Логіка-сэнсавая мадэль “Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў” прызначана для рэалізацыі не толькі навучальных мэт урока, а і задач асобаснага развіцця вучняў.
Таццяна КСЕНЕВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Логіка-сэнсавая мадэль (далей ЛСМ) “Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў” прызначана для рэалізацыі не толькі навучальных мэт урока, а і задач асобаснага развіцця вучняў.
ЛСМ часткова складзена на папярэдніх уроках вучэбнага прадмета “Чалавек і свет. Мая Радзіма – Беларусь” і выкарыстоўваецца на этапе праверкі дамашняга задання, пры фармулёўцы мэт урока і этапе засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў.
ЛСМ дазваляе вучням убачыць усю тэму цалкам і кожную падтэму асобна, параўнаць звесткі пра гарады Беларусі. Яна працуе як схема-апора для сістэматызацыі ведаў вучняў, як “ключык” для разумення вучнямі паходжання назваў гарадоў, як падказка, дазволеная настаўнікам.
На ўроку ЛСМ выконвае задачу не толькі запамінання, асэнсавання і падагульнення інфармацыі пра гарады Беларусі, але яшчэ дапамагае ствараць умовы для выхавання цікавасці да гістарычнага мінулага роднага горада і іншых гарадоў Беларусі, пачуцця патрыятызму і любві да роднага краю.
ЛСМ на этапе праверкі выканання дамашняга задання
Работа па ЛСМ “Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў” (Дадатак 1).
− Якая схема дапамагла падрыхтаваць дамашняе заданне да сённяшняга ўрока? (ЛСМ “Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў”.)
− Задайце пытанне ўсяму класу, карыстаючыся ёю.
− У якім годзе ўпершыню ў летапісах упамінаецца горад Віцебск (Магілёў, Гомель, Тураў)? На якой рацэ стаіць Полацк (Тураў, Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель)? Адкуль паходзіць назва горада Полацка (Турава, Мінска, Віцебска, Магілёва, Гомеля)? і іншыя.
Пытанні і заданні дазваляюць арганізаваць вучняў на лагічнае паўтарэнне матэрыялу пра гарады і дапамагаюць храналагічна зразумець гістарычнае мінулае Беларусі.
ЛСМ на этапе паведамлення тэмы ўрока і фармулявання мэт урока
− Паглядзіце на ЛСМ. Якія каардынаты яшчэ не запоўнены? (К8, К9, К10.)
− Паспрабуйце сфармуляваць тэму нашага сённяшняга ўрока. (Тэма “Адкуль пайшлі назвы гарадоў Брэст, Гродна, Смаргонь”.)
ЛСМ дае магчымасць вучням убачыць новую тэму ўрока і сфармуляваць яго мэты.
ЛСМ на этапе засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў
У працэсе знаёмства з інфармацыяй пра гарады Гродна, Брэст і Смаргонь адбываецца запаўненне галоўных вузлоў мадэлі: год упамінання ўпершыню горада ў летапісах, назва ракі, на якой размяшчаецца горад, паходжанне горада (Дадатак 2).
На гэтым этапе рэалізуецца выхаваўчы патэнцыял урока ў поўнай меры: вучні знаёмяцца з гісторыяй паходжання свайго роднага горада.
ЛСМ на этапе падвядзення вынікаў урока
− Што закончылі запаўняць на ўроку? (ЛСМ).
− Навошта яна нам патрэбна? (Для таго каб нашы веды былі ў пэўнай сістэме. Для падрыхтоўкі дамашняга задання. Для таго каб ведаць гісторыю паходжання гарадоў Беларусі, свайго роднага горада Смаргонь.)
Пазлы “Складзі герб горада”
Плануецца, што вучні ў працэсе складання з пазлаў запомняць выгляд гербаў гарадоў, з якімі пазнаёміліся на ўроках па тэме «Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў», змогуць арыентавацца і знаходзіць гэтыя гарады на карце Беларусі, тлумачыць паходжанне назвы гарадоў (Дадатак 3).
Выкарыстоўваецца гэты матэрыял на этапе абагульнення і сістэматызацыі ведаў і дае магчымасць ствараць умовы для выхавання цікавасці да гістарычнага мінулага нашай краіны.
Заданне: скласці з пазлаў герб аднаго з гарадоў і назваць гэты горад (работа ў групах).
Вынікі выкарыстання дыдактычных матэрыялаў:
− асобасныя: жаданне набываць новыя веды і ўменні, праяўляць цікавасць да гісторыі роднага горада;
− метапрадметныя: вызначаць галоўнае ў змесце вучэбнага матэрыялу, рабіць вывады, уменне ажыццяўляць сумесную дзейнасць у парах, адэкватна ацэньваць свае паводзіны ў вучнёўскім калектыве;
− прадметныя: сістэматызаваць і замацоўваць першапачатковыя ўяўленні пра паходжанне назваў старажытных гарадоў Беларусі, фарміраваць кампетэнцыі, якія звязаны з засваеннем вучнямі гістарычнай спадчыны роднага горада.