Саракі. Забава для дзяцей старэйшай групы (5-6 гадоў)

- 15:07Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Святы і абрады з’яўляюцца арганічнай часткай народнай культуры. Праз іх не толькі поўніцца і актывізуецца беларускі слоўнік дзіцяці, выхоўваецца любоў і павага да роднай мовы, але і спасцігаецца светапогляд, душа, мудрасць, гумар, таленавітасць, майстэрства свайго народа.

 

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”
Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

Асаблівае месца ў сістэме выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту займаюць народныя святы і абрады. Урачыстасць, атрыбутыка (сімвалы, святочнае ўбранства залы), святочнае нацыянальнае адзенне садзейнічаюць эмацыянальнаму ўспрыманню магічных дзеянняў, рытуальных тэкстаў, вызываюць эстэтычныя пачуцці: радасць, хваляванне, спагадлівасць, захапленне, а таксама першасныя праяўленні патрыятычных пачуццяў, выхоўваюць гонар за Бацькаўшчыну.

Мэта: патрыятычнае выхаванне дзяцей праз далучэнне выхаванцаў да нацыянальных традыцый, народных свят, абрадаў.

Праграмныя задачы: далучыць дзяцей да беларускай культуры, традыцый, мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных свят; выхоўваць пачуццё гонару за культурны патэнцыял свайго народа, жаданне стаць носьбітамі культурнай спадчыны.

Матэрыял і абсталяванне: народныя касцюмы для гаспадара і гаспадыні, хлопчыка, дзеда; касцюмы птушак, Вясны; афармленне залы ў выглядзе сялянскай хаты (стол пад вышываным абрусам, гліняны посуд, лава, кошычкі з печывам); аўдыёзапісы: беларускай народнай музыкі; фанаграмы-мінусоўкі беларускай народнай песні “Жавароначкі, прыляціце”, песні “Жаўраначка” ў выкананні ансамбля “Сябры” і Алесі; музычны цэнтр.

 

Ход мерапрыемства

Куток залы прыбраны ў выглядзе сялянскай хаты. Пад беларускую народную музыку выходзяць гаспадар і гаспадыня.

 

Гаспадар:

Я сардэчна ўсіх вітаю і на свята запрашаю.
Бачу, што ўсё гатова, значыць, можна пачынаць.
Саракі – такое свята будзем сёння святкаваць.

Гаспадыня:

Веснавое гэта свята, усе да нас заходзьце ў хату.
Будзем разам святкаваць, вясну-красну сустракаць.

Гаспадар:

22 сакавіка гэтае свята адбываецца
Кажуць, што дзень з ноччу ў гэты час сустракаюцца.
Сорак птушак з цёплых краін прылятае,
Ды сарака маразамі Зіма яшчэ пагражае.

Гаспадыня:

Так, дзеткі, запомніце з маленства:
Саракі – дзень вясновага раўнадзенства.
Жаўрочкоў – божых птахаў на свята вітаюць.
Вестуноў крылатых вясны-красны праслаўляюць.

Гаспадыня:

А чаму – пра тое мы зараз раскажам
І нават цікавую казку пакажам.

Гаспадар і гаспадыня выходзяць (хаваюцца за сцяною “хаты”). Выходзіць хлопчык, калоціцца ад холаду.

Хлопчык:

Ой, студзёна! Ой, мароз!
Мерзнуць вушы, шчокі, нос!
Дзе ж вясна? Чаго не йдзе?
Можа спіць на хмары дзе?
Як жа яе разбудзіць ды на зямлю запрасіць?
Хто парадай дапаможа? Дзедка Ясь, напэўна, зможа!
Ён усё на свеце знае, пра ўсё распавядае.
Да яго хутчэй пайду, раскажу сваю бяду.

 Выбягае за сцяну “хаты”. З другога боку выходзіць дзед, сядае на лаўку.

 Дзед Ясь (дарослы) (напявае):

Іграў я на дудцы
Седзячы на будцы.
Ту-лю-лю, ту-лю-лю, ту-лю-лю!
Грае мая дудка, вясна прыйдзе хутка.
Ту-лю-лю, ту-лю-лю,ту-лю-лю!
                            (з народнага)

 Прыбягае хлопчык, звяртаецца да дзеда.

 Хлопчык:

Дзеду Ясю, прывітанне!
Адкажы мне на пытанне:
Як вясну мне абудзіць ды на зямлю запрасіць?
Дзесь за хмарамі хаваецца, а да нас і не спяшаецца!

Дзед Ясь:

Ох, няпростая задача! Трэба думаць ды судзіць…
Хто бы змог узняцца ў неба, каб Вясну-красну збудзіць?

(Пачакаўшы)
Здагадаўся цяпер, хлопча? Толькі птушкі дапамогуць!
Не марнуй тады ты часу, ды збірайся ў дарогу.
Выйдзі ў поле, на прастору. Рукі паднімі ўгору.
Зычным голасам гукай, птушак да сябе склікай.

Хлопчык:

Добра, так я і зраблю.
Пайду ў поле, на раллю.

 Хопчык выходзіць наперад, узнімае рукі да неба.

Гый вы, птушкі, прыляціце! Вясну-красну абудзіце!
Хопіць Зіме панаваць, снегам зямлю накрываць.
Нехай Вясна прачынаецца, ды з-за хмараў спускаецца.
Каб сонейка зайграла, ды цёпленька ўсім стала.
Гэ-гэй! Птушкі! Гэ-гэй!

 Хлопчык, гукаючы, выходзіць за сцяну “хаты”. Дзед Ясь выходзіць наперад.

 Дзед Ясь:

У нашым краі – Беларусі –
Ёсць буслы, сарокі, гусі,
Качкі, чыбісы, саколкі,
Чаплі, совы, перапёлкі.
У нашым краі – Беларусі –   
Ёсць буслы, сарокі, гусі,
Галкі, крумкачы, вароны,
Галубок нахахалёны.
У нашым краі – Беларусі –
Ёсць буслы, сарокі, гусі,
Ластаўкі і верабейкі,
Чыжыкі і салавейкі.
                   (А.Гурло)

 А яшчэ ёсць жаўрачкі –
Шэранькія камячкі.
Ў неба высока лятуць,
Песню звонкую пяюць.
Вось птушкі разам сабраліся,
Ды хто ж Вясну разбудзіць – заспрачаліся.

Дзед сядае на лаву. Вылятаюць птушкі-дзеці, становяцца паўкругам.

Крумкач:

Я крумкач – чорны гарлач.
Голас зычны ў мяне, як не чуць яго Вясне!
Крум-крум-крум, Вясна, прачніся!
На зямлю дажджом спусціся!
Ветрам цёпленькім павей,
Адгані Зіму хутчэй!

Журавель:

Я – цыбаты журавель,
Абляцеў ужо сто зямель.
Ды не крумкай ты, крумкач!
Голас твой нібы дзяркач!
Непрыемна рэжа вуха…
Вось як трэба, ты паслухай:
Курлы, курлы, Вясненька!
Прыходзь да нас хуценька.
Растапі на рэчках лёд
Пакліч Сонца ў карагод.
Каб зямелька ачуняла,
А зіма, як дым, прапала!

Сарока:

Чэ-чэ-чэ! Я сарока-белабока, прыляцела здалёка,
Пасядзела на таку, у мяне хвосцік на баку.
                                      (з народнага)

Ну хіба ж так гукаюць, Вясну прыклікаюць!
Гэй, Вясна-красна! Хопіць спаць!
Трэба зямлю ад снежнага палону ратаваць!
За трыдзевяць зямель прагнаць маразы,
Каб распусціліся пупышкі ў лазы.
Каб сок па дрэвах хуценька пацёк,
Ды напаіў бы смачна нас, сарок!

 

Бусел:

Клё-клё-клё! Ах ты, хітрая сарока, нахальнае вока!
Клубком па раллі коцішся,
Аб сабе толькі клапоцішся!
Няхай Вясна на зямлю вяртаецца.
Прырода-матухна абуджаецца.
Камары ды мухі, жабы-паскакухі.
Клё-клё-клё!

 

Сыч:

У-У! У-У! Бусел-бусел, землямер! Схапіў жабу за каўнер,
Па зямлі павалачыў, у канаве намачыў!
                                               (В.Вітка)

Маеш доўгу дзюбу, брат. А вось розуму – не шмат.
Чырвоны боты начапіў, а Вясну не пабудзіў!

 

Шпак:

Я шпак-салдат! Прывітаць усіх рад.
Мундзір пярэсты ў мяне. Люблю спяваць аб Вясне.
Браткі, няма чаго нам спрачацца.
Трэба вышэй да неба паднімацца.
Вясна ж жыве на аблоках,
 І не чуе нас здалёку. (Прыслухоўваецца)
Але што гэта ў небе звініць,
Нібы ручаінка журчыць?
 Чыя гэта звонкая песня
Высока гучыць у паднябессі?
Глядзіце, як сонца заззяла!
І вецер павеяў цяплом!
Нарэшце Вясна абудзілась
І крочыць на землю з дажджом! 

Выходзіць Жаваронак, вядзе за руку Вясну.

Крумкач: Крум-крум! Вясна прачнулася, на зямлю вярнулася!

Журавель:

Курлы-курлы! Жаваронак Вясну пабудзіў!
Курлы-курлы! На зямлю Красну запрасіў!

 

Бусел: Слава-слава, Жаўручок, непрыкметны спявачок!

Сыч: Сціплы птах, вясны пясняр! Паднябёсны ўладар!

Сарока:

Прыйшоў нарэшце час жаданы!
Рады мы вясну сустрэць!
Шчыра просім-запрашаем
Край наш родны абагрэць!

 

Жаваронак (кланяецца Вясне):

Паклон добрай Вясне, што шчасце нясе!
Маладая вясна, залатая пара!
Будзь красна і ясна,
Не шкадуй нам дабра!
Вокам маткі зірні,
Маразы адгані.
Дай уздужаць малым
Пад павевам тваім.
Мы вяночкі спляцём,
Табе песні спяём!
                                      (Я.Купала)

Вясна:

Дзякуй, што мяне пабудзілі,
Ды ў госці шчыра запрасілі.
Пайду па прасторах у зялёнай сукенцы
Па палях, азёрах, зазірну ў акенцы.
Сонцу-яснагрэю распляту касіцы!
Напаю зямельку талаю вадзіцай!
Адпраўлю з пагоркаў бегчы ручаінкі!
З дахаў капаць будуць Зімачкі слязінкі.
Птушак абагрэю ласкавым праменнем
Ды засею глебу веснавым насеннем!
Раю працы не чурацца, усім хутчэй за справы брацца:
Людзям – сеяць-бараніць, а вам, птушкі, – гнёзды віць!

 

Птушкі (кожная крычыць сваё, махаюць крыламі): Крум! Курлы! Чэ-чэ-чэ! Клё-клё! У-У!

Вясна і птушкі выходзяць.

Дзед Ясь (выходзіць наперад): Вось гісторыя якая! Жаўручок вясну выклікае!

Прыбягае хлопчык.

Хлопчык:

Дзеду, гэта дзіва з усіх дзіў!
Непрыкметны жаўрук вясну разбудзіў!

Дзед Ясь:

Сціплы птах, а голас мае – аж да Бога далятае!
Недарма жаўрукоў Божай птушкай завуць,
Бо ў неба яны свае песні нясуць!
Людзі свята жаваронкам прысвячаюць.
Смачных з цеста жаўручкоў выпякаюць.
Тым печывам людзей добрых частуюць
Ды з надыходам вясны віншуюць.

Выходзяць гаспадар з гаспадыняй. Звяртаюцца да дзяцей у зале.

Гаспадар:

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
Нам хлебушак пераела.
                            (з народнага)

Гаспадыня:

Жавароначак-пералётачак!
Прыляці да нас! Прынясі ты нам
Вясну ясную, вясну красную!
Жаваронак, да зімы прыляці да нас, сюды!
Нам зіма так надаела, усю салому пераела!
                            (з народнага)

 

Ой вы, жавароначкі, жавароначкі!
Ляціце ў поле, нясіце здароўе.
І авечкам, і цяляткам, і маленькім дзіцяняткам.

 

Гаспадар: А каб жавароначкаў прывітаць, трэба песеньку добрую заспяваць. Давайце ўсе разам заспяваем песеньку “Жавароначкі, прыляціце”. (Усе разам спяваюць народную песню”Жывароначкі, прыляціце” на матыў песні ў выкананні гурта “Песняры”).

Песня

Жавароначкі, прыляціце,
Вясну красную прынясіце.
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садзікі расквяціла.

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце.
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
нам хлебушкі пераела

Жавароначкі, прыляціце,
Землю-матухну абудзіце,
І дожджыкам напаіце.
Каб травачкі нарасціла,
І волікаў накарміла.

 

Гаспадар:

Ну а якое ж свята без вясёлых гульняў!
Запрашаю ўсіх пагуляць, у карагодзе месца заняць.

Усе становяцца ў круг. Гаспадар знаёміць дзяцей з правіламі гульні.

Гульня “Жаўручок”

Апісанне гульні: дзеці, узяўшыся за рукі, утвараюць круг. У сярэдзіне круга –“жаўручок”. Усе спяваюць:

 

                             Жаўручок маленькі, жаўручок шарэнькі!
                             Праскачы ў дзірачку, ды не пабі спіначку!

На гэтыя словы “жаўручок” імкнецца выскачыць з круга, але дзеці яго не пускаюць: хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.

Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:

                             Жаўручок, павярніся, маленькі, павярніся!
                             Тупні ножкай, паскачы! Ды ў далоні запляшчы!

Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца “жаўручок”: ён дакранаецца да каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца. Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю “жаўручка”.

Правілы гульні: пры набліжэнні “жаўручка” дзеці павінны хутка ўзяцца за рукі; калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся “жаўручок”, займае яго месца.

Гуляюць некалькі раз у гульню.

Гаспадыня:

А я таксама цікавую гульню ведаю. “У гнёзды” называецца.

Запрашаю вас пагуляць, спрытнасць-лоўкасць сваю паказаць!

Гульня “У гнёзды”

Апісанне гульні: дзеці становяцца ў агульны круг і бяруцца за рукі. Пасярод круга раскладаюцца абручы – “гнёзды”, якіх павінна быць на 2–3 менш, чым дзяцей. Гаспадыня (або лічылкай выбіраецца водзячы) ходзіць па крузе і робіць розныя рухі: прысядае, падскоквае і г.д. Дзеці, не разнімаючы рук, павінны паўтараць тыя дзеянні. Нечакана водзячы камандуе: “У гнёзды!” Кожны імкнецца заняць “гняздо”. Той, хто яго не зойме, выходзіць з гульні, сядае на лаўку (“на седала (насест)”). Прымаецца яшчэ адзін абруч, гульня паўтараецца.

Правілы гульні: калі дзяцей становіцца мала, яны ўжо не бяруцца за рукі, каб зрабіць круг. Проста становяцца вакол “гнёздаў” і паўтараюць рухі водзячага. Водзячы павінен падаваць каманду “У гнёзды!” у той момант, калі дзеці зацікаўлены выконваннем разнастайных рухаў.

Дзед Ясь: Нагуляліся, наскакаліся, а цяпер сядайце, троху адпачніце, а я вам яшчэ раскажу цікавую легенду пра свята “Саракі”.

Дзеці сядаюць на лаўкі.

Дзед Ясь: Даўно гэта было, ажні ў 313 годзе. Жыў у горадзе Севастыя ў Арменіі імператар Ліцаній, і вельмі не любіў ён хрысціян – тых людзей, што верылі ў Бога Іісуса Хрыста. У яго арміі была дружына, якая складалася з сарака воінаў-хрысціян, якія славіліся сваёй храбрасцю і непахіснасцю. І загадаў Ліцаній дружыне адракнуцца ад хрысціянскай веры, а іх начальнік Агрыкалай пачаў схіляць да таго, каб воіны прынеслі ахвяру старажытным багам. Аднак ніхто з воінаў не паддаўся на ўгаворы. Стаяла халодная зіма. У пакаранне за адказ воінаў распранулі і вывелі на сярэдзіну замёрзлага возера, на беразе якога была лазня. Начальнік Агрыкалай загадаў пратапіць лазню, спакушаючы тым вернікаў. Адзін з воінаў-хрысціян вытрымаў холад і пабег да яе, але нечакана рухнуў у беспрытомнасці на парозе лазні. А далей адбыўся цуд: лёд пад нагамі воінаў растаў і вада аказалася цёплай. Разгневаныя стражнікі пачалі яшчэ больш здзекавацца з непахісных ваяроў і паперабівалі ім калені. Тыя пападалі і пачалі прымярзаць. Пад раніцу воін Ліцанія па імені Аглай убачыў над галовамі трыццаці дзевяці мучанікаў хрысціян светлыя вянцы, увераваў сам у Бога Іісуса Хрыста. Так воінаў-хрысціян зноў стала сорак. І жывых, і мёртвых пакутнікаў прывезлі ў горад і спалілі на вогнішчы, а попел развеялі па возеры. А душы пакутнікаў, нібы птушкі-жаваронкі, узнесліся на неба да Бога. Іх так і называюць – сорак севастыйскіх мучанікаў.

Гаспадыня і гаспадар прыносяць у кошыках печыва ў выглядзе птушак.

Гаспадыня:

Вось вам, дзеткі, пачастункі – жавароначкі-ласункі!
Са святам віншуем вас шчыра! Жадаем здароўя і міра!

 

Гаспадар:

Заўсёды вас, даражэнькія, у госці чакаем.
Праз год зноў на Саракі да нас запрашаем.
Да пабачэння, рабяткі! Ляціце, нібы птушаняткі!

Пад песню ў выкананні гурта “Сябры” і Алесі “Жаўраначка” (музыка Э.Ханка, словы Н.Гілевіча) гаспадар і гаспадыня частуюць дзяцей печывам.

 

Літаратура

1. Дубовская, Л.В. Маленькие граждане большой страны: программа патриотического воспитания детей дошкольного возраста “Спадчына” / Л.В.Дубовская. – Мозырь : Содействие, 2007. – 220 с.
2. Цыральчук, А.А. Купалінка: народныя святы и абрады: дапам. для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / А.А.Цыральчук. – Мазыр : ТАА ВД “Белы Вецер”, 2005. – 62 с.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий