У матэрыяле прадстаўлены сцэнарый мерапрыемства з выкарыстаннем народных прыказак. Можна выкарыстоўваць для знаёмства дзяцей з народнай культурай.
Ганна КАВАЛЕНКА,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 7 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уменне арыентавацца ў маральным сэнсе сваіх учынкаў; – спрыяць усведамленню народнай мудрасці пра адносіны да працы і яе вынікаў;
– садзейнічаць выхаванню працавітасці, беражлівых адносін да хлеба, асуджэнню гультайства, жаданню ўдзельнічаць у агульнай карыснай справе.
Матэрыял і абсталяванне: зерне пшаніцы, каласок, мука, каравай, настольны тэатр “Пшанічны каласок”.
Папярэдняя работа: знаёмства з казкай “Пшанічны каласок” (спасылка на аўдыязапіс – у QR-кодзе).
Метады і прыёмы: гульнявы (дыдактычныя гульні, праблемныя і гульнявыя сітуацыі), слоўны.
Тып занятку: камбінаваны.
Ход занятку
Выхавальнік: Дзеці, сёння мы з вамі адправімся ў тэатр. Паспрабуйце здагадацца, прэм’ера якой казкі адбудзецца ў тэатры? Дам вам маленькую падказку, паспрабуйце адгадаць маю загадку:
На залатой саломіне
Вырас у полі дом.
Хто яго абмалоціць,
Мукі прынясе ў свой дом (Колас).
Выхавальнік: Якую казку пра каласок вы ведаеце? Так, “Пшанічны каласок”.
Казка зноў да нас прыйшла,
Казцы рады мы заўжды,
Тэатр, нам казку пакажы!
Настольны тэатр па казцы “Пшанічны каласок”
Выхавальнік: Ці спадабалася вам казка? Як вы лічыце, гэта казка сумная, вясёлая ці мудрая? Хто з герояў казкі вам найбольш спадабаўся? За што спадабалася курачка? (Адказы дзяцей).
Выхавальнік: Так, курачка напякла булак. Раскажыце, якія былі булкі? (Мяккія, румяныя, пахучыя, смачныя). Вам, выпадкова, не захацелася гэтых булак паспрабаваць? Зараз я вас абрадую, бо курачка прынесла адну булку, каб пачаставаць дзяцей. Падыходзьце бліжэй, паглядзіце, якая яна румяная, адчуйце, якая яна пахучая, а пазней паспрабуеце, якая яна смачная.
Выхавальнік: Дзеці, усе мы кожны дзень ядзім хлеб. Хлеб – гэта наша здароўе, наша сіла. Нездарма ў народзе кажуць: “Хлеб – усяму галава”. Давайце з вамі вывучым гэтую прымаўку і будзем заўсёды яе помніць! Скажыце, калі ласка, што знаходзіцца на стале побач з хлебам (зерне, колас, мука)? Правільна.
Гульня “Што спачатку, што пасля”
Выхавальнік: Правільна, вось такі шлях праходзіць хлеб, перш чым пападзе на наш стол. Давайце ўспомнім, якую працу прыйшлося выканаць курачцы, каб сёння на нашым стале была такая прыгожая, румяная булка?
Змалаціла каласок – намалола мукі – рашчыніла цеста – накалола дроў – запаліла ў печы – напякла булак.
Выхавальнік: Ці лёгка было курачцы адной выконваць усю гэту работу? За што можна яе пахваліць? (Адказы дзяцей).
Выхавальнік: Так, за працавітасць, за справядлівасць, за клопат пра маленькіх куранятак. Доўга прыйшлося працаваць курачцы, каб пачаставаць нас гэтай смачнай булкай. Таму мы павінны быць удзячнымі тым людзям, якія вырошчваюць хлеб, і беражліва адносіцца да хлеба.
Зараз давайце пагуляем, успомнім шлях зярняткі да хлеба.
Фізкультхвілінка
Чу-чу-чу – я зярняткі малачу.
Чу-чу-чу – жорны весела кручу.
Чу-чу-чу – муку хутка палучу.
Ач-ач-ач – я спяку калач.
Ач-ач-ач – які смачны калач!
Выхавальнік: Добра мы папрацавалі. Дзеці, а ці ўсе героі казкі так добра папрацавалі, як мы з курачкай? Так, курачка працавала, а гусак і індык адпачывалі ды толькі раілі (советовали) курачцы. Ёсць такая прымаўка “Размовамі сыты не будзеш”.
Выхавальнік: Што можна сказаць пра гусака і індыка, давайце дадзім ім характарыстыку (Адказы дзяцей).
Выхавальнік: Правільна, яны былі гультаяватыя, хітрыя, павольныя, сварлівыя. Ці сорамна ім было? Не сорамна, за стол яны беглі першыя. На гэты выпадак у народзе ёсць таксама прымаўка: “На чужы каравай рот не разявай”. Як вы лічыце, што гэта значыць? Вы згодны з гэтымі словамі? (Адказы дзяцей).
Выхавальнік: Пачаставала курачка іх сваімі булкамі? Не пачаставала. А правільна зрабіла? У народзе ў гэтым выпадку кажуць: “Хто працуе, той і святкуе”.
Выхавальнік: А зараз я раскажу вам яшчэ адну цікавую гісторыю з апавядання Васіля Хомчанкі “Хлеб”.
– Дзед, – пытае ўнук, – куды ехаць збіраешся?
– Поле араць.
– А навошта яго араць?
– Пасею на ім жыта. Калі вырасце, сажну, змалачу, хлеба напяку. А ад хлеба сіла будзе.
– А для чаго табе, старому, сіла?
– Каб за плугам хадзіць, поле араць, жыта сеяць, малаціць, хлеба свайго мець багата.
– Няўжо ты, дзед, адзін увесь хлеб з’ясі?
– Ты, унучак, паможаш.
– Ну, тады і мяне бяры з сабой у поле. Дапамагаць табе буду.
Выхавальнік: Давайце падумаем чаму вучыць нас гэтыя гісторыі? (Адказы дзяцей). Так, каб есці хлеб, трэба працаваць: “Хочаш есці калачы, то не сядзі на пячы”.
Мы сёння з вамі пазнаёміліся з мудрымі народнымі выказваннямі. Давайце будзем помніць іх, карыстацца імі ў сваім жыцці. А зараз паспытаем курачкіны булкі.