Сцэнарый пазнавальнай гульні, які можна адаптаваць для правядзення ў любым горадзе ці вёсцы
Вікторыя ЖАБІЦКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 11 г. Ваўкавыска”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– падтрымліваць цікавасць выхаванцаў да пазнання сваёй малой радзімы, удакладніць і замацаваць веды дзяцей пра родны горад, яго выдатныя мясціны;
– практыкаваць у пазнаванні на фотаздымках знаёмых мясцін;
– далучаць дзяцей да нацыянальнай культуры, літаратурнай спадчыны;
– узбагачаць слоўнікавы запас;
– развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове, моўную актыўнасць, творчае ўяўленне;
– выхоўваць у дзяцей павагу да роднага слова, жаданне ведаць родную мову і размаўляць на ёй; павагу да родных мясцін, да культуры беларускага народа.
Матэрыялы і абсталяванне: фотавыстава “Ваўкавыск у аб’ектыве”; выстава народных рамёстваў; кніжная выстава “Беларускія народныя казкі”; інтэрактыўная дошка; ноўтбук; аўдыязапіс; запрашальныя білеты; куфэрак; фотакамера; прадметныя разразныя малюнкі; “кветка” валошка.
Папярэдняя работа: разглядванне фотаальбома “Мой Ваўкавыск”, гутарка на тэму “Мой родны горад”, чытанне і драматызацыя беларускіх народных казак, разглядванне ілюстрацый да казак, развучванне беларускіх народных гульняў, знаёмства з беларускімі рамёствамі і вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; славесныя гульні “Скажы па-беларуску”, “Перакладчыкі”.
Ход занятку
Выхавальнік (запрашае дзяцей прайсці ў групу): Добры дзень, дзеці! У мяне сёння для вас добрая навіна. Нас запрасілі на выставу. Мне вельмі хочацца паглядзець, якія экспанаты там прадстаўлены. А вам?
Дзеці: Нам таксама.
Выхавальнік: Вазьміце, калі ласка, запрашальныя білеты. Яны рознага колеру (блакітныя і белыя). Можна выбраць колер, які вам больш падабаецца (Дзеці бяруць запрашальныя білеты). Спадзяюся, што нам будзе цікава. Я не ведаю дакладнага месца, дзе адбудзецца выстава. Але не хвалюйцеся. Мы абавязкова трапім на выставу, бо адправімся туды на віртуальным аўтобусе і здагадаемся, дзе яна знаходзіцца. Для гэтага трэба на хвілінку заплюшчыць вочы, уважліва слухаць, і мы абавязкова апынёмся на месцы.
А цяпер сядайце ўтульна і паехалі. Вось мы едзем па шырокай вуліцы, праязджаем каля шматпавярховых дамоў, крам. Аўтобус спыняецца на скрыжаванні, бо па пешаходным пераходзе ідуць пешаходы. Па дарозе школа мастацтваў, а вось і гарадскі парк. Мы на плошчы. Там скульптура ваўка. Каля яго многа людзей, а побач – фантан. Вось мы і на месцы. Наш аўтобус спыняецца каля прыгожага будынка на плошчы. Дзеці, куды мы прыехалі? Што гэта за будынак?
Дзеці: Гэта Дом культуры (на экране выява будынка Дома культуры на плошчы імя Леніна).
Выхавальнік: Так, я з вамі згодна. Значыць, мы ідзём у Дом культуры на выставу. Прыгатуйце запрашальныя білеты (дзяцей сустракаюць дзяўчынка і хлопчык у нацыянальных беларускіх касцюмах і запрашаюць прайсці на выставу).
Дзяўчынка Алеся:
На выставу запрашаем!
І сардэчна вас вітаем –
Паважаных гасцей,
І дарослых, і дзяцей!
Хлопчык Міхась: Праходзьце, калі ласка! Куфэрак цудоўны прыміце ад шчырага сэрца. Ён вам вельмі спатрэбіцца.
Дзяўчынка Алеся: Адчыняць яго можна кожны раз у новай выставачнай зале. Ён дазволіць вам сёння на выставе не проста разглядаць прадстаўленыя работы, але і быць актыўнымі ўдзельнікамі, паказаць свае веды. Жадаем цікава правесці час!
Выхавальнік: Дзякуй за запрашэнне, за цудоўны куфэрак і добрыя пажаданні!
Прапаную прайсці ў першую выставачную залу. Тут размешчана фотавыстава.
Звярніце ўвагу, дзеці, што менавіта так сустракаюць гасцей у нашай краіне і ў нашым горадзе. А куфэрак які прыгожы! Мы возьмем яго з сабою і абавязкова адчынім. Цікава, што ў ім?
Мы можам адчыніць цудоўны куфэрак. Але, каб куфэрак адчыніўся, неабходна сказаць чароўныя словы:
Куфэрак, адчыніся, што там, пакажыся.
Дзеці паўтараюць чароўныя словы. Пад аўдыязапіс куфэрак адчыняецца, выхавальнік дастае фотакамеру.
Заданне 1 “Ваўкавыск у аб’ектыве”
Выхавальнік: Вам патрэбна не толькі разгледзець фотаздымкі, але таксама пазнаць і назваць знаёмыя месцы. А дапаможа вам аб’ектыў фотакамеры (дзеці разглядаюць фотаздымкі).
Выхавальнік: А цяпер кожны паглядзіце ў аб’ектыў і скажыце, што вы ўбачылі? Свой адказ пачынайце са слоў “Я бачу…”
Дзеці:
Я бачу парк.
Я бачу фантан.
Я бачу ваўка.
Я бачу вакзал.
Я бачу кінатэатр.
Я бачу Шведскую гару.
Я бачу музей Баграціёна.
Я бачу наш дзіцячы садок і г.д.
Выхавальнік: Малайцы! А дзе знаходзяцца гэтыя месцы і будынкі?
Дзеці: У нашым горадзе. У Ваўкавыску.
Выхавальнік: Мне вельмі прыемна, то вы ведаеце наш горад. Вы сапраўдныя краязнаўцы!
Нас чакае новая выставачная зала. Праходзьце, калі ласка! (Дзеці ўваходзяць у залу, дзе размешчана экспазіцыя па раздзелах “Ткацтва і вышыўка”, “Ганчарныя вырабы”, “Драўляныя вырабы”).
Выхавальнік: Тут прадстаўлены розныя вырабы рамеснікаў. Давайце разгледзім іх (дзеці разглядаюць).
Выхавальнік: Дзеці, вы ўбачылі шмат цікавых прадметаў. Іх зрабілі народныя ўмельцы – рамеснікі. А цяпер час адчыніць чароўны куфэрак і атрымаць новае заданне.
Скажыце чароўныя словы:
Куфэрак, адчыніся, што там, пакажыся.
Дзеці паўтараюць чароўныя словы. Пад аўдыязапіс куфэрак адчыняецца, выхавальнік дастае канверт с разрэзанымі малюнкамі.
Заданне 2 “Упрыгож прадмет словамі”
Выхавальнік: Кожнаму з вас патрэбна скласці прадмет з разрэзаных малюнкаў. Прадметы, якія вы будзеце складаць, ёсць на выставе. Вы павінны назваць свой прадмет і “ўпрыгожыць” яго словамі.
Дзеці складаюць разрэзаныя малюнкі.
Выхавальнік: У вас атрымаліся сапраўдныя выявы прадметаў. А цяпер працягнем выконваць заданне.
Дзеці:
Гэта ручнік. Ён ільняны, тканы, доўгі.
Гэта гарлачык. Ён гліняны, цяжкі, бліскучы.
Гэта куфэрак. Ён драўляны, распісны, прыгожы.
Гэта свістулька. Яна гліняная, музычная, маленькая.
Гэта лялька. Яна саламяная, прыгожая, цудоўная і г.д.
Выхавальнік: Мне вельмі прыемна, што вы ведаеце такія прыгожыя словы на роднай беларускай мове, бо наша мова найпрыгажэйшая.
Выхавальнік: Хлопчыкі і дзяўчынкі, Алеся і Міхась падрыхтавалі для нас сюрпрыз. Яны прапануюць нам трошачкі адпачыць і пагуляць у цікавую беларускую гульню.
Фізкультхвілінка
Рухомая гульня “Гарлачык”
Дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць пакупнік. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца:
Колькі каштуе “гарлачык”?
Дзіця адказвае:
За “гарлачык” гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць –
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а пакупнік – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца пакупніком.
Выхавальнік: Вы пагулялі, трошкі адпачылі, і я прапаную вам прайсці ў чарговую выставачную залу. Цікава, што тут нас чакае? (Дзеці праходзяць).
Выхавальнік: Колькі тут кніг! Як вы лічыце, якая гэта выстава?
Дзеці: Кніжная.
Выхавальнік: А цяпер уважліва паглядзіце на вокладкі кніг і адкажыце, калі ласка, якія гэта кнігі?
Дзеці: Гэта казкі.
Выхавальнік: Так. Вы не памыліліся. Гэта сапраўды казкі. А ці ведаеце вы беларускія народныя казкі?
Дзеці: Так, ведаем.
Выхавальнік: А чаму іх называюць народнымі?
Дзеці: Таму што казкі складаў народ.
Выхавальнік: Вельмі добра, што вы гэта ведаеце. І вось прыйшоў час зноў адчыніць цудоўны куфэрак і атрымаць новае заданне. Скажыце чароўныя словы:
Куфэрак, адчыніся, што там, пакажыся.
Дзеці паўтараюць чароўныя словы. Пад аўдыязапіс куфэрак адчыняецца, выхавальнік дастае кнігу “Беларускія народныя казкі”.
Заданне 3 “Пазнай казку”
Выхавальнік: Каб выканаць заданне, я прапаную вам паслухаць урыўкі з казак і прыгадаць іх назвы. Слухайце ўважліва.
Выхавальнік: “Дык як жа мне не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты. Я – з труску-пяску, а яна – з труску – сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала. А мая стаіць як стаяла…”
Дзеці: Гэта казка называецца “Зайкава хатка”.
Выхавальнік: “Узяў пан хлопчыка, пасадзіў у кішэню і паехаў. “ Вось, – думае, – добрага аратага нажыў. Гэткага ні ў каго няма. Няхай зайздросцяць мне ўсе паны!”
Дзеці: Гэта казка называецца “Сынок-з-кулачок”.
Выхавальнік: “Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі…”
Дзеці: Гэта казка называецца “Каза-манюка”.
Выхавальнік: “Думала Ліса на цэлы дзень наесціся, але нават і пакаштаваць ежы не прыйшлося…”
Дзеці: Гэта казка называецца “Лісіца і Журавель”.
Выхавальнік: “Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць…”
Дзеці: Гэта казка называецца “Лёгкі хлеб”.
Выхавальнік: “Прынесла курачка сена карове. Карова з’ела сена і дала масла…”.
Дзеці: Гэта казка называецца “Як курачка пеўніка ратавала”.
Выхавальнік: “Вось пайшоў раз кот у лес на паляванне і заблудзіўся. Шукаў-шукаў дарогу дадому – не знайшоў. Сеў пад ялінкай і плача”.
Дзеці: Гэта казка называецца “Як кот звяроў напалохаў”.
Выхавальнік: Малайцы. Вы ведаеце беларускія народныя казкі, таму выдатна выканалі заданне. Мы наведалі ўсе выставачныя залы, і куфэрак ужо пусты (заходзяць Міхась і Алеся).
Дзяўчынка Алеся: Ну што, цікава вам было на выставе?
Дзеці: Нам было вельмі цікава.
Хлопчык Міхась:А што спадабалася больш за ўсё?
Дзеці выказваюць свае думкі.
Выхавальнік: Міхась, Алеся, мы вам удзячныя за запрашэнне на цудоўную выставу. Мы шмат чаго ўбачылі, а, дзякуючы куфэрку, дзеці паказалі свае веды і прыемна правялі час.
Вяртаем вам, Міхась і Алеся, цудоўны куфэрак, але ён таксама не пусты. Мы пакладзём туды свае пажаданні, якія ўвасабляе ў сабе прыгожая кветачка валошка. (Гучыць музыка)
Інтэрактыўная гульня “Ланцужок пажаданняў”
Дзеці: Перадаюць адно аднаму кветачку і гавораць:
“Жадаю поспеху, радасці, дабрыні, здароўя, дабрабыту, натхнення, творчасці” (кветачку кладуць у куфэрак і аддаюць Міхасю і Алесі, развітваюцца).