У цікавай гульнёвай форме дашкольнікі не толькі развіваюць і замацоўваюць уяўленні пра родны горад, але і пашыраюць свой беларускі слоўнік, развіваюць пазнавальныя і моўныя здольнасцi.
Вікторыя КЕРЫМАВА, музычны кіраўнік,
Марына САПЕГІНА, музычны кіраўнік
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 11 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Мэта: замацаванне ў выхаванцаў уяўленняў пра родны горад, развіццё пачуцця патрыятызму, гонару за малую радзіму, далучэнне да багацця беларускай мовы.
Праграмныя задачы:
– фармiраваць сацыяльны вопыт выхаванцаў на аснове ўключэння іх у гульнёвую сiтуацыю;
– замацоўваць прадстаўленні пра родны горад, яго знакамітыя месцы, дасягненні, сімвалы, культурныя традыцыі, народныя гульні;
– пашыраць актыўны слоўнік новымі словамі;
– заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове;
– развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасцi, увагу, памяць, спрыт, актыўнасць, адказнасць за свой выбар;
– выхоўваць пачуцці любові да роднага краю, пачуццё калектывізму, сяброўства, жаданне размаўляць на беларускай мове.
Матэрыялы і абсталяванне: магнітна-маркерная дошка (2), інтэрактыўная дошка, ноўтбук, аўдыязапіс музычных кампазіцый, музычны цэнтр, маршрутная карта “Сакрэтныя лісты”, канверты з заданнямі; атрыбуты для беларускай народнай гульні “Лапці”, прэзентацыя “Віртуальная экскурсія “Мой Ваўкавыск”, сілуэт “Герб Ваўкавыска”, часткі пазла “Герб Ваўкавыска”, сілуэты “кафлі” з узорам для размалёўкі, каляровая крэйда.
Дзеючыя асобы: Следапыт Лявон, Несцерка, Дзяўчына Беларусачка.
Ход квест-гульні
Дзеці заходзяць у музычную залу, гучыць беларуская народная музыка.
Выхавальнік:
Дзень добры сонцу, дзень добры небу,
Роднай старонцы, духмянаму хлебу.
Ад чыстай крыніцы – сцяжыначцы вузкай
І роднай зямлі беларускай.
Выхавальнік: І вам добры дзень! Вітаю вас, хлопчыкі і дзяўчынкі.
Дзеці: Добры дзень!
Выхавальнік: А як яшчэ можна вітацца?
Дзеці: Добрай раніцы, добры вечар.
Выхавальнік: А я ведаю яшчэ прыгожыя прывітанні: дабранак, дабрыдзень, шчырыя вітанні. Ці ведаеце вы, што вітацца – гэта зычыць адно аднаму ўсяго самага добрага? Чаго можна пажадаць?
Дзеці: Здароўя, шчасця, добрага настрою.
Выхавальнік: З такімі прыемнымі пажаданнямі праходзьце, калі ласка. Я прапаную вам адправіцца ў падарожжа (гучыць тэлефонны званок). Пачакайце хвіліначку, нам хтосьці тэлефануе. Цікава, хто гэта? (Падымае трубку тэлефона)
Выхавальнік: Слухаем вас. Добры дзень.
Следапыт Лявон: Добры дзень! Гэта дзіцячы садок № 11?
Выхавальнік: Так, а вы хто?
Следапыт Лявон: Я Следапыт Лявон. Вельмі люблю падарожнічаць. Мне хочацца адправіцца ў падарожжа разам з вамі. Ужо еду ў ваш дзіцячы садок. Спадзяюся на сумеснае прыемнае падарожжа! Да пабачэння!
Выхавальнік: Дзякуй, Лявон. Мы цябе чакаем!
Заходзіць Лявон.
Следапыт Лявон: Добры дзень, хлопчыкі і дзяўчынкі! Я вельмі рады сустрэчы з вамі ў вашым цудоўным горадзе. Я шмат падарожнічаю па роднай Беларусі. Бачыў прыгожыя гарады і вёсачкі, багатыя на падзеі і гісторыю, сустракаўся з цікавымі людзьмі, якія распавядалі розныя гісторыі, казкі і паданні пра свае родныя мясціны. Кожнае падарожжа для мяне – гэта прыемныя ўражанні, пазітыўныя эмоцыі, і, безумоўна, шмат новых ведаў. Быў я і ў Ваўкавыску. Ваш горад мне вельмі спадабаўся. І таму я вырашыў прыехаць у Ваўкавыск яшчэ раз.
З кожнага падарожжа я прывожу з сабою памятныя рэчы. З Ваўкавыска таксама прывёз. А што я прывёз, хачу, каб вы мне адказалі. Я падрыхтаваў для вас сілуэт гэтага прадмета, а выявы на ім няма. (Паказвае дзецям і замацоўвае на магнітнай дошцы).
Каб вы змаглі адказаць на маё пытанне, я прапаную вам прайсці складаны, але цікавы квест. Гэта невялікае падарожжа з дапамогай карты-маршрута. Рухаючыся па маршруце, вы будзеце выконваць заданні і за гэта атрымліваць частку прадмета (элемент пазла) з выявай. Сабраўшы ўсе элементы, вы замацуеце іх на сілуэце, складзеце пазл і з лёгкасцю адкажаце на маё пытанне.
Выхавальнік: Дзеці, вы гатовы адправіцца ў такое незвычайнае падарожжа?
Дзеці: Так!
Выхавальнік: Тады мы з Лявонам радыя вас вітаць на нашай гульні «Падарожжа па родным горадзе»!
Следапыт Лявон: Падарожнічаць сёння мы будзем не на цягніку, і не на аўтамабілі, і нават не на веласіпедзе. Мы пойдзем пешшу. Падарожжа наша няпростае, але нам дапаможа маршрутная карта “Сакрэтныя лісты”, якую я для вас падрыхтаваў. (Перагортвае магнітную дошку, на якой знаходзіцца маршрутная карта “Сакрэтныя лісты” з указальнымі стрэлкамі). На карце, акрамя сакрэтных лістоў, якія падкажуць нам месца пошуку задання, ёсць стрэлкі, якія ўкажуць нам парадак руху па маршруце.
Выхавальнік: Паважаны Лявон, а што азначаюць сакрэтныя лісты? На іх няма выяў.
Следапыт Лявон: Не хвалюйцеся. Мы ўжо пачынаем гульню і адразу зразумеем, чаму лісты сакрэтныя і як яны нам змогуць дапамагчы.
Выхавальнік: У падарожжа сёння адправяцца дзве каманды. На каманды мы падзелімся з дапамогай эмблем, якія прышчэплены да вашага адзення. Адныя эмблемы зялёныя, другія чырвоныя. У нас з Лявонам таксама ёсць эмблемы. У мяне чырвоная, а у Лявона – зялёная. У каго чырвоныя эмблемы, падыдзіце, калі ласка, да мяне, а ў каго зялёныя, падыдзіце да Лявона.
Следапыт Лявон: Нам пара адпраўляцца ў падарожжа! Дзве каманды, падыдзіце да маршрутнай карты. Вы бачыце стрэлкі рознага колеру (чырвоны, зялёны). Гэта шлях кожнай з каманд.
Следапыт Лявон: А зараз мы ўбачым, куды нам трэба рухацца. (Выклікае па адным гульцу з кожнай каманды). Вазьміце крэйду сіняга колеру і замалюйце першы сакрэтны ліст.
Дзеці замалёўваюць ліст, і на лісце з’яўляецца выява прадмета, намаляванага воскам.
Следапыт Лявон: Што вы бачыце?
Дзеці: Піяніна.
Следапыт Лявон: Так, гэта піяніна. Зразумелі цяпер, чаму лісты сакрэтныя?
Дзеці: Так, трэба замаляваць ліст, і мы будзем ведаць, куды пайсці, каб знайсці і выканаць заданне.
Следапыт Лявон: А дзе будзем шукаць першае заданне?
Дзеці: У музычнай зале. Там, дзе знаходзіцца піяніна. (Падыходзяць да піяніна).
Следапыт Лявон: А вось і першы канверт з заданнем. (Адкрывае канверт).
Прыпынак 1. Заданне “Бліц-інтэрв’ю “Мой Ваўкавыск – мая старонка”
Следапыт Лявон: Каманды павінны адказаць на пытанні па чарзе. Калі каманда не адказвае на пытанне, то на пастаўленае пытанне можа адказаць другая каманда. Слухайце ўважліва і адказвайце хутка.
– Як называецца наша краіна? (Рэспубліка Беларусь)
– Як называецца сталіца нашай краіны? (Мінск)
– Як называецца горад, у якім мы жывём? (Ваўкавыск)
– Як называецца вобласць, у якой знаходзіцца Ваўкавыск?(Гродзенская)
– Як называюцца жыхары, якія жывуць у нашым горадзе? (Ваўкавычане)
– Якія рэкі працякаюць праз наш горад? (Ваўкавыя, Рось)
– Які музей ёсць у нашым горадзе?(Музей Баграціёна)
– Які сімвал нашага горада? (Воўк)
Следапыт Лявон: Малайцы! Справіліся з заданнем, а вось і першы элемент пазла!
Выхавальнік: Наша краіна вялікая. Наш горад – гэта маленькая частка Беларусi. Месца, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, называюць Радзімай. Ваўкавыск – наша малая радзiма. Паглядзім, куды маршрутная карта накіруе нас далей.
Дзеці вызначаюць шлях па стрэлках; прадстаўнікі каманд замалёўваюць наступны “сакрэтны ліст”.
Выхавальнік: Дзеці, што вы бачыце на “сакрэтным лісце”?
Дзеці: Экран.
Выхавальнік: Так, гэта экран. Але не проста экран, а экран інтэрактыўнай дошкі.
Выхавальнік: Дзе будзем шукаць другое заданне?
Дзеці: У студыі. Там, дзе знаходзіцца інтэрактыўная дошка.
Выхавальнік: Нам абавязкова трэба ўзяць з сабою маршрутную карту, каб далей выконваць заданні.
Каманды пераходзяць у студыю, знаходзяць другі канверт з заданнем, выхавальнік адкрывае канверт.
Прыпынак 2. Заданне “Віртуальная экскурсія “Прадпрыемствы Ваўкавыска”
Выхавальнік: Дзеці, а зараз адбудзецца экскурсія па Ваўкавыску. Вы шмат дзе былі з мамамі і татамі, з бабулямі і дзядулямі і, напэўна, ведаеце пра свой горад, пра самыя вялікія прадпрыемствы. Зараз на экране будуць з’яўляцца фотаздымкі з выявамі прадпрыемстваў Ваўкавыска. Для правядзення экскурсіі нам неабходны экскурсаводы па адным ад кожнай каманды. Экскурсавод паведаміць нам пра тое, што ўбачыць на экране. Гэта павінна быць невялікае апавяданне з некалькіх сказаў. А перад удзельнікамі каманд знаходзяцца карткі з рознымі прадметамі. Пасля таго як экскурсавод вашай каманды паведаміць інфармацыю, вы павінны яго падтрымаць. (Выбраць і падняць карткі з прадметамі, якія адпавядаюць таму, пра што расказваецца).
Выхавальнік: Пачынаем экскурсію. На экране па чарзе з’яўляюцца фотаздымкі: Ваўкавыскае ААТ “Беллакт”, Ваўкавыскі мясакамбінат, Ваўкавыскі хлебазавод, АAТ “BолМет”.
Напрыклад: На экране з’яўляецца фотаздымак: Ваўкавыскае ААТ “Беллакт”.
Экскурсавод: Гэта прадпрыемства “Беллакт”. Яно знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкая. Тут працуе шмат людзей. На прадпрыемстве выпускаюць малочныя прадукты для маленькіх дзяцей і для дарослых.
Каманда выбірае і падымае карткі з выявамі малочных прадуктаў: малако, кефір, тварог, масла і г.д. Дзеці кожнай каманды па чарзе выконваюць заданне.
Выхавальнік: Малайцы! З гэтым заданнем вы таксама справіліся! Вы атрымліваеце другі элемент пазла!
Следапыт Лявон: Нам зноў патрэбна звярнуцца да маршрутнай карты.
Дзеці вызначаюць шлях па стрэлках; прадстаўнікі каманд замалёўваюць наступны “сакрэтны ліст”.
Следапыт Лявон: Дзеці, што вы бачыце на “сакрэтным лісце”?
Дзеці: Мяч. Гімнастычная лесвіца.
Следапыт Лявон: Дзе будзем шукаць трэцяе заданне?
Дзеці: У спартыўнай зале. Там, дзе знаходзяцца мячы і гімнастычныя лесвіцы. Дзеці пераходзяць у малую спартыўную залу, з сабою забіраюць маршрутную карту.
Прыпынак 3. Заданне “Беларускія народныя гульні”
У малой спартыўнай зале дзяцей сустракае Несцерка.
Следапыт Лявон: Добры дзень, шаноўны гаспадар Несцерка. Завіталі мы да цябе за дапамогаю. Шукаем канверт з заданнем. Нам яго абавязкова трэба выканаць.
Несцерка: Добра, я вам дапамагу. Але вы, даражэнькія, пагуляйце са мной. Згодны?
Дзеці: Так!
Несцерка: Але спачатку давайце ўспомнім, якія вы ведаеце беларускія народныя гульні?
Дзеці: “Гарлачык”, “Пляцень”, “Лапці”, “Блін гарыць”, “Гусі-лебедзі і воўк”, “Рэдзька” г.д. (Кожная каманда адказвае па адной назве).
Несцерка: Дзякуй вам за добрыя веды беларускіх гульняў. А да якой гульні ў мяне падрыхтаваны атрыбуты?
Дзеці: “Лапці”.
Несцерка: Я вам прапаную трошкі адпачыць і пагуляць у гэту гульню.
Следапыт Лявон: І я з задавальненнем пагуляю.
Гуляюць у гульню “Лапці”.
Несцерка. Дзякуй вам за веданне беларускіх гульняў, за добрую гульню. Вы адпачылі?
Дзеці: Так.
Следапыт Лявон: Дзякуй і табе, Несцерка. Але мы не бачым канверта з заданнем!
Несцерка. Не хвалюйцеся. Вы ўжо яго выканалі і нават на “выдатна”. Вось вам частка ад пазла. Да пабачэння!
Дзеці: Да пабачэння!
Выхавальнік: Дзе наша маршрутная карта?
Дзеці падыходзяць да карты, вызначаюць шлях па стрэлках; прадстаўнікі каманд замалёўваюць наступны “сакрэтны ліст”.
Выхавальнік: Дзеці, што вы бачыце на “сакрэтным лісце”?
Дзеці: Мальберт.
Следапыт Лявон: Дзе будзем шукаць наступнае заданне?
Дзеці: У дызайн-студыі. Там, дзе знаходзяцца мальберты і прылады для творчасці.
Дзеці пераходзяць у дызайн-студыю.
Прыпынак 4. Заданне ”Ваўкавыскія ўмельцы”
Выхавальнік: Дзеці, а вось і канверт з наступным заданнем. Паслухайце ўважліва. На стале стаіць скарбонка, у ёй карцінка з выявай прадмета. Адгадаем загадку і даведаемся, што там:
Дровы любіць есці,
Хоць зубоў не мае,
Целам сваім
Усю хату сагравае!
Дзеці: Печ.
Выхавальнік: Правільна (паказвае карцінку). А дзе вы бачылі печ?
Дзеці: У вёсцы ў бабулі. У нас дома ёсць печ.
Выхавальнік: А з чаго зроблена печ, хто ведае? Я вам падкажу. Гэта “кафля”.
Кафля – гэта керамічныя пліткі, зробленыя з гліны, прамавугольнай ці квадратнай формы для абліцоўкі печы, каміна (на экране прадстаўлены фотаздымкі). Кафлю таксама вырабляюць і ў Ваўкавыску.
Выхавальнік: Вы зразумелі значэнне слова “кафля”?
Дзеці: Так.
Выхавальнік: Каб печ ці камін былі прыгожымі, кафлю размалёўваюць, прыдумваюць розныя ўзоры. Нам мастакі дызайнеры прапануюць пафарбаваць узор на кафлі.
Дзеці рознакаляровай крэйдай фарбуюць узор: адна каманда – квадратныя кафлі, другая – прамавугольныя.
Выхавальнік: Якія прыгожыя кафлі атрымаліся ў абедзвюх каманд. Мастакі дызайнеры будуць нам вельмі ўдзячныя. За гэта заданне вы атрымліваеце чарговы элемент пазла.
Следапыт Лявон: А цяпер падыдзіце да маршрутнай карты.
Дзеці падыходзяць да карты, вызначаюць шлях па стрэлках; прадстаўнікі каманд замалёўваюць наступны “сакрэтны ліст”.
Следапыт Лявон: Дзеці, што вы бачыце на “сакрэтным лісце”?
Дзеці: Ноты і скрыпічны ключ.
Следапыт Лявон: Дзе будзем выконваць наступнае заданне?
Дзеці: У музычнай зале.
Следапыт Лявон: Мы вяртаемся з вамі ў музычную залу. Якое заданне нас там чакае?
Пераходзяць у музычную залу.
Прыпынак 5. Заданне “Ваўкавыск творчы”
У музычнай зале дзяцей сустракае Дзяўчына Беларусачка (музычны кіраўнік) у беларускім нацыянальным касцюме.
Дзяўчына: Заходзьце, калі ласка! Я знайшла тут канверт. Напэўна, ён для вас, дзеці?
Выхавальнік: Так, мы за ім прыйшлі. У ім заданне для нас. Мы падарожнічаем з Лявонам, выконваем розныя заданні. Нам трэба сабраць усе часткі пазла, скласці яго і адказаць на пытанне следапыта Лявона. (Адкрывае канверт).
Заданне для вас, дзеці, творчае. Трэба ўмець і спяваць, і танцаваць, і вершы чытаць. Вы гатовыя?
Дзеці: Так!
Выхавальнік: Але хто нам дапаможа? Музыкі няма.
Дзяўчына: Не хвалюйцеся, я вам дапамагу.
Я даўно ўжо вас чакаю
І на танец запрашаю.
Танец “Полька-Янка” (беларуская народная мелодыя)
Дзяўчына:
Танец добра танцавалі,
Але песні не спявалі.
Станавіцеся хутчэй.
Заспяваем весялей!
Песня “Родны мой горад” (музыка Васіля Раінчыка, словы Уладзіміра Някляева)
Відэаролік з выявамі Ваўкавыска.
Выхавальнік: Дзеці, як цудоўна вы спявалі і танцавалі, родны горад праслаўлялі! Паважаны Лявон, нашы дзеці ведаюць вершы ваўкавыскіх паэтаў, якія напісалі цудоўныя словы пра наш славуты, родны горад. Паслухай, калі ласка!
У выкананні выхаванцаў гучаць радкі з верша паэта-земляка Вячаслава Макуця
“Мой Ваўкавыск, струмень святла крыніцы…”
Гісторыі спяваюць галасы.
Мы спевам гэтым будзем ганарыцца
Дзівоснае і вечнае красы…
Мы ў спадчыне культурна-гістарычнай,
У легендах і паданнях даўніны
Купаемся, як у вадзе крынічнай,
І ганарымся горадам радным!
Следапыт Лявон: Дзякуй вам за прыемныя хвіліны, за творчыя здольнасці! Вы справіліся з заданнем і атрымліваеце апошнюю частку пазла.
Следапыт Лявон: Скончылася наша падарожжа. На маршрутнай карце няма ўжо сакрэтных лістоў. Значыць, гульня-квест пройдзена, заданні выкананы. А цяпер ідзём складаць пазл.
Дзеці складаюць пазл. Атрымліваецца выява герба горада Ваўкавыска.
Следапыт Лявон: Дзеці, што атрымалася?
Дзеці: Выява ваўка. Герб Ваўкавыска.
Следапыт Лявон: Вось вы і адказалі на маё пытанне. Менавіта герб Ваўкавыска я прывёз як напамінак пра цікавае падарожжа па Ваўкавыску. Дзякуй вам, хлопчыкі і дзяўчынкі. Мне вельмі прыемна было з вамі падарожнічаць. А ўспомніце, што мы рабілі ў нашым падарожжы? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі. (Адказы дзяцей. Дзеці выказваюць свае ўражанні).
Следапыт Лявон: Я ганаруся, што вы сапраўдныя знаўцы свайго роднага краю, сваёй роднай беларускай мовы. А зараз час развітвацца. Як гэта зрабіць па-беларуску?
Дзеці: Да пабачэння, да сустрэчы, пабачымся, усяго найлепшага, шчасліва.
Выхавальнік: Усё так. Але мне больш за ўсё падабаецца: бывайце здаровы, жывіце багата! Давайце так і развітаемся.
Развітваюцца, Лявон выходзіць з залы пад гучанне аўдыязапісу песні “Мой Ваўкавыск”.