Рухавая гульня як сродак развіцця маўлення дашкольнікаў

- 16:15Дошкольное образование. Идеи, Методичка

У матэрыяле аўтар прыводзіць прыклады выкарыстання народных гульняў для павышэння слоўнікавага запасу дашкольнікаў.

 

Ірына КАЛІЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 23 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, праз якую дзіця пазнае жыццё і навакольны свет. Але ў нашай краіне склалася двухмоўе, і для многіх беларусаў і для многіх беларусаў руская мова выступае як мова зносін, як родная, а беларуская – як зразумелая, але не вельмі блізкая. Большасць бацькоў нашых выхаванцаў не размаўляюць па-беларуску, не чытаюць сваім дзецям твораў беларускай дзіцячай літаратуры. Таму дзеці растуць ва ўмовах недастатковасці ці нават адсутнасці беларускамоўнай практыкі. У іх недастаткова сфарміраваны камунікатыўныя якасці маўленчай дзейнасці, адзначаецца бедны слоўнікавы запас, маўленне нашых выхаванцаў знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы, у іх не развіты маўленчыя зносіны ў сумеснай дзейнасці на роднай мове.

Каб вырашыць гэтую праблему трэба стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы, пры якіх дзіця будзе знаходзіцца ў камунікатыўным асяроддзі, якое забяспечыць уключэнне двух моў у разнастайныя віды дзіцячай дзейнасці. Таму перад выхавальнікамі стаіць задача раскрыць дзецям багацце і непаўторнасць роднай мовы, сфарміраваць каштоўнасныя адносіны да беларускай мовы, жаданне на ёй размаўляць.

Для дзяцей дашкольнага ўзросту найбольш блізкім відам дзейнасці з’яўляецца гульня. Асабліва – рухавая гульня, праз якую можна не толькі ўзмацніць здароўе дзяцей, але і даць ім магчымасць рэалізаваць сябе як сацыяльную істоту, далучыць да багацця беларускай мовы, садзейнічаць агульнаму развіццю выхаванцаў.

Выкарыстанне мастацкага слова ў сюжэце рухавых гульняў з’яўляецца вельмі эфектыўным метадычным прыёмам у навучанні дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове, таму што мастацкія творы напісаны літаратурнай мовай, якая з’яўляецца ўзорам пісьменнай культурнай мовы.

Развіццё беларускага маўлення дзяцей адбываецца ў розных відах дзіцячай дзейнасці. Так, пасля правядзення ранішняй гімнастыкі, можна выкарыстоўваць карагодныя гульні («Птушыная мова», «Бярозка» і інш.) або гульні малой рухавасці («У каваля», «Цацачка» і т.п.).

У спецыяльна арганізаванай дзейнасці рухавыя гульні могуць выкарыстоўвацца і ў якасці фізкультхвілінак («Курнаціца», «Віюцца рэчкі» і інш.), і як адукацыйныя. Амаль кожная рухавая гульня на беларускай мове спрыяе ўзбагачэнню слоўніка дзяцей беларускімі словамі («Капялюш», «Вартаўнік» і інш.). Але трэба звяртаць увагу на тое, каб новыя словы ўводзіліся без перакладу, а толькі з тлумачэннем або апісаннем пэўнага прадмета або з’явы.

Для развіцця граматычнага ладу маўлення можна выкарыстоўваць такія рухавыя гульні, як «Я і мой цень», «Кукарэку, певунок» і інш.

Амаль кожная рухавая гульня можа выкарыстоўвацца для развіцця гукавой культуры маўлення і правільнага вымаўлення спецыфічных беларускіх гукаў. Напрыклад, для выпрацоўкі фрыкатыўнага гука [г] – «Гаспадар»; «Крот і агарод» і «Журавель і чапля» – суадносна для замацавання вымаўлення заўсёды цвёрдых гукаў [ч] і [р].

Для развіцця звязнага маўлення ў выхаванцаў падойдуць гульні, у якіх размова вядзецца ў форме дыялогу («У зайца», «У фарбы» і інш.)

Падчас правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных традыцыйным беларускім святам, мэтазгодна падбіраць такія гульні, якія б не толькі забаўлялі, але і давалі магчымасць пазнаёміцца з побытам беларусаў, папаўнялі слоўнік дзяцей нязвыклымі словамі і выразамі («Журавель», «Пячэнне хлеба», «Збяры каласкі» і інш.).

Пры правядзенні рухавых гульняў выкарыстоўваюцца заклічкі і лічылкі, у якасці якіх могуць ужывацца ўрыўкі з вершаў беларускіх паэтаў.

У рабоце над знаёмствам і развучваннем рухавых гульняў тлумачэнне павінна весціся толькі на беларускай мове, таму што такі падыход найбольш прыдатны для нашай краіны, калі дзеці з рускамоўных сем’яў авалодваюць роднай мовай у дзіцячым садзе.

Такім чынам, выкарыстанне рухавых гульняў для развіцця маўлення дзяцей, з’яўляецца адным са сродкаў абуджэння іх цікавасці да роднай мовы.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий