Практыка-арыентаваныя задачы, задачы з міжпрадметным зместам і іх рашэнне. Урок матэматыкі ў 6-м класе

- 13:20II И III СТУПЕНИ, Математика. Сценарии, Методичка

Практыка-арыентаваныя задачы, задачы з міжпрадметным зместам і іх рашэнне. Урок матэматыкі ў 6-м класе

Марына ІГНАЦІК,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Дварэцкая сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

ignatik.marina1975@gmail.com

 

 

Мэта:

– адукацыйная: стварыць умовы для фарміравання навыкаў вучняў па састаўленні і рашэнні праектных задач практыка-арыентаванага зместу, усведамлення вучнямі значнасці матэматычных ведаў у практычнай дзейнасці;
– развіваючая:  стварыць умовы для развіцця пазнаваўчай і творчай дзейнасці вучняў, фарміравання асабістых якасцей, неабходных не толькі для матэматычнай навукі, але і для паўнавартаснага жыцця ў грамадстве, з улікам сацыяльных (у тым ліку прафарыентацыйных) патрэб вучняў;
– выхаваўчая: стварыць умовы для выхавання асобы, здольнай да развіцця, супрацоўніцтва і творчасці, ажыццяўлення дзеянняў самакантролю і самаацэнкі, узаемакантролю і ўзаемаацэнкі, адчування адказнасці за выніковасць работы.

Вучні павінны:

– умець праводзіць вылічэнні з дзесятковымі дробамі ў сітуацыях, што забяспечваюць практычныя патрэбы;
– умець кантраляваць вылічэнні зручным спосабам: ацэнкай вынікаў на праўдападобнасць, прыкідкай.

Форма занятку: занятак-праект.

Тып праекта: практыка-арыентаваны.

Абсталяванне: мультыборд, лісты ватмана, маркеры, даведкі.

 

Структура вучэбнага занятку:

1 Арганізацыя занятку. Актуалізацыя ведаў. Пастаноўка задач (2 мін)
2 Вызначэнне значнасці дзесятковых дробаў у практычнай дзейнасці (Праверка дамашняга задання. Вусная размінка) (7 мін)
3 Рашэнне праектнай задачы практыка-арыентаванага зместу:
       3.1 Пастаноўка праблемы (2 мін)
       3.2 Планаванне дзейнасці (2 мін)
       3.3 Пошук інфармацыі (2 мін)
       3.4 Стварэнне праекта (15 мін)
       3.5 Прэзентацыя праекта (8 мін)
4 Рэфлексія. Самаацэнка і ўзаемаацэнка, ацэньванне работы вучняў.
5 Падвядзенне вынікаў работы (6 мін)
6 Тлумачэнне дамашняга задання (1 мін)

 

Ход урока

1 Арганізацыя занятку. Актуалізацыя ведаў. Пастаноўка задач

Настаўнік: Добры дзень, сядайце, калі ласка. Даволі часта ў сваёй прафесійнай дзейнасці настаўнікі матэматыкі, у тым ліку і я, сутыкаемся з пытаннямі сваіх вучняў “Навошта нам вывучаць тую ці іншую тэму па матэматыцы?”. Зразумела, што жыццёвую неабходнасць ведаў, якія набываюцца ў школе, дапамагае зразумець толькі сувязь выкладання матэматыкі з практычнай дзейнасцю. Таму я хачу пачаць наш занятак са слоў вядомага савецкага педагога і матэматыка Аляксея Іванавіча Маркушэвіча, які прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні школьных падручнікаў па матэматыцы ў 60-я гады ХХ стагоддзя: “Вывучэнне матэматыкі без належнай сувязі з жыццём перашкаджае развіццю лагічнага мыслення, зніжае ўзровень матэматычнай падрыхтоўкі” (Дэманстрацыя на мультыбордзе).

Спадзяюся, што вы зразумееце, чаму гэтыя словы я хачу звязаць з тэмай нашага ўрока.

Давайце нагадаем, вывучэннем якога раздзела мы займаемся на гэты час.

Вучні: Мы вывучаем раздзел “Дзесятковыя дробы”

Настаўнік: Якія веды, уменні і навыкі мы ўжо набылі з вамі па гэтай тэме?

Вучні: Мы набылі навыкі па выкананні арыфметычных дзеянняў з дзесятковымі дробамі; акругленні дзесятковых дробаў; пераўтварэнні звычайных дробаў у дзесятковыя.

Настаўнік: Скажыце, калі ласка, як нам могуць спатрэбіцца набытыя арыфметычныя навыкі ў далейшым вывучэнні матэматыкі?

Вучні: Набытыя навыкі могуць спатрэбіцца нам пры рашэнні задач.

Настаўнік: Так. І тэма нашага занятка – “Практыка-арыентаваныя задачы, задачы з міжпрадметным зместам і іх рашэнне” (на дошцы). Якія задачы маюцца на ўвазе?

Вучні: Задачы, навыкі рашэння якіх нам спатрэбяцца ў жыцці.

 

2 Вызначэнне значнасці дзесятковых дробаў у практычнай дзейнасці

Настаўнік: Выкажыце, калі ласка, свае меркаванні, як дзесятковыя дробы ўжываюцца людзьмі ў практычнай дзейнасці?

Вучні: Добрае веданне дзесятковых дробаў і ўменне выконваць з імі арыфметычныя дзеянні неабходна як у прафесійнай дзейнасці людзей, так і ў побыце.

Настаўнік: Давайце паспрабуем даказаць вашыя меркаванні на практыцы пры састаўленні і рашэнні задач практыка-арыентаванага зместу, якія прыходзіцца рашаць людзям як у прафесійнай дзейнасці, так і ў бытавой.

У якасці дамашняга задання вы рашалі задачы, аб’яднаныя адной і той жа тэматыкай. Якой?

Вучні: Тэматыкай выканання рамонтных работ, што, з аднаго боку, можа датычыцца многіх прафесій: праекціроўшчыкаў, дызайнераў, тынкоўшчыкаў, маляроў, плітачнікаў, і нават бухгалтараў. З другога боку, з рамонтам сутыкаюцца ўсе людзі ў побыце.

Праверка дамашняга задання. Вусная размінка

Настаўнік: Цяпер я прапаную вам некалькі вусных практычных задач на выкананне рамонту, якія правераць трываласць вашых уменняў і навыкаў, атрыманых пры рашэнні дамашняга задання.

Паўтарэнне матэрыялу: плошча прамавугольніка; прамавугольны паралелепіпед, плошча паверхні прамавугольнага паралелепіпеда (Дэманстрацыя на мультыбордзе)

1. У вашым пакоі шырынёй 2,5 м і даўжынёй 4 м неабходна пафарбаваць падлогу. Колькі для гэтага неабходна купіць фарбы, калі расход фарбы на 1 м² складае 0,125 кг? Ці хопіць бляшанкі фарбы масай 2,2 кг, каб пафарбаваць падлогу двума пластамі?

2. Колькі неабходна купіць шпаклёўкі, каб выраўняць столь у вашым пакоі, калі расход шпаклёўкі на два пласты шпаклявання складае 2,5 кг на 1 м²? Ці хопіць 1 меха шпаклёўкі, калі ён важыць 20 кг?

3. Колькі плітак неабходна набыць для выкладвання падлогі калідора шырынёй 2 м, даўжынёй 3,2 м, калі памеры адной пліткі 400 мм× 400 мм? (Дэманстрацыя на мультыбордзе).

 

3 Рашэнне праектнай задачы практыка-арыентаванага зместу

       3.1. Пастаноўка праблемы

Настаўнік: Скажыце з асабістага вопыту, з чаго пачынаецца рамонт дома?

Вучні: Рамонт дома пачынаецца з яго планавання.

Настаўнік: Іншымі словамі, што неабходна зрабіць членам сям’і?

Вучні: Неабходна ацаніць яго памеры, палічыць, колькі неабходна матэрыялаў і якіх для выканання рамонту, разлічыць грашовыя сродкі на іх набыццё.

       3.2 Планаванне дзейнасці

Настаўнік: Правільна. Я прапаную вам скласці праект дакумента, які называецца каштарыс (смета), і адлюстроўвае план рамонту і суму расходаў на рамонт (настаўнік замацоўвае на дошцы ліст ватмана).

Праект каштарыса (сметы) рамонтных работ

Запланаваныя рамонтныя работы Неабходныя будаўнічыя матэрыялы Колькасць будаўнічых матэрыялаў Цана Кошт
         

Паколькі на адным з заняткаў мы з вамі займаліся практычнымі вымярэннямі абедзеннай залы школьнай сталовай, то ў нас ёсць пэўныя даныя, удакладненыя загадчыкам гаспадаркай школы, для выканання нашага праекта менавіта на прыкладзе гэтага аб’екта.

Работа над любым праектам складаецца з пяці этапаў(Дэманстрацыя на мультыбордзе):
       – праблема
       – план
       – пошук
       – прадукт
       – прэзентацыя.

Праблему мы сфармулявалі. План уяўляем. Больш падрабязны алгарытм вашых дзеянняў у вас ёсць на партах (Дадатак 4) (Дэманстрацыя на мультыбордзе)

       3.3 Пошук інфармацыі

Настаўнік: Прыступаем да 3-га этапа праекта: пошук інфармацыі. З мэтай аптымізацыі нашай работы я падрыхтавала для вас інфармацыйныя даведкі, у тым ліку з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. Звярніце ўвагу на даведкі, якія ляжаць у вас на партах (Дадаткі 1, 2, 3) (Дэманстрацыя на мультыбордзе)

Акрамя вымярэнняў абедзеннай залы, вам прапануецца прайс-ліст з цэнамі інтэрнэт-магазіна будаўнічых матэрыялаў “Будаўнік.bу”; даведка будаўнічай кампаніі “Будова-трэст” аб расходах будаўнічых матэрыялаў.

Як мы павінны выкарыстаць гэтую інфармацыю?

Вучні: З дапамогай вымярэнняў мы вылічым плошчы рамонтных работ. З дапамогай інфармацыі аб расходах будаўнічых матэрыялаў знойдзем іх неабходную колькасць. З дапамогай прайс-ліста інтэрнэт-магазіна вылічым іх кошт.

       3.4 Стварэнне праекта

Настаўнік: Пераходзім да стварэння нашага прадукту – праекта каштарыса. Перад пачаткам урока я прапанавала вам падзяліцца на дзве групы. Для таго каб мы паспелі выканаць нашу работу, я прапаную вам падзяліць яе: 1-я група – выконвае частку работы, якая звязана са сценамі сталовай, а 2-я група – з падлогай і столлю. Затым вы прэзентуеце вынікі сваёй работы, аб’яднаеце іх і атрымаеце агульны праект каштарыса рамонтных работ.

Размяркуйце, калі ласка, свае функцыянальныя абавязкі ў групах згодна з атрыманымі рэкамендацыямі (Дадатак 5) (Дэманстрацыя на мультыбордзе).

Пры ацэнцы вашай работы будуць улічвацца наступныя крытэрыі, ад якіх будзе залежыць вынік усяго нашага праекта (Дэманстрацыя на мультыбордзе):
       – рацыянальнасць размеркавання абавязкаў і планавання дзейнасці членаў групы;
   – арганізаванасць і самакантроль групы і кожнага паасобку, уменне супрацоўнічаць і дапамагаць адно аднаму;
       – ініцыятыва, творчасць;
  – правільнасць і хуткасць вылічэнняў кожнага члена групы, узровень складанасці і рацыянальнасць яго вылічэнняў;
       – якасць афармлення праекта і яго прэзентацыі.

Таксама будзьце гатовы прааналізаваць вынікі вашай работы. Думаю, што ў вас усё атрымаецца.

Работа вучняў у групах, адлюстраванне вынікаў работы на асобных лістах ватмана

       3.5 Прэзентацыя праекта

Прадстаўнікі кожнай групы замацоўваюць на дошцы лісты ватмана з вынікамі сваёй работы і прадстаўляюць іх. У выніку атрымліваецца састаўлены праект каштарыса рамонтных работ

 

4 Рэфлексія. Самаацэнка і ўзаемаацэнка, ацэньванне работы вучняў

Настаўнік: Мы выслухалі нашых прэзентатараў. Давайце прааналізуем вынікі нашай работы. Для правядзення рэфлексіі вам у дапамогу прапанавана некалькі пытанняў (Дэманстрацыя на мультыбордзе):
       – Ці вырашылі мы пастаўленую перад сабой праблему?

       – Ці пацвердзілася ваша выснова?
       – Што ў працы над праектам было найбольш цікавым?
       – Які асабісты ўклад у гэта ўнеслі менавіта вы?
       – Якія былі асноўныя цяжкасці і як вы іх пераадольвалі?
       – Якія можаце зрабіць сабе заўвагі і прапановы на будучыню?
       – Ці атрымалі вы новыя веды, уменні і навыкі ў працэсе працы над праектам?
   – Ці зможаце вы паўдзельнічаць цяпер пры падліку колькасці неабходных будаўнічых матэрыялаў і грашовых сродкаў, неабходных для рамонту свайго дома?

Настаўнік ацэньвае работу вучняў.

 

5 Падвядзенне вынікаў работы

Настаўнік: Я думаю, што вынікі вашай работы можна смела перадаваць адміністрацыі школы для рэалізацыі на практыцы.

А цяпер вернемся да эпіграфа ўрока (Дэманстрацыя на мульцібордзе).

Ці ўстанавілі мы належную сувязь нашай тэмы з практычным жыццём? (Адказы вучняў) Я спадзяюся, што наша сённяшняя работа паспрыяе развіццю вашых асабістых якасцей, у тым ліку культуры ўзаемадзеяння, інфармацыйнай і эканамічнай культуры, павысіць узровень вашай матэматычнай падрыхтоўкі.

 

6 Тлумачэнне дамашняга задання

А для таго каб замацаваць набытыя ўменні і навыкі, я прапаную вам наступнае дамашняе заданне:
       – саставіць праектную або проста практыка-арыентаваную задачу, якая патрабуе выканаць вылічэнні ў пэўных сітуацыях, што забяспечваюць практычныя патрэбы чалавека ў побыце або прафесійнай дзейнасці (Дэманстрацыя на мультыбордзе).

Я спадзяюся, што на прыкладзе сённяшняга занятку, вы пераканаліся, што калі не кожны можа стаць матэматыкам, то ў жыцці матэматыка будзе патрэбна кожнаму.

Дзякуй вам за работу на ўроку.

 

Дадатак 1

Даведка загадчыка гаспадаркай школы

Вымярэнні абедзеннай залы школьнай сталовай
       – шырыня – 6,5 м
       – даўжыня – 9,0 м
       – вышыня – 2,7 м

Памеры акна для раздачы – 1,3 м × 1,6 м
Памеры вокнаў № 1, № 2( + радыятары)  – 2,5 м × 1,9 м 
Памеры дзвярэй № 1(+акно № 3 + радыятары)  – 2,5 м × 2,5 м
Памеры дзвярэй № 2  –1,15 м × 1,85 м
Памеры дзвярэй № 3 – 1,95 м × 1,15 м

 

Дадатак 2

Прайс-ліст інтэрнэт-магазіна “Будаўнік.bу”

Найменне будаўнічых матэрыялаў Цана
Шпаклёўка гіпсавая “Ілмакс”, 1 мех (15 кг) 14,5 бел. руб.
Водаэмульсійная фарба “Снежка”, 10 л (15 кг) 65,5 бел. руб.
Керамічная падлогавая плітка “Керамін”, 1 шт. (400 мм × 400 мм) 17,2 бел. руб.
Сухая кладкавая сумесь для падлогавай пліткі “Люкс”, 1 мех (25 кг) 8,2 бел. руб.

 

Дадатак 3

Даведка будаўнічай кампаніі “Будова-трэст”

Найменне будаўнічых матэрыялаў Выдаткі будаўнічых матэрыялаў
Шпаклёўка гіпсавая “Ілмакс” 2,5 кг на 1 м² (2 пласты)
Водаэмульсійная фарба“Снежка” 0,2 кг на 1 м² (1 пласт)
Керамічная падлогавая плітка “Керамін” 1 шт. 400 мм × 400 мм
Сухая кладкавая сумесь для падлогавай пліткі “Люкс” 1,8 кг на 1 м²

 

Дадатак 4

Планаванне дзейнасці па састаўленні каштарыса (сметы)

1 Спланаваць рамонтныя работы, выбраць неабходныя будаўнічыя матэрыялы.

2 Знайсці інфармацыю, якая дапаможа вылічыць плошчы запланаваных работ. Вылічыць іх.
3 Знайсці інфармацыю аб выдатках будаўнічых матэрыялаў для выканання спланаваных рамонтных работ. Падлічыць колькасць будаўнічых матэрыялаў, якія неабходна набыць.
4 Знайсці інфармацыю аб цэнах на будаўнічыя матэрыялы. Падлічыць грашовыя сродкі, якія неабходна патраціць на набыццё будаўнічых матэрыялаў.

 

Дадатак 5

Прыкладнае размеркаванне абавязкаў у групе (бэйджыкі):

1) праект-менеджэр (адміністратар праекта) – кіраўніцтва распрацоўкай праекта і дзейнасцю групы, прапанова ідэй, сувязь з настаўнікам;
2) інфарматар – пошук інфармацыі, работа з даведкамі;
3, 4) дызайнер-тэхнолаг – прапанова ідэй, выкананне вылічальнай часткі праекта;
5) сакратар – дапамога дызайнеру-тэхнолагу, афармленне праекта;
6) прэзентатар – дапамога ў афармленні праекта, прадстаўленне праекта.

  Праект-менеджэр Інфарматар Дызайнер-тэхнолаг Сакратар Прэзентатар
Група №1          
Група №2          

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий