Аўтар дзеліцца вопытам выкарыстання метаду нагляднага мадэліравання, які накіраваны на развіццё звязнага маналагічнага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту.
Надзея ЁРЧЫК,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 3 г. Навагрудка”
Гродзенская вобласць
Авалоданне роднай мовай, развіццё звязнага маўлення з’яўляецца адным з важных набыццяў дзіцяці ў дашкольным дзяцінстве, таму важным у дзейнасцi ўстановы дашкольнай адукацыi з’яўляецца стварэнне ўмоў для авалодання дзецьмі нормамi i правiламi роднай мовы, развiццё iх камунiкатыўных здольнасцей, элементарнага асэнсавання маўленчай дзейнасцi.
Адным з эфектыўных метадаў работы, які садзейнічае аптымальнаму вырашэнню задач развіцця звязнага маўлення выхаванцаў з’яўляецца нагляднае мадэліраванне, якое дазваляе фарміраваць і развіваць уменне выкарыстоўваць у маўленні разнастайныя канструкцыі сказаў, розныя спосабы іх сувязі ў выказванні, апісваць прадметы, састаўляць расказы, гэта значыць палягчае працэс станаўлення звязнага маўлення.
Навуковыя асновы выкарыстання мадэліравання ў развіцці маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту закладзены ў тэорыі паэтапнага засваення разумовых дзеянняў П.Я.Гальперына [2]. Асновы методыкі развіцця беларускамоўнага звязнага маўлення вызначаны ў працах Н.С.Старжынскай, Д.М.Дубінінай [5]. На абгрунтаванасць метаду нагляднага мадэліравання, які дапамагае дзецям зрокава прадставіць абстрактныя паняцці (слова, сказ, тэкст) паказвала А.А.Гранава [3, с. 3]. Значнасць мадэліравання плана выказвання падкрэслівалася А.С.Ушаковай, А.Г.Арушанавай, А.І.Максакавым [6]. У сучаснай навукова-педагагічнай літаратуры мадэліраванне разглядаецца Т.А.Лірай як працэс прымянення наглядных мадэляў [4, с. 10–14]. Менавіта наглядныя мадэлі з’яўляюцца той формай выдзялення і абазначэння інфармацыі, якая найбольш даступная дзецям дашкольнага ўзросту і палягчае ім авалоданне звязным маўленнем.
З дапамогай метаду нагляднага мадэліравання на аснове дзейнаснага падыходу можна забяспечыць фармiраванне ўяўленняў выхаванцаў пра асаблiвасці аб’ектаў i з’яў навакольнага свету, iх сувязі i ўзаемаадносiны, а таксама сфармiраваць уменне перадаваць гэтыя ўяўленнi ў розных формах моўных выказванняў.
Выхаванцы павінны зразумець прынцып замяшчэння ў працэсе нагляднага мадэліравання, таму асноўная ўвага на падрыхтоўчым этапе ўдзялялася фарміраванню ўяўленняў пра магчымасць замены рэальнага прадмета пэўнай мадэллю (прадметным, схематычным малюнкам, пасля – геаметрычнай фігурай).
Фарміраванне ўмення выхаванцаў замяшчаць адныя аб’екты іншымі (рэальныя – умоўнымі) адбывалася ў другой малодшай групе ў рамках развіцця ўяўленняў па розных лексічных тэмах («Гародніна», «Садавіна», «Дзікія жывёлы і іх дзіцяняты», «Свойскія птушкі і іх дзіцяняты» і іншых), пераказе казак, кароткіх апавяданняў.
Заняткі па фарміраванні ўмення пераказваць творы будаваліся па пэўнай структуры:
– знаёмства з творам і паказ ілюстрацый;
– гутарка па змесце твора, у якой давалася характарыстыка персанажам, іх дзеянням і ўчынкам;
– засваенне дзеяння замяшчэння: выбар замяшчальнікаў;
– пераказ казкі з апораю на наглядную мадэль.
На занятках па разглядванні цацак я прытрымлівалася прынцыпу паэтапнага абследавання прадмета – ад успрымання аб’екта ў цэлым да выдзялення яго асноўных істотных прымет, устанаўлення паміж імі адносін, у выніку чаго ў дзяцей перш за ўсё фарміравалася ўменне вылучаць асаблівасці прадмета (колер, форму, памер, матэрыял і інш.), яго істотныя прыметы, абазначаць іх адпаведнымі словамі (самыя словы адпаведнымі замяшчальнікамі), так як дзеці павінны ўяўляць прадмет апісання ва ўсёй паўнаце.
Так, падчас складання апісання зайчыка выкарыстоўвалася наступная наглядная мадэль:
– выявы вялікага і маленькага зайчыка;
– плямы шэрага колеру;
– вушэй, лапак і хвосціка, банта.
Гэта дапамагала дзецям зрокава ўяўляць парадак пералічвання прымет цацкі ў працэсе апісання.
У сярэдняй групе на занятках па фарміраванні ўмення пераказваць кароткія казкі і апавяданні выкарыстоўваліся сюжэтныя карцінкі, якія замяняліся на схемы з 5–6 прадметныях мадэляў, якiя дапамагалі дзецям разумець структуру казкi, фармiравалі ўменне выдзеліць найбольш iстотныя моманты ў творы і паслядоўна пераказваць казку.
Напрыклад, да беларускай народнай казкi «Пых» былі падабраны выявы рэпкі, дзядулі, бабулі, унучкі, вожыка. Апошнімі выкарыстоўваліся геаметрычныя мадэлі. Так падчас падрыхтоўкі да пераказу беларускай народнай казкі «Зайкава хатка» дзеці тлумачылі, чаму выбралі менавіта такі замяшчальнік, адказваючы на пытанні тыпу «Круг якога колеру вы выбралі для абазначэння зайчыка? Чаму? Які круг вы выбралі для абазначэння лісіцы? Чаму? Выхавальнікам дашкольнай адукацыі сярэдняй групы былі распрацаваны і выкарыстоўваліся ў адукацыйным працэсе наглядныя мадэлі па беларускіх народных казках «Пчала і муха», «Мядзведзь», «Муха-пяюха», «Коцік, Пеўнік і Лісіца», апавяданнях В.Хомчанкі «Яблык» і «Яшава рукавічка», Б. Сачанкі «Насцечка».
Для фарміравання ўмення складаць апавядальныя расказы па змесце карціны спачатку таксама выкарыстоўваліся прадметныя, пасля прадметна-схематычныя мадэлі. Асаблівая ўвага надавалася выкарыстанню схем для складання апавядальных расказаў з асабістага вопыту (па аналогіі са зместам карціны). Метад нагляднага мадэліравання з выкарыстаннем прадметна-схематычных выяў дапамагаў дзецям пры складанні апісальных расказаў пра цацкі (прадметы) самастойна вызначыць уласцiвасцi i прыметы прадмета, якi разглядаўся, устанаўліваць паслядоўнасць пералічвання прымет, станавіўся планам звязнага выказвання.
Напрыклад, для апiсання лісы выкарыстоўваліся наступныя мадэлi:
– выява ёлкі і хлява (дзе жыве);
– схематычнае адлюстраванне жывёлы (часткі цела);
– выява таго, чым харчуецца;
– выява месца, дзе жыве;
– выявы дзіцянят (як называюцца дзіцяняты жывёлы).
Па гэтых мадэлях дзеці складалі тэкст-апiсанне. Аналагiчныя схемы-мадэлi выкарыстоўвала і на занятках пры складаннi тэкстаў-апiсанняў садавіны і агародніны, адзення, посуду, мэблi і інш.
Так, напрыклад, пры складанні апісальнага расказу па тэме «Адзенне» аналізавалі графічную схему, дзе выкарыстоўваліся наступныя абазначэнні:
– пытальнік (назва адзення);
– каляровыя плямы (колер);
– сукенка і рубашка (з якіх частак складаецца);
– скрутак тканіны (з якога матэрыялу зроблена адзенне);
– маленькія і вялікія чалавечкі (для каго і чаго прызначана).
Сумесна з выхавальнікам дашкольнай адукацыі дзеці складалі апісанне, пасля прапаноўвалася выбраць іншую вопратку і расказаць па ўжо знаёмай ім схеме.
Для складання выхаванцамі выказванняў, у якіх неабходна было прыдумваць падзеі, якія папярэднічалі намаляваным на карціне, ці наступныя, былі распрацаваны графічныя схемы-мадэлі з 4–5 квадратаў, размешчаных лінейна, дзе выкарыстоўвалася ўмоўнае абазначэнне пытальніка ў першым квадраце (калі неабходна было прыдумаць пачатак (завязку) расказу) ці ў апошнім квадраце (калі састаўлялі канец (развязку) расказу). Апошнімі выкарыстоўвала схемы, якія складаліся з блока схематычных малюнкаў невялікай колькасці (спачатку з 4–5 аб’ектаў, пасля павялічыўшы колькасць малюнкаў у іх да 5–6), выкарыстанне якіх дапамагала дзецям вызначаць галоўныя ўласцівасці і прыметы разглядаемага прадмета, устанаўліваць паслядоўнасць выкладу выяўленых прымет, арыентавацца ў структуры расказу (пачатак, сярэдзіна, канец), складаць апісанне (спачатку з 3–4 сказаў, пасля з 5–6); пераказваць кароткія казкі і апавяданні як са знаёмым, так і з незнаёмым раней зместам, узнаўляць тэкст па ілюстрацыях. Асаблівая ўвага надавалася выкарыстанню наглядных схем падчас складання расказаў, калі неабходна было прыдумаць падзеі, якія папярэднічалі намаляваным на карціне, і наступныя. Так, напрыклад, падчас складання расказаў на тэмы «Сапраўдныя сябры», «Незвычайнае падарожжа» былі выкарыстаны спачатку прадметныя малюнкі, якія пасля былі заменены на схематычныя выявы, арыентуючыся на якія выхаванцы стваралі звязныя выказванні.
У старшай групе працягвалася работа па фарміраванні ўмення пераказваць творы: дзецям прапаноўвалася не толькі добра знаёмыя казкі, расказы, але і новыя, толькі што праслуханыя тэксты. Спачатку выхаванцы распавядалі па асобных карцінках-мадэлях, а ў канцы занятку адно або два дзіцяці – па ўсіх элементах нагляднай мадэлі адразу.
Напрыклад, у працэсе работы над апавяданнем М.Гамолкі «Васілёва бярозка» выкарыстоўваліся наступныя прадметна-схематычныя мадэлі:
– малаток і рукі;
– кволая бярозка і тварык;
– мячык;
– бярозка і рыдлёўка;
– бярозка з зялёным лісцем.
Так як твор дастаткова вялікі для пераказу тэксту цалкам, дзецям прапаноўвалася пераказаць пэўную частку твора, карыстаючыся іншай больш падрабязнай мадэллю. Пасля неаднаразовага пераказу дзецям старшай групы выхавальнік часам прапаноўваў уявіць далейшае развіццё падзеі і адпаведна логіцы прачытанага твора апісаць дзеянні і стан персанажаў у новай сітуацыі (прыдумаць свой варыянт заканчэння казкі).
Напрыклад, пасля аналізу і пераказу зместу апавядання М.Гамолкі «Васілёва бярозка» прапаноўвалася прыдумаць яго працяг, дапоўніўшы мадэль новым элементам: выявай пытальніка (Што было потым?) ці выявай птушкі ці хлопчыка (з’яўленнем новага героя). Такім чынам, пераказ дапаўняўся слоўнай творчасцю дзяцей, што спрыяла больш поўнаму і глыбокаму засваенню мастацкага матэрыялу, развіццю маналагічнага маўлення выхаванцаў старшай групы.
Падчас складання апісальных расказаў пра цацку, па прадметнай і сюжэтнай карціне, серыі карцін працягвалася выкарыстанне такога прыёму, як узор выхавальніка, для дзяцей 5–6 гадоў ён даваўся не для поўнага ўзнаўлення, а для абагульненага пераймання: ад старшых дашкольнікаў патрабавалася не толькі расказаць па змесце карціны, скласці апісанне ці сюжэтнае апавяданне, але і выйсці за рамкі таго, што было адлюстравана на прапанаванай карціне, суаднесці змест прадстаўленай карціны са сваім асабістым вопытам. Таму, часта наглядныя мадэлі дапаўняліся схематычным абазначэннем чалавечка («Дапоўні і раскажы, што бачыў ты»).
Выкарыстанне метаду нагляднага мадэліравання дапамагала дзецям 5–6 гадоў складаць свой сюжэтны расказ у адпаведнасці з логікай апавядання: экспазіцыя, завязка (пачатак), развіццё падзей і кульмінацыя (працяг), развязка (канец). Літаратурныя творы пераказваліся дзецьмі па прапанаваным выхавальнікам дашкольнай адукацыі парадку карцінак-мадэлей (плане пераказу) ці па складзенай дарослым сумесна з дзецьмі мадэлі. Былі распрацаваныя і выкарыстаны мадэлі па наступных творах: беларускай народнай казцы «Лёгкі хлеб», аўтарскай казцы Цёткі «Журавель і чапля», апавяданню К.Каліны «Кампот», Уладзіслава Галубка «Гонар».
Дзеці старшага ўзросту складвалі творчыя расказы на тэмы, прапанаваныя выхавальнікам дашкольнай адукацыі. Напрыклад, «Аднойчы ў лесе», «Падарожжа па незвычайнай краіне», «Прыгоды зайчаняці напярэдадні Новага года».
Так, для складання расказу на тэму «Падарожжа матылька» выкарыстоўваліся наступныя мадэлі:
– умоўнае абазначэнне матылька,
– схематычныя мадэлі на выбар (вусень, мураш, жаба, конік, пчала, дзяўчынка).
У дзяцей старшага дашкольнага ўзросту фарміравалася ўменне звязна, паслядоўна і эмацыянальна расказваць пра выпадкі з жыцця. Дзецям прапаноўваліся наступныя тэмы для складання расказаў з калектыўнага вопыту («Як мы адзначалі свята», «Як мы працавалі на градках», «Як мы хадзілі на спектакль»), а таксама індывідуальнага («Як я дапамагаў бабулі», «Як я хадзіў у заапарк» і г.д.).
Напрыклад, своеасаблівым зрокавым планам апавядання на тэму «Як я хадзіў у заапарк» служыла наступныя схематычная мадэль:
– выява адзення (як мы збіраліся ў заапарк?);
– выява аўтобуса і чалавечка, які крочыць (як дабраліся да заапарка?);
– выява вачэй (што цікавае там бачылі?),
– выява ўсмешкі (што найбольш запомнілася і парадавала ў заапарку?).
Выкарыстанне метаду нагляднага мадэліравання ў працэсе заняткаў па фарміраванні ўменняў дзяцей будаваць расказы па серыі карцін, звязаных адным зместам, давала магчымасць выхавальніку дашкольнай адукацыі ў нагляднай форме прадэманстраваць агульную структуру апавядання, сфарміраваць элементарныя веды, уяўленні пра сюжэт, яго развіццё, кампазіцыю апавядання (завязка, кульмінацыя, развязка).
За перыяд работы з выкарыстаннем метаду нагляднага мадэліравання ўдалося дабіцца станоўчай дынамікі ў развіцці звязнага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту. Відавочна, што выкарыстанне гэтага метаду садзейнічае эфектыўнаму павышэнню ўзроўню маўленчага развіцця дзяцей, якасці іх маўлення, асабліва па такіх крытэрыях, як змястоўнасць, лагічная паслядоўнасць, дакладнасць, граматычная правільнасць. У дзяцей сфармавалася ўменне пераказваць тэксты казак і апавяданняў паслядоўна, поўна, без скажэнняў, пропускаў і паўтораў, складаць маўленчыя выказванні розных тыпаў.
Выкарыстанне метаду нагляднага мадэліравання з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця звязнага маналагічнага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту, аказвае істотны станоўчы ўплыў на яго развіццё, якасць уяўленняў і ўменняў выхаванцаў па адукацыйнай галіне «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін». Прадстаўлены метад работы дазваляе павысіць эфектыўнасць развіцця маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту, так як забяспечвае наглядную аснову для асэнсавання маўленчай інфармацыі, яе засваення і запамінання. Нагляднае мадэліраванне садзейнічае фарміраванню ўмення дзяцей планаваць сваё маўленне ў працэсе паступовага авалодвання рознымі відамі звязных выказванняў.
Літаратура
1 Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінск : НІА; Аверсэв, 2022 – 383 с. – [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://adu.by/images/2022/08/up-doshk-obrazov-rus-bel.pdf
2 Гальперин, П.Я. Основные результаты исследований по проблеме «формирования умственных действий, представлений и понятий» / П.Я.Гальперин. – М., 1965. – 51 с.
3 Гранова, А.А. Развитие речи детей средней группы (с использованием метода наглядного моделирования) / А.А.Гранова. – Минск : Зорны Верасок, 2017. – 96 с.
4 Лира, Т.А. Речевое развитие дошкольников с использованием моделей / авт.-сост.: Т.А.Лира, Е.И.Мельник. – Мозырь : Содействие, 2011. – 100 с.
5 Старжынская, Н.С. Развіццё маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў: вучэб.-метад. дапам. для педагогаў устаноў дашк. адукацыі з рус. мовай навучання / Н.С.Старжынская, Д.М.Дубініна. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2016. – 184 с.
6 Ушакова, О.С. Занятия по развитию речи в детском саду / О.С.Ушакова [и др.]. – М. : Владос, 2000 – 221 с.