Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” Карэліцкага раёна,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы: далучыць дзяцей да беларускай культуры, традыцый, да багацця беларускай мовы; развіваць творчыя здольнасці; выхоўваць устойлівую цікавасць да беларускіх народных свят; выхоўваць пачуццё гонару за культурны патэнцыял свайго народа, жаданне стаць носьбітамі культурнай спадчыны.
Матэрыял і абсталяванне: народныя касцюмы для дзяцей-калядоўшчыкаў, гаспадароў-дарослых, касцюм Казы, калядная зорка, дэкарацыі вясковай хаты (печ, акно, стол пад абрусам, лавы, куфар, гліняны посуд і г.д.).
Ход свята
За сталом вясковай хаты сядзіць гаспадыня (дарослая), матае ніткі з верацяна на клубок. Выходзяць зазывалы (дзеці):
Зазывала 1:
Добры вечар добрым людзям!
Віншуем з Новым годам! З Новым годам і ўсім родам!
Са святачкамі! З Калядачкамі!
Зазызвала 2:
Стаіць церам вышэй палацаў,
А ў тым цераме – тры акенцы:
Першае – ясны месяц, другое – чырвонае сонца, трэцяе – дробныя зоркі.
Ясны месяц – пан Васіль, чырвонае сонца – яго жонка,
Дробныя зоркі – яго дзеці.
Зазывала 1:
Запрашаем вас да іх на Шчадрэц
Хто ў госці загляне – той маладзец!
Каўбаскай пачастуецца, куцці паспрабуе
Ды з песнямі, гульнямі пасвяткуе!
Зазывалы разыходзяцца ў розныя бакі і выходзяць з залы. На сярэдзіну залы выходзіць хлопчык Пятрок.
Пятрок:
Я – малы хлопчык, узлез на ўслончык
У дудачку граці, Хрыста забаўляці.
Дзеці селі есці, а мне недзе сесці.
Я – хоп за пірог, уцёк за парог.
Мяне дзеці дагналі, за чубок надралі
Пірог адабралі.
Пайду да таткі Васіля пірага папрашу.
Пятрок заходзіць у хату. Гаспадыня звяртаецца да хлопчыка:
Гаспадыня: Ой, гарэза, дзе ж ты быў? Што ты бачыў, што рабіў?
Пятрок: Матулечка, я па вуліцы налятаўся, вельмі прагаладаўся. Хачу падсілкавацца, каўбаскай пачаставацца. А што гэта ты робіш?
Гаспадыня: Пацярпі крышку. Хутка за стол усе разам сядзем. А я ніткі ў клубочкі звіваю. Бачыш, колькі многа клубочкаў, цэлае рэшата. Гэта каб бульба ў гэтым годзе ў нас добра зарадзіла.
Пятрок: А дзе тата і Аленка?
Гаспадыня: Яны па сена пайшлі. Трэба ж святочны стол накрываць, куццю з печы даставаць.
Заходзіць у залу гаспадар Васіль (дарослы) і дзяўчынка Аленка (дзіця), нясуць сена.
Гаспадар: Абрус расцілайце, куццю даставайце. Будзем багатую куццю спрабаваць, Новы год сустракаць.
Гаспадар на стале расцілае сена, гаспадыня зверху стол накрывае белым абрусам.
Гаспадар: Матуля, ты тут стол накрывай, а мы з дзецьмі пойдзем сад абвязваць.
Аленка: Тата, а навошта яго сёння абвязваць?
Гаспадар: Таму што ёсць такая прыкмета: калі на шчодрую куццю нявымалачанай саломай дрэвы абвязаць, дык яны дадуць столькі пладоў, колькі зярнят у каласах.
Падыходзяць да дрэва (макет), гаспадар абвязвае дрэва і прыгаворвае:
Гаспадар:
Дай, Божа, каб яблынька зяляненька цвіла
Ды белым цветам, ды шырокім лісцем.
Дачакалася вясны дя цёплага лецечка,
Ды ўрадзіла, ды дзетак маіх карміла!
Дзеці і гаспадар кланяюцца дрэву і варочаюцца дадому.
Гаспадар: А цяпер, дзеткі, бярыце галінкі дуба і утыкайце ў вокны і дзверы.
Пятрок: А навошта гэта, татка?
Гаспадар: А гэта каб гаспадарка наша была моцная і здаровая, як дуб.
Утыкаюць прыгатаваныя галінкі.
Гаспадар: Дай, Божа, у полі – ядром, у двары – дабром, на лузе – стогам, на гумне – капамі, у клеці – карабамі, у печы – пірагамі.
Гаспадыня: Ну, сядайце куццю багатую спрабаваць, Новы год сустракаць.
Гаспадар: Трэба Мароза куццёй пачаставаць, каб не марозіў ён ні нашых палеткаў, ні малых дзеткаў.
Гаспадар кладзе лыжку куцці на талерачку, падыходзіць да акна, стукае:
Гаспадар: Мароз, мароз, хадзі куццю есці. Частуйся, наядайся, ды за шчокі не кусайся.
У гэты час заходзяць у зал госці (дзеці) з Каляднаю зоркаю, з “Казою” (дзіця), спяваюць песню “Святыя калядкі”.
Святыя калядкі да нас прыйшлі,
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.
Прыпеў:
Святыя калядкі, бліны ды аладкі,
Куцця на стале, каляда на дварэ.
У вялікай куцці падсохлі вярхі,
Вячэрай здымай і курам аддавай.
Прыпеў
На першую лыжку мароз запрашай.
Табе ён спрыяе багаты ўраджай.
Прыпеў
Багатай куццёй шчодры вечар спявай,
За добрыя песні ласункі збірай.
Прыпеў
Багатай куцёй ты свой лёс запытай, –
Каляднае шчасце сваё забірай.
Прыпеў
Святыя Калядкі да нас прыйшлі
Зорка з Бэтлегэму запаліла агні.
Прыпеў.
Госць1: Добры вечар у Вашу хату. Жадаем жыці вам багата.
Госць 2:
Шчадравала, шчадравала, пад акенца заглядала.
Што суседка напякла, прынясі нам да стала.
Госць 3: Шчадрую, шчадрую, каўбаску чую. Святы вечар добрым людзям.
Госць 4: А ў гэтай хаце ёсць што даці. Сам пан ходзіць і жыта ў яго родзіць.
Гаспадар: Добры вечар, госцейкі. Праходзьце, калі ласка. Раскажыце, дзе бывалі, што бачылі, каго страчалі.
Госць 5: Шмат мы дзе бывалі, мех дабра нашчадравалі. І да вас вось завіталі.
Госць – павадыр Казы:
Мы ад хаты да хаты ідзём
і Казу з сабой вядзём.
Каб у кожнай хаце было багацце,
каб скаціна вадзілася
і пшаніца радзілася.
Гаспадар, падаруй нам з клеці рэшатам, а з печы – пірагом.
Гаспадыня: Пачакайце, пачакайце. Мы паглядзім, з чым вы да нас прыйшлі. А потым паглядзім, чым вас пачаставаць.
Госць 6: Мы прыйшлі да вас са Шчадроўкаю, ды з Каляднаю зоркаю. Каб добрымі былі ў вас каровы і самі вы былі здаровы.
Госць 7: Каб козы ў вас мэкалі, а бараны – бэкалі. Каб капуста ўрадзіла ўсім людзям на дзіва.
Госць 8: Каб вяліся ў вас цялушкі, кураняты, свінні, птушкі.
Госць-павадыр: Сто год жывіце, дзетак расціце. Мы прыйшлі да вас з Казой шэрай, ды вельмі смелай.
Гаспадыня: Хай ваша Каза пакажа, што ўмее. Няхай паскача, патанцуе, капытамі падлогу пабарануе.
Госці спяваюць песню, “Каза” танцуе.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе рожкі дзела? На соль праела.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе каза бывае, там шчасце чакае.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе каза ходіць, там жыта родзіць
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе каза нагою, там жыта капою.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе каза хвастом, там жыта кустом.
Го-го-го, каза, го-го-го, шэра,
Дзе каза рогам, там жыта стогам.
Госць-павадыр: Ну-тка, Козанька, расхадзіся. Па ўсяму двару разгуляйся-паскачы, гаспадароў барадою паказычы.
“Каза” скача, махае барадой. Потым падае на зямлю.
Госць-павадыр: Што гэта стала? Мая каза ўпала, ссохла-прапала. Нясі, гаспадынька, кусок сала, каб каза ўстала.
Госць 1: Нясі мерку аўса, каб каза пайшла.
Госць 2: Нясі мерку жыта, каб каза была сыта.
Госць 3: Нясі каўбасу, каб вылечыць казу.
Госць 4: Нясі яек сіта, каб каза ўстала на капыта.
Гаспадыня (частуе Казу): На, козачка, падсілкуйся, стравамі смачнымі пачастуйся.
Госць-павадыр: Вось козачка і ўстала, адразу ўсім весела стала.
Гаспадар: Ну-тка, Козанька, не ляніся, з гасцямі разам пагуляй-павесяліся. Давайце, госці даражэнькія, у гульню пагуляем, якая называецца “Каза-бадуля”.
Гульня“Каза-бадуля”
Пасярод залы на падлозе ляжыць абруч – домік “Казы”. Дзеці падзяляюцца на дзве групы. Адна група жыве ў “доміку” на адным баку залы. Другая – у “доміку” на другім канцы. Месца паміж двумя дамамі называецца полем. Дзеці размяшчаюцца ў сваіх дамах і пачынаецца гульня.
”Каза” зірне направа, зірне налева і крыкне: “Хто мяне баіцца?”
А дзеці адказваюць: “Ніхто!”
Пасля адказу дзеці перабягаюць са свайго дома ў другі цераз поле. Бягуць і задзірыста падражніваюць “Казу”:
Каза-бадуля, калматая рагуля!
Рожкі крывыя, ножкі слабыя!
“Каза” выскоквае са свайго дома і ловіць дзяцей. Трэба старацца выкруціцца ад Казы. Той, каго Каза схопіць, становіцца яе памочнікам і разам з Казой ловіць іншых.Так працягваецца да таго часу, пакуль усе не будуць злоўлены. Дзеці могуць забягаць у свой дом, каб адпачыць, але заставацца там доўга нельга.
Госць-павадыр: Каза мая стамілася, пад плот павалілася. Дай её кваску мядовага ды сенца шаўковага!
Госць 5: Ды і нас, гаспадынька, пачастуй!
Гаспадыня: Каза пачастункі зарабіла, цяпер і вы зарабіце. Адгадайце мае загадкі:
1) Маленькі, кругленькі, можна зматаць, а за хвост возьмеш – не падняць (клубок).
2) Сядзіць ткач у куточку, тчэ нітку на станочку. Нітак многа, а ў клубок не зматаеш (павук і павуціна).
3) Скача гаспадар па падлозе на адной назе. Гасцей у кучу збірае ды вон выганяе (венік і смецце).
4) Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае (замок).
Гаспадар: А вось я хачу ад вас, госцейкі, пачуць, нашто на Каляды пад абрус сена кладуць? А ну адгадайце! Хто правільна адкажа, таму гаспадынька салам губы памажа!
Гучаць розныя версіі, нехта адказвае правільна (Каб лепшы ўраджай быў на наступны год).
Гаспадыня: Праўда, праўда, такі калядны звычай: чым даўжэйшая трава, тым лепшы ўраджай будзе.
Гаспадар: Пляскайце ў ладкі, адгадалі ўсе загадкі! Атрымайце пачастункі –смачныя гатункі.
Гаспадыня:
Гой, ладачкі-ладкі! Надышлі Калядкі!
Надыйшлі Калядкі! Напяклі аладкі!
Мы надралі таркаю дранікі духмяныя.
Хочаш – еш са скваркаю, хочаш – са смятанаю.
Аленка:
Вось вам, калі ласка, з жэрдачкі каўбаска!
Вось кавалак пірага, каб не брала вас туга
Пятрок:
Гой, ладачкі-ладкі! І мядок салодкі
Да лясной гарбаткі наліем у сподкі
І запахне рутай, верасам, чаборам,
Каб зімою лютай вам не знацца з горам.
Гаспадар:
Бярыце з талеркі лізунцы, цукеркі!
Цешце сябе, цешце, галубкі́-галу́бкі.
Ешце ўволю, ешце, ды не псуйце зубкі.
Гаспадыня:
Бохан – поўняй яснаю, яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё з уласнае нашай гаспадаркі.
Гаспадар:
А ў гэтым сагане калядная куцця,
А з ёю цэлы год заможнага жыцця!
Госць 1: Дзякуй, гаспадары! Жывіце ў згодзе і багацці, каб у вашай хаце заўсёды было чаго даці.
Госць 2: Дзякуй гэтаму дому! Пара нам ужо ісці к другому!
Госць 3: Шчодрых гаспадароў трэба ўшанаваці, на развітанне ім песню паспяваці!
Усе разам спяваюць песню-шчадроўку “На нова лета””
На нова лета няхай родзіць жыта
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыта, пшаніца, усякая пашніца
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жадаем табе, пане гаспадару,
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Мядок варыці, сыноў жаніці
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Масла збіраці, дачок аддаваці.
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыці ў багацці, згодзе і шчасці.
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Жыці-бываці, горачка не знаці
Шчодры вечар, багаты вечар – 2 разы.
Калядоўшчыкі выходзяць з залы.
Гаспадар: Ну вось, госцейкі нашыя пайшлі. Вам, дзеткі, пара класціся спаць, каб сны добрыя прысніліся. А мы пойдзем да суседзяў, пашчадруем ды павіншуем іх з Новым годам.