Раіса ШПАКОЎСКАЯ,
настаўнік геаграфіі
ДУА “Купяціцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
Мэта: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў.
Задачы: фарміраваць пазітыўныя адносіны да Рэспублікі Беларусь, павагу і цікавасць да гісторыі і традыцый сваёй краіны, папоўніць веды пра родны край; ствараць умовы для развіцця маўлення, памяці, мыслення, цікаўнасці; спрыяць выхаванню павагі да традыцый свайго народа, пачуцця гонару за сваю краіну, за свой народ.
Ход мерапрыемства
Добры дзень, паважаныя сябры! Я сардэчна вас вітаю і на мерапрыемства запрашаю. Бачу, што ўсё гатова, значыць, трэба пачынаць інтэлектуальна-пазнавальны рынг “Вандроўка па роднай краіне”.
І Арганізацыйны момант, эмацыянальны настрой вучняў
Музычнае суправаджэнне: мелодыя песні А.Агурбаш «Белая Русь».
Вучань:
Над прасторай сінявокай Беларусі
Пралятаў з калыскай у дзюбе бусел.
Аглядаў лясы ён і палеткі,
У калысцы нёс матулям дзетак.
Нас таксама ён прынёс на Беларусь,
Кожны з нас – патомны беларус.
Ведайце ўсе, я ганаруся тым,
Што нарадзіўся ў Беларусі!
Настаўнік: Зямля бацькоў – жыцця крыніца. Менавіта тут, ля парога бацькоўскага дома, і пачынаецца наша з вамі агульная Радзіма – Рэспубліка Беларусь. І не важна, жывеш ты ў вялікім горадзе, ці ў маленькай вёсачцы. Толькі пад небам роднай краіны вы можаце знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, прынесці карысць грамадству, адчуваць сябе сапраўднымі патрыётамі свайго краю. Для нас гэта Рэспубліка Беларусь. Брэсцкая вобласць. Пінскі раён. Вёска Купяцічы.
Вучань:
Радзіма наша – Беларусь,
І, колькі ні шукай,
Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі
Мілей, чым гэты край.
Не знойдзеш ты такіх людзей,
Іх сэрцы – дабрыня,
Яна струменіць, льецца ў свет
Крынічкаю штодня.
Таму ў жыцці не трэба быць
Няшчырым, сквапным, злым.
Не забывай: ты беларус!
І заставайся ім.
Прагляд відэафрагмента пра Рэспубліку Беларусь.
Настаўнік: Мы яшчэ раз упэўніліся, якая прыгожая наша краіна.
ІІ Асноўная частка
Вучаніца:
О, Беларусь, майго народа сэрца,
Твой гулкі рытм нікому не спыніць.
У вернасці Айчыне не клянецца,
Той, хто не можа без яе пражыць.
Мяне ты і вучыла, і лячыла,
Я пра цябе спяваю зноў і зноў.
Мая зеленакрылая Айчына,
Краіна бессмяротных курганоў.
Настаўнік: Сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа па нашай роднай краіне, адначасова праверым свае веды і пазнаем шмат новага і цікавага пра Беларусь. Для гэтага вам неабходна выканаць заданні. У нас ёсць дзве каманды: “Зубр” і “Бульба”, якія будуць спаборнічаць паміж сабой.
1. Прыпынак “Гарады Беларусі”
(вядучы па чарзе задае пытанні камандам)
1. Горад Беларусі, які носіць жаночае імя. (Ліда)
2. Горад, у якім схавалася слова “слон”. (Слонім)
3. Горад, які першы прыняў бой у пачатку Вялікай Айчыннай вайны. (Брэст)
4. Горад, які мае пушыстае імя. (Пухавічы)
5. Горад, які мае мужчынскае імя. (Барысаў)
6. Горад, назва якога звязана з назвай пушнога звярка, які водзіцца ў Беларусі. (Бабруйск)
7. Гарады, якія адрозніваюцца адной буквай. (Мінск — Пінск)
8. Адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. (Полацк. Ён заснаваны ў 862 годзе)
9. Сталіца Рэспублікі Беларусь. (Мінск)
10. Горад, які размешчаны на злучэнні рэк Піны і Прыпяці. (Пінск)
2. Прыпынак “Экалагічны”
(заданні на дошцы)
1. Назавіце самыя вялікія рэкі Беларусі. (Дняпро, Нёман, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Сож, Бярэзіна)
2. Якая рыба мае змеявідную форму і жыве ў азёрах Беларусі? (Вугор)
3. Назавіце жывёлу беларускіх лясоў – сімвал Беларусі. (Зубр)
4. Назавіце абласны цэнтр Беларусі, які ўзяў назву ад бярозавай кары? (Брэст)
5. Назавіце жывёл Беларусі, якія занесены ў Чырвоную кнігу. (Зубр, рысь)
6. Якія птушкі з’яўляюцца ўрачамі лесу? (Дзяцел, сініца)
7. Якіх птушак называюць гарадскімі жыхарамі? (Вераб’ёў)
8. Гэта і беларускі танец, і карняплод Беларусі. (Бульба)
9. Якія вы ведаеце нацыянальныя паркі Беларусі?(Прыпяцкі, Нарачанскі, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры)
10. Навошта ў краіне ствараюцца прыродаахоўчыя тэрыторыі? (Для аховы рэдкіх відаў жывёл і раслін, якія занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь)
3. Прыпынак “Што ты ведаеш пра Беларусь”
(заданні з чорнай шляпы)
1. Хто такі Францыск Скарына? (Першадрукар)
2. Якіх вядомых гістарычных асоб Беларусі вы ведаеце? (Рагвалод, Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая і г.д)
3. Якую выдатную дату адзначаюць Беларусы 3 ліпеня? (Дзень Незалежнасці)
4. Колькі колераў мае беларускі сцяг? (Тры – зялёны, чырвоны,белы)
5. Назавіце абласныя цэнтры Беларусі. (Мінск, Гродна, Гомель, Магілёў, Віцебск, Брэст)
6. У якім горадзе адбываецца фестываль “Славянскі базар”? (У Віцебску)
7. Назавіце асноўны закон Рэспублікі Беларусь. (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь)
8. Хто напісаў паэму “Песнь пра зубра” ? (Мікола Гусоўскі)
9. Назавіце імя і прозвішча паэтэсы, якую называюць беларускай Марынай Цвятаевай. (Яўгенія Янішчыц)
10. Як называецца галоўная песня краіны? (Гімн)
11. Назавіце Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. (15 сакавіка)
12. Якія кветкі маюцца на беларускім гербе? (Канюшына, лён)
13.Што ўвасабляюць Дзяржаўныя сімвалы: Сцяг, Герб, Гімн Беларусі? (Радзіму)
14. Першы беларускі лётчык-касманаўт, які нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна. (Пётр Клімук)
Фізхвілінка “Лес, балота, поле”
Вучань:
Я – беларус, я нарадзiўся
На гэтай казачнай зямлi,
Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх
Адвеку прашчуры жылi.
Я – беларус, я ганаруся,
Што маю гэтае iмя:
Аб добрай славе Беларусi
У свеце знаюць нездарма!
Я – беларус, i я шчаслiвы,
Што мацi мову мне дала,
Што родных песень пералiвы
I зблiзку чую, i здаля.
4. Прыпынак “Знайдзіце пару”
На гэтай станцыі мы з вамі звернемся да народнай мудрасці. Гэта прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, якія робяць нашу мову больш яркай і каларытнай. Прыказка дзеліцца на дзве часткі, неабходна знайсці пару да першай часткі.
1. | Дарагая тая хатка, | i куст родны. |
2. | Усюды добра, | чым чужая пярына. |
3. | У родным лесе | як з роднае крынiцы. |
4. | Кожнаму свой куток | як зморанаму пасцелька. |
5. | Родная зямелька, | у сваім бервяна не заўважаем. |
6. | Родная зямля мякчэй, | а дрэнная па дарожцы бяжыць. |
7. | Няма смачнейшай вадзiцы, | дзе нарадзiла мяне матка. |
8. | У чужым воку саломку бачым | мазоль за руку. |
9. | Добрая слава на палічцы ляжыць, | а дома лепей. |
10. | Гультай за работу | мiлы. |
Адказы: 1. Дарагая тая хатка, дзе нарадзiла мяне матка. 2. Усюды добра, а дома лепей. 3. У родным лесе i куст родны. 4. Кожнаму свой куток мiлы.5. Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.6. Родная зямля мякчэй, чым чужая пярына. 7. Няма смачнейшай вадзiцы, як з роднае крынiцы.8. У чужым воку саломку бачыму сваім бервяна не заўважаем.9.Добрая слава на палічцы ляжыць, а дрэнная па дарожцы бяжыць.10.Гультай за работу мазоль за руку.
Вучань:
Шануйце родны край – Айчыну,
Тых, хто яе абараняў,
Хто ў бітвах з ворагам загінуў,
Хто перамогу атрымаў.
Аляксандр Гладкіх
5. Прыпынак “Наша Перамога”
(каманда выбірае па 5 пытанняў і адказвае)
1. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна? (22 чэрвеня 1941 года)
2. Назавіце дату вызвалення горада Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня 1944 года)
3. Якая крэпасць першай сустрэла напад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? (Брэская крэпасць)
4. Якая дата з’яўляецца трагічнай у вёсцы Купяцічы? (19 сакавіка 1943 г.)
5. Назавіце дзень перамогі над фашысцкай Германіяй. (9 мая 1945 года)
6. Якіх піянераў-герояў вы ведаеце? (Л.Голік, М.Казей, З.Партнова, В.Коцік)
7. Як называецца мемарыяльны комплекс, які ўшаноўвае памяць пра мірных жыхароў, спаленых фашыстамі вёскі? (Хатынь)
8. Якая вуліца ў вёсцы Купяцічы названа у гонар героя Вялікай Айчыннай вайны? (А.Мальца)
9. Назавіце дату вызвалення горада Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. (14 ліпеня 1944)
10. Назавіце любую вуліцу горада Пінска, якая названа ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны. (Ракасоўскага, Чарнякоўскага, Кляшчова)
Прагляд відэафільма пра Пінскі раён (0, 48 хв.)
6. Прыпынак“Помнікі роднага краю” (складванне пазлаў)
Складзіце пазл і раскажыце: што вы ведаеце пра гэты аб’ект, дзе знаходзіцца. (Брэская крэпасць. Скульптура «Смага», манумент «Мужнасць», г. Брэст.).
Відэафільм “Брэсцкая крэпасць-герой”(2.23 хв.)
7. Прыпынак “Самы”
(пытанні для капітанаў каманд)
1. Самае вялікае возера Беларусі? Яно яшчэ называецца ў нас “Беларускім морам”. (Нарач)
2. Самая высокая кропка Беларусі. (Гара Дзяржынская)
3. Самы вялікі звер Беларусі .(Зубр)
4. Самы паўночны абласны цэнтр Беларусі. (Віцебск)
5. Самая маленькая вобласць у нашай рэспубліцы. (Гродзенская)
6. Самая доўгая рака у нашай краіне .(Дняпро)
7. Самае вялікае вадасховішча краіны. (Вілейскае)
8. Самае распаўсюджанае хвойнае дрэва. (Сасна)
9. Самы блізкі і родны чалавек. (Мама)
10. Самае грандыёзнае архітэктурнае збудаванне Беларусі. (Нацыянальная бібліятэка, вышыня 72,6 м)
8. Прыпынак “Прадоўжы сказ”
Настаўнік:
– мы зямляне, бо жывём на планеце…
– мы беларусы, бо жывём у краіне…
– мы палешукі, бо жывём на…
Яшчэ ўспомні назву сваёй малой радзімы і дапоўні:
– мы…, бо жывём у…
Настаўнік: Зараз я вам раскажу адно паданне.
“Ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы, ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць – нехта спявае.
Прыслухаўся першы:
– Відаць, жаўрук.
– Не, — кажа другі, — гэта лес шуміць.
А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:
– Дык гэта ж зямля наша беларуская спявае”.
9. Прыпынак “Спяваем разам”
Удзельнікі спяваюць беларускія песні, якія павінны адгадаць па першым акордам мелодыі.
Падвядзенне вынікаў.
– Малайцы! Вы добра выканалі ўсе заданні.
ІІІ Заключная частка
Настаўнік:
Сённяшняе мерапрыемства дало нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. I дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашым сэрцы заўсёды будзе адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся свае карані, паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя. Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе непаўторную прыгажосць роднай зямлі. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.
ІV Рэфлексія
Што вам больш за ўсё запоўнілася на нашай сустрэчы, якія веды возьмем разам з сабой? (Выказванні вучняў).
Вы шануйце свой край, родны край, беларусы!
Беражыце лясы, каб зямля не хварэла,
Каб цвілі верасы, каб Айчына квітнела!
Сёння мы зробім падарунак нашай роднай зямлі , падорым свой добры настрой. Вазьміце выразаныя з паперы кветкі, якія адпавядаюць вашаму настрою: чырвоны (захапленне), зялёны (спакой), жоўты (радасць) і ўпыгожце родны краявід.
Вучні прымацоўваюць кветкі. Гучыць ціхая мелодыя.
Настаўнік: Я жадаю, каб усе былі шчаслівыя, любілі і аберагалі нашу краіну, ганарыліся сваім родным куточкам зямлі і праслаўлялі яе сваімі поспехамі. Я спадзяюся, што ў вас гэта атрымаецца!