Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п. Мір”
Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы: далучыць дзяцей да беларускай мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць жаданне стаць носьбітамі роднай мовы; садзейнічаць стварэнню добрага настрою выхаванцаў.
Ход мерапрыемства
Жыў-быў казачнік Бай ў каралеўстве Баю-Бай.
Бег аднойчы па сцяне ў чырвоным кафтане.
Баяць баечку ці не?
Нёс сем пар лапцей: і сабе, і жане, і дзіцёнку па лапцёнку.
Лапці ў торбе ляжалі, тую торбу прарвалі.
І пасыпаліся з той торбы цэлыя горбы:
І пернікаў духмяных, і цацак гліняных
Бубны, балалайкі, казачкі ды байкі.
Адна казка звалілася, па дарозе пакацілася.
У канаву ўпала, ды там і ляжала.
Па дарозе мы ішлі, тую казачку знайшлі.
Ад бруду абтрэслі, ды ў садок прынеслі.
Казку слухайце, глядзіце
Ды нас строга не судзіце.
Сядзяць Дзед з Бабуляю за сталом, абедаюць.
Распавядальнік:
Дзед з бабуляй у вёсцы жыў, сеяў зерне, не тужыў.
Садзіў бульбу ў гародзе, час праводзіў на прыродзе.
Ды аднойчы на абед рэпы захацеў наш дзед.
Кажа ён сваёй бабулі:
Дзед (кідае лыжку, стукае па стале):
Ужо абрыдла мне цыбуля,
Бульба горла пераела і капуста надаела.
Кашы з рэпкі так жадаю, аж прытомнасць губляю.
Гэй, бабуля, не ляніся, кашу гатаваць бярыся!
Бабуля (пляскае ў далоні):
Дзедка, хіба ты жартуеш? Як жа кашу прыгатуеш?
Дзе ж узяць мне рэпы той гэтай ранняю вясной?
У краме рэпы не купіць…
Дзед:
Трэба рэпу пасадзіць!
Я гарод пайду ўскапаю, ды вадой папаліваю.
Пасаджу зярняткі ў глебу. Рэпа хай расце да неба!
Дзед з Бабуляй выходзяць. Дэкарацыі мяняюцца (стол забіраецца, выносіцца плот)
Распавядальнік:
Так наш дзедка і зрабіў.
Агарод ускапаў, паліў,
Унёс у глебу ўгнаенне, каб хутчэй ўзышло насенне.
Усё пасеяў – так стаміўся, ажні потам увесь абліўся.
Скончыўшы сваю работу, адпачыць прысеў ля плоту.
(Выходзіць Дзед, выцірае пот, садзіцца каля плоту)
Рукі стомлена паклаў, ды на сонцы задрамаў.
Тут, адкуль ты ні вазьміся, верабейкі прынясліся.
Сталі дружна шчабятаць, сталі глебу разграбаць.
(Выбягае адразу адзін верабейчык)
1 верабей:
Чык-чырыкі! Ціў-ці-ціў! Хачу есці я, ледзь жыў!
Трэба вераб’ёў склікаць, ежу ў глебе тут шукаць!
Гэй, браткі, сюды злятайце! Сытнай ежы пашукайце!
Смачных зерняў, чарвячкоў для галодных жыватоў.
(Прыбягаюць яшчэ два верабейкі)
2 верабей:
Чык-чырык! Браток, шукай! Лапкай глебу разграбай!
Есці дужа ўжо ахвота. Паграбіся там ля плоту.
3 верабей:
Чык-чырык! Знайшоў зярняткі.
Налятай хутчэй, рабяткі!
(Вераб’і дзяўбуць зярняткі)
1 верабей:
Толькі зерняў як пад’елі, зразу дык павесялелі.
Запявайце, браткі, шэрыя чубаткі!
(Вераб’і спяваюць песню)
Песня “Верабейчык” (словы народныя, апрацоўка І.Кузняцова)
Вось прайшлі зімовы сцюжы, на дварэ расталі лужы;
Скача, скача верабей, ён склікае ўсіх дзяцей:
“Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў!”
Ён склікае ўсіх дзяцей.
Да дзяцей ён просьбу мае і чырыкае, як знае:
“Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў!”
Дайце есці, я ледзь жыў!
“Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў!”
Дайце есці, я ледзь жыў!
Есці многа мне не трэба – трохі зерняў, трохі хлеба.
Кіньце, дзеткі, на зямлю, я вам песеньку спяю:
Ціў-ціў-ціў, ціў-ціў-ціў! – я вам песеньку спяю!”
Распавядальнік:
Вераб’і загаманілі, дзеда шумам разбудзілі.
Дзед прачнуўся, закрычаў, ажні плот той задрыжаў:
Дзед (падхопліваецца, трасе кулаком):
Ах вы, злыдні! Прэч пайшлі! Усё разгрэблі ў зямлі!
Вось я вас! Ату! Ату! Прэч ляціце за вярсту!
Нарабілі мне бяды! Не варочайцесь сюды!
Вераб’і ўцякаюць, Дзед у задуменні чухае патыліцу.
Дзед:
Так, каб ураджай сабраць, трэба птушак распужаць.
Што ж прыдумаць? Як тут быць? Во!
Трэба пудзіла зрабіць!
Бабка! Дай старую світку, ды спадніцу, ды намітку.
Буду пудзіла ствараць, шкодных вераб’ёў пужаць.
(Бабуля прыносіць Дзеду вопратку)
Бабуля:
Во, дзядуля, на адзёжу. Будзе пудзіла прыгожым!
Вось кашуля, вось спадніца, нават з кветкай рукавіца.
Капялюш яшчэ прыладзь. Будзе вартаўнік стаяць.
(Дзед з Бабай выходзяць)
Распавядальнік:
Дзед узяўся за работу. Майстраваць ён меў ахвоту.
Што ні возьмецца рабіць – справа ў руках кіпіць
Спрытна дзедка працаваў: грукаў-стукаў, пілаваў,
Ды саломаю пшанічнай мех ад бульбы набіваў.
Зверху вопратку надзеў. Адышоўся, паглядзеў.
(Дзед выходзіць з Пудзілам, робіць выгляд, што нясе Пудзіла. Пудзіла з закрытымі вачамі. Дзед ставіць Пудзіла ля плоту. Адыходзіцца)
Дзед (задумліва):
Нечага тут не хапае… Пудзіла ж вачэй не мае!
Намалюю хутка вочы, каб сачыў ён удзень і ўночы.
Пільна рэпу вартаваў, усіх злачынцаў адганяў.
(Дзед робіць выгляд, што малюе вочы. Пудзіла вочы адчыняе. Выходзіць Бабка, нясе стрэльбу)
Дзед (звяртаецца да Бабкі): Бабуля, во, прымай работу. Пастаўлю пудзіла ля плоту.
Бабка (надзявае на плячо пудзіла стрэльбу):
Ага! Няхай рукавамі махае, звяроў ды птушак прэч ганяе.
Вось яму стрэльба на рамні! Сапраўдны выйшаў вартаўнік!
Бабка (звяртаецца да Дзеда): Хадзем, дзядуля, адпачнеш, ды квасу свежага пап’еш.
(Бабуля з Дзядулем выходзяць).
Пудзіла:
Вартаўнік я – хоць куды! Смелы, дужы, малады!
Не дарма стаю на полі, шкоднікам не дам патолі.
Беражыся, звяры, птушкі. Прэч ад рэпы, лапы, вушкі.
Пільна я гарод вартую, усё ўбачу, усё пачую.
Толькі суньцеся сюды – у момант схопіце бяды.
(Пудзіла ходзіць каля плоту ўзад-уперад, як вартавы. За плотам з’яўляецца вялікая рэпка, намаляваная на кардоне)
Распавядальнік:
Дзень за днём бяжыць, мінае. Хутка рэпка адрастае.
Зелянеюцца лісточкі, лашчаць позірк жоўты шчочкі.
Сонца рэпку сугравае, цёплы дожджык палівае.
Расце рэпка, закругляецца, смачным сокам наліваецца.
Усе, хто поблізу праходзяць, вачэй ад рэпкі не адводзяць.
З лесу зайцы выглядалі, за гародам назіралі.
(Выходзяць два зайцы: баязлівы і смелы)
1 заяц (баязлівы):
Глянь, гародніна якая! Чым яе дзедка палівае?
Расце, ну быццам на дражджах! А які водар, які пах!
Ў мяне аж слінкі пацяклі. Паспрабаваць бы хоць далі!
2 заяц (смелы): Паціху трэба падабрацца, ды рэпкай той пачаставацца!
1 заяц (баязлівы):Дык нехта страшны там стаіць. Як зловіць нас ды будзе біць?
2 заяц (смелы):
Зусім ты, братка, баягуз. Не заяц нават ты, а трус.
У нас жа лапы – хуткаходы. Праскочым у момант ўсе гароды.
Схаваемся пад куст у мосе ды ўдосталь рэпкі наямося.
Знайшоў чаго ты тут пужацца!
1 заяц (баязлівы):
Табе бы толькі выхваляцца!
Схлусіш – не павядзеш і вухам. Вось песня пра цябе, паслухай!
(Зайцы садзяцца каля плоту, слухаюць песню “Бегаў зайчык шэранькі” (сл.С.Пацёмкіна, апрацоўка Г.Вагнера), якую выконваюць дзеці з групы)
Бегаў зайчык шэранькі ля ракі,
На яго наскочылі два ваўкі.
Паляўнічы зайчыка ўратаваў,
Ён лясных драпежнікаў пастраляў.
Уцякаў той шэранькі з усіх ног.
Не глядзеў ні сцежак ён, ні дарог.
І хваліцца ў лесе ён так пачаў:
– Двух ваўкоў ля рэчкі я разарваў.
2 заяц (смелы):
Зусім я, братка, не хвалюся. Я сапраўды нікога не баюся.
Ды што з табою, баягузам, размаўляць.
Пайду ў гарод хутчэй лепш рэпку каштаваць.
(Заяц пераходзіць цераз плот да рэпкі. Пудзіла знімае стрэльбу, крычыць)
Пудзіла:
Стой! Ні з месца ты, нягоднік, шэры злодзей-агароднік!
Лапы ўгору! Не ўцякаць! А не то буду страляць!
2 заяц (спалохана): Каравул! Бяда! Ратуйце! Больш не буду! Мне даруйце!
(Зайцы ўцякаюць)
Пудзіла:
Вартаўнік я хоць куды! Рэпку вызваліў з бяды!
Ураджай уратаваў – зайцоў з градкі адагнаў.
Распавядальнік:
Тут ці зблізку, ці здалёку, паяўляецца сарока.
Села адпачыць на плот, паглядзела ў агарод.
(Дзеці з групы спяваюць народную песеньку “Белабока-сарока” пад апрацоўкай А.Рашчынскага)
Белабока-сарока
Прыляцела здалёку.
Села ж яна на таку,
У яе хвосцік на баку.
(Пад песню прылятае Сарока, становіцца каля плоту)
Сарока:
Я – сарока-белабока. Прыляцела я здалёка.
У дарозе самлела, есці захацела.
Ой, якая рэпка! Жаўтлява ды крэпка!
Трэба яе паспытать, бачок жоўты падзяўбаць!
(Сарока падыходзіць да рэпкі, каб дзяўбануць. Пудзіла махае рукамі, крычыць)
Пудзіла:
Прэч пайшла, сарока! Зладзейка-белабока!
За хвост цябе ўхвачу, усе бакі намалачу!
(Пудзіла хоча схапіць Сароку, тая ўцякае)
Сарока:
Чэ-чэ-чэй, чэ-чэ-чэй! Палячу ў лес хутчэй!
Жыццё ледзь захавала!
(аглядаецца на свой хвост, уздыхае з палёгкай)
Фу! Хвост уратавала!
(Сарока, махаючы крыламі, выходзіць)
Пудзіла:
Вартаўнік я хоць куды! Рэпку вызваліў з бяды!
Ураджай уратаваў – сароку моцна напужаў!
Распавядальнік: Тут затрашчала нешта ў лесе: мядзведзь з кустоў-гушчару лезе.
(Дзеці з групы спяваюць народную песеньку “У мядзведзя на бару” пад апрацоўкай А.Рашчынскага)
У мядзведзя на бару
Грыбы-ягады бяру.
А мядзведзь на нас глядзіць
І вурчыць.
У мядзведзя на бару
З дупла мёду набяру
А мядзведзь на нас глядзіць
І вурчыць.
(Выходзіць пад песню Мядзведзь, нюхае паветра, аблізваецца)
Распявядальнік:
Паветра носам уцягнуў, языком нос аблізнуў.
Ды ўнюхаў ваявода: смачна пахне з агарода!
Мядзведзь (падыходзіць да плоту, глядзіць на рэпку):
Што за ягада такая? Я чаму такой не знаю?
Ухаплю яе за бок, пакаштую на зубок!
(Мядзведзь нагінаецца цераз плот, хоча вырваць рэпку)
Пудзіла:
Ах, разбойнік! Ліхадзей! Рэпку ты чапаць не смей!
Калі з градкі не ўбярэшся, дык без скуры застанешся!
Палічу: Як будзе пяць, буду ў цябе страляць!
(Пудзіла лічыць) Раз, два, тры, чатыры…
Мядзведзь (адыходзіцца задам, махае лапамі):
Вой-вой-вой! Ты не страляй! Не крану твой ураджай!
Я ў лес хутчэй пайду, ды малінку там знайду!
(Мядзведзь выходзіць)
Распавядальнік:
Так і лета праляцела. Рэпка дужа растаўсцела.
Вырасла на ўвесь гарод, ажні паваліла плот.
(Плот падае, за ім стаіць вялікая рэпка)
Распавядальнік: Дзед прыйшоў па ўраджай.
Дзед (падыходзіць да рэпкі, абходзіць яе, бярэцца за галаву):
Вось дык рэпка! Ай-ай-ай!
Як яе адну зварыць, можна вёску накарміць!
У абхваце – тры аршыны. На ўсю зіму – вітаміны!
Распавядальнік:
Дзед да рэпкі падступіўся, за лістоту ўхапіўся.
Як ён рэпку ні цягнуў – нават з места не крануў.
Дзед (чухае патыліцу):
Што ж прыдумаць? Як тут быць?
Што мне з рэпкаю рабіць?
Пудзіла (кашляе, звяртаецца да дзеда):
Кхе-кхе! Мне дазвольце даць параду,
Выбавіць як рэпу з градаў.
Трэба, каб дапамаглі вам рэпу выцягнуць з зямлі.
Вы, дзядуля, не чакайце, дапамогу выклікайце.
Дзед (радасна):
Дзякуй за параду тую! Бабе патэлефаную!
(Звоніць па мабільным тэлефоне)
Алё! Бабуля! Ты там дзе? Цябе чакаю на градзе.
Рэпка вырасла да неба, дапамога твая трэба.
Бабуля:
Чаго, дзядуля, тут крычыш? Чаго нагамі тупаціш?
(Абыходзіць рэпку, бярэцца за галаву):
Авой! Вялізарная рэпка! Ды ў глебе як засела крэпка!
Дзед:
Бабуля, за мяне трымайся, нагамі ў землю ўпірайся.
А я за рэпку ўхаплюся. Мацней трымай, бо павалюся!
(Дзед бярэцца за рэпку, бабуля – за яго. Цягнуць рэпку)
Распавядальнік: Цягнулі ўлева, і ўправа. Ніяк не рухаецца справа.
Бабуля (адыходзячы ад дзеда):
Чакай! Паклічу я ўнучку. Няхай з сабою возьме Жучку.
Ды кошку Мурку прывядзе. Лягчэй жа праца ў грамадзе!
Як возьмемся ўсе мы разам, дык рэпку выцягнем адразу.
Дзед абходзіць рэпку, спыняецца.
Дзед: Во выгадаваў ураджай! Хоць экскаватар выклікай!
Вяртаецца бабуля, вядзе ўнучку, Жучку і кошку.
Унучка (з фотаапаратам, робіць здымкі кругом рэпкі):
Цуда-рэпку трэба зняць, у кнігу Гінеса паслаць.
Ды ў часопіс “Гаспадыня”, хай чытачам настрой падніме.
Артыкул трэба напісаць, як такі ўраджай сабраць.
Ці са мною згодзен, дзед, раскрыць гародніцкі сакрэт?
Дзед:
Канечне, згодзен, што таіцца.
З людзямі трэба ўсім дзяліцца.
Жучка:
Ну колькі будзем тут стаяць? Мне трэба хату вартаваць.
Хутчэй давайце вырвем рэпу, бо ўжо дамоў мне бегчы трэба.
Дзед:
Ну, гародніна, трымайся! Бабка, за мяне хапайся.
Станем дружна чарадою, рэпку выцягнем з зямлёю!
Пудзіла: Мяне таксама ў гурт прыміце, у сваю каманду залічыце!
Дзед:
Давай, да гурту далучайся.
Мацней за Кошку ты трымайся.
(Бяруцца і цягнуць рэпку: Дзед, Баба, Унучка, Жучка, Кошка, Пудзіла)
Дзед (лічыць): Раз, два, тры, чатыры, пяць! Будзем рэпку выцягаць!
Распавядальнік:
Дзед – за рэпку, за ім баба. Учапілася не слаба.
Ззаду – унучка, Жучка, кошка. Рэпа пахіснулась трошку.
Але больш як не цягнулі – далей рэпку не скранулі.
Тут у траве заўважыў дзед – Мышка вылезла на свет.
Сівым хвосцікам махае, на іх увагі не звяртае.
Кошка тут зафыркацела, ды да мышкі падляцела.
(Выходзіць Мышка. Кошка падбягае да Мышкі, хоча яе схапіць. Мышка адштурхвае яе рукі)
Распавядальнік:
Але мышка не спужалася, нават у норку не схавалася.
Смела Кошцы заяўляе:
Мышка:
Стой, драпежніца сівая!
Я тут з норкі выглядала, ды за вамі назірала.
Вось рашыла даць параду: не дасце вы рэпцы рады.
Яна карэннямі трымаецца, за глебу імі ўхапляецца.
Як ёй карэнні падарваць – тады і можна выцягаць.
Дзед: А як жа гэта нам зрабіць?
Мышка:
Карэнні можна адкусіць!
Праз норку да іх дабяруся, зубамі вострымі ўчаплюся.
Падрэжу іх, нібы нажом. Выцягнем рэпку ўсім гуртом.
Дзед:
Добра, Мышка, памагай!
На ўсіх падзелім ураджай!
(Мышка выходзіць)
Кошка (махае рукой):
Ой, абхітрыла Мышка нас.
Смяецца пэўна ў гэты час.
(Мышка вяртаецца)
Мышка:
Усё зрабіла, як казала. Карэнні ўсе паадкусала.
Становімся хутчэй радком, ды рэпку выцягнем ладком!
(Становяцца адзін за адным, апошняя стаіць Мышка)
Распавядальнік: Раз-два! Дружна ўзялі, рэпку вырвалі з зямлі!
Бабуля: Вось і рэпка! Зварым кашы на ўсіх суседзяў нашых!
Дзед: Пасвяткуем на гародзе! Уславім рэпку ў карагодзе!
(Становяцца ў карагод вакол рэпкі, спяваюць песню на матыў “Каравай, каравай”)
Як на нашай на градзе
Расла рэпка з дня ў дзень.
Вось такой вышыні, вось такой ніжыні,
Вось такой шырыні, вось такой вужыні.
Ураджай, ураджай!
Усіх у госці запрашай.
(Усе ўдзельнікі казкі выходзяць наперад)
Дзед: Наша казка – павучальная.
Бабуля: У ёй ідэя – выхавальная.
Унучка: Калі будзеш працавітым
Жучка: І руплівым,
Кошка: Дамавітым,
Мышка: Не гультаіцца ў рабоце,
Пудзіла: Будзеш у шчасці жыць і згодзе!
Распавядальнік:
Вось і казачцы канец, а хто слухаў – маладзец.
І цяпер на завяршэнне кажам усім (усе разам) “Да пабачэння!”
(Артысты кланяюцца і махаючы рукамі, выходзяць з залы)