“Ведай мову сваю, беларус!” Турнір знаўцаў для вучняў 8–9-х класаў (да Міжнароднага дня роднай мовы)
Ала КАЗЕКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 10 г. Слоніма”,
Гродзенская вобласць
Мэты і задачы гульні: садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы, выхаванню ў падлеткаў павагі і любові да роднага слова, пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, актывізацыі інтэлектуальных магчымасцей асобы.
Абсталяванне: камп’ютар, мультымедыйны праектар і экран, гульнявыя заданні ў выглядзе прэзентацыі, секундамер, дыпломы для ўзнагароджвання пераможцы і ўдзельнікаў гульні.
Форма правядзення: у турніры бяруць удзел дзве каманды, у склад якіх уваходзяць 6–8 вучняў.
Правілы турніру. Кожная каманда па чарзе выбірае намінацыю і, адпаведна, пытанне з пазначанай колькасцю балаў (ад 10 да 50). На абдумванне адказу даецца 15 секунд. За правільны адказ налічваецца колькасць балаў, роўная “кошту” пытання, і права выбіраць наступнае пытанне. Калі каманда не здолее адказаць на пытанне, права адказу пераходзіць да іншай каманды. Пераможца гульні вызначаецца па найбольшай колькасці набраных балаў.
На перыяд правядзення турніру ствараецца судзейская калегія, якая ацэньвае правільнасць адказаў удзельнікаў, вядзе ўлік набраных балаў, знаёміць удзельнікаў з вынікамі кожнага тура, падводзіць вынікі пасля ўсіх тураў гульні.
Гульнявое поле:
Беларускае роднае слова |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
Літаратурная старонка |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
Залацінкі народнай мудрасці |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
Беларускі каляндар |
10 |
20 |
30 |
40 |
50 |
Ход турніру
Вядучы 1.
Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова…
Вядучы 2. Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
Вядучы 1. 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш. Менавіта ў гэтай краіне 21 лютага 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове.
Вядучы 2. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд ЮНЕСКА абвясціў Дзень роднай мовы, каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.
Вядучы 1. Наш турнір мы прысвячаем спеўнай, сакавітай, мілагучнай беларускай мове.Сёння вызначым лепшага знаўцу роднай мовы.
Беларускае роднае слова
Балы |
Пытанне |
Адказ |
10 |
Пералічыце пры дапамозе прыслоўяў пяць дзён тыдня па парадку |
Пазаўчора, учора, сёння, заўтра, паслязаўтра |
20 |
Як адным словам па-беларуску назваць НАПИТОК ИЗ БЕРЁЗОВОГО СОКА? |
Бярозавік |
30 |
Праз сінанімічную назву патлумачце значэнне слова “ЗЁЛКІ” |
Лекавыя расліны |
40 |
Перакладзіце на беларускую мову словазлучэнне УХАЖИВАТЬ ЗА ДЕВУШКОЙ |
Заляцацца да дзяўчыны |
50 |
Багацце любой мовы складаюць сінонімы, ад ужывання якіх залежыць наколькі якасна і дакладна мы выказваем сваю думку. Адкажыце, у чым розніца паміж сінонімамі “дапытлівы” і “цікаўны”? |
Дапытлівы – які імкнецца ўсё зразумець, пазнаць, дайсці да сутнасці; цікаўны – які хоча ўсё ведаць, бачыць |
Літаратурная старонка
Балы |
Пытанне |
Адказ |
10 |
Нарадзіўся ў сям’і лесніка, па прафесіі – настаўнік, у літаратуры выступаў пад псеўданімамі, адзін з іх Тарас Гушча. Яму належыць наступнае выказванне: “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову”. Пра каго ідзе гаворка? |
Гаворка ідзе пра Якуба Коласа |
20 |
Гэты паэт меў каля дзясятка псеўданімаў: Вайдэльота, Здарэнец, Марка Бяздольны, Стары Мінчук і інш. У гісторыю беларускай літаратуры ўвайшоў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Меў званні народнага паэта Беларусі і акадэміка Акадэміі навук БССР. Пад якім псеўданімам ведаем гэтага паэта мы? |
Янка Купала |
30 |
Беларусь часта называюць краінай белых буслоў. А як вобразна назваў наш родны край Уладзімір Караткевіч? Гэтыя словы далі назву яго нарысу |
Зямля пад белымі крыламі |
40 |
Песню на словы гэтага паэта лічаць адной з песенных візітовак Беларусі, выконвае яе ансамбль “Песняры”. Як называецца гэта песня і хто з’яўляецца аўтарам слоў? |
Алесь Ставер “Жураўлі на Палессе ляцяць” |
50 |
Складальнік першага беларускага слоўніка, мовавед, фалькларыст, этнограф. Сучаснікі называлі яго беларускім Далем. Стварыў “Слоўнік беларускай мовы”, дзе сабрана і растлумачана звыш 30 тысяч слоў. Па гэтым слоўніку вывучаў беларускую мову Максім Багдановіч. Пра каго ідзе гаворка? |
Пра Івана Насовіча |
Залацінкі народнай мудрасці
Балы |
Пытанне |
Адказ |
10 |
Паходжанне многіх фразеалагізмаў хаваецца ў далёкай старажытнасці і тлумачыцца светаўспрыманнем нашых продкаў. Якую жывёлу, па меркаванні нашых продкаў, трэба было з’есці, каб набыць вялікі вопыт, дасведчанасць, стаць спрактыкаваным? |
З’есці сабаку |
20 |
Што, паводле беларускай народнай мудрасці, трэба пазычыць у сабакі, каб лічыцца бессаромным? |
Вочы (вачэй у сабакі пазычыць) |
30 |
Пазнайце фразеалагізм па значэнні: “Спадзявацца вярнуць тое, што беззваротна прайшло” |
Учарашняга дня шукаць |
40 |
Гэты фразеалагізм узнік з евангельскай прытчы пра тое, як адзін чалавек, ад’язджаючы, даручыў рабам ахоўваць сваю маёмасць: аднаму рабу ён даў 5 талантаў, другому – 2, трэцяму – 1. Рабы, якія атрымалі 5 і 2 таланты, аддалі свае грошы пад працэнты, а той, хто атрымаў 1 талант, закапаў яго ў зямлю. Калі гаспадар вярнуўся, ён атрымаў ад двух рабоў у два разы больш талантаў, чым пакідаў ім. Гаспадар пахваліў іх. А рабу, які атрымаў 1 талант, сказаў, што ён лянівы і хітры. Які фразеалагізм узнік на аснове гэтай прытчы? У якім значэнні ён ужываецца? |
Закопваць талент у зямлю – губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца |
50 |
Гэты ўсходнеславянскі фразеалагізм абазначае “пачынаць штосьці рызыкоўнае, асуджанае на няўдачу, дзейнічаць не думаючы пра вынікі”. Паходзіць гэты фразеалагізм з мовы паляўнічых. Калісьці на мядзведзя хадзілі з вострым калом. Звычайна некалькі такіх калоў пад вуглом укопвалі ў зямлю і гналі на іх звера. Напароўшыся на гэты кол, звер гінуў. Назавіце гэты фразеалагізм |
Лезці на ражон |
Беларускі каляндар
Балы |
Пытанне |
Адказ |
10 |
Пра гэты месяц казалі, што ён “…зямлю грэе, а сіверам вее” і калі ён “…халодны – год галодны”. Назавіце гэты месяц |
Май |
20 |
Назавіце дні тыдня, якія адпавядаюць наступным характарыстыкам: святая, цяжкі, радзіцельская (бацькоўская), чысты |
Святая нядзеля, цяжкі панядзелак, радзіцельская субота, чысты чацвер |
30 |
На Каляду носяць зорку, на якой намаляваны розныя фігуры. Што ўвасабляла гэта зорка ў дахрысціянскія і ў хрысціянскія часы?
|
У дахрысціянскія часы зорка была ўвасабленнем сонцавароту, а з прыняццем хрысціянства набыла рысы віфлеемскай зоркі |
40 |
Размяркуйце святы па парадку ў адпаведнасці з беларускім народным календаром (пачынаючы ад Каляд): Вербніца, Сёмуха, Вялікдзень, Купалле, Радаўніца, Каляды, Масленіца, Спас, Дзяды. |
Каляды, Масленіца, Вербніца, Вялікдзень, Радаўніца, Сёмуха, Купалле, Спас, Дзяды |
50 |
На гэтае свята асвячаюць свечкі ў царкве. Свечкі запальваюць з вераю ў спрыянне, дапамогу ў час навальніцы, каб маланка не спаліла хату. Першая назва свята пайшла ад язычніцкага бога. Назавіце гэта свята і дзень, калі яно адзначаецца |
Грамніцы, адзначаецца 15 лютага |
Вядучы 1. Вось і завяршыўся наш турнір, вызначыўся яго пераможца. Рабяты, авалодвайце таямніцамі нашай роднай мовы і старанна беражыце яе залатыя россыпы.
Вядучы 2.
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка…
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана,
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца.