Аксана ШТУРА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 2 г. Астраўца”,
Гродзенская вобласць
Дашкольны ўзрост характарызуецца нарастаннем рухальнай актыўнасці і павелічэннем фізічных магчымасцей дзіцяці. Спалучаючыся з дапытлівасцю, імкненнем да самастойнасці, гэтыя якасці часам прыводзяць да ўзнікнення траўмы, небяспечных сітуацый. Таму важна стварыць умовы, якія дазволяць дзіцяці планамерна назапасіць вопыт бяспечных паводзін.
Некаторыя сем’і лічаць, што дзеці дашкольнага ўзросту шмат ведаюць і разумеюць, іх можна пакінуць адных дома або ў двары. Апытанне паказала, што дзеці 5–6 гадоў, на думку бацькоў, даволі дарослыя і могуць некаторы час пабыць адны. Разам з тым, расце колькасць дзяцей, якія “нічога не баяцца”. У небяспечных сітуацыях яны здзяйсняюць неабдуманыя дзеянні і атрымліваюць траўмы.
Фарміраванне асноў бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў 5–6 гадоў з дапамогай дыдактычнай гульні можна назваць найбольш эфектыўным. Сутнасць дыдактычных гульняў заключаецца ў тым, што дзецям прапануецца вырашыць разумовыя задачы, складзеныя дарослымі ў займальнай форме. Іх мэта – садзейнічаць фарміраванню пазнавальнай актыўнасці дзіцяці. Дыдактычную гульню выкарыстоўваюць не толькі як сродак замацавання ўяўленняў, але і як адну з формаў навучання і выхавання.
Працу па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў пачала з вырабу дыдактычных гульняў сваімі рукамі: “Як бы ты паступіў?”, “Небяспечныя прадметы дома”, “Што мы ведаем пра рэчы”, “Пажаранебяспечныя прадметы”. На аснове існуючага матэрыялу аформлены куток, у якім сабраны дыдактычныя гульні па асновах бяспекі жыццядзейнасці “Небяспечныя прадметы дома”, “Што ў вас адбылося?”, “Дапамажы Нязнайку”, “Юны пажарны”, “Знайдзі патрэбны прадмет”, “Крок за крокам”, “Добрыя і дрэнныя ўчынкі”, “Адгадай загадку па карціне”, “Пажаранебяспечныя прадметы”, “Наш горад”, “Бяспечная дарога дадому”.
Яшчэ адной пазнавальнай, цікавай і развіццёвай гульнёй стаў лэпбук –тэматычная папка з мноствам канвертаў, кішэняў, у якіх утрымліваюцца дыдактычныя гульні “Дапамажы пажарнаму знайсці ўсе страчаныя рэчы”, “Якія прадметы бяспечныя ў побыце”, “Складзі правілы бяспечных паводзін у побыце”, “Калі пагражае небяспека?” і заданні па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці.
Лічу, што для дзяцей недастаткова некалькіх гульняў-заняткаў, каб у іх сфарміраваліся неабходныя ўяўленні пра бяспеку жыццядзейнасці і ўменне арыентавацца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Праца павінна адбывацца сістэматычна. У дашкольным узросце важна фарміраваць у іх уяўленні пра найбольш тыповыя небяспечныя сітуацыі.
Па меры пазнання прадметнага свету дзіця авалодвае ўменнем адрозніваць небяспечныя і бяспечныя для яго прадметы. Для замацавання ўмення арыентавацца ў прадметным свеце з выхаванцамі гулялі ў гульні “Выберы прадмет” (мэта – развіваць уменне вызначаць прадметы, якія могуць прывесці да парэзаў, апёкаў, электратраўмаў; выхоўваць уважлівасць), “Небяспечна – не небяспечна” (мэта – замацоўваць веданне небяспечных сітуацый, якія могуць з’явіцца ў побыце).
У працэсе гульні накіроўвала думкі дзяцей у патрэбным напрамку, падчас гутаркі дзеці абагульнялі сказанае, параўноўвалі розныя пункты гледжання. Па заканчэнні хлопцы рабілі адпаведныя высновы, як трэба карыстацца прадметамі хатняга ўжытку. Падчас гульні “Што ў вас адбылося?” дзеці з цікавасцю перагортвалі карцінку, актыўна абмяркоўвалі сітуацыю, разважалі, што небяспечнае, шкоднае для здароўя, чаму нельга так паступаць, што рабіць, калі з табой усё ж такі здарылася бяда.
Гульня “Крок за крокам” садзейнічала фарміраванню ў выхаванцаў адпаведнага алгарытму дзеянняў пры ўзнікненні складаных жыццёвых сітуацый: набраць нумар адзінай службы выратавання, выклікаць пажарных з хатняга або мабільнага тэлефона, выразна называць свой хатні адрас, прозвішча і імя, апісваць сітуацыю. Фарміравала таксама разуменне, каму можна паведамляць гэтыя даныя, а каму – нельга. Тлумачыла, чаму недапушчальныя ілжывыя выклікі.
Для фарміравання навыкаў усвядомленых бяспечных паводзін на дарогах і вуліцах, згодна з узроставымі асаблівасцямі дзяцей, падабрала шэраг дыдактычных гульняў. Гульня “Раскажы, як пазбегнуць небяспекі” дапамагла дзецям запомніць асноўную групу небяспечных прадметаў і сітуацый. Гульні “Наш горад”, “Бяспечная дарога дадому” развівалі ў дашкольнікаў уменне аналізаваць, супастаўляць, разумець дарожную сімволіку і яе спецыфіку (на прыкладзе дарожных знакаў), фарміравалі ўменне самастойна бачыць і вырашаць праблемы падчас руху на дарозе. Гэтыя гульні пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак з асноўнымі дарожнымі знакамі, правіламі бяспечных паводзінаў на дарозе.
У гульні “Нам дапаможа казка” дзеці замацоўвалі ўменні прымаць правільныя рашэнні ў розных жыццёвых сітуацыях, кантраляваць свае паводзіны ў зносінах з людзьмі, ацэньвалі паводзіны герояў з пункту гледжання іх бяспекі, параўноўвалі са сваімі паводзінамі. Акрамя работы з дзецьмі таксама праводзілася работа з бацькамі. Сумесна мы зрабілі дыдактычную гульню “Правілы паводзінаў у складаных жыццёвых сітуацыях”.
Такім чынам, актуальнасць выкарыстання дыдактычных гульняў для фарміравання асноў бяспекі жыццядзейнасці заключаецца ў тым, што дыдактычныя гульні стымулююць пазнавальную актыўнасць дзіцяці, вучаць кантраляваць свае паводзіны, ствараюць сітуацыю актыўнага развіцця агульных разумовых здольнасцей. Вынікам выкарыстання дыдактычных гульняў па бяспецы жыццядзейнасці з’явілася сфарміраванасць у выхаванцаў уяўленняў і ўменняў па асноўных правілах асабістай бяспекі.
Вынік апытання бацькоў паказаў, што дзеці сталі больш уважлівымі ў побыце, умеюць сябе паводзіць падчас гульняў на вуліцы, асцярожней ставяцца да свайго здароўя. Бацькі адзначылі павелічэнне слоўнікавага запасу сваіх дзяцей. Назіранні за выхаванцамі ў паўсядзённай дзейнасці паказваюць, што яны ўсё часцей праяўляюць пазнавальную цікавасць да гульняў па бяспецы, з цікавасцю гуляюць у дыдактычныя гульні. У дзяцей сфарміравана ўяўленне пра асновы бяспекі жыццядзейнасці.
Планамерная і сістэматычная дзейнасць дарослых, накіраваная на выхаванне бяспекі жыццядзейнасці дзяцей, – важная ўмова падрыхтоўкі дзіцяці да бяспечнага існавання ў навакольным асяроддзі. І яна павінна праводзіцца пастаянна, а не час ад часу.