Наталля ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць
khmelevskaya1979@bk.ru
Клас: 4-ы.
Тэма: Праца ў полі.
Задачы: пашырыць і канкрэтызаваць веды вучняў пра прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай; развіваць памяць, мысленне, увагу, маўленне; узбагачаць слоўнікавы запас вучняў; выхоўваць павагу да людзей сельскагаспадарчых прафесій.
Абсталяванне: малюнкі па тэме, заданні на картках.
Ход занятку
1 Арганізацыйны этап
Стварэнне псіхалагічнага настрою
Настаўнік просіць вучняў паглядзець адно на аднаго і ўсміхнуцца, а затым пажадаць сваім таварышам добрага настрою і плённай працы.
2 Увядзенне ў тэму занятку
Настаўнік. У кожнага чалавека ёсць свая маленькая радзіма, той куточак, дзе ён нарадзіўся, дзе жывуць яго бацькі і сябры, дзе знаходзіцца яго родны дом. Для вас – гэта ваша вёска, простая, звычайная, але такая мілая і дарагая сэрцу, дзе ланцужком размясціліся хаты. Побач з хатамі раскінуліся прыгожыя кветнікі і сады, палоскамі цягнуцца агароды. А колькі людзей з карыснымі і неабходнымі прафесіямі жыве ў вёсцы!
3 Пастаноўка вучэбнай задачы
Настаўнік. Штодня кожны з нас некалькі разоў бярэ ў рукі хлеб, спрабуе яго з задавальненнем. Хлеб! Якое кароценькае слова, але колькі сіл, колькі працы патрэбна для таго, каб вырасціць колас.
Сёння мы ўзгадаем прафесіі людзей, якія абралі працу на зямлі, якія ў спякотную смагу і праліўны дождж змагаюцца за кожны колас, дзякуючы якім хлеб апынуўся на нашым стале.
4 Работа па тэме занятку
Вучань чытае верш А.Дзеружынскага “Хлебная скарынка”.
Пахне
Хлебная скарынка
Цёплым ветрыкам,
Хваінкай,
Летнім дожджыкам
Грыбным,
Лугам,
Полем аржаным,
I асенняй пазалотай,
Ды натхнёнаю
Работай. [3]
Гутарка па пытаннях:
— Чым пахне скарынка свежага хлеба?
— Як вы думаеце, чаму аўтар адчуў такія пахі?
— Што азначаюць выразы з верша: “хлеб пахне ветрыкам”, “хлеб пахне хваінкай”?
Настаўнік. Нельга ўявіць сабе будзённы ці святочны стол без духмянага хлеба. Гэтаму папярэднічае нялёгкая праца хлебароба.
Вучань чытае верш М.Пазнякова “Хлеб”.
Зернем нівы засявалі
Хлебаробы ў весні час.
Сэрцам шчодрым сагравалі,
Клапаціліся пра нас.
Рупнай працай,
Цёплым ветрам
I расою пахне хлеб.
Нібы сонейка над светам,
Ён штодзённа
На стале. [4]
– Людзей, якіх прафесій называюць хлебаробамі? (Адказы вучняў.)
Работа ў парах. Заданне “Адгадайце слова”
Кожная пара атрымлівае картку з наборамі літар, з якіх патрэбна скласці словы на тэму прафесіі, якія звязаны з вырабам хлеба.
Словы: раткатрытс, макабйрен, ганамор, еханарімзат.
– Якія ў вас атрымаліся словы? (Трактарыст, камбайнер, аграном, механізатар.)
Настаўнік прымацоўвае на дошку карткі з назвамі прафесій.
Настаўнік. Паслухайце легенду. Аднойчы заспрачаліся араты, сейбіт і пекар. Араты сцвярджаў, што хлеб стварае зямля. Сейбіт казаў – сонца. Пекар – агонь. “Вы забыліся пра чалавека, – сказаў мудрэц, – хлеб – дзіця чалавечае”.
Сапраўды, прадстаўнікі розных прафесій працуюць над нараджэннем хлебнага бохана. Гэта і аграном, які кантралюе якасць палявых работ, наглядае за станам насення, і механізатар, які сочыць за тым, каб тэхніка заўсёды была ў добрым стане, і трактарыст, які рыхтуе зямлю для пасеваў, і камбайнер, які “вядзе бітву” за ўраджай. Як вы лічыце, чалавек якой прафесіі пачынае працу першым, каб хлеб быў на стале? (Адказы вучняў.)
Настаўнік чытае загадку:
Ледзь прачнецца наваколле
Ад зімовых сноў,
Я сваю машыну ў поле
Выведу ізноў.
Узару яго любоўна,
Каб, пакуль цяпло,
Сонечна, з калоссем поўным
Жыта нарасло. (Трактарыст)
Выступленне першага вучня. Круглы год для трактарыста знаходзіцца работа. Вясной і восенню ён арэ зямлю, рыхтуе яе для пасеву. Пасля заканчэння ворыва трактарыст прымаецца за баранаванне палёў. Потым да трактара прымацоўвае сеялку. У разоры сыплецца зерне, прысыпаецца ўгнаеннем. Праз некалькі дзён поле пакрываецца зялёнымі ўсходамі. Удзельнічае трактар і ў праполцы пасеваў. Інакш пустазелле адбярэ ў маладых, слабых усходаў вільгаць, святло і пажыўныя рэчывы.
Вучань чытае верш К.Свіркі “На трактары”.
Я на трактары сягоння
Сам араў
За вёскай гоні!
Навучыў мяне мой тата,
Як заводзіць,
Весці трактар.
Сеў за руль я з татам,
Рады,
Уключыў як след
Прылады
Ды націснуў на педаль –
I пайшоў, пайшоў
Удаль!
За разораю разору
Вёў плугамі
Я ў прасторы.
I рабілася за мною
Поле
Мяккаю раллёю –
Тут налета пад блакітам
Каласамі ўстане
Жыта…
– Трактарыст ты ўжо
Сапраўдны –
Трактар водзіш
Вельмі слаўна! –
Пахваліў мяне мой тата
I сказаў яшчэ ў дадатак:
– Падрастай –
Сваю пасаду
Перадам табе я ў спадак.
Абрабляй зямлю, як я, –
Гэта ўся зямля твая. [6]
Гутарка па пытаннях:
– За што тата пахваліў сына?
– Якую параду даў тата юнаму трактарысту?
Настаўнік. Наступіць дзень, калі на ўзараным полі паспее хлеб, які трэба сабраць, не страціўшы ні зярнятка! Гэтую задачу выконваюць камбайнеры.
Настаўнік чытае вершаваныя радкі Р.Барадуліна:
Жаўранак звініць над жытам.
Сонца ўстала з-за лясоў.
Жне камбайн з вясёлым спрытам
промні спелых каласоў.
Выступленне другога вучня. Камбайн – гэта складаная збожжаўборачная машына, якая працуе выключна на ўборцы збожжа. Камбайн косіць хлеб, абмалочвае яго, высыпае зерне ў асаблівы бункер. Калі бункер запоўніцца зернем, пад’язджае грузавая машына, і зерне перасыпаюць у яе кузаў.
Камбайн называюць “караблём палёў”. Наверсе размешчана пляцоўка кіравання агрэгатам. Яна і надае камбайну падабенства з караблём – ні даць ні ўзяць капітанскі масток. Пляцоўка размешчана не для рамантычнага выгляду машыны. Камбайнеру трэба добра бачыць ураджай, які патрэбна сабраць.
Настаўнік. Сёння ўсе асноўныя работы на сяле выконваюцца машынамі: камбайнамі, трактарамі, сеялкамі, касілкамі. Абслугоўваць іх могуць толькі добра падрыхтаваныя спецыялісты. Вельмі важна, каб сельскагаспадарчая тэхніка заўсёды была своечасова гатова да працы, бо менавіта ад яе спраўнасці залежыць, наколькі хутка пройдзе пасеў або збор ураджаю.
Выступленне трэцяга вучня. Магутная тэхніка даверана сельскім механізатарам. Механізатар – гэта рабочы сельскай гаспадаркі, які працуе на сельскагаспадарчых машынах, займаецца іх рамонтам. Як толькі з палёў сыходзіць снег, механізатары прымаюцца за работу. І так да самых замаразкаў. Яны ведаюць, што ўсё залежыць ад іх старання, умення і жадання працаваць на агульны вынік. Той, хто выбірае прафесію механізатара, павінен абавязкова любіць зямлю і ўмець рамантаваць тэхніку.
Фізкультхвілінка
Хлеб мы сеем, сеем, сеем, Дзеці маршыруюць,
А ён рунню зелянее. уздымаюць рукі, нахіляюцца ў бакі,
Спіць пад снегам, прысядаюць,
Узрастае, пацягваюцца,
Цягнецца да сонца, наліваецца, становяцца на дыбачкі,
А затым на стол спяшаецца. бягуць на месцы.
Настаўнік. Давайце ўзгадаем машыны, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.
1) Самаходная машына для перамяшчэння, прывядзення ў дзеянне сельскагаспадарчых і іншых прылад – гэта … .
2) Складаная машына, якая адначасова выконвае работу некалькіх машын або механізмаў – гэта … .
3) Машына для пасеву насення, а таксама для ўнясення ў глебу мінеральных угнаенняў – гэта … .
4) Жатная машына – гэта … .
5) Сельскагаспадарчая машына для касьбы травы – гэта … .
6) Машына для абмалоту сельскагаспадарчых культур – гэта … .
7) Сельскагаспадарчая машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны пасля малацьбы – гэта … .
(Трактар, камбайн, веялка, сенакасілка, сеялка, малатарня, жняярка.)
Настаўнік. Важны чалавек на сяле – аграном. Ад яго ведаў залежыць якасць і ўрадлівасць насення.
Выступленне чацвёртага вучня. Аграном добра ведае расліны, асаблівасці глебы, заўважае і ўлічвае змены, якія адбываюцца ў прыродзе. Добры ўраджай збожжавых закладваецца яшчэ з восені. Самае моцнае, здаровае зерне адкладаецца на насенне і ўсю зіму захоўваецца ў спецыяльных памяшканнях, пры пэўнай вільготнасці і тэмпературы. Вясной – у час сяўбы, патрэбна не прапусціць пэўныя тэрміны, падкарміць слабыя парасткі, пазбавіцца ад пустазелля і шкоднікаў, своечасова сабраць ураджай. Усім гэтым і займаецца аграном. Шмат трэба ведаць, пастаянна вучыцца, каб крочыць у нагу з часам.
Настаўнік. Уявіце, што вы працуеце ў полі. Паспрабуйце скласці некалькі сказаў пра сваю працу (заданне выконваецца ў парах).
1-я пара – ад імя трактарыста;
2-я пара – ад імя камбайнера;
3-я пара – ад імя агранома.
Вучань чытае верш Г.Цыганковай “Будзе хлеб”.
Сонейка прачнецца рана,
Хлебароб – яшчэ раней.
Завіхаюцца старанна –
Невядома, хто мацней.
Сонейка снягі растопіць,
Потым высушыць зямлю.
Хлебароб засее зернем
Узараную раллю.
Цёплы дожджык праліецца,
Жыватворны дасць глыток –
Хай хутчэй з зямлі праб’ецца
Тонкі, кволенькі расток.
Паімчацца дні бясконца,
Стане ніва падрастаць.
Зноўку хлебароб і сонца
Будуць разам шчыраваць.
Будуць разам песціць ніву,
Песціць кожны каласок.
Летні ветрык клапатліва
Падпярэжа паясок –
Не згінайся, не ламайся,
Буйны колас нараджай,
Смела сонцам налівайся
На высокі ўраджай.
Што заўжды Радзіма з хлебам,
Што духмяны ёсць пірог,
Шчыра дзякуем табе мы,
Працавіты хлебароб! [8]
–За што мы павінны дзякаваць хлебаробам?
Выкананне заданняў
Заданне “Партрэт хлебароба”.
На дошцы запісаны словы: уважлівы, лянівы, гаспадарлівы, забыўчывы, працавіты, злосны, шчыры, арганізаваны, хітры, назіральны, любіць зямлю, адказны, цярплівы, жорсткі, эканомны, гультаяваты, ашчадны, руплівы.
Задача вучняў – выбраць з пераліку тыя, якімі павінен валодаць хлебароб і абгрунтаваць свой адказ.
Заданне “Закончы прыказку”.
Настаўнік. Народ склаў нямала прыказак і прымавак пра працу. Давайце іх успомнім. Я пачну, а вы заканчвайце.
— На чорным полі … (бела пшаніца родзіць).
— Дзе пасееш густа, … (там не будзе пуста).
— Ліха не знаць – … (на сваім полі араць).
— Дзе гультай ходзіць, … (там зямля не родзіць).
— Выходзь на поле з расою, … (дык будзеш з ядою).
— Будь да зямлі з ласкай … (будзеш з хлебам і каўбаскай).
— У каго чорна глыба, … (у таго і хлеба скіба).
Крыжаванка
Дзеці разгадваюць крыжаванку, чытаюць слова ў выдзеленых клетках.
1. Не шкадуюць мяне, мнуць,
у печ гарачую кладуць.
А як дастануць,
дык есці стануць. (Хлеб)
2. Хоць топчуць яе,
і рэжуць, і б’юць –
яна не злуе анічуць.
А толькі багаццем
усім шчодра плаціць. (Зямля)
3. У зямлю цёплую ўпаду,
да сонца коласам узыйду,
у ім тады такіх, як я,
будзе цэлая сям’я. (Зерне)
4. Полем, ніваю паўзе,
Аж зямля пад ім гудзе.
А навокал стук і грук,
Жне, малоціць на сто рук.
Што гэта за машына,
Што разам жне і малоціць,
А ідзе – ажно зямлю
калоціць? (Камбайн)
5. Што два тыдні зеляніцца, два тыдні квітнее, два тыдні наліваецца, два тыдні падсыхае? (Жыта)
6. Што за конь?
Цяжар ён возіць
I арэ аж гул ідзе.
Ён аўса зусім не просіць,
А ваду, салярку п’е. (Трактар)
7. Возьме ў доўг зерне, верне каравай. (Поле)
8. Землеапрацоўчая прылада ў выглядзе рамы з вертыкальнымі зубамі або дыскамі, пры дапамозе якой разрыхляюць глебу. (Барана)
Настаўнік. Хто самы галоўны чалавек у вёсцы?
Галоўны той, хто вырошчвае хлеб, хто арэ бязмежнае поле, сее збожжа ў зямлю, а восенню збірае каласы, налітыя залатым зернем.
5 Падвядзенне вынікаў. Рэфлексія
– Як, на вашу думку, трэба адносіцца да хлеба? Да людзей працы?
– Што вы можаце расказаць аб сельскагаспадарчых прафесіях?
Настаўнік. Кожны дзень, узяўшы ў рукі кавалак хлеба, успомніце колькі сіл, колькі працы патрэбна для таго, каб яго вырасціць. Зерне не прарасце без цяпла і святла, вады і паветра, клапатлівага сэрца і працавітых рук, без людской цярплівасці, без любові да працы, да выспеўшага хлебнага коласа і павагі да хлеба.
Калі выпадзе з рук – абдзьмухніце,
Не кідайцеся ім, не тапчыце!
Наядайцеся змалку ўволю,
Каб ён вечна вам пах
Родным полем.
М.Арочка [1]
Закончыце фразу:
— Сёння я даведа(ла)ўся …
— Было цікава …
— Мяне здзівіла …
— Мне захацелася …
Спісак выкарыстаных крыніц і літаратуры
- Арочка, М. “Хлеб роднай мовы” / М.Арочка // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.mova.padabayki.ru/2018/11/13/мікола-арочка-хлеб-роднай-мовы. – Дата доступу: 15.01.2022.
- Банецкая, І.А. Вам шчасця, і долі, і хлеба ўволю! / І.А.Банецкая // Пачатковая школа. – 2015. – № 5. – С. 65–68.
- Дзеружынскі, А. Хлебная скарынка / А.Дзеружынскі // Вершы і казкі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.vyaselka.ru/khlebnaya-skarynka. – Дата доступу: 15.02.2022.
- Пазнякоў, М. Хлеб / М.Пазнякоў // chitaemdetyam.com [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.yumpu.com/xx/document/view/59626567/paznyako-m-hleb-jyln-ya. – Дата доступу: 17.02.2022.
- Прыказкі і прымаўкі // Моўныя залацінкі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://sites.google.com/site/mounyazalacinki2016/prykazki-i-prymauki. – Дата доступу: 15.01.2022.
- Свірка, Ю. На трактары / Ю.Свірка // Вершы для дзяцей [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.vyaselka.ru/na-traktary. – Дата доступу: 03.03.2022.
- Скарнік. Тлумачальны слоўнік [Электронны рэсурс]. – Рэжым досупу: https://www.skarnik.by. – Дата доступу: 26.02.2022.
- Цыганкова, Г. Будзе хлеб / Г.Цыганкова // news. 21.bu [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://news.21.by/culture/2014/09/15/988754.html. – Дата доступу: 23.02.2022.