Максім Танк. Слова пра паэта. Тэмы і вобразы паэзіі. Урок беларускай літаратуры ў 9-м класе  

- 15:13II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Аксана ПАЛЯШЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

spaklik@yandex.by

 

Тэма: Максім Танк. Слова пра паэта. Тэмы і вобразы паэзіі

Тып: урок вывучэння новага матэрыялу

Узаемасувязь з ведамі, атрыманымі раней: урок першы з двух урокаў, прысвечаных творчасці Максіма Танка. Вучні знаёміліся з творчасцю паэта ў 5-м класе (урывак з паэмы “Нарач”, “Ля вогнішч начлежных”), у 7-м класе (верш “Дрэвы паміраюць”), у 8-м класе (аналізавалі верш філасофскай лірыкі “Шчасце”).

Мэта: вучні пазнаёмяцца з фактамі біяграфіі Максіма Танка, якія спрыялі развіццю яго таленту, змогуць раскрыць шырокі творчы дыяпазон танкаўскай паэзіі і адметнасці яго лірыкі; будуць даваць самастойную ацэнку лірычным творам паэта [3, с. 68]

Мэта ўрока мовай вучняў: плануецца, што напрыканцы ўрока вучні будуць ведаць асноўныя звесткі пра жыццё і творчасць Максіма Танка; шырокі творчы дыяпазон і адметнасць лірыкі паэта; будуць умець адбіраць і сістэматызаваць матэрыял з розных крыніц для характарыстыкі творчасці Максіма Танка.

Задачы асобаснага развіцця:

– спрыяць развіццю ўменняў працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, выказваць і абгрунтоўваць сваё меркаванне, рабіць высновы;
– садзейнічаць фарміраванню навыкаў крытычнага мыслення, развіццю творчага мыслення, развіццю ўменняў выказваць і абгрунтоўваць сваё меркаванне, рабіць высновы;
– удасканальваць камунікатыўныя ўменні, неабходныя для работы ў пары, у групе;
– сродкамі зместу ўрока выхоўваць павагу да свайго народа і роднай мовы.

Наштобузу (на што буду звяртаць увагу):

1. Асноўныя факты біяграфіі Максіма Танка.
2. Разнастайнасць творчага дыяпазону паэта.
3. Адметнасці лірыкі Максіма Танка.

Ключавое пытанне: У чым бачыць Максім Танк вартасць і годнасць чалавечага існавання?

Метады і прыёмы: даследчы метад, метад творчага чытання, эўрыстычная гутарка, праца ў групах, праца ў парах.

Абсталяванне: падручнік, камп’ютар, выхад у інтэрнэт, сцікеры, фламастары.

 

Ход урока

1 Арганізацыйны момант

Задача: псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да ўрока, настроіць на супрацоўніцтва.

Уступнае слова настаўніка: Максім Танк – адно з самых яркіх імёнаў у беларускай літаратуры. 17 верасня 2022 гэтаму цудоўнаму паэта споўнілася б 110 гадоў. Паэзія М.Танка трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Сёння, знаёмячыся з жыццём і творчасцю паэта, мы паспрабуем адказаць на пытанне: У чым бачыць Максім Танк вартасць і годнасць чалавечага існавання?

 

2 Праверка індывідуальнага дамашняга задання

Задача: актуалізаваць апорныя веды і ўменні, сфарміраваць пазнавальныя матывы.

Першым індывідуальным дамашнім заданнем было стварыць відэаролік на тэму “Максім Танк – грамадзянін і патрыёт” па матэрыялах дакументальных фільмаў “Максім Танк. Пясняр нарачанскага краю”, “Гэта мы”. Вучні самастойна падбіралі матэрыял з гатовага відэа, зрабілі мантаж, агучылі. На ўроку яны прадстаўляюць ролік класу. Другім індывідуальным дамашнім заданнем было падрыхтаваць прэзентацыю ў фармаце Pecha Kucha на тэму “20 цікавых фактаў пра Максіма Танка – чалавека і сем’яніна”. Прэзентацыя ў фармаце Pecha Kucha – такі фармат цікавы тым, што за кароткі прамежак часу – 20 слайдаў па 20 секунд кожны – дакладчык павінен паспець расказаць толькі самае галоўнае і цікавае, падмацаваўшы свой аповед самастойна падабранымі карцінкамі, і не згубіць увагу слухачоў. Падобныя прэзентацыі развіваюць вербальныя камунікатыўныя навыкі навучэнцаў, фарміруюць навыкі апрацоўкі інфармацыі.

Вучні знаёмяцца з відэаролікам і прэзентацыяй і запісваюць асноўныя звесткі ў сшытак у выглядзе канспекта або табліцы ці апорных словазлучэнняў. Пасля выступлення дакладчыкаў кожны павінен агучыць адзін самы яркі факт пра Максіма Танка, які запомніўся.

 

3 Вывучэнне новага матэрыялу

Задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў.

Праца ў групах

1-я група: карыстаючыся сайтам https://be.wikipedia.org/wiki/Галоўная_старонка на імправізаванай геаграфічнай карце Беларусі неабходна пазначыць месцы і гады вучобы Максіма Танка.

2-я група: карыстаючыся сайтам http://maksimtank.ru/vershy, падабраць радкі з вершаў філасофскай лірыкі Максіма Танка для зборніка вершаў на тэму “У чым сэнс чалавечага існавання?”. Зборнік аформіць: прыдумаць форму, вокладку, дапоўніць фотаздымкамі. У зборнік могуць увайсці такія радкі з вершаў Максіма Танка, як “Садзіце лясы! Садзіце лясы! Ва ўсе гадавіны, прыгоды, часы!”, “Быць чалавекам я рад, быць ім хацеў бы заўсёды, а на ўсё іншае, брат, я не даю сваёй згоды”, “Непакой за цябе, зямля мая, – мой хлеб надзённы!”, “Хочацца вучыцца ў мове сваёй роднай”, “І толькі тады становішся чалавекам, калі ўсе могуць спадзявацца на цябе”, “Вось тут і спыніся на нечым у гэтым жыцці, чалавеча!” і г.д.

3-я  група: карыстаючыся падручнікам [1, с. 189], суаднесці ілюстрацыі з фактамі жыцця і творчасці паэта. Гэта можа быць граніт (адзін з псеўданімаў паэта А.Граніт), завушніцы (верш “Завушніцы”), партрэт Скарыны (узнагароджаны медалём Францыска Скарыны), ілюстрацыя вожыка (працаваў галоўным рэдактарам у часопісе “Вожык”) і г.д.

 

4 Кантроль, самакантроль, карэкцыя ведаў

Задача: ажыццявіць кантроль і карэкцыю, арганізаваць самакантроль і самаацэнку вучнямі ўзроўню засваення ведаў, у развіцці ўменняў, паспяховасці сваёй дзейнасці.

Кожная група абараняе сваё заданне.

 

5 Выпрацоўка практычных навыкаў

Задача: стварыць умовы для засваення вучнямі ведаў у форме дзейнасці, развіцця спосабаў мыслядзейнасці.

1) Вучням прапаноўваюцца вершы і ілюстрацыі да іх. Неабходна суаднесці вершы Максіма Танка пейзажнай лірыкі з ілюстрацыямі на слайдах. Выразна прачытаць, пералічыць вобразы, якія паўстаюць перад вачыма, параўнаць з прапанаванымі карцінкамі. Адзначыць ролю вобразных сродкаў у апісанні пейзажу.

2) Праглядзець відэакліп на песню ансамбля “Песняры” “Завушніцы” на словы Максіма Танка (кліп быў створаны вучнямі 10-га класа ў мінулым навучальным годзе) [4]. Суаднесці відэарад і музычны пасыл кампазітара Уладзіміра Мулявіна з радкамі з верша.

3) Разгадаць кросэнс і назваць вершы А.С.Пушкіна, якія пераклаў Максім Танк. (“Анчар”, “Вязень”, “Няньцы”, “Я помнік збудаваў сабе нерукатворны”). Знаёмства з перакладамі М.Танка.

4) Адкажыце на пытанне з падручніка [1, с. 195] Пазнаёмцеся з партрэтамі Максіма Танка (мастакі С.Герус, Г.Гарэлаў, Н.Шчасная і інш.), фотаздымкам помніка паэту (скульптары І.Міско, А.Фінскі). Якія рысы характару майстра слова і ў якіх дэталях выяўлены ў іх?

5) Разгледзьце наступны запіс. Паразважайце над яго зместам. Успомніце, да якой паэтычнай формы ён падобны. Карыстаючыся гэтым запісам, прааналізуйце некалькі верлібраў М.Танка. [2, с. 28]

В – вольны, вобразны;
Е – еўрапейскі;
Р – раскаваны;
Л – лаканічны;
І – інтэлектуальны;
Б – багаты сэнсава;
Р– роздумны, разважальны.

6) Дапішыце апошні радок аднаго з верлібраў М.Танка. Суаднясіце свой выбар з аўтарскім. На аснове прапанаванага твора пакажыце глыбокую філасафічнасць верлібра як мастацкай формы [2, с. 30].

Ты толькі намёк на чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на маці.
Ты толькі трэць чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на сяброўства.
Ты толькі палова чалавека,
Калі ва ўсім спадзяешся на каханне.
І толькі тады ты чалавек,
Калі…
(“…калі ўсе могуць спадзявацца на цябе”)

7) Пытанне 12 падручніка [1, с. 200 ]. Уявіце сябе ў творчай лабараторыі паэта. Паспрабуйце дапісаць радок верша Максіма Танка:

Усё мае працяг жыцця:
Нітка – у туга навітым клубку,
Дарога – у імкненні за небасхіл,
Песня – у водгаласах рэха,
Зерне – у хлебе надзённым,
Любоў – у сонечнай усмешцы дзіцяці.
Усё мае свой працяг жыцця,
Апроч…

Параўнайце свае варыянты з вершам Максіма Танка і паразважайце, чаму паэт даў менавіта такі адказ.

 

6 Падвядзенне вынікаў

Задача: садзейнічаць фарміраванню адэкватнай самаацэнкі вучняў

На працягу ўрока вучні разам з настаўнікам складаюць інтэлект-карту, у якую ўпісваюць асноўныя факты пра жыццё і дзейнасць Максіма Танка, з якімі пазнаёміліся ў ходзе ўрока (Максім Танк – чалавек, сем’янін, патрыёт, грамадзянін, паэт, перакладчык). Запоўніўшы інтэлект-карту, робяць вынік – даюць адказ на ключавое пытанне: У чым бачыць Максім Танк вартасць і годнасць чалавечага існавання?

Чалавек – заўзяты паляўнічы, прыхільнік меладрам і баявікоў; меў цудоўны почырк; любіў гуляць у прэферанс з К.Крапівой, М.Лужаніным, А.Куляшовым і заўсёды выігрываў; любіў малако, сала і цыбулю; добры рыбак, сам не толькі лавіў рыбу, але і чысціў, мыў, рэзаў на кавалкі і прыносіў жонцы смажыць; часта гуляў у гарадкі, шахматы, більярд.

Сем’янін – з жонкай, Асаевіч Любоўю Андрэеўнай, пражыў 56 гадоў; жонка была для Максіма Танка першым слухачом, крытыкам і цэнзарам; называў яе ласкава Любаша; у двухпакаёвай кватэры жылі восем чалавек: Яўген Іванавіч Скурко, яго жонка, яго брат і сястра, пляменніца Любові Андрэеўны і трое дзяцей.

Патрыёт – працаваў у агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”; вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне; выступаў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 года.

 

7 Рэфлексія

Задача: стварыць умовы для асэнсавання эфектыўнасці пазнавальнай дзейнасці вучняў і асобасных сэнсаў у вывучэнні тэмы.

Адказ на ключавое пытанне: У чым бачыць Максім Танк вартасць і годнасць чалавечага існавання?

 

8 Інфармацыя пра дамашняе заданне

Задача: забяспечыць разуменне вучнямі мэт, зместу выканання дамашняга задання.

Вывучыць на памяць верш М.Танка “Ты яшчэ толькі намёк на чалавека…”

 

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

1 Беларуская літаратура. Вучэбны дапаможнік для вучняў 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыіз беларускай і рускай мовамі навучання / В.У.Праскаловіч, В.П.Рагойша, Т.І.Шамякіна – Мінск : НІА, 2019 – 286 с.

2 Беларуская літаратура: зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю:10–11 класы: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.У.Грынько, А.В.Руцкая, І.М.Гоўзіч. – Мінск : Аверсэв, 2012. – 79 с. – (Кантрольна-вымяральныя матэрыялы).

3 Беларуская мова і літаратура. 9 клас. Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне. 2019/2010 навучальны год / С.С.Міхнёнак, В.В.Кушнярэвіч. – Мінск : Аверсэв, 2019 – 78 с.

4 Паляшчук, А.А. Відэафайлы на сайце https://spaklik.wixsite.com/mysite – відэаролікі, відэакліпы, відэарэфераты, створаныя вучнямі да ўрокаў беларускай літаратуры ў дапамогу настаўнікам [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу https://spaklik.wixsite.com/mysite/video – Дата доступу: 21.01.2018.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий