Займальнае падарожжа. Інтэграваны занятак па адукацыйнай вобласці “Мастацкая літаратура” і “Дзіця і прырода” для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

- 14:48Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Падчас гульні “Займальнае падарожжа” выхаванцы старшай групы вучацца разумець літаратурны твор і развіваюць слоўнікавы запас.

 

Тамара НЯЎМЯРЖЫЦКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 19 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Тэма: “Займальнае падарожжа”.

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уменні разумець эмацыянальна-вобразны змест літаратурнага твора, яго характар, даваць ацэнку дзеянням героя літаратурнага твора, захоўваючы логіку і паслядоўнасць падзей;
– пераказваць празаічны літаратурны твор; замацоўваць і актывізаваць у маўленні выхаванцаў назвы садавіны, агародніны і іх уласцівасці;
– развіваць уменне ўспрымаць змест тэксту, разумець прычынна-выніковыя сувязі;
– выхоўваць любоў да мастацкага слова, эмацыянальна-пазітыўнае стаўленне да твораў мастацкай літаратуры.

Матэрыял і абсталяванне: карткі з адлюстраваннем частак сутак; карткі з зялёным і чырвоным колерам; выявы садовых дрэў, пладоў і агародніны; шклянкі з кампотам; кавалачкі садавіны на падносе, сурвэткі; вясёлы і сумны смайлікі, мальберты; тканіна зялёнага колеру; камп’ютар, мультымедыйная ўстаноўка, прэзентацыя, аўдыязапіс галасоў птушак.

 

Ход мерапрыемства

Выхавальнік: Сёння ў нас занятак па роднай мове, дзе патрэбна будзе размаўляць па-беларуску, давайце ўспомнім наш карагод.

Роўным кругам ў карагодзе
Любім мы сябры хадзіць,
Што выхавальнік зараз скажа,
Тое будзем мы рабіць.

Выхавальнік паказвае малюнкі, дзе намаляваны розныя часткі сутак, дзецям патрэбна прывітацца згодна з малюнкам.

Выхавальнік: “Як мы будзем вітацца, калі сустрэнемся ў гэты час?” (намаляваны ранак)

Дзеці: Добрага ранку, добрай раніцы!

Далей паказваецца “дзень”, “вечар” і г.д. Потым яшчэ раз ідзем у карагодзе, паўтараем словы.

Выхавальнік: “Усміхнёмся зараз адно аднаму, усміхнёмся новаму дзяньку, падарыце ўсмешку сонейку, хай будзе новы дзень цудоўны!

Выхавальнік: А зараз паслухайце маю загадку. “Гэта месца ў вёсцы, дзе растуць пладовыя дрэвы і кусты. Як вы думаеце, што гэта? (Сад).

На мальберце вывешваем карцінку, дзе намаляваны садовыя дрэвы.

 

Дыдактычная гульня “Якія садовыя дрэвы могуць расці ў садзе?”

Дзеці пералічваюць дрэвы. Разважаюць аб тым, якія дрэвы адносяцца да садовых, а якія не.

Выхавальнік: “А без чаго, на ваш погляд, не можа існаваць пладовы сад?

(Адказы дзяцей).

Выхавальнік: Паглядзіце, калі ласка, на экран камп’ютара. (Ідзе відэазапіс садоўніка).

Садоўнік: Прывітанне дзеці, вы здагадаліся хто я? Правільна, я той, хто працуе ў садзе, даглядае яго.Сёння я запрашаю вас ў свой сад, калі вы выканаеце мае заданні, то ў канцы вас будзе чакаць сюрпрыз-пачастунак. Поспехаў вам!

Выхавальнік: Хто прыслаў нам прывітанне? Хто такі садоўнік? (Садоўнік, чалавек, які клапоціцца аб садзе).

Гучыць аўдыязапіс галосоў птушак.

Выхавальнік: Давайце разам з вамі пойдзем па дарожцы, паглядзім на дрэвы нашага саду. (Уздоўж дарожкі на мальбертах – дрэвы сада з пладамі. Дзеці ідуць па дарожцы ланцужком, узяўшыся за рукі).

Усе разам:

Ланцужком мы ідзём,
Хутка-хутка сліву знойдзем.

Падыходзім да мальберта, дзе вісіць карцінка з дрэвам слівы.

Выхавальнік: Дзеці, глядзіце – гэта слівы чароўныя, на кожнай з іх заданне.

(Здымаем адну сліву з заданнем. На экране слайд з адлюстраваннем садавіны і агародніны).

 

Дыдактычная гульня “Садавіна – агародніна” (падгрупавая форма)

Па колерах дзелімся на падгрупы. Адна падгрупа выбірае карткі з садавіной, а другая  з агароднінай. Дзеці паказваюць адно аднаму карткі і называюць па-беларуску назвы садавіны і агародніны.

Выхавальнік запрашае дзяцей працягваць падарожжа.

Мы бусламі пойдзем,
І да яблынькі дойдзем.

Выхавальнік: А зараз паглядзім, якое заданне падрыхтавала яблынька (гучаць галасы птушак)

На экране слайд каструлі з супам і кампотам.

Выхавальнік: Як будзе называцца кампот з яблыкаў, сліў, груш (Яблычны, грушавы, слівавы).

Выхавальнік: Парамі ўзяліся і да грушкі дабраліся.

Выхавальнік здымае адну грушу з заданнем.

 

Дыдактычная гульня “Перакладчыкі”

Дзеці садзяцца на стульчыкі.

Выхавальнік: адкажыце, калі ласка, дзеці, як будуць па-беларуску словы папа, чашка, а зараз перакладзіце словы на рускую мову: зірнуў, крышачку.

 

Пераказ тэксту “Кампот”

Выхавальнік: Дзеці, вы павінны зараз паслухаць апавяданне, якое называецца “Кампот” Клаўдзіі Каліны.

Далей выхавальнік чытае апавяданне.

Выхавальнік: Дзеці паслухайце, запомніце апавяданне, бо вы будзеце яго пераказваць.

Выхавальнік задае пытанні па зместу:

– Якія словы вы не зразумелі?
– Як звалі дзяўчынку?
– Якое даручэнне дала маці сваёй дачушцы?
– З якіх пладоў варыўся кампот?
– Ці выканала заданне дзяўчынка?
– Як зразумелі, здагадаліся, што кампот нясмачны?
– Успомніце, як патрэбна мыць правільна садавіну?
– Успомніце яшчэ раз, што не так зрабіла Галінка?

Выхавальнік: Слухаем апавяданне яшчэ раз, затым будзем пераказваць (Пераказ з выкарыстаннем ланцужка. Падвядзенне вынікаў пераказу)

Выхавальнік: Сёння вы былі вельмі ўважлівымі, і зараз вас чакае сюрпрыз, аб якім гаварыў садоўнік у пачатку занятку.

Дзеці падыходзяць да стала і частуюцца садавіной і кампотам.

 

Рэфлексія

На экране слайд – вясёлы смайлік

Выхавальнік: Дзеці, каму сёння спадабалася на занятку – вазьміце смайлік вясёлы, а каму не спадабалася – сумны.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий