Алімпіяда ў пачатковых класах павінна разглядацца як інтэлектуальнае свята  

- 11:41Методичка, Начальная школа. Внеклассная работа

Алена ПІДРУШНЯК,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Алекшыцкая сярэдняя школа”
Бераставіцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Адной з асноўных задач сучаснай школы з’яўляецца выхаванне чалавека, здольнага самастойна прымаць рашэнні і эфектыўна, разумна дзейнічаць у жыццёвых сітуацыях. Кожнае дзіця па-свойму здольнае, патрэбна толькі падтрымліваць яго і дапамагаць раскрыць яго таленты. Развіваць творчыя здольнасці – значыць ствараць умовы для разумення вучнямі неабходнасці атрымання новых ведаў, фарміравання ўменняў ставіць вучэбную задачу, шукаць спосабы дзеянняў і шляхі яе рашэння.

Вельмі важна яшчэ на першай ступені навучання выявіць інтэлектуальны патэнцыял дзяцей, вызначыць іх творчыя здольнасці і схільнасці да пэўных прадметаў, развіць і падтрымаць іх цікавасць да вучэння, без чаго немагчыма паспяховае засваенне школьных дысцыплін. Толькі ўсвядоміўшы практычную значнасць вывучаных тэарэтычных пытанняў, навучэнцы пачынаюць праяўляць сапраўдную цікавасць да вучобы і звязваць свае поспехі ў школе з перспектывамі, якія адкрываюцца перад імі пасля яе заканчэння.

Больш трыццаці гадоў я працую ў пачатковых класах і лічу, што вялікую ролю ў развіцці цікавасці да таго ці іншага прадмета адыгрывае, бясспрэчна, пазакласная работа – аб’яднанні па інтарэсах, конкурсы, віктарыны, факультатыўныя заняткі, прадметныя тыдні і, безумоўна, прадметныя алімпіяды.

Алімпіяда сярод пачаткоўцаў праводзіцца ў нашай школе адзін раз у год. Звычайна ў канцы навучальнага года (красавік – май), так як у гэты час асноўны праграмны матэрыял па прадметах ужо пройдзены, ідзе паўтарэнне раней вывучанага. У алімпіядзе ўдзельнічаюць усе жадаючыя навучэнцы 1-4-х класаў.

Мэта алімпіяды – павышэнне ўзроўню ведаў і ўменняў навучэнцаў, развіццё іх творчых здольнасцей, фарміраванне навыкаў самастойнай працы. Таму пры падрыхтоўцы сваіх вучняў да алімпіяды арыентую іх не проста на правільны адказ, але на творчы пошук найбольш дакладнага і глыбокага адказу. Падрыхтоўка да алімпіяды патрабуе найбольшых намаганняў па арганізацыі пазакласнай работы па прадметах, сістэматычнага выкарыстання на ўроках заданняў, якія патрабуюць ад навучэнцаў прымянення ведаў у незнаёмых, нестандартных сітуацыях для рашэння якасна новых задач, самастойных дзеянняў па апісанні, тлумачэнні і пераўтварэнні аб’ектаў вывучэння. З мэтай вызначэння кругагляду навучэнцаў, іх начытанасці ў лік алімпіядных пытанняў уключаю і такія, якія не прадугледжаны школьнай праграмай, але асветлены на старонках навукова-папулярных кніг, якія выдаюцца для школьнікаў. Актыўна прапагандую гэтыя кнігі, знаёмлю з імі дзяцей у час індывідуальных гутарак, выстаўляю на “чытальнай палічцы” ў класе.

Школьная алімпіяда складаецца з тэарэтычных і практычных заданняў. Тэарэтычныя заданні ахопліваюць асноўныя раздзелы па прадмеце, арыентаваны на школьны ўзровень вывучэння. Некаторыя з іх блізкія па характары да школьных практыкаванняў, а асобныя патрабуюць уменняў самастойна аналізаваць і абагульняць вывучаны матэрыял, эрудыцыі, назіральнасці, творчага падыходу, кемлівасці. У праграму школьнай алімпіяды ўключаю інтэлектуальны тур. Ён выклікае ў школьнікаў вялікую цікавасць, але заданні дастаткова складаныя, патрабуюць эрудыцыі, нестандартнага падыходу.

 

Алімпіяды праводжу па ўсіх прадметах, пачынаючы з 1-га класа. Але неабходна памятаць, што яны не павінны быць для дзяцей экзаменам, выпрабаваннем. У першую чаргу гэта свята для дзяцей і іх бацькоў. Як да своеасаблівага свята, да алімпіяды трэба сур’ёзна рыхтавацца. Перш за ўсё распрацоўваю сцэнарый яе правядзення: адкрыццё, ход і закрыццё алімпіяды. Загадзя аб’яўляю конкурсы на лепшую эмблему алімпіяды, клятву алімпійца. У конкурсах удзельнічаюць і бацькі навучэнцаў.

У графіку алімпіяды метадычным аб’яднаннем настаўнікаў пачатковых класаў вызначаем дату, месца і час яе правядзення, адказнага настаўніка. Час, адведзены на выкананне заданняў, для ўсіх аднолькавы (у 1-м класе – 35 мінут, у 2–4-м класах – 45 мінут). Па выніках кожнага тура настаўнікамі запаўняюцца пратаколы, куды заносяцца вынікі ўдзельнікаў. У канцы падводзіцца агульны вынік. Навучэнцы, якія набралі найбольшую колькасць балаў, узнагароджваюцца дыпломамі. Вынікі алімпіяды аб’яўляюцца на ўрачыстай лінейцы, а затым абмяркоўваюцца на пасяджэнні метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. З вынікамі алімпіяды абавязкова знаёмяцца бацькі навучэнцаў.

 

Работа з алімпіяднікамі – гэта цэлая сістэма, якая ўключае ў сябе і работу на ўроках, на дадатковых і на факультатыўных занятках, а таксама індывідуальную і групавую работу. Працуючы з высокаматываванымі навучэнцамі, стараюся арыентавацца на здольнасці кожнага з іх. Для гэтага далучаю дзяцей да розных формаў пазакласнай работы па прадметах: удзел у інтэлектуальных рэспубліканскіх конкурсах ”Буслік”, “Журавлик”, “Кенгуру”; удзел у мерапрыемствах прадметных тыдняў.

Сваіх вучняў я прывучаю да разумення таго, што немагчыма атрымаць адказы на ўсе пытанні ў гатовым выглядзе, трэба вучыцца самім іх знаходзіць. Таму з першых заняткаў знаёмлю сваіх навучэнцаў з асноўнымі слоўнікамі – арфаграфічным, тлумачальным, фразеалагічным, слоўнікам сінонімаў, антонімаў. Пры рабоце з тэкстам прапаную дадатковыя заданні: што абазначае тое ці іншае слова, растлумачыць значэнне, падабраць сінонімы, скласці сказы са словамі. Патрэбна, каб для сапраўднага алімпіядніка гэтая даведачная літаратура стала настольнай.

У рабоце з алімпіяднікамі выкарыстоўваю як самастойна складзеныя заданні, так і заданні, якія друкуюцца ў рэспубліканскіх прадметных часопісах “Пачатковая школа”, “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, інтэрнэт-алімпіяды, школьную метадычную базу, дзе сабраны матэрыял заданняў настаўнікамі пачатковых класах за шмат гадоў. Важна, каб вучні працавалі з матэрыялам у тым ліку і самастойна.

Але асноўнай формай работы з навучэнцамі, у тым ліку і адоранымі, з’яўляецца ўрок. Пры рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі практыкую наступныя метады: даследчы, часткова-пошукавы, праблемны, тлумачальна-ілюстрацыйны, выкарыстоўваю прыёмы “Лагічны ланцужок”, “Завяршы фразу”, “Дзіцячы эксперымент”. Сутнасць заключаецца ў тым, што навучэнцы сутыкаюцца з праблемнай сітуацыяй, самі вызначаюць, які матэрыял яны не ведаюць, што павінны паўтарыць для вывучэння новай тэмы, дапамагаюць скласці алгарытм для вырашэння вучэбнай задачы. Гэтыя метады вырашаюць тэхналагічнасць працэсу фарміравання ведаў і ўменняў, развіццё здольнасцей.

У рамках кожнага ўрока імкнуся стварыць умовы для фарміравання і развіцця пазнавальнай актыўнасці адораных дзяцей. Для гэтага выкарыстоўваю наступныя прыёмы-практыкаванні:

— “Знайдзі заканамернасць”;
— “Чацвёрты лішні” ;
— “Карэктар”;
— “Творчы вінегрэт” (напрыклад, дадзены творы, даты, біяграфічныя звесткі, назвы зборнікаў і г.д. розных пісьменнікаў. Патрэбна выбраць толькі тыя, якія належаць пэўнаму пісьменніку);
— “Узнаві фразеалагізм па малюнку”;
— “Канструктар” (напрыклад, перастаў літары так, каб атрымаліся назвы птушак: СУЛЕБ, АВОНАР, АВЕЙБЕР, ГУЛОБ, ЛЯДЗЕЦ, АРАСКО, АЦІНІС).

 

Для эфектыўнасці алімпіяднага руху ў пачатковай школе лічу неабходным прытрымлівацца некаторых рэкамендацый.

 

1 Як скласці заданні па прадметах

Матэрыял для алімпіяды павінен уключаць у сябе некалькі тыпаў заданняў. Усе заданні фармулююцца выразна з выкарыстаннем вядомых школьнікам тэрмінаў. Яны прадугледжваюць магчымасць прымянення стандартных ведаў у нестандартных сітуацыях. Пры выкананні такіх заданняў навучэнец праяўляе здольнасць да лагічнага і абстрактнага мыслення, дэманструе ўменне класіфікаваць, абагульняць, супастаўляць па аналогіі, прагназаваць вынік, уключаючы інтуіцыю і ўяўленне.

 

2 Інтэлектуальны тур

Галоўнае патрабаванне да матэрыялу – займальнасць. Заданні павінны абудзіць у дзяцей цікавасць і імкненне да атрымання новых ведаў. Гэты від работы прываблівае навучэнцаў сваёй навізной і незвычайнасцю.

Матэрыялам для алімпіяды служаць заданні чатырох тыпаў:

1) Заданні займальнай формы (інтэлектуальныя гульні).
2) Заданні, накіраваныя на развіццё творчага мыслення (“Працягні верш”).
3) Заданні з вобласці моўнай культуры і першасных ведаў па мастацтве, разлічаныя на агульную эрудыцыю навучэнца.
4) Творчыя заданні, накіраваныя на выяўленне патэнцыялу кожнага дзіцяці (гульнявыя конкурсы, абыгрыванне сітуацый).

 

3 Матэматыка

Алімпіяда па матэматыцы садзейнічае абуджэнню ў дзяцей цікавасці да прадмета, жаданню самастойна прымаць дакладныя рашэнні ў складаных сітуацыях, вучыць іх арыгінальна думаць, дае магчымасць кожнаму навучэнцу раскрыць свой інтэлектуальны патэнцыял і здольнасці.

Матэрыял для алімпіяды складаецца з заданняў трох тыпаў:

1) Заданні займальнай формы (“Расшыфруй запісы”, матэматычныя рэбусы, галаваломкі і г.д.).
2) Заданні геаметрычнага характару.
3) Заданні, накіраваныя на развіццё крытычнага і творчага мыслення, уменняў лагічна разважаць.

Рашэнне задач першага тыпу грунтуецца на ведах праграмнага матэрыялу, а затым узровень складанасці падымаецца.

 

4 Руская (беларуская) мова і літаратурнае чытанне

Алімпіяда па гэтых прадметах выхоўвае ў дзяцей любоў да мовы, падымае іх самастойнасць і камунікатыўную актыўнасць, садзейнічае разумоваму і моўнаму развіццю, актывізуе пазнавальную цікавасць навучэнцаў.

Матэрыял для алімпіяды ўключае тры тыпы заданняў:

  1) Заданні гульнявой лінгвістыкі (шарады, рэбусы, анаграмы, метаграмы, лагагрыфы, паліндромы, акразагадкі і г.д.). Яны падбіраюцца з улікам тэарэтычных ведаў па прадмеце, мяркуюць выкарыстанне навучэнцамі практычных уменняў, атрыманых у ходзе навучання. Напрыклад:

– метаграмы

Амаль у кожнай тваёй страве
Ці на стале мне трэба быць. (Соль)
Інакш мне літары паставіш –
Адразу ў лес ён пабяжыць. (Лось)

З першай літарай алфавіта
Па палях, лугах цяку.
З дваццаць першай –
У мяч гуляю і падлогу мяту. (Рака – рука)

 

– паліндромы

Мы яго прынеслі з магазіна,
Робім з ім да кавы бутэрброд.
Але ўвага! Стане ён раслінай,
Толькі прачытай наадварот. (Сыр – рыс)

Ён дзень і ноч бяжыць па правадах
І нам святло прыносіць без турбот.
Ды пругка скочыць да сяброў на дах,
Ты толькі прачытай наадварот. (Ток – кот)

 

   2) Заданні, заснаваныя на навуковых, тэарэтычных праблемах рускай (беларускай) мовы; прадугледжваюць дэманстрацыю навучэнцамі глыбіні ведаў прадмета.

  3) Заданні з вобласці моўнай культуры і першасных літаратурных ведаў. Матэрыял падбіраецца з улікам ведаў навучэнцаў дзіцячых твораў і іх аўтараў, выяўлення значэнняў слоў, фразеалагізмаў, сінонімаў, антонімаў. Напрыклад:

– замяніце ўстойлівыя словазлучэнні адным словам

Рукой падаць – …(блізка); на ўсю моц – …(хутка); як мокрае гарыць – …(марудна); за трыдзевяць зямель – …(далёка); трымаць язык за зубамі – …(маўчаць); за дзедам шведам – …(даўно); як курыца лапай – …(неразборліва); стаяць над душой – …(надакучаць); у адзін голас – …(зладжана); як гром з яснага неба – …(раптоўна, нечакана).

 

Усе заданні накіраваны на развіццё навыку складовага і слова-літарнага аналізу, фарміраванне граматычнага ладу мовы, узбагачэння лексічнага запасу, а таксама садзейнічаюць пашырэнню кругагляду, развіццю разумовых здольнасцей навучэнцаў.

Што дае алімпіядны рух настаўніку? Па-першае, магчымасць планаваць канкрэтную работу з канкрэтнымі навучэнцамі па пэўнай тэме праграмы. Па-другое, знаёміць з новымі тэхналогіямі, прапануе новы вопыт работы на ўроках і ў пасляўрочны час. Па-трэцяе, дапамагае педагогу смела ісці ў нагу з часам і пастаянна развівацца са сваімі вучнямі.

Алімпіяда ў пачатковай школе – гэта праца, якая патрабуе натхнення і педагога, і вучня, жадання ставіць мэты і крочыць да інтэлектуальных вяршынь. Гэта інтэлектуальнае свята, у час якога кожнае дзіця паднімаецца на новую прыступку ведаў і ўмацоўваецца ў жаданні паднімацца яшчэ вышэй.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий