Напярэдадні дня нараджэння Янкі Купалы навучэнцы Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пабывалі на радзіме славутага земляка

- 9:04Клуб юного журналиста, Проба пера

Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына…” – гэтыя радкі Янкі Купалы ведае кожны школьнік. Нам, жыхарам Маладзечаншчыны, у спадчыну засталася не толькі багатая творчасць земляка, але і дом, у якім роўна 140 гадоў таму нарадзіўся будучы паэт.

Напярэдадні дня нараджэння беларускага пісьменніка навучэнцы Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік” наведалі філіял літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы.

Мяркуючы па захаваных дакументах, Іван Луцэвіч (сапраўднае імя Янкі Купалы) нарадзіўся ў збяднелай сям’і шляхціца, хрысцілі хлопчыка ў касцёле ў Радашковічах. Яго бацькі жылі і працавалі на землях пана Замбржыцкага.

Сам домік і яго абстаноўка ўнутры (старая мэбля, посуд, прылады працы) дапамагаюць уявіць, як жылося сям’і ў той час. Венскае крэсла і старое люстэрка перадалі ў музей родныя Янкі Купалы. З тых часоў захавалася і белая мураваная печ. Яна іграла вялікую ролю ў жыцці сям’і. На ёй гатавалі ежу, зімой наверсе спалі дзеці, а ў падпеччы трымалі курэй. Тут жа сушылі травы, каўбасы, часнок.

Бацькі ў той час былі вельмі занятыя, але і кемлівыя. Калыску для немаўляці рабілі самі і падвешвалі на спецыяльныя каромыслы, каб яна качалася. Каб дзіцятка магло вучыцца хадзіць самастойна, яны прыдумалі цікавую прыладу – хадунок. А замест праса выкарыстоўвалі прыладу “авалак і качалка”. Яшчэ нашу ўвагу прыцягнуў папярэднік сучаснага ланч-бокса – два гліняных збанка, злучаных адной ручкай, каб дзецям было зручней несці абед бацьку ў поле.

Пасля экскурсіі наведвальнікам адкрываецца маляўнічы пейзаж Вязынкі. Недалёка ад хаткі, сярод травы і рамонкаў, старадаўні калодзеж-журавель, якім карысталіся яшчэ нашы далёкія продкі. Над азярцом навісае вялікае разгалістае дрэва, а па вадзе павольна плывуць качаняты. Выдатнае месца, каб пасядзець на беразе са зборнікам вершаў у руках пад ціхі шэпт ветру і клекатанне бусла.

У Вязынцы Янка Купала пражыў толькі год, але пасля яго жонка, якая любіла прыязджаць сюды, ініцыіравала адкрыццё філіяла музея. Штогод 7 ліпеня тут святкуюць дзень нараджэння паэта, прыязджаюць сваякі, музыканты, рамеснікі, студэнты… Сёлета супрацоўнікі музея запрашаюць усіх жадаючых наведаць свята, прысвечанае юбілею нашага знакамітага земляка. Прыязджайце разам з роднымі ў Вязынку, каб на свае вочы ўбачыць прыгажосць вёскі і аддаць даніну памяці вялікаму пісьменніку зямлі беларускай.

 

Кацярына СУШКО,
навучэнка аб’яднання па інтарэсах
“Школа журналістыкі”
Маладзечанскага цэнтра
творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий