Вэб-квест як інавацыйная форма арганізацыі пазнавальнай дзейнасці старшакласнікаў на ўроках літаратуры (метадычны пашпарт вэб-квеста “Вэб-музей Уладзіміра Караткевіча”)

- 14:00II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Вэб-квест па творчасці Уладзіміра Караткевіча для вучняў 11-га класа. Для гульні выкарыстаны шаблон Geniai.ly у форме музея.

Ірына КАЗАЧЭНКА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Лельчыцкая раённая гімназія”,
Гомельская вобласць

 

 

Усе мы ведаем, якую вялікую ролю ў вучэбным працэсе адыгрывае матывацыя вучняў. Выклікаць пазітыўныя эмоцыі, пазнавальны інтарэс дапамагае гульня. У гульні сумныя заданні ператвараюцца ў цікавыя, а складаныя – у простыя.

Сёння існуе многа спосабаў арганізаваць вучэбную дзейнасць падлеткаў сродкамі выкарыстання гульнёвых дзеянняў з мэтай матывацыі на сучаснае выкананне заданняў і імкненне атрымаць высокую адзнаку. Не абавязкова ствараць паўнавартасную камп’ютарную гульню. Можна выкарыстаць асобныя элементы, якія дазваляюць прыстасаваць правілы пад вучэбныя заняткі. Для гэтага на ўроку можна прымяняць даступныя для ўстановы адукацыі камп’ютарнае, інтэрактыўнае і мабільнае абсталяванне, электронныя сродкі адукацыі і інш.

Для вучняў ХІ класа я падрыхтавала вэб-квест па творчасці Уладзіміра Караткевіча. Для гульні выкарыстала шаблон Geniai.ly у форме музея. Спасылка на вэб-квест:

https://view.genial.ly/61c47269bc535c0dd49c27ef/interactive-content-veb-muzej

Малюнак 1

На слайдзе пры ўваходзе ў музей прапанаваны “навігатар”. Ён дапамагае настаўніку і вучням (усім удзельнікам гульні) рухацца па залах музея (Малюнак 1). Падрыхтаваны чатыры залы для наведвання з інтэрактыўнымі заданнямі, практыкаваннямі, віктарынамі па змесце мастацкага твора; чытальная зала са спасылкай на тэкст рамана анлайн; філворд; цікавыя факты; кніга водгукаў.

Малюнак 2

Адным з першых этапаў для наведвальнікаў музея з’яўляецца відэафільм “Рыцар і слуга Беларусі”, які можна выкарыстаць на ўроку “Звесткі пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча”. На гэтым уроку ёсць магчымасць даведацца цікавыя факты з жыцця пісьменніка.

Далей навігатар адкрывае для наведвальнікаў першую залу (Малюнак 2). У першай зале вучні адказваюць на пытанні, звязаныя з вывучэннем творчасці У.Караткевіча ў папярэднія гады.

1. З якога твора цытата? “Дарога на поўнач кантралявалася інсургентамі і была небяспечнай. Таму ганцам, якія павінны былі трапіць у размяшчэнне коннага палка, даводзілася скакаць з захаду, перапраўляючыся ўброд цераз Друць або – гэтая дарога была карацейшай, але і больш небяспечнай — ехаць поймаю ракі, …”

А) “Лебядзіны скіт”;
Б) “Паром на бурнай рацэ”;
В) “Дзікае паляванне караля Стаха”.

2. З якога твора цытата?

“І была абдзёрта зямля балотнай Русі ўшчэнт. Тысячы палонных валакліся на валасяных арканах за канямі, і не было каму плакаць над руінамі, бо ўся пустая стаяла зямля”.

А) “Зямля пад белымі крыламі”;
Б) “Лебядзіны скіт”;
В) “Паром на бурнай рацэ”.

3. З якога твора цытата?

“Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную – зведанне гэтага народа. Я кончыў пасля гімназіі ўніверсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам”.

А) “Паром на бурнай рацэ”;
Б) “Каласы пад сярпом тваім”;
В) “Дзікае паляванне караля Стаха”.

4. Хто з герояў твораў Уладзіміра Караткевіча ў дзяцінстве выхоўваўся ў сялянскай сям’і?

А) Алесь Загорскі;
Б) Юры Загорскі;
В) Юрый Гораў.

5. Героем якога твора Уладзіміра Караткевіча стаў Кастусь Каліноўскі?

А) “Паром на бурнай рацэ”;
Б) “Дзікае паляванне караля Стаха”.
В) “Каласы пад сярпом тваім”.

Пасля правільнага адказу на ўсе пытанні наведвальнікам прапануецца прыгледзецца да экспанатаў больш уважліва. За інтэрактыўнымі кнопкамі размешчаны звесткі пра персанажа аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха” Андрэя Беларэцкага (у тэкставым выглядзе); інфармацыя пра кіраўніка паўстання 1863–1864 гг. Кастуся Каліноўскага (спасылка на вэб-старонку https://karotkizmest.by/биографии/кастусь-каліноўскі.html); фільм “Паром на бурнай рацэ” (спасылка https://www.youtube.com/watch?v=HXb8kiX48Do); сціслы пераказ літаратурнай казкі “Лебядзіны скіт” (у тэкставым выглядзе); інфармацыя пра Алеся Загорскага – галоўнага героя рамана “Каласы пал сярпом тваім” (у тэкставым выглядзе).

 

Інтэрактыўная кнопка “Далей” пераводзіць наведвальнікаў у наступную залу. Пры гэтым доступ у іншыя залы закрыты. “Экспанаты” залы адпавядаюць тэме ўрока “Прадстаўнікі дваранства ў рамане “Каласы пад сярпом тваім”.

 

У другой зале навучэнцам прапануецца пазнаць прадстаўнікоў дваранства ў рамане У.Караткевіча:

1. Пазнайце героя рамана: “… ты і ўсе лічылі мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлі”.

А) Хаданскі;
Б) Юры Загорскі.

2. “Дзяржавы праходзяць і царствы праходзяць, вечнае толькі каханне, і чалавек не можа памерці, не пакінуўшы следу на твары зямным”.

А) Юры Загорскі;
Б) Акім Загорскі.

3. “Будзе сапраўдны князь – не сродак, не цацка чужой сілы. Віншую цябе, гаспадар Юры”.

А) Яраслаў Раўбіч;
Б) Хаданскі.

4. Хто стаў пастрыжоным братам Алеся Загорскага?

А) Ілья Хаданскі;
Б) Мсціслаў Маеўскі.

5. Памешчык-самадур у рамане, вядзе бязладнае жыццё, меў няшчасны для мужыкоў разгульны характар.

А) Кроер;
Б) Хаданскі.

 

Пасля правільнага адказу на ўсе пытанні наведвальнікам прапануецца выканаць інтэрактыўныя практыкаванні. Звяртацца да экспанатаў можна ў адвольным парадку.

1. У філвордзе схаваны імёны герояў рамана У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Знайдзіце іх усе.
2. Інтэрактыўная віктарына прапануе пазнаць персанажаў па цытатах і выявах, якія адкрываюцца павольна. Вучань націскае на кнопку тады, калі гатовы даць адказ. Далей прапануюцца варыянты адказу. Час адказу на пытанне абмежаваны.
3. Наступнае практыкаванне “групавая сарціроўка” прапануе вучням размеркаваць персанажаў рамана па іх сацыяльных групах: дваране, сяляне.
4. Наступнае практыкаванне мае на мэце праверыць, наколькі ўважліва вучні чыталі твор: трэба адзначыць правільнае ці няправільнае выказванне паяўляецца на экране. Час на выкананне практыкавання абмежаваны.
5. У наступным практыкаванні вучні тлумачаць вобразы-сімвалы рамана шляхам размяшчэння каляровых сцікераў насупраць іх значэння.

 

Наступную залу можна “наведаць” на ўроку “Вобразы сялян у рамане”.

1. Пра які звычай ідзе гаворка ў прыведзеным урыўку? “Каб ведалі, як даецца зямля, каб не збэсціліся… Аддавалі, бывала, як толькі чатыры гады дзіцяці. Хто на тры, а хто і на пяць год. І зусім не дапамагалі хлопскай сям’і”.

А) пастрыжэнне ў юнакі;
Б) дзядзькаванне.

2. Навошта быў адданы ў сялянскую сям’ю на дзядзькаванне Алесь Загорскі?

А) каб ведаў усё пра цяжкую працу сялян, паважаў і шкадаваў іх;
Б) бацькі на некалькі год ад’язджалі за мяжу, не маглі ўзяць сына з сабой.

3. Хто з сялян слепа ненавідзіць памешчыкаў-прыгнятальнікаў і не верыць у намеры маладога Загорскага?

А) Кагут;
Б) Корчак.

4. Стары Кагут спявае “таемную песню” пра белае жарабя. Растлумачце сэнс гэтага вобраза-сімвала.

А) гуманістычныя памкненні беларускай шляхты;
Б) сялянская ідэя найвышэйшай справядлівасці.

5. Паводзіны Корчака ў маёнтку Раўбіча прыводзяць да таго, што ён…

А) становіцца правадыром у аднавяскоўцаў;
Б) пачынае траціць аўтарытэт сярод сваіх прыхільнікаў.

 

Пасля правільнага адказу на ўсе пытанні наведвальнікам прапануецца выканаць інтэрактыўныя практыкаванні.

Разгадайце крыжаванку (інтэрактыўны рэсурс learningapps); тлумачэнне вобраза-сімвала белага жарабяці з пункту гледжання літаратуразнаўцаў (у тэкставым выглядзе); характарыстыка вобраза Алеся Загорскага як прадстаўніка тагачаснага перадавога беларускага грамадства (у тэкставым выглядзе); апісваецца звычай дядзькавання (у тэкставым выглядзе); мастацкая вартасць і значнасць паэтызацыі жыцця прыроды і чалавека ў творы Караткевіча.

 

Апошняя зала дапамагае настаўніку пракантраляваць веды вучняў пра ўзаемаадносіны Алеся Загорскага і Майкі Раўбіч.

1. Назавіце імя каханай Алеся Загорскага.

А) Міхаліна;
Б) Сабіна;
В) Ядзенька.

2. На балі ў Загорскіх дзяўчына паводзіць сябе…

А) вельмі жорстка ў адносінах да Алеся;
Б) вельмі прыязна ў адносінах да Алеся;
В) спачатку не звяртае на Алеся ўвагі.

3. Якая рыса характару дзяўчыны дазволіла Хаданскім уцягнуць яе ў брудную гульню супраць Алеся Загорскага?

А) легкадумнасць;
Б) бескарыслівасць;
В) самалюбства.

4. Зразумеўшы сваю памылку ў адносінах да Алеся, дзяўчына вырашае…

А) выйсці за яго замуж;
Б) пакараць сябе шлюбам з нялюбым чалавекам;
В) паехаць за мяжу.

5. Хто дапамог Алесю пераадолець расчараванне ў жыцці?

А) Мсціслаў Маеўскі;
Б) Гелена Карыцкая;
В) Ядзенька Клейна.

 

Калі на ўсе пытанні дадзены правільныя адказы, адкрываецца выява-мазаіка.

На выхадзе з музея наведвальнікам прапануецца кніга водгукаў. Пры дапамозе прыёму “Пірамідная гісторыя” вучням прапануецца прааналізаваць вобразы рамана “Каласы пад сярпом тваім”.

У час наведваня вэб-музея навучэнцы актыўна працуюць на ўроку, замацоўваюць веды. А гэта спрыяе павышэнню матывацыі да навучання, іх пазнавальнай актыўнасці і больш эфектыўнаму замацаванню ведаў. Назіраецца зацікаўленасць працэсам гульні. У гульні актывізуюцца псіхічныя працэсы ўдзельнікаў гульнёвай дзейнасці: увага, разуменне, мысленне, успрыманне.

Займальнасць гульні робіць станоўча эмацыянальна афарбаванай скрупулёзную дзейнасць па запамінанні, паўтарэнні, замацаванні ці засваенні інфармацыі.

Як можна бачыць, вэб-квест з выкарыстаннем розных інтэрнэт-сэрвісаў можа з’яўляцца часткай сучаснага адукацыйнага працэсу. Іх прымяненне дазваляе настаўніку павысіць эфектыўнасць працэсу навучання, удасканальваць методыку правядзення ўрокаў, своечасова прасочваць вынікі навучання, планаваць і сістэматызаваць сваю работу, выкарыстоўваць як сродак самаадукацыі.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

1 Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9 класа устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / В.У.Праскаловіч; пад рэд. В.У.Праскаловіч, В.П.Рагойшы. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019.
2 Вэб-музей https://view.genial.ly/61c47269bc535c0dd49c27ef/interactive-content-veb-muzej

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий