Цікавая гульня-падарожжа ў Горад Майстроў для дзяцей 5–6 гадоў.
Людміла ДРУЧКОВА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці,
Людміла САВІЦКАЯ, музычны кіраўнік
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. Калінкавічы”,
Гомельская вобласць
Праграмныя задачы:
– фарміраваць уяўленні ў дзяцей пра народныя рамёствы (ганчарства, дрэваапрацоўку, пляценне, вышыўку, выраб музычных інструментаў);
– фарміраваць уяўленні пра віды прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, спосабах іх стварэння;
– фарміраваць правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы [г], [г’];
– пашыраць слоўнікавы запас;
– развіваць мастацкае ўспрыманне, уменне дзейнічаць сумесна;
– замацоўваць уменні каардынаваць рухі рук у працэсе ігры на дзіцячых музычных інструментах;
– выхоўваць павагу да працы народных майстроў, цікавасць да гістарычнага мінулага народа.
Папярэдняя работа: слуханне музыкі “Сінь-васількі”, выкананне вобразных танцаў; разглядванне прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ілюстрацыі з выявамі народных майстроў, наведванне краязнаўчага музея, гутаркі на тэму “Чароўная саломка”, “Хто такія ганчары?”, “Што ткалі ткачы?”, завучванне на памяць верша Г.Пашкова “Юная ткачыха”, гульня “Гарлачык”; ігра на дзіцячых музычных інструментах.
Слоўнікавая работа: узбагачэнне беларускага слоўніка дзяцей словамі – назвамі прадметаў асяроддзя, іх якасцей, дзеянняў.
Матэрыял і абсталяванне: мультымедыя, прэзентацыя “Горад майстроў”, вырабы прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ручнікі, сурвэткі, абрусы, беларускае адзенне, збаны, спарышы, кубкі, і інш. гліняны посуд; розныя ўпрыгожванні, свістулькі, куфар, шкатулка, цацкі і інш. драўляныя прадметы).
Метады і прыёмы: гутарка, пытанне, чытанне мастацкіх твораў, паўторнае прагаворванне, тлумачэнне; паказ ілюстрацыйнага матэрыялу, прадметаў, гульнёвы метад.
Ход занятку
На сталах выстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па відах рамёстваў. У святочна ўпрыгожаную залу ўваходзяць дзеці, становяцца паўколамі і выконваюць песню.
Песня “Прывітальная” (сл. і муз. народныя)
Выхавальнік: Дзеці, я ведаю, што вы вельмі любіце падарожнічаць. Сёння мы з вамі адправімся ў цікавы горад.
У горадзе гэтым
Умельцы жывуць:
кашы выплятаюць,
Падковы куюць.
З ліпкае гліны,
лепяць збанкі.
З нітак бялюткіх,
ткуць ручнікі.
Хлеб выпякаюць
і шафы майструюць.
Без справы ніколі
яны не сумуюць.
Выхавальнік: А называецца гэты горад Горад Майстроў. Дзеці, скажыце калі ласка, а на чым можна падарожнічаць? (На аўтобусе, самалёце, цягніку). А мы адправімся ў Горад Майстроў на чароўным цудалёце. Для гэтага трэба заплюшчыць вочкі і павольна пакружыцца.
Сядзем разам у цудалёт
І адправімся ў палёт.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Пара нам вочкі адкрываць!
Выхавальнік: А вось і Горад Майстроў. А гэта першая вуліца. Але ж уваход на яе зачынены і адкрыецца, калі мы выканаем заданне. Адкажыце на пытанні:
Высокая пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і звычайна мае ручку і носік (Збанок).
Збан без ручкі (Гладыш).
Злучаныя адной ручкай гаршчочкі, у якіх бралі яду на поле (Спарышы).
Невялікая, звычайна з ручкай пасудзіна для піцця (Кубак).
Круглая выпуклая пасудзіна са звужаным дном для гатавання ежы (Гаршчок).
Выхавальнік: Як гэтыя прадметы назваць адным словам? (Посуд). З якога матэрыялу звычайна вырабляюць посуд? (З гліны). Як мы можам назваць прадметы з гліны? (Гліняныя).
Ну вось, мы трапілі на першую вуліцу. З даўніх часоў людзі карысталіся посудам з гліны. Рабілі гліняны посуд сапраўдныя майстры-ўмельцы. Гэта ганчары.
Гучыць народная музыка. Дзеці падыходзяць да стала з вырабамі з гліны.
Выхавальнік: Дзеці, адкажыце, на вуліцу якіх майстроў мы трапілі? (На вуліцу ганчароў). А што яшчэ, акрамя посуду, выраблялі ганчары? (Цацкі, розныя ўпрыгожванні, свістулькі). А можа хто з вас ведае гульню, якая называецца так, як адзін з гліняных вырабаў? (“Гарлачык”). Правільна! Давайце зараз мы ў яе і пагуляем.
Гульня “Гарлачык”
Дзеці сядзяць у крузе на кукішках – гэта “гарлачыкі”. Па крузе ходзіць “пакупнік”. Спыніўшыся каля каго-небудзь, ён пытаецца: Колькі каштуе гарлачык? Дзіця адказвае:
За гарлачык гэты
Дай нам зусім крышку:
Каб ніколі не хварэць,
Маннай кашы лыжку.
Пасля гэтых слоў дзіця-“гарлачык” паднімаецца на ногі і бяжыць па крузе ў адным напрамку, а “пакупнік” – насустрач яму. Кожны імкнецца заняць свабоднае месца. Той, хто спазняецца, становіцца “пакупніком”.
Правілы гульні: дзеці павінны бегчы па крузе ў розных напрамках пасля слоў “…маннай кашы лыжку”.
Выхавальнік: Пойдзем далей і даведаемся, якія майстры жывуць на наступнай вуліцы.
Дзеці чытаюць верш Г.Пашкова “Юная ткачыха”
Сёння зранку дзед Сямён
пільны клопат мае –
зняў з гарышча кросны ён,
ля акна стаўляе.
– Кросны! Кросенцы!!
Ура! – радасна Натулі.
Дзіваў гэтулькі яна
пра красёнцы чула.
– Буду ткаць і я абрус! –
круціцца Наташа.
Усміхнуўся дзед у вус
ды дзяўчынцы кажа:
– Ты бабулі памагай,
калі ўстала рана…
На вось ніткі патрымай
і чаўнок таксама.
Аж да вечара, да зор,
было ў хаце ціха:
Малявала ўсё ўзор
юная ткачыха.
Выхавальнік: На вуліцы якіх майстроў мы з вамі апынуліся? (На вуліцы ткачоў). Ткач (ткачыха) – майстар, які на спецыяльным станку тчэ тканіну. Як называецца станок, на якім ткалі тканіну? (Кросны).
Гучыць народная музыка. Дзеці падыходзяць да стала з тканымі вырабамі.
Выхавальнік: Якія вырабы вы тут бачыце? (Абрус, сурвэтку, ручнікі, адзенне). Чаму ў горадзе Майстроў кажуць, што кашуля ды спадніца ў полі выраслі? (А таму, што ў полі расце лён, з якога пралі ніткі на тканіну). Значыць, тканіну са льну можна назваць як? (Ільняная).
Ткачы на кроснах ткалі тканіну для шыцця адзення. Тонкую белую – на кашулі і фартухі, грубейшую каляровую – на штаны, спадніцы, посцілкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы, паясы. Упрыгожвалі вырабы самымі рознымі па колерах узорамі. У сваіх узорах вышывальшчыцы перадавалі ўсю прыгажосць беларускай зямлі.
Песня “Беларускі край” (сл. і муз. Н.Асмалоўскай)
Танец з ручнікамі “Куточак зямлі” (сл. і муз. Яніны Жабко)
Выхавальнік: Адпраўляемся на наступную вуліцу Горада Майстроў. Адгадайце загадкі:
Цэлы дзень кланяецца –
прыйдзе дамоў расцягнецца (Сякера).
І са звонам, і са спевам
угрызаецца ў дрэва,
раз – наперад, раз – назад,
зубы ззяюць, апілкі ляцяць (Піла).
Як вазьму цябе ў руку,
трапна б’еш ты па цвіку (Малаток).
Выхавальнік: Якому майстру дапамагаюць працаваць гэтыя інструменты? (Сталяру). Значыць, мы трапілі з вамі на вуліцу Сталяроў. Сталяр – майстар, які працуе з драўнінай.
Гучыць народная музыка. Дзеці падыходзяць да стала з вырабамі з драўніны.
Выхавальнік: Якія вырабы вы тут бачыце? (Куфар, шкатулку, цацкі). З чаго выраблялі гэтыя прадметы? (З драўніны) Як можна назваць рэчы, вырабленая драўніны? (Драўляныя)
Сталяры зналі сакрэты кожнага дрэва. Драўніна ясеня і дуба трывалая, не баіцца дажджу і ветру. З яе рабілі аконныя рамы і дзверы. З бярозы і алешыны выраблялі майстры прыгожую драўляную мэблю. Шафы і паліцы, сталы і камоды, ложкі і дзіцячыя ложкі-калыскі. Драўляны посуд: лыжкі, талеркі, хлебніцы, сальніцы, падстаўкі – рабілі з драўніны ліпы і бярозы.
З дрэва яшчэ выраблялі музычныя інструменты. Якія музычныя інструменты вы ведаеце? (Бубен, дудку, скрыпку і г.д.) Для чаго патрэбны музычныя інструменты? (Выконваць музыку.)
Музычныя інструменты вырабляліся з драўніны. Гэта была вельмі цяжкая работа, яна займала шмат часу. Таму музыкі былі паважанымі людзьмі, і іх сустракалі с павагай. Людзі ўмелі не толькі працаваць, але і весяліцца.
Аркестр “Беларускія музыкі”
Выхавальнік: Крочым далей. Вось і наступная вуліца. (Гучыць запіс ветру. З’яўляецца саламяны капялюш.) Дзеці, паглядзіце, што гэта? (Капялюш.) З чаго ён зроблены? (З саломы.) Значыць, як яго можна назваць (Саламяны.) Як вы думаеце, з вуліцы якіх майстроў прынёс яго вецер? (З вуліцы пляцельшчыкаў.)
Гучыць народная музыка. Дзеці падыходзяць да стала з плеценымі вырабамі.
Выхавальнік: Пляценне – гэта ўменне пераплятаць гнуткія дубцы, каб атрымаўся выраб. Гэта адно з самых першых майстэрстваў, якому навучыліся людзі. Пляцельшчык – майстар, які выплятае самыя розныя рэчы. Кажуць, што матэрыялы для пляцення проста пад рукой растуць: у полі – залатая саломка жыта і пшаніцы, каля рэчкі, возера ці сажалкі – лаза, у лесе – дубцы арэшніку і ядлоўцу. Іх трэба толькі правільна нарыхтаваць. Інструменты ў майстэрні пляцельшчыка простыя: кусачкі, нажы і нажніцы, шыла. Яны не займаюць многа месца. Не патрэбна і вялікай сілы ў руках, а толькі веданне прыёмаў пляцення.
Якія вырабы вы тут бачыце? (Ваза, лялька, кошык, карзіна, кветкі.) Якімі матэрыяламі карысталіся майстры пляцення? (Салома, лаза).
Выхавальнік: Вам спадабалася наша падарожжа па Горадзе Майстроў? Нам пара вяртацца ў дзіцячы сад. Закрывайце вочкі, наш цудалёт адпраўляецца!
Гучыць таямнічая музыка. Дзеці, круцячыся, вымаўляюць словы:
Сядзем разам у цудалёт
І адправімся ў палёт.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Пара нам вочкі адкрываць.
Танец “Сінь-васількі” (сл. і муз. Я Паплаўскай, А.Ціхановіча)