“Я чую голас несціханы…” Сцэнарый літаратурна-музычнай імпрэзы, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа (для 6–9-х класаў)
Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны”,
Гродзенская вобласць
Мэта і задачы: папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры; пашырэнне і абагульненне ведаў вучняў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа; фарміраванне ўмення перадаваць свае пачуцці ў паэтычным чытанні і публічна выступаць; садзейнічаць усведамленню вучнямі ролі класіка ў станаўленні беларускай літаратуры і фарміраванні нацыянальнай свядомасці беларусаў; стварэнне ўмоў для выхавання пачуцця патрыятызму і гонару за знакамітых людзей Беларусі.
Абсталяванне і афармленне актавай залы: мультымедыйны праектар для дэманстрацыі прэзентацыі, аўдыя- і відэазапісы, выстава фотаздымкам Якуба Коласа, выстава кніг Якуба Коласа і публікацый пра яго, выстава вучнёўскіх ілюстрацый да твораў Якуба Коласа, выказванні Якуба Коласа і пра Якуба Коласа і яго творчасць вядомых пісьменнікаў і крытыкаў, папяровыя жытнёвыя каласы, стэнд з намаляваным жытнёвым снопам.
Лабачэўская С.У. “Я чую голас несціханы…” Прэзентацыя да сцэнарыя літаратурна-музычнай імпрэзы
Удзельнікі: вучні 6–9-х класаў, бацькі вучняў, настаўнікі школы.
Выказванні:
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову (Якуб Колас)
Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар (Якуб Колас).
Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкiя вартасцi жыцця i каб быць карысным для iншых (Якуб Колас).
Творчасць Якуба Коласа – гэта своеасаблівы летапіс жыцця народа, летапіс праўдзівы і хвалюючы (Міхась Лынькоў).
Калі ж, нарэшце, раннім ранкам гром грымне, дождж заплешча ў рынах, ён [Якуб Колас] выйдзе радасна на ганак з усмешкай мудрай селяніна! (Алег Лойка).
Ход мерапрыемства
Гучыць песня “Мой родны кут…” на верш Якуба Коласа, музыку Ігара Лучанка (у выкананні ўзорнага хору сярэдняй школы № 3 Ашмян “Тоніка” і суправаджэнні відэароліка).
1-ы вядучы. Ёсць людзі, якія прыходзяць на Зямлю як пасланцы нябёсаў і пакідаюць зорны след у вечнасці. Свой зорны след пакінуў і выдатны чалавек, пра якога мы з вамі будзем сёння гаварыць. Паслухайце акраверш і падумайце: пра каго ідзе размова ў гэтым лірычным творы?
Я чую голас мужны і знаёмы!
Кранае сэрца ён ва ўсе часы.
Увішны класік працаваў без стомы,
Будзіў у сэрцах пачуццё красы.
Красу пейзажаў родных усхваляў у творах.
О, наш пясняр! Заўсёды будзеш першым!
Лячыў людскія сэрцы і ў радасць, і ў гора.
Адданасць, цеплыня ў кожным вершы.
Спавіты творы шчасцем і журбою, і мы схіляемся перад табою!
Дэманстрацыя слайда з акравершам.
2-і вядучы. Наша літаратурна-музычная гасцёўня “Я чую голас несціханы…” прысвечана беларускаму песняру Якубу Коласу. 3 лістапада адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння пісьменніка.
1-ы вядучы. Даніну памяці і павагі Я.Коласу аддаём сёння мы. Давайце пройдзем жыццёвымі сцяжынкамі, прыгадаем цудоўныя радкі з яго твораў, зазірнём у таямніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі.
2-і вядучы. Нялёгкім было жыццё Якуба Коласа, сапраўднае яго імя – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён зведаў шмат пуцявін, таму што быў сынам лесніка і па волі князя Радзівіла сям’і прыходзілася перабірацца з месца на месца.
1-ы вядучы. Нарадзіўся Якуб Колас 3 лістапада 1882 года. Малая радзіма класіка айчыннай літаратуры – засценак Акінчыцы Мінскага павета (цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобласці). Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток (Сухошчына), Альбуць, што непадалёк ад вёскі Мікалаеўшчына, адкуль бацькі былі родам.
Дэманстрацыя фотаздымкаў бацькоў паэта і мясцін, звязаных з біяграфіяй паэта.
Чытальнік.
Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бору.
2-і вядучы. Давайце на некалькі хвілін перанясёмся ў тыя далёкія дзіцячыя гады Якуба Коласа, тады яшчэ маленькага хлопчыка Косціка (Костуся).
Пастаноўка сцэнкі
Дзейныя асобы: дзядзька Антось, Косцік.
Косцік. Дзядзечка, колькі дзён яшчэ прыйдзецца пасвіць кароў?
Дзядзька. Цяжка сказаць: мо месяц, а можа, і больш…
Косцік. Але ўсё ж такі?
Дзядзька. А пакуль з нашае бярозкі, што ля хаты, лісце не абваліцца.
(Дзядзька адыходзіць убок.)
Косцік. Пакуль ніхто не бачыць, пайду абтрасу лісце, бо так гэтыя каровы абрыдлі ўжо.
(Бяжыць са сцэны. Выходзіць дзядзька.)
Дзядзька. Косцік, пара кароў выганяць! (Косцік выбягае з усмешкай.)
Косцік. Не, ужо не пара. Глянь, усё лісце з бярозы абвалілася.
Дзядзька. А праўда… Ды не, кароў ты ўсё роўна пасвіць будзеш. Але ж, жэўжык, як добра абтрос, вы толькі паглядзіце!
Дэманстрацыя на слайдзе ілюстрацыі з вобразам дзядзькі Антося і яго пляменнікаў і пляменніц.
1-ы вядучы. А як жа з’явіўся псеўданім Якуб Колас? Канстанцін Міхайлавіч цікавіўся творчасцю рускага пісьменніка Пятра Якубовіча-Мельшына. Асабліва спадабаўся яму верш пра колас. Думаючы пра выбар псеўданіма, гартаючы творы гэтага рускага пісьменніка, Канстанцін Міцкевіч і вырашыў назваць сябе Якуб (Якубовіч) Колас.
Дэманстрацыя партрэта рускага паэта П.Якубовіча-Мельшына.
2-і вядучы. Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік. Аповесці, апавяданні, паэмы, вершы, казкі, п’есы, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы пісьменніка ўзбагачаюць нас вопытам і ведамі ўважлівага даследчыка чалавечай душы, натхнёнага песняра роднай прыроды, гарачага патрыёта. Яны вучаць шанаваць і берагчы родную зямлю, родную мову, родную культуру. Пісьменнік бачыў жыццё ў яго няспынным руху, заўсёды ў дарозе, у творчым пошуку.
Чытальнік.
Жыццё ж так казачна-імкліва,
Паспець за ім так цяжка мне,
Каб на шырокім палатне
Нарысаваць яго завівы,
Адбіць і хвалі пералівы
На самай страшнай вышыне.
1-ы вядучы. Рана абудзілася ў хлопчыка цікавасць да кнігі. Першая навука вялася дома. Дзве зімы Косцік і яго браты і сёстры вучыліся ў дарэктара – вясковага хлопца, які меў не надта багатыя веды.
Чытальнік.
У дзве нядзелькі па Пакровах
Прывезлі Яську ў лапцях новых;
За ім два боты без абцасаў –
Насіў іх Яська з даўніх часаў,
Ад брата «Кіксы» дасталіся –
На ўсякі выпадак нясліся.
– Ну, вось дарэктар вам, глядзеце! –
Міхал ківае тут на Яську. –
За кнігі заўтра і за ўказку,
Бо грошы бацькавы – не смецце,
Каб мне вучыліся старанна!
Не патураць ім анізвання!
Дэманстрацыя ілюстрацый да ўрыўка з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” “Дарэктар”.
2-і вядучы. Пасля два гады вучыўся ў народнай школе вёскі Мікалаеўшчына. Школа і кнігі прыносілі Кастусю шмат радасці. Асабліва яму падабаліся творы рускага пісьменніка Мікалая Гогаля і байкапісца Івана Крылова. Невыпадкова пазней Якуб Колас не раз будзе звяртацца да жанру байкі.
Чытальнік.
Свабодны конь гуляў на волі,
I хвост, і грыву распусціў,
Іржаннем ён сваім будзіў
I лес стары і чыста поле.
У бок прахожы стараніўся,
Яму дарогу уступаў.
Ад страху Рудзька прытуліўся
I толькі ціхенька брахаў.
Каня злавілі, прывязалі,
На вобруць, беднага, ўзялі.
Аборкай ногі абвілі
I борзды бег яго стрымалі.
З-за вугла вылазіць Рудзька.
– Гаў-гаў-гаў – давай брахаць.
За хвост каня кусае цюцька –
Ні адцягнуць, ні адагнаць!
Малыя дзеці тут гулялі,
Дзівілісь многа і казалі
(Па дурнаце не разабралі –
Дзіця малое, як ягня):
– А Рудзька дужшы за каня!
1-ы вядучы. Пісаць вершы пачаў Якуб Колас у дванаццацігадовым узросце. Калі Кастусь прачытаў адзін са сваіх першых вершаў “Вясна” бацьку, той сказаў: “Добра”, – пацалаваў сына і даў яму адзін рубель. Так будучы паэт атрымаў свой першы ганарар.
Чытальнік.
Ідзе вясна ўжо, дзякуй Богу!
Згінуў снег з сырой зямлі;
Папсавала гразь дарогу,
Перавалы загулі.
Сонца грэе, прыпякае;
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Цёплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў.
Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікія крычаць,
Шпак на дубе расспяваўся,
Жураўлі ужо ляцяць.
I зіма, як дым, прапала!
Зелянее луг, ралля.
Як ад болю, ачуняла
Наша родная зямля.
2-і вядучы. У дваццацігадовым узросце Колас скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Дэманстрацыя слайда з партрэтам пісьменніка гэтага перыяду.
Сцэнка-роздум. (Па сцэне ходзіць вучань. Гучыць медытацыйная музыка).
А што далей? Якую выбраць сцежку, па якой дарозе крочыць? Вось і цяпер у руках сшытак. А ў ім творы. Салодкую мару перапыніў дождж, што секануў наўскос у акно. Наляцеў вецер, вырваў сшытак і панёс. Зрабілася яшчэ больш сумна – нібы сілай нехта вырваў у яго словы, якія выношваў у сэрцы. Ці не такі лес напаткае і ўсё яго пісанне? Ці не будзе жыццё і яго, як гэты сшытак, гнаць і збіваць з дарогі? Кідаць па свеце…
1-ы вядучы. Літаратурны дэбют Якуба Коласа адбыўся ў 1906 г. У першай беларускамоўнай газеце “Наша доля” быў надрукаваны верш “Наш родны край”.
Дэманстрацыя старонкі газеты “Наша доля” з надрукаваным у ім вершам Якуба Коласа “Наш родны край”.
2-і вядучы. Працуючы на Палессі настаўнікам, падрыхтаваў і выдаў зборнік твораў “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, дзе размясціў празаічныя замалёўкі, вершы і апрацоўкі казак.
Інсцэніроўка казкі “Мужык і пан”
Паслаў пан свайго мужыка з пісьмом да другога пана. Засунуў мужык пісьмо за пазуху і пайшоў. Якраз па дарозе сустрэў ён таго пана, да якога ішоў з пісьмом і падае яго пану, не зняўшы шапкі. Гэта пану на спадабалася.
– Скажы ты мне, чалавеча, ці ў твайго пана няма лепшых людзей, што ён паслаў да мяне цябе, дурня?
– Чаму няма? – кажа мужык. – Ёсць, але лепшых людзей і разумнейшых ён паслаў да лепшых і разумнейшых паноў.
1-ы вядучы. З гэтай сцэнкі можам пабачыць, наколькі Колас цаніў і паважаў простага чалавека, разумнага і знаходлівага ў любой сітуацыі. У самых складаных умовах ён быў побач з народам, шукаў для яго лепшай долі. Разам з сялянамі напісаў петыцыю супраць памешчыка Скірмунта. У 1906 годзе браў удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў роднай Мікалаеўшчыне, за што быў пазбаўлены настаўніцкай працы. Над Якубам Коласам адбыўся судовы працэс, пасля якога паэт быў прыгавораны да трох гадоў зняволення.
Дэманстрацыя слайда з партрэтам пісьменніка гэтага перыяду.
2-і вядучы. У турме Якуб Колас піша вершы, там жа нарадзіліся першыя радкі яго паэмы “Новая зямля”. Вершы паэта прасякнуты пачуццём любові да роднага краю, нясуць моцны зарад духоўнай сілы і стойкасці, веры ў лепшы дзень. Радаснай навіной дайшла за краты вестка аб выхадзе ў свет першага зборніка вершаў “Песні жальбы”.
Гучыць песня “Родныя вобразы” (у выкананні настаўніка музыкі сярэдняй школы № 3 Ашмян Івана Валадзько). Паказ відэароліка. https://www.youtube.com/watch?v=SFNdOWcsTx4&t=9s
1-ы вядучы. Якуб Колас многа вершаў прысвяціў апісанню прыроды. Вашай увазе прапануем малюнкі з выявамі розных пор года і ўрыўкі з вершаў Якуба Коласа, а вы вызначыце пару года і ўзгадайце назву верша.
2-і вядучы.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі. (Восень – “Адлёт жураўлёў”)
1-ы вядучы.
Даставайце з вышак сані,
Гайда сцежкі праціраць
І па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць! (Зіма – “Надыход зімы”)
2-і вядучы.
Цешыла ты дзетак
Ды ласкава гэтак –
Матчынай рукой,
Воляй маладою,
Цёплаю вадою,
Чыстаю ракой,
Полем і лясамі,
Спевам – галасамі
Ясных дзён тваіх. (Лета – “Канец лета”)
1-ы вядучы.
Гай страсянуўся, дрогнула поле,
Долы той гук паняслі.
У гэтым раскаце чуецца воля,
Чуецца радасць зямлі. (Вясна – “Першы гром”)
Дэманстрацыя слайдаў з адлюстраваннем розных пор года і назвамі вершаў пейзажнай лірыкі Якуба Коласа.
2-і вядучы. У 20–30 гады XX стагоддзя Якуб Колас напісаў самыя значныя свае творы – паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. Пазней у яго з’явіліся такія вядомыя творы, як аповесці “Дрыгва”, “На прасторах жыцця”, трылогія “На ростанях”.
Дэманстрацыя выданняў эпічных твораў Якуба Коласа.
1-ы вядучы. Лёс падараваў Канстанціну Міцкевічу сустрэчу, знаёмства, каханне з адзінай жанчынай, якая на ўсё жыццё стала яго зоркай, натхненнем, спадзяваннем і шчасцем. Гэтай зоркай стала жонка Якуба Коласа Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Дарэчы, Марыя Дзмітрыеўна нарадзілася ў горадзе Ашмяны ў 1891 годзе ў сям’і псаломшчыка ашмянскай Васкрасенскай царквы. Працавала настаўніцай на Піншчыне, дзе і сустрэлася з Якубам Коласам. Марыя Дзмітрыеўна стала для свайго мужа першым чытачом, слухачом і крытыкам яго твораў.
Дэманстрацыя слайда з партрэтам жонкі Якуба Коласа.
Чытальнік.
Ты без мяне, а я далёка.
Над стэпам звiс нябёсаў тын,
А снег стэповы слепiць вока,
I сумна мне, бо я адзiн.
За час наш доўгi я нямала
Быў у разлуцы i журбе.
Рука мая не ўсё спiсала
З таго, што думаў аб табе.
Я знаю – шмат ты мела гора
I горыч дум пiла да дна,
I шмат было тваiх дакораў,
Хоць ты ў душы маёй адна.
– Даруй жа мне! – скажу я толькi,
Схiлiўшы нiзка галаву. –
Забудзь пакуты, гора, болькi –
Табой я жыў, табой жыву.
I блiзка ты, i ты далёка.
Над стэпам звiс нябёсаў тын.
Змярцвелы стэп не цешыць вока,
I сумна мне, бо я адзiн.
Гучыць мелодыя песні “Свяшчэнная вайна” (словы В.І.Лебедзева-Кумача, музыка А.В.Аляксандрава).
2-і вядучы. Вайна… Страшэнны час для беларускага народа. Усе творы гэтага перыяду прасякнуты болем, трывогай за лёс сваёй зямлі.
Вайна разлучыла Якуба Коласа з родным краем. На вайне загінуў яго сярэдні сын Юрка. Па сутнасці, разлучыла і з жонкаю. Марыя Дзмітрыеўна, якая балюча перажывала страту сына, цяжка захварэла і амаль праз два тыдні пасля заканчэння вайны памерла.
Дэманстрацыя слайда з сямейным партрэтам Якуба Коласа.
Чытальнік.
Я чую голас несціханы –
Зямля мая мяне заве
I кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
I сілу даць у барацьбе!
Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына –
Не доўгі будзе твой палон.
1-ы вядучы. Дарога жыцця песняра скончылася ў 74 гады. Пахаваны класік на Вайсковых могілках у Мінску.
Прагляд відэаінтэрв’ю сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.
https://www.youtube.com/watch?v=gxelZteyjWY
2-і вядучы. Імя Якуба Коласа шырока вядома ў Беларусі і далёка за яе межамі. Нашага песняра славяць паэты розных моў свету. Паэт з Узбекістана Сцяпан Ліхадзіеўскі прысвяціў верш Якубу Коласу.
Дэманстрацыя слайда з партрэтам узбекскага паэта С.Ліхадзіеўскага.
Чытальнік.
Між вуліц ташкенцкіх, шырокіх і вузкіх,
Адной даў імя і пясняр беларускі.
Прайдзі па зялёнай алеі, якую
Узбекі-браты прысвяцілі Якубу!
1-ы вядучы. Руская паэтэса Марыя Камісарава напісала таксама верш-прысвячэнне Якубу Коласу.
Дэманстрацыя слайда з партрэтам рускай паэтэсы М.Камісаравай.
Чытальнік.
Мне Якуба Коласа строки,
Словно матери вздох глубокий.
Белоруссия,
Свет мой синий,
Васильковый, неугасимый.
2-і вядучы. Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа свае вершы-прысвячэнні напісалі вучні нашай школы. Вось адзін з іх.
Чытальнік.
Нясуцца зыкі песень здольных
Праз вёску гучную ў кут
Людзей адкрытых і свавольных –
Акінчыц, месца ўсіх цуд!
А нарадзіўся там наш вольны,
За справядлівасць у жыцці,
Сярод народа волат здольны,
Што схілен край свой узнясці.
І жыў між простага ён люду,
Прывучаны да працы быў ён тут,
Дабіўся гэткага дэбюту,
Хоць шлях не абышоўся без пакут.
Сярод усіх народным стаў паэтам,
І на зямлі ён Коласам узрос,
Няхай жа тваё зерне прыйдзе з хлебам
Накорміць і, дасць Бог, палепшыць лёс.
1-ы вядучы. Паважаныя ўдзельнікі і госці літаратурнага свята, просім вас прыняць удзел у віктарыне “Я Коласа пачуў”. За правільны адказ вы атрымаеце папяровы жытнёвы каласок, які збяром у важкі сноп.
Віктарына па жыцці і творчасці Якуба Коласа
1. Колькі год адзначаецца ў гэтым годзе з дня нараджэння Якуба Коласа? (140).
2. Якое сапраўднае імя Якуба Коласа? (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).
3. Кім быў бацька Якуба Коласа? (Лесніком).
4. У якім годзе нарадзіўся вядомы пісьменнік? (3 лістапада 1882 года).
5. Назавіце малую радзіму Якуба Коласа? (Засценак Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна Мінскага павета).
6. Як звалі ў паэме “Новая зямля” героя, прататыпам якога быў Якуб Колас? (Хлопчык Костусь).
7. Як называлі раней хатняга настаўніка? (Дарэктарам).
8. За што бацька Якуба Коласа даў дванаццацігадоваму сыну адзін рубель? (За першы верш “Вясна”).
9. Якой прафесіяй авалодаў Якуб Колас у Нясвіжскай семінарыі? (Настаўніка).
10. Якім вершам дэбютаваў Якуб Колас у газеце “Наша ніва” ў 1906 годзе? (“Наш родны край”).
11. Які вядомы твор Якуба Коласа называюць “энцыклапедыяй сялянскага жыцця”? (Паэму “Новая зямля”).
12. Адкуль была родам жонка песняра Марыя Дзмітрыеўна? (З горада Ашмяны).
13. Прадоўжыце наступныя радкі:
Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся… (займае).
На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень… (павучкі).
А пойдзеш ў Ліпава лясамі,
Напэўна стрэнешся… (з ласямі).
Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому:
Кліча яго рэчка, цягнуць… (санкі з дому).
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы… (лясы).
Свабодны конь гуляў на волі
І хвост, і грыву… (распусціў).
Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць… (Срэбразвонны ручэй).
Дэманстрацыя на слайдзе вершаваных радкоў, якія трэба працягнуць.
1-ы вядучы. Вось мы і сабралі жытнёвы сноп у памяць беларускаму пісьменніку Якубу Коласу.
2-і вядучы.
Два каласы – дзве праўдзівыя песні!
Поплеч, як сёстры ідуць у свет…
Колькі вы радасці людзям прынеслі,
Колас жытнёвы і Колас – паэт!
1-ы вядучы. Павага беларускага народа, памяць пра славутага песняра ўвекавечаны помнікамі Коласу на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці, вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Імем Якуба Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.
2-і вядучы. Працуе літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску. Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”, які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка. Вобраз пісьменніка ўвасоблены ў творах выяўленчага мастацтва. Жыццё і дзейнасць Якуба Коласа пакладзены ў аснову дакументальных фільмаў. Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве.
Дэманстрацыя слайдаў з выявамі помнікаў, будынкаў, звязаных з імем Якуба Коласа.
Прагляд відэафільма “Музей Якуба Коласа”.
https://www.youtube.com/watch?v=HqGvpXnF7qk
1-і вядучы. Дзякуючы генію Якуба Коласа наша беларуская літаратура, беларуская кніга сталі вядомымі свету. Падумаць толькі, творы вялікага класіка перакладзены больш як на 40 моў! У іх – душа нашага беларускага народа, яго самабытная культура, якая з дапамогай майстэрскага слова заняла сваё пачэснае месца ў сусветнай культуры.
2-ы вядучы. Добрым заканчэннем нашай імпрэзы стане музычны нумар узорнага хору нашай школы ”Тоніка”. Вашай увазе прадстаўляецца папуры песень на вершы Якуба Коласа.
1-ы вядучы. Жадаем вам дабра ў вашых сэрцах, святла ў вашых душах, няхай толькі радасцю поўніцца ваша жыццё пад божым небам. Дзякуй за ўвагу! Да новых сустрэч!