Выкарыстанне нацыянальна-культурнага кампанента пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры
Наталля ПЕТРАШКЕВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Якуба Коласа”
Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
natalia.pietrashkievich.67@mail.ru
Ва ўсіх настаўнікаў адна мэта – вучыць, развіваць, выхоўваць. Але кожны з нас імкнецца па-свойму, творча падысці да дасягнення пастаўленых мэт і вырашэння задач урока беларускай мовы і літаратуры.
Пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры і фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай культуры неабходна выкарыстоўваць той матэрыял, які цесна звязаны з гісторыяй сваёй вёскі, з нацыянальна-культурнай спадчынай. А ў настаўнікаў нашай школы ёсць такая магчымасць. І ганарыцца нам, пінкаўцам, ёсць чым. Гэта і музей імя Якуба Коласа, які ў 2017 годзе атрымаў ганаровае званне “народны”, і дом з шыльдай, дзе адзначана, што “тут нарадзілася і жыла Люба Тарасюк” – паэтка, публіцыст, навуковы супрацоўнік, член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта і Пакроўская царква, каля якой праходзяць самыя значныя падзеі вёскі Пінкавічы, і крыж пры дарозе, які быў устаноўлены мясцовымі жыхарамі і асвечаны царквой, і брацкая магіла воін і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і, безумоўна, людзі – шчырыя, працавітыя, добрыя палешукі.
Пры выкарыстанні на ўроках нацыянальна-культурнага кампанента вызначаюцца мэта і задачы, якія трэба дасягнуць і выканаць. Такія ўрокі фарміруюць асобу вучня як свядомага носьбіта роднай мовы, развіваюць яго інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці, выхоўваюць пачуццё гонару за сваё мінулае, адказнасць за зберажэнне і захаванне моўных скарбаў, народнай спадчыны.
У кожнага чалавека рана ці позна ўзнікае патрэба даведацца пра гісторыю роднага краю больш, пазнаць яго культуру, традыцыі. Для гэтага ў першую чаргу трэба выкарыстаць той патэнцыял, што “ёсць пад рукой” (маецца на ўвазе, што ёсць у сваёй мясцовасці). Выхаваць вучня-патрыёта без глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў немагчыма. Умелае і змястоўнае выкарыстанне на ўроках мовы і літаратуры багатага фальклорнага, этнаграфічнага, краязнаўчага матэрыялу спрыяе больш трываламу і свядомаму засваенню вучнямі вучэбнай праграмы. Самыя лепшыя традыцыі народнай спадчыны развіваюць светапогляд вучняў і нацыянальную свядомасць, садзейнічаюць выхаванню ў нашчадкаў любові да роднай зямлі, народа.
Вывучаючы праграму па беларускай мове і літаратуры ў сярэднім і старшым звяне, рыхтуючыся да ўрокаў ці пазакласных мерапрыемстваў, на многіх занятках можна выкарыстоўваць культурна-нацыянальны кампанент сваёй вёскі.
Так, напрыклад, вучні 8–9-х класаў прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем Коласа разам”. Быў зняты відэафільм “Пярэбары”(урывак з паэмы “Новая зямля”, дзе вучні-артысты па-сапраўднаму перадалі моманты пярэбару ў сям’і Міхала. Для відэаздымак былі выкарыстаны касцюмы з музея. Вельмі цікава тое, што здымкі праходзілі каля сапраўднай хаты, пакрытай чаротам. І такая яшчэ захавалася ў нашай вёсцы.
На ранішнік “Калядныя сустрэчы ў дзядзькі Якуба”, што праходзіў у самім музеі, вучнямі 5–6-х класаў былі запрошаны ў госці самадзейныя артысты ансамбля народнай песні “Крыніцы” Пінкавіцкага сельскага Дома культуры.
“Па родных мясцінах Коласа”. Так называецца сустрэча з нашчадкамі Коласа, якія прыязджалі да нас з Мікалаеўшчыны. Такія сустрэчы вельмі карысныя і заўсёды прыцягваюць да ўдзелу шмат вучняў. І апошняя сустрэча не была выключэннем. Чытанне вершаў каля брацкай магілы, экскурсія па вёсцы Пінкавічы і знаёмства з яе гісторыяй, экскурсія ў музей імя Якуба Коласа – усё гэта і шмат яшчэ цікавых мерапрыемстваў было праведзена навучэнцамі нашай школы падчас сустрэчы з маладымі коласаўцамі з Мікалаеўскага дзіцячага сада-школы.
Чым больш ведаў пра родны край, пра яго людзей, мінулае і сучаснае атрымаюць вучні ў час заняткаў, тым больш эфектыўна зможа вырашацца задача па выхаванні грамадзяніна, патрыёта, які шануе традыцыі свайго народа, ганарыцца яго матэрыяльнай і духоўнай культурай. У працэсе навучання вучні авалодваюць моўнай культурай, арыентуюцца на духоўныя каштоўнасці народа. У іх з’яўляецца ўсведамленне, што неабходна зберагаць традыцыі і спадчыну папярэдніх пакаленняў.
Шмат карыснага і пазнавальнага можна ўзяць з урокаў, тэмы якіх цесна пераплятаюцца з нацыянальна-культурным кампанентам вёскі Пінкавічы.
Калі ў 6-м класе пры вывучэнні верша Любы Тарасюк “Імя Айчыны” можна здзейсніць экскурсію ці завочнае падарожжа па памятных мясцінах паэткі, то ўжо ў 11-м класе пры знаёмстве з сучаснай беларускай паэзіяй задзейнічаць вучняў, далучыць іх да пошуку цікавага і пазнавальнага матэрыялу пра жыццё і творчасць паэтаў-землякоў – Любы Тарасюк, Тамары Лазнюхі, Яўгеніі Янішчыц.
У кожным класе вучні вывучаюць творы Якуба Коласа. Гэта могуць быць і вершы, і казкі, і ўрыўкі з больш вялікіх твораў. І менавіта на такіх уроках мэтазгодна на поўную моц выкарыстоўваць культурныя асаблівасці сваёй мясцовасці. У ходзе знаёмства з трылогіяй “На ростанях” мэтазгодна наведаць не толькі музей Якуба Коласа, але і прайсці па вулачках, сцежках-дарогах, што звязаны з Лабановічам. Выйсці да ракі і ўзнавіць у памяці тыя моманты з трылогіі, калі Лабановіч заступіўся за сялян у час рыбнай лоўлі на землях пана Скірмунта. На свае вочы ўбачыць тую “школку”, дзе працаваў Колас і, магчыма, сустрэць пінкаўцоў, якія шмат раскажуць пра “вучыцеля”.
А калі не пра Якуба Коласа, дык пінкаўцы абавязкова знойдуць чым прыцягнуць вашу ўвагу. Увогуле, беларусы заўсёды мелі схільнасць да трапнага слова, ведалі шмат прыказак, прымавак, загадак. Нашы вяскоўцы таксама маюць цэлае багацце моўных “залацінак”, што ўпрыгожваюць нашу мову, нашу вёску і выдзяляюць нас, пінкаўцоў, ад жыхароў навакольных вёсак.
Вучні старшых класаў самастойна і пад кіраўніцтвам настаўніка даследуюць жыццё і творчасць пісьменнікаў, паэтаў, якія чым-небудзь былі звязаны з нашай вёскай. А потым ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, распрацоўваюць рознатэматычныя мерапрыемствы, даследуюць і абараняюць свае работы. Менавіта такія ўрокі падтрымліваюць цікавасць да мовы, культуры і гісторыі беларускага народа, спрыяюць выхаванню пачуцця любові да роднага краю, беларускага слова.
Выхаванне духоўнасці ў дзяцей немагчыма без узаемадзеяння з бацькамі і супрацоўнікамі нашага сельскага Дома культуры. Толькі сумесна можна арганізаваць свята Вадохрышча, разам вадзіць карагоды на Тройцу, з песнямі і народнымі звычаямі праводзіць Масленіцу… Настаўнікі стварылі багатую скарбонку распрацовак класных гадзін, пазакласных мерапрыемстваў аб народных святах і святынях не толькі сваёй вёскі, але і Беларусі. Гэта спрыяе духоўна-маральнаму выхаванню.
У Год малой радзімы асаблівую ўвагу, асаблівае значэнне хочацца надавалася выхаванню ў вучняў пачуцця гонару за сваю Радзіму, за сваю вёску – маленькі куточак роднай зямлі.
Усё ў жыцці ўзаемазвязана, і нішто не можа жыць асобна. Моладзь ва ўсе вякі нясе на сваіх плячах галоўную цяжкасць сацыяльнага развіцця грамадства. Сучасныя навучэнцы не выключэнне з гэтага правіла. Але нельга выхаваць у сабе высокія патрыятычныя, духоўна-маральныя якасці, не ведаючы таго, што было раней. Культура і народны быт выяўляюць вялікую цікавасць у нашай моладзі, у нашых вучняў, выклікаюць жаданне ведаць, што хвалявала нашых дзядоў і прадзедаў.
Практычны матэрыял, распрацоўкі ўрокаў, сцэнарыі пазакласных мерапрыемстваў былі выкарыстаны не толькі на ўроках, але і на метадычных аб’яднаннях настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.