Наталля БУЦКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Тэма: Вусныя прыёмы складання і аднімання двухзначных лікаў у межах 100. Замацаванне.
Мэта:
– замацоўваць вывучаныя прыёмы вуснага складання і аднімання двухзначных лікаў, уменне выконваць праверку складання і аднімання; замацоўваць уменне складання і аднімання двухзначных лікаў без пераходу праз разрад;
– удасканальваць уменне рашаць састаўныя задачы;
– стварыць умовы для замацавання вусных прыёмаў вылічэнняў вывучаных відаў, вырашэння навучальных праблем і развіцця ўнутранай матывацыі школьнікаў;
– ствараць умовы для развіцця пазнавальных працэсаў: лагічнага мыслення, увагі, памяці, уважлівасці і мовы;
– развіваць навыкі самаправеркі і ўзаемаправеркі;
– садзейнічаць выхаванню адказнасці ў рабоце ў парах, самастойнасці, выхоўваць пазнавальную цікавасць да прадмета.
Абсталяванне: карткі з прыкладамі для работы ў парах, карткі з умовамі заданняў, набор лічбаў, ноўтбукі.
Тып урока: замацаванне вывучанага матэрыялу.
Форма правядзення ўрока: урок-расследаванне «Дэтэктыўнае агенцтва».
Формы работы: франтальная, групавая, работа ў парах, індывідуальная.
Метады і формы: славесны (гутарка, лаканічная даведка, тлумачэнне), наглядны (карта-схема), праблемны (праблемнае пытанне), практычны (выкананне заданняў).
Ход урока
І Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою
Празвінеў ужо званок,
Пачынаем наш урок!
Моўчкі ўсе за парты селі,
На гасцей усе паглядзелі,
Усміхнуліся, павярнуліся
І ў працу акунуліся!
ІІ Паведамленне тэмы і мэты ўрока
Настаўнік: Сёння ў нас не проста ўрок матэматыкі, а ўрок-расследаванне. Хачу паведаміць вам даволі цікавую навіну. На маю інтэрнэт-старонку паступіла паведамленне ад жыхароў краіны Матэматыкі.
Інтэрнэт-пісьмо
Дарагія дзеці! У нашай краіне Матэматыкі адбываюцца дзіўныя і загадкавыя падзеі: знікаюць лікі і застаюцца нявырашанымі задачы. Дапамажыце нам, калі ласка, раскрыць таямніцы лікаў, знайсці правільныя рашэнні задач і прыкладаў.
З павагай, жыхары краіны Матэматыкі.
Ну што, сябры, дапаможам жыхарам краіны Матэматыкі? Для таго каб ім дапамагчы, неабходна правесці ўласнае матэматычнае расследаванне, і таму я прапаную вам паспрабаваць сябе ў ролі дэтэктываў. Хто такі дэтэктыў? Чым займаецца гэты чалавек? (Чалавек, які займаецца расследаваннем заблытаных спраў; спецыяліст па раскрыцці злачынстваў).
Якімі якасцямі павінен валодаць сышчык?
Правільна, добры дэтэктыў павінен мець зоркае вока, умець чуць і слухаць, быць уважлівым. Усе гэтыя якасці і спатрэбяцца нам на ўроку.
Ваша задача – расследаваць заблытаныя справы, выкарыстоўваючы прыёмы складання і аднімання двухзначных лікаў у межах 100. За кожную ракрытую справу бы будзеце атрымліваць “грошы”. За поўнасцю раскрытую справу – 5 руб., за дапамогу ў знаходжанні ўлік – 3 руб., за нераскрытую справу – нічога.
У канцы расследавання, мы даведаемся, хто з вас атрымае званне “Геніяльны дэтэктыў”.
А спачатку, як паказваюць ва ўсіх дэтэктыўных фільмах, мы правядзём “планёрку”, каб праверыць вашы веды, ці праўдзівыя і сумленныя вы як супрацоўнікі дэтэктыўнага агенцтва. І гэта мы зробім з дапамогай прыбора, аб якім вы ўжо ведаеце – дэтэктара хлусні.
ІІІ Актуалізацыя ведаў
“Дэтэктар хлусні”. Вусны лік. Самастойна.
Ітак, заданне на ўважлівасць. Вы павінны адказаць на мае пытанні – “праўда – +” ці “хлусня –”.
1) Лікі пры аднімання называюцца – памяншаемае – аднімаемае – рознасць.
2) Прамавугольнік – гэта чатырохвугольнік, у якога ўсе вуглы прамыя, а супрацьлеглыя стораны роўныя?
3) Для таго каб знайсці памяншаемае, трэба да рознасці дадаць аднімаемае?
4) 6 дм 3 см = 63 дм?
5) Для таго каб знайсці невядомае складаемае, трэба ад сумы адняць вядомае складаемае?
6) Перыметр – сума даўжынь усіх старон многавугольніка?
7) Лікі пры адніманні называюцца: 1 складаемае – 2 складаемае = сума
8) Квадрат – гэта прамавугольнік, у якога ўсе стораны роўныя.
9) Сума лікаў 40 і 30 =70
10) 1 м = 100 см.
Калі вы выканалі ўсе заданні правільна, то ў вас павінна атрымацца лічба 5 (выдзелена колерам у табліцы-ключы). У каго атрымалася 5? Зверыць з ключом.
Як вы думаеце, чаму менавіта 5? (Меркаванні дзяцей).
Дзеці, лічба 5 будзе сімвалам нашага агенцтва і дапаможа нам пры раскрыцці злачынстваў.
Вы паказалі сябе як кампетэнтныя супрацоўнікі дэтэктыўнага агенцтва. Пачынаем наш першы рабочы дзень.
Слухаецца справа № 1. “Матэматычны СанПін”. Работа ў групах. Узаемаправерка.
Першае, што мы павінны зрабіць – знайсці памяшканне для нашага дэтэктыўнага агенцтва. Яно павінна адпавядаць наступным нормам СанПіна.
Абавязкова: Праветрыванне памяшкання, вільготная ўборка, праціранне пылу і мыццё рук у сувязі з абвостраным становішчам у краіне з эпідэміяй каронавірусу.
Форма – прамавугольнік
Шырыня – 10 м
Даўжыня – 15 м
Знайсці перыметр памяшкання? (50 м)
Як знаходзілі перыметр? Які адказ атрымаўся? (Вучні адказваюць).
Атрымайце грошы.
Допуск да работы ёсць, памяшканне ёсць. У добры шлях.
Слухаецца справа № 2. “Шыфроўка”. Самастойна. Самаправерка.
Зараз праверым вашы вылічальныя навыкі па матэматыцы з дапамогай задання, якое называецца «Шыфроўка».
Вы будзеце працаваць самастойна. Неабходна рашыць прыклады, напісаць адказы ў картках у парадку памяншэння (спадання), для таго каб атрымалася слова.
Давайце праверым ці правільна вы правялі расследаванне. Ключ на дошцы.
Падыміце рукі, у каго няма памылак.
Што такое закон? (Важнае правіла, якое ўсе абавязаны выконваць; правілы, якія ўсталёўвае дзяржава. Іх павінны выконваць усе грамадзяне нашай краіны.)
Яшчэ з адным расследаваннем справіліся. Выдача грошай.
Не сакрэт, што ў добрага дэтэктыва выдатная фізічная падрыхтоўка. Правядзём невялікую зарадку.
Фізкультхвілінка
На паляне ў бары карагодзілі звяры.
Туп, туп – ішлі мядзведзі.
А ліса плыла, як лебедзь.
Многа, многа касавокіх
Бегла хуценька ўпрыскокі.
А нязгрэбныя ваўкі нахіляліся ў бакі.
Адчулі прыліў бадзёрасці? Працуем далей.
Слухаецца справа № 3 “Заблытаны след”. Работа ў парах.
Дэтэктывы павінны не толькі ўмець правільна вылічваць, але і працаваць з дакументамі і доказамі. Прачытайце ўважліва задачу. Вы заўважылі нешта падазронае?
Злачынцы вырашылі парваць са злачынным мінулым і пачаць новае працоўнае жыццё. Для гэтага яны скралі 17 малаткоў, а рыдлёвак на 13 больш. Колькі малаткоў і рыдлёвак скралі злачынцы?
1. Ва ўмове задачы дапушчана памылка.
Што абазначаюць лікі ў задачы?
На якое пытанне задачы трэба адказаць?
2. Аб чым гаворыць нам гэта схема?
(Адзін вучань рашае ля дошкі, астатнія – самастойна).
Выдача грошай.
Работа дэтэктыва – гэта праца не толькі з дакументамі, пошукамі, але і праца за камп’ютарамі, таму спачатку прапаную зняць стомленасць з вачэй.
Фізкультхвілінка для вачэй
Улева – управа, улева – управа,
Вочкі бегаюць лукава.
Уверх – уніз, уверх – уніз,
Ну-ка, удалячынь углядзісь.
Слухаецца справа № 4 “Падбяры ключык”. Работа за камп’ютарамі. Работа ў групах.
Для паспяховай работы дэтэктыўнага агенцтва неабходна зладжаная праца ўсёй каманды. Давайце адправімся на раскрыццё яшчэ адной справы “Падбяры ключык”. Ваша задача – падабраць ключык да дзвярэй, каб знайсці як мага больш ўлік. Ацэньваць вашу працу будуць камп’ютары.
Слухаецца справа № 5 “Апазнанне злачынцаў” Лагічная задача.
Усе ўлікі сабраныя, а цяпер засталося правессці следчы эксперымент – “Апазнання злачынцаў”.
Слухаецца справа № 6 “Хітрыя котачкі”.
Рыжая, Белая, Шэрая – набедакурылі на кухні. Знойдзены: аб’едзеная каўбаса, пустая бутэлька з-пад малака, разбітая банка варэння. Хто перакуліў слоік з варэннем, калі вядома, што ў шэрай котачкі ўсе вусы ў малацэ, а Белая каўбасу не ела. Хто перакуліў слоік з варэннем? Але вы павінны звярнуць увагу на тое, што кожны з і іх нашкодзіў толькі адзін раз. Дакажыце.
Белая котка | Шэрая котка | Рыжая котка | |
Малако | – | + | – |
Каўбаса | – | – | + |
Варэнне | + | – | – |
Сапраўдны дэтэктыў павінен валодаць добра развітым лагічным мысленнем, якое дапаможа выводзіць злачынцаў на “чыстую ваду”. Хто вырашыў дакладна гэтую задачу, вазьміце грошы.
IV Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія.
Праца дэтэктыўнага агенцтва падыходзіць да канца. Раскрытыя справы адправім у архіў. Падвядзём вынікі.
Давайце ўспомнім, якія мы мэты ставілі ў пачатку ўрока?
Ці атрымалася ў вас раскрыць справы?
А цяпер палічыце заробленыя вамі грошы. Колькі ў каго грошай?
Кожны сышчык атрымлівае пасведчанне дэтэктыва. (Уручыць)
А цяпер узнагародзім медалём “Геніяльнага дэтэктыва”, ён расследаваў больш за ўсіх спраў і працаваў старанна. (Уручаецца медаль)
Каму спадабалася быць дэтэктывам і чаму? (Меркаванні дзяцей).
VІI Дамашняе заданне
А каб яшчэ раз упэўніцца ў тым, што вы з’яўляецеся сапраўднымі дэтэктывамі, я вам прапаную выканаць аналагічнае дамашняе заданне: с. 70. № 5, с. 72, № 13.