Елізавета ВЫСАВЕНЬ, Аліна САРОКА,
вучаніцы 7-га класа
Навуковы кіраўнік:
Іван ЗАХАРЭВІЧ,
настаўнік
НПК “Эйгердаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Іўеўскага раёна,
Гродзенскай вобласці
Уводзіны
З моманту абвяшчэння незалежнасці ў нашай краіне пачалося адраджэнне праваслаўнай царквы. Свецкі характар дзяржавы і свабода сумлення сталі асновай для фарміравання сучаснага заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць рэлігійных арганізацый. Працэс рэалізацыі права на свабоду сумлення абумовіў з’яўленне шматлікіх задач, звязаных з нармалізацыяй рэлігійнага жыцця і аптымізацыяй дзяржаўна-царкоўных адносін. У цяперашні час у краіне назіраецца ўстойлівы рост увагі да духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі, а таксама да гісторыі праваслаўнай царквы. Тэму для свайго даследавання мы абралі пад уплывам сваіх бабуль. Вялікую дапамогу пры яго правядзенні аказаў настаўнік нашай школы Іван Захарэвіч, які прымаў удзел у рабоце Першага рэспубліканскага форума краязнаўцаў Беларусі.
Мэта: даследаванне гісторыі праваслаўнай царквы ў вёсцы Морына Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Задачы:
1) пошук і вывучэнне спецыяльнай літаратуры па тэме даследавання;
2) збор інфармацыі пра дзейнасць царквы ад мясцовага насельніцтва ;
Навізна працы заключаецца ў тым, што прадметам даследавання выбрана тэма, якая ў Год гістарычнай памяці, на наш погляд, вельмі актуальна, таму што гісторыя праваслаўных святынь вучнямі агульнаадукацыйных школ у нашай краіне мала даследавана.
Аб’ект: хроніка падзей, звязаных з праваслаўнай царквой у вёсцы Морына.
Гіпотэза: праваслаўная царква іграе станоўчую ролю ў выхаванні моладзі.
Глава 1. Гістарычныя звесткі пра вёску Морына
Морына ўваходзіць у склад Іўеўскага сельсавета. Да 2017 года вёска з’яўлялася цэнтрам Морынскага сельсавета. Знаходзіцца вёска за 10 км на паўднёвы захад ад райцэнтра, за 148 км ад Гродна, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя. Каля вёскі працякае рака Нёман. Морына раней насіла назву Морын. Сучаснае гучанне яе назва набыла пасля другой сусветнай вайны.
Дакументальна пацверджаных звестак гісторыі ранейшай і цяперашняй назвы вёскі нам знайсці не ўдалося.У ХVII стагоддзі Морын уваходзіў у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1739 годзе канцлер ВКЛ Радзівіл падарыў гэтую мясцовасць навагрудскаму кашталяну Навасельскаму. Апошні ў сваю ўласнасць таксама атрымаў яшчэ і мястэчка Уселюб разам з навакольнымі вёскамі. З 1680 года гэтае мястэчка стала цэнтрам уніяцкай парафіі.
Глава 2. Гісторыя ўзнікнення праваслаўнай царквы
Старажылы вёскі Морына 70–80-х гадоў мінулага стагоддзя нам успаміналі, што ім іх бацькі, бабулі і дзядулі расказвалі, што раней у вёсцы стаяла старая і невялікая царква, а каля яе знаходзіліся і вясковыя могілкі, якія займалі тэрыторыю, дзе ў нашы дні знаходзіцца Дом культуры, а побач знаходзілася магіла Роха Брахоцкага, ранейшага ўладальніка гэтай мясцовасці.
Як было намі сказана вышэй, памяшканне ўніяцкай царквы ў вёсцы было старым і невялікім. Таму і ўзнікла неабходнасць у новым храме. Новая царква з’явілася ў 1865 годзе. Яна была асвечана ў гонар Святой Троіцы. Побач з царквою знаходзіўся помнік Роху Брахоцкаму. Свята-Троіцкая царква была пабудавана за сродкі царскага ўрада. Яе будынак быў драўляны, на каменнай падмуроўцы складзены васьмівугольнікам з адным вялікім купалам і званіцай на франтальнай частцы. Страха была гонтавая. Пры храме існавалі і дзейнічалі царкоўнапрыходскае папячыцельства і школа.
Таксама быў аформлены новы дашчаты іканастас, які складаўся з васьмі ікон, размешчаных ў адзін рад. Ён быў пафарбаваны ў белы колер з пазалочанымі карнізамі і рамамі. У царкве таксама была ікона Божай Маці. Званіца мела тры званы, якія былі рознай вагі. У прыход уваходзілі 11 навакольных вёсак, у якіх пражывала больш за 2000 чалавек. У той час вёска Морын уваходзіла ў склад Уселюбскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні.
Глава 3. Праваслаўныя святары царквы Морынскай
Першым настаяцелем у храме стаў Арэн Іўвецін. Пра наступнага святара Івана Здановіча напамінае помнік, які захаваўся на тэрыторыі храма
Звесткі пра наступных святарах гэтай святыні не даюць дэталёвых падрабязнасцяў. Старажылы вёскі згадваюць айца Субача, які з цеплынёю адносіўся да хатніх жывёл. Пасля тут працаваў Павел Дзяшкоўскі. Гэты чалавек карыстаўся вялікай павагай сярод прыхаджан. Аднак у пачатку Першай сусветнай вайны ён паехаў на сваю малую радзіму, якой для святара быў горад Рэчыца. У Морына ён так не вярнуўся.
У1915 годзе германскія войскі занялі вёску. Для свайго пражывання яны выкарыстоўвалі дом святара. Яшчэ да іх прыходу мясцовыя жыхары схавалі царкоўныя званы ў зямлю. У час вайны царква была зачынена на замок. У гэты час веруючыя ездзілі і хадзілі пешшу маліцца ва Уселюб.
У 1917 годзе ў царкве пачынае сваю дзейнасць святар Іван Ржэцкі. Дом, у якім пасялілася сям’я Ржэцкіх, быў узведзены ў 1904 годзе. Старэйшая іх дачка Лідзія, якая нарадзілася ў 1899 годзе ў Мінску, стала вядучай актрысай Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яе шматгадовая і творчая праца была адзначана званнямі і ўзнагародамі: народная артыстка СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
У канцы 1952 года святар Іван Ржэцкі з жонкай пераехалі да сваёй дачкі Вольгі, якая жыла ў вёсцы Трабы нашага раёна. Ён памер у 1953 годзе, а яго жонка – у 1957 годзе. Яны былі пахаваны каля царквы Пятра і Паўла ў вёсцы Трабы.
Працягнуў справу Івана Ржэцкага яго сын Георгій. Спачатку хлопец скончыў Навагрудскую гімназію і каля 15 гадоў працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Дзятлавічы Ваўкавыскага раёна. Затым ён скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю. Спачатку Георгій ажыццяўляў сваю пастарскую дзейнасць у царкве вёскі Дзятлавічы. Потым ён прыйшоў на месца свайго бацькі ў храм вёскі Морына.
Аднак сваю дзейнасць у храме Георгій працягваў нядоўга. Прычынай хуткага пераезду святара ў іншае месца паслужыла трагічная смерць яго сына. У 1952 годзе сын святара скончыў сем класаў мясцовай школы. 15 лютага 1953 года каля варот дома яго бацькоў хлопца забілі два нецвярозыя хлопцы. Прычынай гэтага забойства стала рэўнасць з-за мясцовай дзяўчыны. Хлопец быў пахаваны каля царквы, побач з магілай маці яго дзядулі. Яго забойцы селі за краты, кожнаму прысудзілі па дзесяць гадоў турмы. Бацькі Георгія не маглі перанесці смерці свайго сына.Таму пасля суда яны пераехалі ў Дзятлаўскі раён.
Сваю дзейнасць у святыні ў гэты час пачынае айцец Сава Дзюма. Пад яго ўплывам, як успаміналі людзі, у вясковых хатах з’яўляліся новыя і абнаўляліся іконы.
З 1954 па 1965 год святарскую дзейнасць у царкве ажыццяўляў Мікалай Невяроўскі. За тое, што бацюшка злоўжываў алкаголем, ім прыхаджане былі вельмі незадаволены. Улады выкарыстоўвалі непапулярнасць святара ў прыхаджан у атэістычнай працы з насельніцтвам сельсавета.
Глава 4. Праваслаўная святыня ў часы Савецкай улады
Царква ў 1965 годзе была закрыта. На двух калгасных машынах усё царкоўнае начынне, іконы, архіў былі вывезены ў Іўеўскую лазню і там спалены. У агні загінулі рэчы, якія прадстаўлялі гістарычную і культурную каштоўнасць.
Калі царкоўнае багацце ў цемры загружалі на машыны, ікона Божай Маці ўпала на зямлю. Аднак мясцовым жыхарам ранкам удалося яе знайсці. Святыню людзі захоўвалі ў сябе шмат гадоў. Ікона вярнулася ў царкву, толькі калі царква адрадзілася. Адбылася гэтая падзея толькі ў 1989 годзе. У гэты час вярнуліся ў святыню і дзве металічныя харугвы. З машыны ля лазні іх не выкінуў шафёр Іван Батура, жыхар вёскі Крывічы, якая знаходзіцца недалёка ад Морына. Ён прывёз святыні дамоў і для надзейнасці ўтапіў на дне возера, якое было недалёка ад дома, каб захаваць іх да лепшых часоў. Будынак царквы некаторы час выкарыстоўваўся пад калгаснае збожжасховішча, а потым і зусім быў зачынены на вялізны замок.
У часы перабудовы вёска Морына добраўпарадкавалася. Райкам партыі, на чале якога ў той час быў Аляксандр Багушэвіч, у будынку царквы вырашыў размясціць музей мясцовага калгаса. За кароткі тэрмін будынак адрамантавалі. У маі 1988 года ў храме быў адчынены музей мясцовага калгаса “Прынёманскі”. Тут знайшлося месца і для экспанатаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея.
У час добраўпарадкавання тэрыторыі царквы бульдозерам знеслі амаль усе помнікі і вывезлі іх на звалку.
Глава 5. Праваслаўная святыня ў канцы ХХ – пачатку ХХI стагоддзя
Толькі ў 1989 годзе будынак царквы быў перададзены веруючым.
Са студзеня 1990 года ў храме пачаў працаваць Мікалай Уляхін, які быў родам з Пскоўскай вобласці. 28 ліпеня 1992 года Уляхіны выехалі ў іншы прыход Навагрудскага раёна.
Справу Міхаіла Уляхіна працягнуў Іван Рэзвановіч. Святарскай дзейнасцю ён займаўся з 23 лістапада 1992 года па 30 лістапада 2002 года. Затым святар і яго сям’я пераехалі ў вёску Дакудава Лідскага раёна, а пазней ён узначаліў прыход Свята-Пакроўскай царквы вёскі Мікалаева нашага раёна.
20 верасня 2002 года стаў днём, калі ў святыні пачынае сваю дзейнасць Віктар Завала. Над царквою быў устаноўлены новы бліскучы купал з крыжам, з’явіліся новыя вокны. У канцы 2021 года Віктар Завала пераехаў у Мінск. Цяпер у храме святарскую справу працягвае Іван Рэзвановіч. Ён, як гаварылася вышэй, таксама ўзначальвае і прыход Свята-Пакроўскай царквы вёскі Мікалаева нашага раёна. Храм у аграгарадку Морына нашага раёна адчыняе шлях людзям да веры, душэўнага свайго заспакаення, дае ім упэўненасць у сваіх ўласных сілах, надзею ў заўтрашні дзень.
Заключэнне
У выніку правядзення даследавання намі былі вылучаны этапы ўзнікнення, станаўлення, функцыянавання праваслаўнай царквы ў вёсцы Морына нашага раёна. Мы мяркуем, што гэтая даследчая праца будзе цікавай для педагогаў дадатковай адукацыі таму, што яна ўдакладняе звесткі пра Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці, яго асобныя мясціны.
Літаратура
1. Моринская Троицкая церковь // Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Т. 4. : Гродненская область : в 2 кн. Кн. 2 / В.В.Андриевич (главный редактор) и др. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2014. – 500 с.: іл. – С. 100.
2. Талкачоў, П.П. Помнікі гісторыі і культуры на Іўеўшчыне і іх ахова // З гісторыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю: матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі / пад рэд. І.П.Крэнь. – Гродна : ГрДУ, 1999. – С. 245–252.