Экалагічны канал на школьным тэлебачанні. Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства для вучняў 3–11-х класаў    

- 12:18Воспитательная работа, Сценарии

Таццяна ГРЭЦКАЯ, Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

 

Мэта: стварыць якасную крыніцу інфармацыі, накіраваную на экалагічную асвету вучняў і іх бацькоў для фарміравання новай культуры.

Задачы:

– даць аб’ектыўную інфармацыю аб экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне, рэспубліцы, свеце;
– выхоўваць у вучняў беражлівыя адносіны да прыроды;
– развіваць творчыя здольнасці вучняў пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю ЗЛЖ.

 

Сцэнарый разлічаны на аўдыторыю вучняў 3–11-х класаў, іх бацькоў. У падрыхтоўцы да стварэння праграм можна арганізоўваць мабільныя групы з розных катэгорый вучняў, прадстаўляць школьныя праекты, здымаць відэасюжэты, арганізоўваць экалагічныя акцыі. Матэрыялы работы адлюстроўваюць працу школьнага калектыву ў экалагічным напрамку на працягу 2020 года.

 

Ход мерапрыемства

Гучыць песня “Гімн Зямлі” ў выкананні Л.Заблоцкай.

Люблю цябе такой, якая ёсць,
Зямля мая, зямля бацькоў святая, –
Мая слязінка – са святла наскрозь,
Маё прычасце, мой святлісты лёс…
З табой і паміж бедаў я світаю.

 

На слайдзе радкі з верша Н.Загорскай Мае ўсе думы звязаны з табою…

 

Вядучы 1. Добры дзень, дарагія вучні і вучаніцы, калегі-настаўнікі, паважаныя бацькі! Мы ад чыстага сэрца вітаем усіх, хто прысутнічае ў гэтай зале. Сёння ў нашай школе сапраўднае свята. Гэты дзень для кожнага з нас асаблівы і запамінальны. Шчыра і па-беларуску запрашаем разам з намі на прэзентацыю нашага новага канала – “Экалагічны канал” на ГрТБ-22”. Наша беларуская мова мае права на жыццё і таму мы вырашылі, што на канале будзе гучаць роднае слова.

 

Вядучы 2. Будучыня нашай планеты, краіны і, увогуле, усіх нас – гэта тое, што непакоіць і хвалюе кожнага. “Экалагічны канал” дапаможа сваім гледачам знайсці не толькі адказы на актуальныя пытанні, але і падкажа правільны шлях да вырашэння гэтых праблем.

 

Вядучы 1. Сёння мы прапануем вам пазнаёміцца з асноўнымі перадачамі, якія можна ўбачыць на нашым канале. А яшчэ наша творчая тэлевізійная каманда прыме да ўвагі крэатыўныя прапановы і ідэі нашых гледачоў. Такім чынам, мы пачынаем.

 

На слайдзе назвы тэлеперадач.

 

Вядучы 2. Мы хочам зрабіць акцэнт на перадачы, якія будуць прадстаўлены вашай увазе ў першым сезоне:

1. “Экалагічны сняданак”.
2. “Эканавіны Гродзеншчыны”.
3. “Азбука экалогіі для дзяцей”.
4. “VIP-госць студыі”.
5. “Міжнародныя экападзеі”.
6. “Экатэатр”.
7. “Проста аб складаным” (Праблемы экалогіі ў літаратуры і мастацтве. Навіны навукі. Экалагічны праект. Экапрадукты. Знакамітасці і ЗЛЖ).

Удзельнікамі некаторых з іх вы можаце стаць ужо сёння.

Няхай гэтыя і наступныя перадачы будуць цікавымі і незабыўнымі. Няхай яны прынясуць вам радасць і асалоду. Няхай святло ведаў і пазнання асвятляе ваш шлях. Сачыце за намі ў сацыяльных сетках.

 

“Экалагічны сняданак”

Вядучы 1. Пачнем з прыемнага – “Экалагічны сняданак”.

 

На сцэне стол, накрыты для снедання. Вядучыя – хлопец і дзяўчына. На слайдзе назва перадачы. Музычнае суправаджэнне.

 

Дзяўчына: Добрай раніцы, паважаныя гледачы! Мы прапануем вам пачаць дзень з зараду і пазітыву. А для гэтага ён павінен пачацца з правільнага сняданку.

Хлопец: Сёння мы пазнаёмімся з сакрэтамі добрага настрою. І прапануем вам сваё неардынарнае меню, якое складаецца з дзесяці правілаў ідэальнага сняданку (На слайдзе).

1. Не прапускайце сняданак. Даследаванні паказваюць, што дзеці, якіх бацькі не прывучылі есці сняданак, маюць больш высокі шанс у дарослым узросце займець атлусценне.

2. Спярша прачніцеся. Гэта значыць, есці сняданак трэба не адразу, а, скажам, праз паўгадзіны ці пазней.

3. Ешце павольна. Гэтае правіла прымяняльнае ў дачыненні да ўсіх прыёмаў ежы без выключэння. Ежу трэба добра перажоўваць.

4. Выпіце шклянку вады. Выпіце перад сняданкам (а лепш за ўсё адразу пасля абуджэння) шклянку вады. Гэта простае дзеянне ўключыць маторчык вашага страўніка.

5. Не ўжывайце прадукты з цукрам. Майце на ўвазе, што спажыванне салодкага з раніцы, як правіла, стымулюе цягу да салодкага на працягу ўсяго дня.

6. Уключыце ў сняданак бялковыя прадукты. Бялкі насычаюць лепш за ўсё. Таму сняданак, багаты бялкамі, насыціць вас на доўгі час.
Сёння ў нас на снеданне абястлушчаны тварог гродзенскага малочнага камбіната з нятлустым ёгуртам.

7. Уключыце ў сняданак вугляводы. Яны з’яўляюцца асноўным палівам для нашага мозгу.

8. Не забывайцеся пра клятчатку. Ягады, садавіна і гародніна – выдатныя крыніцы клятчаткі.

9. Пяць меню на кожны дзень:

1) абястлушчаны тварог з арэхамі і садавінай або, на аматара, з гароднінай і семкамі;
2) малатлусты ёгурт з садавінай, ягадамі і арэхамі;
3) каша (прасяная, аўсяная, ячная) з ягадамі, семкамі, арэхамі;
4) яечня з гароднінай;
5) суцэльны тост з яйкам і авакада.

10. А як наконт кавы? Буйныя эпідэміялагічныя даследаванні паказваюць, што асобы, якія рэгулярна п’юць каву, маюць меншую рызыку смяротнасці як ад сардэчных хвароб, так і ўвогуле ад усіх прычын. Так што – піце каву на здароўе!

А зараз музычны падарунак, які разбудзіць вашы пачуцці, настроіць на лірычны пазітыўны настрой на ўвесь дзень. Сустракайце! (Вучаніца 10 “А” класа Дзіяна Конан з песняй “Зямля з блакітнымі вачамі”).

 

“Эканавіны Гродзеншчыны”

Вядучы 2. Прадстаўляем “Эканавіны Гродзеншчыны” (слайд з застаўкай).

Вядучы навін 1. Вітаю вас, шаноўныя гледачы! Сёння нас чакае цікавае знаёмства з творчым праектам вучаніцы 11 “А” класа Алены Бомберавай “Перспектывы развіцця коннага турызму ў Гродзенскім раёне”. Сапраўды, ёсць над чым падумаць, ёсць над чым паразважаць. Улічваючы тое, што наш горад і раён уваходзяць у бязвізавую тэрыторыю “Брэст – Гродна”, праблема экалагічнага турызму з’яўляецца вельмі актуальнай у наш час. Прааналізаваўшы прадстаўленыя маршруты турыстычных фірм, Алена прыйшла да высновы, што наяўнасць вялікай колькасці прапанаваных пешых, водных, веласіпедных маршрутаў не заўсёды можа раскрыць прыгажосць і непаўторнасць маляўнічых мясцін Гродзенскага краю. Таму яна распрацавала сем конных маршрутаў, якія ўключаюць у сябе экалагічны, культурны і гістарычны напрамак. (На слайдзе прадстаўлены маршруты. Дадатак 1).

Вядучы навін 2. Чалавек і прырода. Адказнасць і безгаспадарчасць. Раўнадушша і чэрствасць. Пра гэта ў сюжэце нашага маладога, але перспектыўнага карэспандэнта Мікіты Бегера, вучня 11 “А” класа. (Відэасюжэт. Дадатак 2.)

Мікіта Бегер: Я лічу, што прырода, як і чалавек, жывая, увасабляе хараство і свабоду, яна мае права на гуманныя адносіны да сябе. Нельга яе бяздумна руйнаваць, спапяляць, нішчыць. Прыкладам неахайных адносін да прыроды служыць так званы могільнік адпрацаваных шын, які я заўважыў у зялёнай зоне “Зарубічы” каля вёскі Яскевічы. Шыны, смецце – гэта паказчык нашага раўнадушша да маці-прыроды.

Вядучы навін 1. І напрыканцы аб прыемным: закончылася акцыя па зборы макулатуры. Віншуем нашых пераможцаў: 7 “А” клас, які заняў першае месца і сабраў 400 кілаграмаў макулатуры, на другім месцы 8 “А” клас – 380 кілаграмаў, на трэцім месцы 6 “А” клас – 300 кілаграмаў.

Вядучы навін 2. Акрамя гэтага, восенню наша школа разам з Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі прыняла ўдзел у акцыі-конкурсе “Добрыя крышачкі”.

 

“Азбука экалогіі для дзяцей”

Вядучы 1. А зараз запрашаем на пазнавальную праграму для самых маленькіх:

“Азбука экалогіі для дзяцей”. Вядучыя – вучні 7 “А” класа Андрэй Давыдзік і Ксенія Кардаш.

 

У “студыі” размешчаны невялікія сталы для вучняў пачатковых класаў, за імі сядзяць дзеці. На сталах малюнкі жывёл і птушак. На стэндзе вялікія фотаздымкі прыродных аб’ектаў: лес, рака, бор, гай, поле, луг і іншыя.

 

Вядучая: Добры дзень! Сёння мы разам з вамі пазнаёмімся з цудоўнай і захапляльнай кнігай нашага жыцця – “Азбукай экалогіі для дзяцей”.

Вядучы: Наперадзе вас чакае запамінальнае падарожжа па прасторах нашай малой радзімы. А дапамогуць нам у гэтым нашы госці, вучні 4 “А” класа.

Вядучая: Шаноўныя вандроўнікі, у вас на сталах ляжаць фотаздымкі птушак і звяроў, якія жывуць у нашай мясцовасці. Давайце пазнаёмім нашых тэлегледачоў з жыхарамі нашых лясоў, палёў, рэк… і дапаможам ім вярнуцца да сваіх гнёздаў і хатак. А чароўны куфэрак, дзе сабраны ўсе скарбы беларускага фальклору і літаратуры, будзе нашым памочнікам і дарадцам.

 

Гульня з дзецьмі. Вядучыя зачытваюць верш-апісанне жывёлы, а вучні адгадваюць, хто гэта і дзе жыве. Выявы жывёл наклеены на карткі пэўнага колеру, каб дзецям было прасцей здагадацца, на які фотаздымак іх прымацаваць. (Дадатак 3).

 

Вядучы: Якія малайцы нашы ўдзельнікі! Актыўныя, кемлівыя, эрудыраваныя. На наступную перадачу мы чакаем у госці вучняў 3 “А” класа. Да пабачэння і ўсяго найлепшага, нашы юныя ўдзельнікі!

 

“VIP-госць студыі”

Вядучы 2. Прадстаўляем вашай увазе самую інтрыгуючую перадачу нашага тэлеканала “VIP-госць студыі”.

 

Застаўка. Музыка. На сцэне два крэслы і невялікі столік, на якім дзве шклянкі з “Гарадзенскай гарбатай”.

 

Вядучы праграмы Аляксандр Тугай, вучань 11 “А” класа: Патрабавальная і справядлівая, чулая і адкрытая, аўтарытэтная і дэмакратычная ў адносінах з дзецьмі, здольна ставіць мэты і дабівацца значных вынікаў. Гэтыя характарыстыкі вызначаюць настаўніцу біялогіі Аліну Валянцінаўну Змітрэвіч. Кожны яе ўрок – непаўторная сустрэча са светам навуковых ведаў, дзе навучэнцы вучацца жыць, спазнаваць законы быцця. Усе мы добра ведаем, што, калі Аліна Валянцінаўна бярэцца за справу, поспех гарантаваны. Інтэлектуальныя конкурсы, алімпіяды па вучэбным прадмеце, навукова-практычныя канферэнцыі, метадычныя мерапрыемствы самага рознага ўзроўню з удзелам настаўніцы і яе вучняў праходзяць вынікова.

Добры дзень, шаноўная Аліна Валянцінаўна. Вялікі дзякуй, што вы знайшлі час і наведалі нашу студыю. Раскрыйце , калі ласка, сакрэт, вашай невычэрпнай энергіі і энтузіязму?

Аліна Валянцінаўна: Можа ў тым, што я люблю працу, якой займаюся, і ўмею знайсці сярод вучняў і калег сваіх аднадумцаў.

Вядучы: Перш чым звярнуцца з наступным пытаннем да Аліны Валянцінаўны, я прапаную зрабіць невялікі прыпынак у нашай размове і атрымаць асалоду ад “Гарадзенскай гарбаты”.

Рэклама: Прадстаўляем “Гарадзенскую гарбату” – арыгінальны падарунак з Гродна для тых, хто любіць натуральныя і экалагічна чыстыя прадукты. Сыравіна, з якой выраблена наша прадукцыя, адпавядае айчынным і еўрапейскім стандартам. Дызайн упакоўкі раскажа пра гісторыю вулачак старога горада, а карысная і смачная гарбата створыць добры настрой.

Вядучы: Раскажыце, калі ласка, як ідзе праца над праектам “Школьная эканамічная азбука?”

Аліна Валянцінаўна: Вельмі плённа. Працуюць мабільныя даследчыя групы, якія праводзяць розныя акцыі, круглыя сталы, выставы, анкетаванне, конкурсы, ствараюць буклеты і розныя памяткі. Актыўна працуюць усе. І вас мы таксама запрашаем далучыцца да нашага праекта.

Вядучы: Дзякуй вялікі за змястоўны дыялог. Будзем рады бачыць вас зноў у нашай студыі. А мы развітваемся. Да наступных сустрэч!

 

“Міжнародныя экападзеі”

Вядучы 1. Міжнародныя экападзеі. Гродзеншчына – гэта толькі адна клетка вялікага жывога арганізма планеты Зямля, і таму нас не могуць не цікавіць міжнародныя падзеі і праблемы экалогіі.

 

На слайдзе планета Зямля, пасля хутка змяняюцца фотаздымкі з экалагічнымі катастрофамі.

 

Вядучая Таццяна Чапрасава, вучаніца 11 “А” класа

А сёння ўсюды цьмяна, дымна, чорна,
Не звіняць у небе жаўрукі…
Божа, не гані мяне ў пячоры,
Божа, не гані ў глыб ракі! (П.Панчанка)

Наша планета кожную хвіліну на працягу ўжо многіх дзесяцігоддзяў змагаецца са шматлікімі экалагічнымі хваробамі. Давайце разам зазірнем у “медыцынскую карту” планеты, паглядзім на апошнія дыягназы, на рэкамендацыі ўрачоў-навукоўцаў па лячэнні:

– па-першае, забруджванне паветра, водных і прыродных рэсурсаў;
– па-другое, знікненне шматлікіх відаў жывёл і птушак;
– па-трэцяе, праблемы ўтылізацыі смецця;
– і, нарэшце, змены клімату ў выніку дзейнасці чалавека.

Мы ў адказе за нашу планету і яе будучае.

 

“Экатэатр”

Вядучы 2. “Экатэатр”.

Вядучая Аляксандра Родзік, вучаніца 11 “А” класа. Наш экатэатр – своеасаблівая тэатральная лабараторыя. Тут збіраюцца аматары кіно ад 6 да 70 гадоў. Тут мы плануем стварыць у будучым свой першы фільм. Але пакуль прапануем вам лепшыя стужкі сусветных рэжысёраў. Дзецям і дарослым прапануюцца мультфільмы, дакументальныя і мастацкія стужкі, якія не толькі раскрываюць прыгажосць прыроды і багацце яе рэсурсаў, але і ўздымаюць актуальныя праблемы экалогіі ў наш час. На сайце нашага канала вы можаце пазнаёміцца з тымі фільмамі, якія будуць дэманстравацца ў хуткім часе. Дарэчы, на ім адкрыта галасаванне, якое будзе доўжыцца тры дні і дасць магчымасць стваральнікам канала выбраць тыя фільмы, якія мы з вамі будзем глядзець у гэтым месяцы. А сёння мы прадстаўляем вашай увазе фільм “Адзін дзень з жыцця планеты”. Захапляльны сюжэт аднаго дня з жыцця дзікіх жывёл здасца вам лепшым за любы баявік. Прыемнага прагляду. (Трэйлер фільма) .

 

“Проста аб складаным”

Вядучы 2. “Проста аб складаным”.

Вядучы Мікіта Бегер. Добры дзень, шаноўныя! Фармат нашай перадачы шматгранны і разнастайны. Мы з вамі кожную перадачу будзем адпраўляцца ў новае віртуальнае падарожжа ў літаратуру, мастацтва, навуку, пазнаёмімся з экалагічнымі праектамі нашых вучняў і гасцей студыі, даследуем экалагічныя прадукты, паспрабуем варыянт ЗЛЖ са знакамітасцямі.

Сёння мы прапануем вам успомніць творы беларускіх пісьменнікаў, у якіх не толькі апісваецца прыгажосць роднага краю, але і ўздымаюцца вострыя праблемы па яе захаванні. І пачаць мне хочацца радкамі:

Я часцінка зямлі,
І таму мне балюча,
Калі нішчацца дрэвы,
высыхаюць крыніцы… (А.Каско)

 

Сёння наш госць – паэт Пімен Панчанка.

Вучаніца 11 “А” класа Марыя Новік чытае верш.

Пімен Панчанка “Раўнапраўе дрэў”

Пара падумаць пра раўнапраўе дрэў.
Даволі падглядваць,
Як горнецца тонкая рабіна
Да самаўпэўненага дуба.
Не кляніцеся ў каханні
Да белай бярозы:
Вы даўно ёй здрадзілі,
Нож у белыя грудзі ўсадзілі,
Каб толькі напіцца
Яе свежай вясновай крыві.
І гэтага вам было мала.
Вы перарэзалі ёй сухажылле,
Кінулі ў прагную печ,
Каб яе апошнім гарачым дыханнем
Пагрэць свой стары раматус…
Ітак, я пра раўнапраўе дрэў!
Слава табе, вольха!
Ты самая мужная і адданая
Захавальніца нашых рэчак
І заступніца сарамлівых дзяўчат.
Асіна, мая асінка!
Я больш не дазволю нікому
Удавіцца на тваім суку –
Няхай разбіваецца
На раўнадушнай машыне.
А тваё ласкавае лісце
З ціхім журчаннем
Будзе пералівацца
У горлы птушак…
Хвала і вам,
Цярплівыя таполі!
Хай рукі адсохнуць у тых,
Хто бязлітасна вас высякае.
Ім боязна пуху твайго лебядзінага,
Ім боязна паху твайго салаўінага,
Яны баяцца тваёй красы.
Ім падабаюцца толькі слупы
На пустых бальшаках
Ды часам кактусы.

 

Вучаніца 7 “А” класа Таццяна Леўшык чытае верш.

Пімен Панчанка “Сармацкае кадзіла”

Адспявалі трубы залатыя,
Лета захлынулася ў расе.
Кветкі ў лесе ёсць,
Але не тыя:
Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.

Дзе ты, кураслеп лясны?
Дзе ворлік?
Дзе мядзведжая цыбуля – чарамша?
Ходзіш, ходзіш –
I пяршыць у горле…
Плач, асірацелая душа.

А калісь было ўсяго надзіва!
Як збяднеў у нас зялёны свет.
Дзе знайсці сармацкае кадзіла,
Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.

Вінаваты ў гэтым не сарматы,
Вінаваты ўсе мы – ты і я:
Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,
За сто вёрст ляціць мая сям’я.

Душна ад жалезнага прагрэсу:
Дружна падразаем жылы лесу,
Траў і кветак топчам карані,
Ад зялёнай адракаемся радні.

Што ты плачаш па траве і кветках?
Адрадзілі ж мы зуброў, баброў…
Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,
А заўсёды быў з людскіх сяброў.

Многа ліха – ды ўсюды ціха.
А зямля дакуль будзе цярпець?
А нашчадкам нашым
Чым жа дыхаць? –
Мы ўжо задыхаемся цяпер.

Трэба нам і захады і меры,
Каб між светлых беларускіх рос
Зноў расцвіў чаравічок венерын
I званочак сіні ў лесе рос.

 

Вядучы 2: Любая праграма – гэта жывы арганізм. І калі не змяняцца і не абнаўляцца, то можна хутка страціць тонус. У эпоху кліпавага мыслення, калі чалавек успрымае толькі кароткую інфармацыю, быць пачутымі аўдыторыяй можна толькі тады, калі сам прыслухоўваешся да яе, прапаноўваючы тэлевізійны прадукт на любы густ, узрост і здзіўляючы нечым новым. Далучайцеся да нашага тэлеканала кожную 1-ю і 3-ю пятніцу ў 15.00. Нагадваем, што звесткі пра нас размешчаны на сайце школы і ў сацыяльных сетках. Выказваем падзяку галоўнаму рэдактару канала Таццяне Іванаўне Грэцкай і генеральнаму дырэктару Валянціне Вацлаваўне Яткоўскай.

 

Дадатак 1

Турыстычныя маршруты, якія ёсць у Гродзенскім раёне

Від маршрута Колькасць
1 Аўтобусна-пешаходны 8
2 Пешаходны 8
3 Водна-экалагічны 2
4 Эколага-турыстычны 5
5 Веласіпедны 10
6 Водны 6
7 Конны 1
8 Вела-пешаходны 1
    41

 

Турыстычныя маршруты, якія ёсць у Гродзенскай вобласці

Від маршрута Колькасць
1 Камбінаваны 5
2 Пешаходны 33
3 Веласіпедны 9
4 Водны 12
5 Конны 0
6 Вела-пешаходны 1
    60

 

Конныя маршруты па Гродзенскім раёне

1. Гродна – Караліно – Форт 4 – Форт 5 – Форт 6.
2. Гродна – Каробчыцы – Форт 4 – Форт 5 – Форт 6.
3. Гродна – Адамавічы – Форт 1 – Форт 2 – Форт 3.
4. Гродна – Адамавічы –Трычы – Рагачы – Караліно – Новікі.
5. Гродна – Адамавічы – Свяцк – Форт 2 – Гінавічы – Дамброўка.
6. Гродна – Забалаць – Фотр 11 – Форт 12 – Гожа.
7. Гродна – Каменка – Форт 5 –Форт 6 – Форт 7 – Індура – Лаша.

 

Дадатак 2

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий