастацтва.

   Тэма: “Медальён”

  Задачы: фарміраваць уменні ляпіць прадметы з гліны, пашыраць уяўленні аб прадметах вырабах медальёнах з гліны; працягваць развіваць уменне ляпіць ральефным спосабам, выкарыстоўваць розныя формы налепа (круг, ёлка, матылёк, заяц); выхоўваць цікавасць да стварэння вырабаў з гліны.

Выяўленчае мастацтва: маляванне па гліне

   Тэма: “Размалюем медальён”

   Задачы: фарміраваць вопыт мастацкага ўспрымання, уяўленні аб асаблівасцях малявання на сухой глінянай аснове акварэльнымі фарбамі, развіваць уменні маляваць з выкарыстаннем розных відаў ліній, кропак, падбіраць колер, развіваць спосабы зрокавага і тактыльнага абследавання; выхоўваць цікавасць да выяўленчай дзейнасці.

Выяўленчае мастацтва: дызайн з кардону

   Тэма: “Падстаўкі для гліняных медальёнаў”

 Задачы: працягваць развіваць уменне працаваць з каляровым кардонам, падбіраць неабходную велічыню асновы да кожнага медальёна з гліны, развіваць спосабы зрокавага і тактыльнага абследавання, уменне рэзаць нажніцамі па розных лініях, прымяняць спосабы прыклейвання, фарміраваць цікавасць да выніку работы, выхоўваць самастойнасць, цікавасць да працы.

Выяўленчае мастацтва: аплікацыя

   Тэма: “Гліняны посуд”

 Задачы: удакладняць уменне ствараць прадметную аплікацыю з каляровай паперы, пашыраць уяўленні аб асаблівасцях формы глінянага посуду, працягваць развіваць уменне спосабу сіметрычнага выразання (збан, гаршчок, гляк, гладыш), фарміраваць цікавасць да выяўленчага мастацтва, выхоўваць цікавасць да выяўленчай дзейнасці, акуратнасць, самастойнасць.

Бацькі

1) Падрыхтоўка сямейных буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”.
2) Дапамога ў падрыхтоўцы пошуку інфармацыі аб месцазнаходжанні гліны ў горадзе і раёне, да драматызацыі верша “Радзіма”, развучванне радкоў верша з дзецьмі.
3) Удзел у міні-выставе “Хатнія вырабы з гліны”.

 

3 Заключны этап (адзін тыдзень)

Выхавальнікі дашкольнай адукацыі

1) Аналіз вынікаў праектнай дзейнасці.
2) Афармленне матэрыялаў праектнай дзейнасці:

– фотаэкспазіцый “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;
– гульні-лато “Нежывая прырода”, “Мастацкія вырабы”;
– выставы буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”;
– міні-выставы “Хатнія вырабы з гліны”;
– арт-панарама “Сакрэты гліны”.

Дзеці

1) Разглядванне:

– фотаэкспазіцый “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;
– міні-выставы “Хатнія вырабы з гліны”;
– выставы сямейных буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”.

2) Драматызацыя верша А.Дзеружынскага “Радзіма” з глінянымі медальёнамі і фігуркамі.

Бацькі

1) Разглядванне:

– выставы сямейных буклетаў “Гатуем у гліняным посудзе”;
– міні-выставы “Хатнія вырабы з гліны”;
– фотаэкспазіцый “Дзе знаходзяць гліну ў нашай краіне”, “Работы М.Несцярэўскага”, “Пазнаём дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.

2) Прагляд драматызацыі верша “Радзіма”.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий