Аўтар расказвае пра прымяненне дыдактычных і наглядна-практычных дапаможнікаў у карэкцыйна-адукацыйнай рабоце.
Таццяна ЦІХАНОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ЦКРНіР Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць
Сучасны адукацыйны працэс патрабуе ад настаўніка-дэфектолага выкарыстоўваць у рабоце разнастайныя сродкі актуалізацыі. Працуючы з дзецьмі дашкольнага ўзросту з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі, для мяне важна развіваць і ўдасканальваць сэнсаматорныя працэсы і назапашваць уяўленні аб навакольным асяроддзі.
Практыка паказала, што выкарыстанне традыцыйных метадаў і прыёмаў не заўсёды прыносіць чаканы вынік, таму ўзнікла неабходнасць у пошуку больш эфектыўных сродкаў, якія б палепшылі працу, накіраваную на фарміраванне сэнсаматорных навыкаў у дзяцей дадзенай катэгорыі.
Заняткі па фарміраванні сэнсаматорных навыкаў у выхаванцаў ва ўмовах цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі – складаны і доўгі працэс. Засвоіць сэнсорны эталон – для гэтых дзяцей значыць выдзеліць характэрныя асаблівасці розных прадметаў у самых разнастайных сітуацыях. Разумеем, каб пазнаёміць з якімсьці прадметам практычна, да яго неабходна дакрануцца рукамі, сціснуць, пагладзіць, пакатаць, і г.д. Ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы, каб былі задзейнічаны зрок, нюх, дотык, слых і іншыя аналізатары. Практыка паказвае, што найлепшы вынік па развіцці сэнсаматорных навыкаў дасягаецца з дапамогай выкарыстання комплексных гульняў, гульнявых практыкаванняў і дыдактычных дапаможнікаў.
Ствараецца камфортнае прадметна-развіваючае асяроддзе, якое адпавядае адукацыйным магчымасцям выхаванцаў. Вынікам гэтай працы сталі дапаможнікі з падручнага матэрыялу, якія простыя і зручныя ў абыходжанні, маюць высокую развіваючую магчымасць, могуць быць выкарыстаны для разнастайнай дзіцячай дзейнасці. Спынімся на некаторых з іх.
Вядома, што слабае развіццё ўспрымання з’яўляецца адной з прычын маруднага авалодвання дзейнасцю. Таму на занятках па развіцці сэнсаматорных навыкаў прымяняю гульні на тактыльнае і візуальнае абследаванне матэрыялаў, цацак. Для гэтага апрабавала падрыхтаваны дапаможнік “Тактыльныя дошчачкі”. Дапаможнік зроблены з матэрыялаў, розных па фактуры (футра, фланель, фольга, наждачная папера, вельвет і іншыя). Памер дошчачак падбіраўся такі, каб дзеці маглі абмацаць іх не толькі пальчыкамі, але і ўсёй далонню. Перад работай з гэтым дапаможнікам раблю дзіцяці масаж пальчыкаў і кісці рук. Мэта дапаможніка – развіваць тактыльныя адчуванні ад дотыку да рознай паверхні, вучыць абмацваць дошчачку падушачкамі пальцаў і ўсёй далонню. Пачынала работу з трох дошчачак, затым павялічвала іх колькасць у залежнасці ад індывідуальных асаблівасцей дзяцей. Пасля абследавання дошчачак прапанавала гульню “Знайдзі такую ж”. Дзецям, якія спраўляліся з гэтым заданнем, давала ўскладнены варыянт гульні з заплюшчанымі вачамі. Такім чынам, адна і тая ж гульня, адно і тое ж практыкаванне могуць мець розную мэту ў залежнасці ад этапа навучання: паўтор, самастойная работа, паказ па падабенстве і ўзоры.
З мэтай абмацвання прадмета рознымі пальцамі, каб адначасова адчуваліся асобныя элементы даследавання аб’екта, прапаноўвала дзецям розныя варыянты гульні з дапаможнікам “Вусень”. Гэты дапаможнік выраблены з фетру, з’яўляецца зборна-разборнай цацкай, часткі якой можна разбіраць, а затым збіраць у адно цэлае. Кожная частка “Вусеня” складаецца з розных напаўняльнікаў (фасоля, гарох, пацеркі, рыс, гузікі, жалуды) і мае розны колер. Часткі “Вусеня” счэпліваюцца паміж сабой ліпучкамі. З гэтым дапаможнікам прапаную дзецям розныя віды заданняў, пачынаючы з абмацвання частак і заканчваючы практыкаваннямі на фарміраванне ўяўленняў аб колеры і памеры: “Абмацаем кружочкі”, “Збяры вусеня”, “Разбяры вусеня”, “Раскладзі кружочкі па колеры”, “Вусень схаваўся пад хустачкай” і інш. Работа з гэтым дапаможнікам садзейнічае праяўленню станоўчых эмоцый у дзяцей, развівае цікавасць і стымулюе да актыўных дзеянняў.
З задавальненнем дзеці займаюцца з дапаможнікам “Сэнсарныя фартушкі”. Былі пашытыя два фартушкі, на адным з якіх нашытыя латкі ў выглядзе геаметрычных фігур з рознага на дотык матэрыялу, на другім – прамавугольныя рознакаляровыя кішэні з рознымі зашпількамі. У якасці заданняў давала розныя варыянты гульняў. Напрыклад, апранала фартушок на дзіця і прапаноўвала абмацаць усе фігуркі пальчыкамі, затым давала скрыначку з такімі ж фігуркамі. Дзіця павінна было дастаць фігуру, затым знайсці такую ж на фартуху. Для дзяцей, якія гавораць, даюцца заданні на адрозненне фігур па форме. Фартух з кішэнямі часта выкарыстоўваецца ў якасці сюрпрызных момантаў. Так, напрыклад, пры вывучэнні лексічнай тэмы “Дзікія жывёлы” хавала ў кішэні фігуркі жывёл і прапаноўвала дзіцяці знайсці іх. Для фарміравання ўяўленняў аб колеры давала заданні на дыферэнцыяцыю: “Пакладзі сіні прадмет у сінюю кішэнь, чырвоны прадмет – у чырвоную кішэнь”. Для развіцця слыхавога ўспрымання клала ў кішэні цацкі, якія выдаюць гукі. Прапаноўвала гульні “Знайдзі жывёлу па гуку”, “Адшукай званочак” і іншыя.
З мэтай выканання розных рухаў з прадметамі, такіх, як націсканне, адкручванне – закручванне, зашчэпліванне, выкарыстоўвала на занятках дапаможнік “Дамавічок”. Дапаможнік выраблены з дошкі, на якой самарэзамі замацаваны разетка з заглушкамі, званок, зашчапкі, цэпкі, пробкі. З дапамогай гэтага дапаможніка развіваецца не толькі дробная маторыка, але і адбываецца знаёмства дзяцей са спосабамі абыходжання з рознымі прыстасаваннямі хатняга ўжытку, з тэхнікай бяспекі пры дотыку да гэтых прадметаў. Гэта садзейнічае сацыяльна-бытавой адаптацыі дзяцей.
З мэтай адпрацоўкі навыкаў захопу прадметаў, паляпшэння каардынацыі рухаў выкарыстоўваю розныя варыянты гульняў з дапаможнікамі “Пацешныя матрошкі”, “Прышчэпкі”. Работа з гэтымі дапаможнікамі садзейнічае развіццю тонкіх дыферэнцыраваных рухаў пальцаў, адрозніванню прадметаў па колеры, велічыні. Выкарыстоўвала наступныя варыянты заданняў: прапаноўвала дзіцяці падабраць да рыльца бляшанкі-матрошкі накрыўку адпаведнага памеру, у сярэднюю бляшанку насыпаць белую вялікую фасолю, раскласці фасолю ў бляшанкі ў адпаведнасці з памерам.
З дапаможнікам “Прышчэпкі” гуляем з дзецьмі ў такія гульні, як “Сумнае сонейка”, “Развесялім хмарку”, “Пацешная сінічка”, “Што не так з агароднінай” і інш. Спачатку расказваю цікавую гісторыю, а затым прапаную дзецям дапамагчы героям. Для гэтага ім неабходна прымацаваць прышчэпкі да адпаведных картачак.
З мэтай развіцця зрокава-маторнай каардынацыі і арыентацыі ў прасторы ў заняткі ўношу элементы пастаяннага візуальнага пошуку: запрашала дзяцей падысці да “Экалагічнага пано” – шырокафарматнай карціны, размешчанай на адной са сцен групы. Для работы з гэтым дапаможнікам былі выраблены “тактыльныя манекены” і картачкі, якія мы мяняем у залежнасці ад пары года, стану надвор’я. Падбіраю дзецям розныя заданні на замацаванне ўяўленняў аб колерах: “Падбяры пялёсткі да кветкі”, “Знайдзі капялюшык для грыба”, “Замацуй на дрэва толькі зялёныя лісточкі”. А таксама давала заданні на вызначэнне прадметаў па структуры тканіны: лісцік жоўтага колеру – з жоўтага шоўку, капялюш грыба – з цёмнага меху, ножка грыба – з жоўтага фетру. Зразумела, што работа з гэтым дапаможнікам садзейнічала не толькі развіццю сэнсаматорных навыкаў, але і ўзбагачала ўяўленні дзяцей аб навакольным свеце.
Такім чынам, мой шматгадовы вопыт паказаў, што метадычна правільна падабраныя дыдактычныя і наглядна-практычныя дапаможнікі ў карэкцыйна-адукацыйным працэсе дзяцей з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі – гэта, з аднаго боку, эфектыўны сродак развіцця сэнсаматорных навыкаў, а з другога – практычная дзейнасць самога дзіцяці па ўспрыманні навакольнага асяроддзя.
Выкарыстанне нетрадыцыйных дапаможнікаў забяспечвае ўсведамленне дзіцем самога сябе, садзейнічае павышэнню цікавасці да дзейнасці і стварае спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця асобы дзіцяці з цяжкімі і множнымі парушэннямі.