Народныя песні. Каляндарна-абрадавыя песні. Урок беларускай літаратуры ў 6-м класе  

- 10:39II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Народныя песні. Каляндарна-абрадавыя песні. Урок беларускай літаратуры ў 6-м класе

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
кіраўнік МА настаўнікаў-філолагаў
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны”,
Гродзенская вобласць

 

Мэта і задачы ўрока:

– паглыбіць веды вучняў пра народную каляндарна-абрадавую паэзію;
– пашырыць уяўленне вучняў пра змест беларускіх народных песень, іх паэтыку і сродкі мастацкага выяўлення;
– далучыць вучняў да набыткаў айчыннай музычнай культуры і выяўленчага мастацтва, стварыць пэўны эмацыянальны настрой на ўроку, узбагаціць духоўны свет вучняў.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу з выкарыстаннем міжпрадметных сувязей.

Абсталяванне: на дошцы – афарызмы пра песні; рэпрадукцыя карціны Віктара Барабанцава “На Купалле”; фотаздымкі беларускіх музычных калектываў; раздатачны матэрыял (карткі з заданнямі); мультымедыйная прэзентацыя “Каляндарна-абрадавыя песні”; мультымедыйная дошка; сэрвіс Learning Appsсайт (https://learningapps.org/); Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс (https://eior.by).

Эпіграф: “Песня народа – гэта сапраўдная чалавечая душа” (Рыгор Шырма, беларускі дырыжор, кампазітар).

 

Ход урока

I Эмацыянальна-арганізацыйны этап

Уступнае слова настаўніка.

Паразважайце над эпіграфам урока.

Інфармацыя пра беларускага кампазітара, дырыжора Рыгора Шырму (Выступленне падрыхтаванага вучня)

Рыгор Раманавіч Шырма (псеўданімы: Рыгор Баравы; Вучыцель). 1892–1978 гады жыцця. Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнаўца. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасць і за “Беларускія народныя песні ў апрацоўках для хору”, народны артыст БССР і СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Сабраў больш за дзве тысячы беларускіх народных песень.

Настаўнік. У сваіх скарбах беларуская народная песня захавала шмат мудрасці, трывогі і радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды. Шмат пра песню гаварылі нашы продкі ў прыказках і прымаўках.

Заданне ў парах. Злучыце часткі прыказак у адно цэлае. Растлумачце прыказкі.

1 Без песні – А на вяселлі вясельныя, а на хрысцінах – хрысцінныя.
2 Дай мазі ў кола, Б то і не весяліліся.
3 Калі не спявалі, В то не было і вяселля.
4 На ўсё свае песні: Г хоць трэсні.
5 Раз не было песень, Д і ў горы дапаможа.
6 Песня і ў радасці, Е а ў працы – песні вясёлай.

Праверка: 1Г, 2Е, 3Б, 4А, 5В, 6Д.
1 Без песні – хоць трэсні. 2 Дай мазі ў кола, а ў працы – песні вясёлай. 3 Калі не спявалі, то і не весяліліся. 4 На ўсё свае песні: на вяселлі вясельныя, а на хрысцінах – хрысцінныя. 5 Раз не было песень, то не было і вяселля. 6 Песня і ў радасці, і ў горы дапаможа.

 

II Мэтавызначэнне ўрока

Настаўнік. Сапраўды, у сваіх скарбах беларуская народная песня, як і ў прыказках, ды і ва ўсім фальклоры, захавала шмат мудрасці, трывогі і радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды. Мы сёння працягваем вывучаць тэму “Народныя песні” і паглыбім веды пра групы народных песень. Пазнаёмімся з народнымі песнямі, іх зместам, структурай.

 

III Аперацыйна-пазнавальны этап

Работа па тэорыі літаратуры

Мэта: узнаўленне ведаў з мінулага ўрока “Народныя песні, іх групы і песні”.

1 Што называецца песняй?
2 На якія групы падзяляюцца народныя песні?
3 Растлумачце назву каляндарна-абрадавай групы песень. (Згодна каляндарнаму цыклу і народнаму святу).

Індывідуальныя заданні на камп’ютары:

– “Народныя песні” (https://learningapps.org/13580555),
– “Беларускія народныя песні” (https://learningapps.org/2711551),
– “Народныя святы” (https://learningapps.org/21826469).

 

Заданне. Па малюнку назавіце свята, від песні і каляндарны цыкл. Запішыце наступную схему ў сшыткі (схема на мультымедыйнай дошцы).

Задача задання: узнавіць веды па тэме “Народныя песні. Святы”, абагуліць веды.

Свята Від песні Каляндарны цыкл
1    
2    
3    
4    
5    

Пасля адказаў вучняў выводзіцца слайд з правільнымі адказамі.

Дадатковае заданне на ўзнаўленне атрыманых на папярэднім уроку ведаў. Назавіце тры галоўныя асаблівасці (абрады) святкавання… (Каляд, Масленіцы, Гукання вясны, Вялікадня Купалля).

 

Работа з народнымі песнямі

Задачы задання: удасканаліць уменні выразнага чытання; вызначыць змест і асаблівасці структуры песні, лексікі, ужывання мастацкіх сродкаў выразнасці.

На дошцы – ключавыя пытанні: Якая народная песня? Будова? Лексіка? Мастацкія сродкі выразнасці?

 

Выразнае чытанне народнай песні “Прыехала Каляда на белым кані…” (ля дошкі)

Абмеркаванне песні

1 Вызначэнне свята, віду песні, каляндарны цыкл. (Каляды, калядная песня – калядкі, зімовы цыкл.)
2 Хто такая Каляда? (Багіня зімовага сонца, а таксама дабрабыту і багацця.)
3 У якім вобразе паўстае Каляда? (Сталая добрая жанчына ў прыгожым кажушку на белым кані.)
4 Паразважайце, якімі рысамі чалавечага характару магла быць надзелена Каляда? (Добразычлівасцю, шчырасцю.)

5 Якімі сродкам выразнасці апісвае народ Каляду? (Параўнанне: “конічак – ясен месячык”, “дружачка – ясна зорачка”, “пужачка – ясна звёздачка”, “вазочак – тоўсты лядок”, “кажушок – белы сняжок”; адухаўленне – “прыехала Каляда”.)
6 У якой форме ўжыты назоўнікі ў песні? (У памяншальна-ласкальнай.) Чаму? (Ажыўляюць песню, надаюць меладычнасць, пяшчотнасць.)

Індывідуальнае заданне на камп’ютары “Складзі калядку” (https://learningapps.org/1295275).

 

Міжпрадметныя сувязі: літаратура і музыка

Мэта: далучыць вучняў да набыткаў айчыннай музычнай культуры, сфарміраваць у вучняў навуковы светапогляд, стварыць пэўны эмацыянальны настрой на ўроку.

Настаўнік. Памятаем, што песня – гэта не толькі вершаваны твор, але і музычны. Многія народныя песні перапяваліся рознымі артыстамі, гуртамі, ансамблямі. Зразумела, гэта робіцца ў інструментальнай апрацоўцы, у сучаснай аранжыроўцы. Самы вядомы беларускі ансамбль, які спяваў і спявае народныя песні, – гэта ансамбль “Песняры”.

 

Інфармацыя пра ансамбль “Песняры” (Выступленне падрыхтаванага вучня)

“Песняры” – беларускі вакальна-інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна (1941–2003). Заснаваны ансамбль у Мінску ў 1969 годзе. Таму атрымаў славу яшчэ ў часы СССР. Самыя вядомыя песні – “Касіў Ясь канюшыну”, “Белавежская пушча”. У аснове стылю “Песняроў” ляжыць беларускі фальклор. Народныя песні і песні на вершы беларускіх паэтаў апрацоўваюцца інструментальна і на сучасны эстрадны стыль. Ансамбль атрымліваў шматлікія музычныя ўзнагароды. Састаў ансамбля неаднаразова змяняўся.

Праслухванне народнай песні “Каляда” ў выкананні беларускага ансамбля “Песняры” (1982 г.)  (https://www.youtube.com/watch?v=hRVqm3A5n7A).

1 Падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад праслуханай песні.
2 Якія цікавыя музычныя і інструментальныя моманты пачулі?
3 Ці перададзены святочны настрой у песні? Якімі сродкамі?

Выразнае чытанне народнай песні “Благаславі, маці, вясну заклікаці…” (ля дошкі) 

Абмеркаванне песні

1 У час якога свята спяваў народ такую песню? (Гуканне вясны.)
2 Як называюцца песні для свята Гуканне вясны? (Вяснянкі.)
3 На што спадзяецца народ, заклікаючы вясну? (На добры будучы ўраджай – “На буйнае жыта…”.)
4 У якім вобразе ўвасоблена Вясна? (Маладая дзяўчына-прыгажуня.)
5 Якія выяўленчыя сродкі выразнасці дапамагаюць стварыць вобраз вясны? (Эпітэты: “вясна-краса”, “буйнае жыта”; метафары: “адамкнуць зямліцу”, “выпусціць травіцу”, памяншальна-ласкальныя словы: зямліца, травіца.)

6 Для народных песень характэрны паўторы. Паспрабуйце прачытаць песню, апусціўшы паўторы. Што змянілася ў творы? Як думаеце, якая мэта ўжывання такога прыёму? (Надання меладычнасці, мілагучнасці, узмацнення дзеяння.)
7 Якую яшчэ цікавую фанетычную асаблівасць вы заўважылі ў песні? (Гук “У-у-у”.) Як вы разуеце гэту асаблівасць? (Узмацненне закліку вясны.)

Міжпрадметныя сувязі: літаратура і музыка

1 Якой вы ўяўляеце мелодыю для такой песні-вяснянкі?
2 Давайце праверым вашы “прадказанні”.

 

Праслухванне народнай песні “Благаславі, маці, вясну заклікаці…” ў выкананні маладога беларускага гурта “Бан-Жвірба” (https://www.youtube.com/watch?v=UIA2WSvovwc)

Інфармацыя пра гурт «Бан-Жвірба» (Выступленне падрыхтаванага вучня)

«Бан-Жвірба” – заснаваны ў 1999 годзе ў Гомелі беларускі музычны гурт этна-року. Аснова песень – народныя песні з уплывам сучаснай альтэрнатыўнай (вольнай, нястрогай) музыкі.

– У чым, на вашу думку, альтэрнатыўнасць, незвычайнасць такога выканання песні?

 

Міжпрадметныя сувязі: літаратура і музыка

Праслухванне народнай песні-вяснянкі ў традыцыйным ансамблевым выкананні (https://www.youtube.com/watch?v=T_zJNeqpWsw).

– Які варыянт вам больш даспадобы? Чаму? У чыім выкананні (гурта ці ансамбля) перадаецца народнасць свята?

 

Выразнае чытанне песні “А на Купалу рана сонца іграла…” (ля дошкі)

Абмеркаванне песні.

1 Вызначэнне свята, віду песні, каляндарны цыкл (Купалле, купальская песня, летні цыкл.)
2 З якой мэтай выконвалася песня:
   а) цікава правесці вольны час;
   б) засцерагчы ўраджай напярэдадні яго збору;
   в) знайсці суджанага.

Аргументуйце свой адказ радкамі з песні. (“На хлябы-ўраджаі..”.)
3 Растлумачце выраз “сонца іграла”. (Ярка свяціла, пералівалася.) Які гэта будзе мастацкі сродак? (Увасабленне.)

Настаўнік. Паводле народнага павер’я, Сонца ў купальскую раніцу едзе да Месяца на трох конях, танцуе на калясніцы, з якой сыплюцца промні і іскры. Калі глядзіш на сонца, то здаецца, яно пераліваецца, іграе.)
4 Якія яшчэ вобразы паўсталі з песні? (Купала-гаспадыня, прырода, дзяўчаты.)

 

Міжпрадметныя сувязі: літаратура і жывапіс

Мэта: далучыць вучняў да набыткаў айчыннага выяўленчага мастацтва, сфарміраваць у вучняў навуковы светапогляд, стварыць пэўны эмацыянальны настрой на ўроку.

Знаёмства з рэпрадукцыяй карціны Віктара Барабанцава “На Купалле”

 Абмеркаванне рэпрадукцыі карціны

– Апішыце карціну: на пярэднім плане, на заднім плане, цэнтральнае месца;
– На якія традыцыі святкавання Купалля звяртае ўвагу жывапісец?
– Якім настроем прасякнута карціна? Якія вобразы і дэталі дапамагаюць ствараць такое настраёвае ўражанне?
– Што “чытаецца” на тварах моладзі?
– Якую колеравую палітру выкарыстоўвае мастак? Чаму такія фарбы?
– Ці атрымалася жывапісцу поўнасцю перадаць абрадавасць святкавання Купалля?
– Якую б вы як мастакі далі ацэнку гэтаму сюжэту і мастацкаму выражэнню?

 

IV Кантрольна-ацэначны этап

Задача: праверка атрыманых ведаў па тэме “Народныя песні. Каляндарна-абрадавыя песні”: іх змест, структура, мастацкае выяўленне.

Самастойная тэставая работа (з выкарыстаннем Адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу (https://eior.by/catalog_lecture/6-klass/bellit/16.php,
https://eior.by/catalog_lecture/6-klass/bellit/17.php).

 

1 Што такое песня?

    • вершаваны твор для выканання голасам;
    • невялікі па аб`ёме твор, напісаны вершаванай мовай;
    • вершаваны і музычны твор для выканання голасам (спявання);
    • трапнае народнае выслоўе, часцей з павучальным зместам, якое дае вобразную ацэнку чалавечым паводзінам, учынкам, якасцям.

2 Беларуская народная песня – гэта…

    • песня, створаная чалавекам у званні народнага паэта Беларусі;
    • песня, якая вылілася з сэрца і вуснаў усяго беларускага народа і перадавалася з пакалення ў пакаленне;
    • песня, якая стала вельмі папулярнай і яе ведаюць усе людзі нашай краіны.

3 На якія віды падзяляюцца абрадавыя песні?

    • каляндарна-абрадавыя;
    • літаратурныя;
    • сямейна-абрадавыя;
    • пазаабрадавыя.

4 Калі святкуюць Каляды?

    • з 25 снежня па 7 студзеня;
    • з 24 снежня па 6 студзеня;
    • з 31 снежня па 19 студзеня;
    • з 24 снежня па 14 студзеня.

5 Які вядомы беларускі ансамбль выконвае песню “Вы, калядачкі, бліны-ладачкі…”?

    • “Сябры”;
    • “Зорачка”;
    • “Песняры”;
    • “Палац”.

6 Песню “Благаславі, маці, вясну заклікаці…” выконвалі падчас абраду:

    • Гукання вясны;
    • Купалля;
    • Каляд;
    • вяселля.

7 Песня “Благаславі, маці, вясну заклікаці…” выконвалася з мэтай:

    • цікава правесці вольны час;
    • засцерагчы ўраджай напярэдадні збору;
    • наблізіць вясну;
    • знайсці суджанага.

8 Песню “А на Купалу рана сонца іграла…” выконвалі падчас:

    • Гукання вясны;
    • Купалля;
    • Каляд;
    • вяселля.

9 Песня “А на Купалу рана сонца іграла…” выконвалася з мэтай:

    • цікава правесці вольны час;
    • засцерагчы ўраджай напярэдадні збору;
    • прыблізіць вясну;
    • знайсці суджанага.

10 У песні “А на Купалу рана сонца іграла…” сустракаюцца наступныя вобразныя сродкі:

    • эпітэт;
    • метафара;
    • памяншальна-ласкальныя словы;
    • паўторы.

Здача тэставых работ настаўніку.
Адказы: 1) 3;   2) 2;   3) 1, 3, 4;   4) 2;   5) 3;   6) 1;   7) 3;   8) 2;   9) 2;   10) 1,2,4.

 

V Рэфлексійна-ацэначны этап

Падагульняючае слова настаўніка. Няхай сустрэча з народнай песняй абавязкова выклікае ў вас любоў да ўсёй народнай спадчыны і пакіне след у вашай душы.

Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

 

VI Дамашняе заданне

Рознаўзроўневыя заданні:

I узровень – с. 72–74, выразнае чытанне песень, адказаць на пытанні.
II узровень – паведамленні “Народныя традыцыі святкавання вяселля” і “Народныя традыцыі святкавання хрэсьбін”.
III узровень – вуснае выказванне “Беларускія народныя песні – гэта скарбонка мудрасці, трывогі, радасці, святла і горычы, шчырай любові і праўды” (на аснове прачытаных песень).

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий