Святлана РАЙБЕ, музычны кіраўнік,
Святлана СІНКЕВІЧ, выхавальнік дашкольнай установы
ДУА “Яслі-сад № 14 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы: фарміраваць у дзяцей уяўленні пра багацце прыроды Беларусі, пра яе сімвалы; далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры праз народныя песні, танцы, вершы; уяўленні пра Дзяржаўны сцяг, герб, гімн Рэспублікі Беларусь, выхоўваць патрыятычныя пачуцці і павагу да нацыянальных сімвалаў Беларусі.
Матэрыял: два палатны блакітнага колеру і адно палатно белага колеру, блакітныя шары для выканання танца, картка са сцягам Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыя з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, карткі з гербамі другіх дзяржаў, электронны запіс з Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь.
Ход мерапрыемства
Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Наша Беларусь – прыгожы, непаўторны край. Беларусь – гэта наша Радзіма. Радзіма – маці свайго народа. Яна ганарыцца сваімі сынамі і дачкамі, клапоціцца пра іх, прыходзіць на дапамогу. У кожнага чалавека ёсць свая маленькая Радзіма – гэта горад ці вёска, дзе яны нарадзіліся і жывуць.
Дзеці (чытаюць вершы)
1. Мы жывём у той краіне,
Дзе азёры ззяюць сінню,
Дзе лясы амаль да неба,
Дзе палі паўнюткі хлебам.
2. Рэк блакітныя сцяжынкі,
Маем кожны год “Дажынкі”,
А буслы жывуць на хатах,
Вучаць лётаць буслянятак.
3. Дзе гучыць матулі мова,
Дзе ўсё заўжды знаёма,
Дзе так смачна пахне воляй,
Дзе сустракаць хлебам з соллю.
(С.Брандт)
Выкананне песні “Беларусь – мая Радзіма”, верш У.Пецюкевіча, муз. Д.Даўгалёва
Выхавальнік дашкольнай адукацыі: А якія вы ведаеце сімвалы, што характарызуюць нашу Беларусь. (Адказы дзяцей: бусел, кветкі ільну, канюшыны, васількі).
Музычны кіраўнік: А можа хто ведае вершы пра васількі.
Дзеці (чытаюць вершы)
Сніцца мне васільковае поле
Я па ім, як па моры, плыву…
Сінявокае ўсё наваколле –
І ці сон гэта, ці наяву?..
Не відаць ні канца ў ім, ні краю,
Усё злілося ў адзіныўзор…
Быццам фарбы нябёс разбаўляе
Васільковым блакітам прастор.
(Л.Воранава)
Музычны кіраўнік: Давайце ж зараз з вамі выканаем танец, які так і называецца “Васільковае неба”.
Танец“Васільковае неба” пад песню ў выкананні А.Ланской
Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Шмат краін на свеце, усе яны розныя. І кожная краіна мае свае дзяржаўныя сімвалы. Якія з гэтых сімвалаў вы можаце назваць? (Дзеці: сцяг, герб, гімн).
Выхавальнік дашкольнай адукацыі (паказвае картку з выявай сцяга): Звярніце ўвагу, што адлюстравана на малюнку? (Адказ дзяцей).
– А з якіх частак складаецца сцяг? (Адказы дзяцей: Дрэўка, палотнішча).
– Якія колеры ў нашага сцяга? (Адказы дзяцей: зялёны, чырвоны, белы).
– Колеры – белы, зялёны, чырвоны здаўна ўшаноўваліся людзьмі. Чырвонымі і зялёнымі ніцямі жанчыны вышывалі ўзоры на белай тканіне. З белых, чырвоных тканін часцей шылі святочнае адзенне. Зялёны колер – гэта багацце нашых лясоў і лугоў. Чырвоная палоска сцяга – дабытыя нашымі продкамі гонар і перамога над ворагамі.
А яшчэ ў Беларускага сцяга каля дрэўка ёсць вертыкальная палоска, на якой размешчаны нацыянальны арнамент. А дзе можна ўбачыць сцяг? (Адказы дзяцей: на будынках, на плошчы горада ў вялікія святы, на парадзе, на розных спартыўных мерапрыемствах).
Выхавальнік дашкольнай адукацыі (звяртае ўвагу на герб): Што адлюстравана на малюнку? (Дзеці: Герб).
– Так дзеці. Герб – гэта адметны знак краіны. Давайце разгледзім яго. Якой формы герб? Якія сімвалы ёсць на гербе? Што яшчэ вы бачыце? (Адказы дзяцей)
– А зараз падыдзіце да мальберта, паглядзіце ўважліва: вам патрэбна знайсці герб Беларусі сярод гербаў іншых краін (Дзеці знаходзяць герб сваёй краіны).
Музычны кіраўнік: А яшчэ ў нашай краіны ёсць гімн. Гімн – гэта галоўная песня краіны. Ён з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага адзінства. Калі герб і сцяг мы бачым, то гімн мы чуем. Дзе можна пачуць гімн? (Адказы дзяцей: На спартыўных спаборніцтвах, на святах, па тэлебачанні – калі пачынаецца новы дзень).
Музычны кіраўнік: Дзеці, гімн слухаюць стоячы. Давайце ўстанем і паслухаем гімн.
Гучыць дзяржаўны гімн
Музычны кіраўнік: Дзеці, дык што ж азначаюць дзяржаўны сцяг, герб і гімн краіны? (Адказы дзяцей: Гэта дзяржаўныя сімвалы нашай краіны).
– Усе гэтыя сімвалы азначаюць адзінства краіны і яе незалежнасць ад іншых дзяржаў.
Мне хочацца яшчэ раз нагадаць вам – любіце і шануйце сваю краіну, сваю родную зямлю!
Наша краіна прыгожая,
Наша краіна гасцінная,
Ветліва сустракае ўсіх –
І хлебам, і песняй адзінаю.