Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Праграмныя задачы:
– працягваць фарміраваць уяўленні пра вобраз малой радзімы, сімвалы Беларусі (васілёк, кветка ільну), пра славутасці роднага горада, пра вырабы з гліны, саломкі, ільну;
– развіваць творчыя музычныя магчымасці;
– выхоўваць патрыятычныя пачуцці, любоў да роднага краю і гонар за яго, маральныя якасці беларусаў – дабрыню, гасціннасць, працавітасць.
Матэрыял і абсталяванне: мультымедыйная ўстаноўка, куфар, ручнікі, сурвэткі, засланы абрусам стол, матавіла, прасніца, калаўрот, цацкі з дрэва і саломы, гарлачык, палотны з тканіны для выканання танца “Васільковае неба”, шары блакітнага колеру.
Ход забавы
Дзеці забягаюць у залу пад “Прывітальную песню” і выконваюць яе.
Гаспадыня.
Мы звычаі зямлі сваёй зберагаем,
Гасцей дарагіх хлебам-соллю вітаем.
Давайце пазнаёмімся, хто ж вы такія?
Беларусам я радзіўся,
Беларусам буду жыць.
Беларускую зямельку
Буду шчыра я любіць!
(А.Мілюць)
Твар румяненькі, белая хустачка.
Я ўжо ведаю, я – беларусачка!
І хачу так, як тата і мама,
Родны край свой любіць я таксама.
(А.Бадак)
Блакіт нябёс і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус.
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я – хлопчык-беларус.
(С.Сокалаў-Воюш)
Гаспадыня. Госці завіталі, я таксама рыхтавалася, заслала чысты абрус, сурвэткі, ручнік.(Паказвае)
У будні і святы ручнік на сцяне.
Валошкі, рамонкі бягуць па канве.
Яго вышывала матуля мая,
Каб у хаце жылі прыгажосць, дабрыня.
Хлеб з печы духмяны заўжды на стале
Ручнік яго першы прытуліць к сабе.
Ласкава накрытыя боханы млеюць
І дзён гэтак з дзесяць зусім не чарсцвеюць.
Бо гэты ручнік даматканы, чысцюткі,
Як сэрца матулі, і шчодры, і чуткі.
Ручнік, каравай – так гасцей сустракаюць,
На шлюб маладых ручніком бласлаўляюць.
У роднай старонцы, у кожнай хаціне
Ручнік з абразамі, ручнік на дзяціне,
Яго ў пасаг нам дзяды завяшчалі
Каб талент народа ў вяках шанавалі.
Музычны кіраўнік. Гаспадынька, а ці ёсць у тваім куфэрку яшчэ ручнікі?
Гаспадыня. А як жа!
Музычны кіраўнік. Дзяўчынкі, хутчэй падыдзіце і вазьміце ручнікі, пакажам танец з ручнікамі.
Танец з ручнікамі
Гаспадыня. А ці ведаеце, з чаго зроблены вось гэтыя прыгожыя ручнікі? (З ільну)
Музычны кіраўнік. А дзеці ведаюць вершы пра лянок.
1. Як вядома, ужо здавён
Беларусы сеюць лён.
Зацвіце – блакіту болей.
Пчолкам рупным весялей.
І над ніваю, над полем
Сінява – яшчэ сіней!
Будзе кужаль, палатно,Будзе ў нас абновак шмат.
Хто абноўкам тым не рад?
2.Беларускі наш лянок –
Залацісты кужалёк.
Да ўсяго ты здатны,
Ва ўсім акуратны.
У куточку хаты прасніца стаяла,
Маці ніткі прасці дачцы памагала.
І матала, і круціла,
Пражу-ніті матавіла,
Ставіла дачка новыя
Кросенцы кляновыя.
Гаспадыня. А зараз я вам пакажу ўсе гэтыя рэчы. І прасніца ў мяне ёсць, і матавіла, і калаўрот (Паказвае). Нашы продкі ўмелі не толькі хораша адпачываць, але і добра працаваць. Узімку, калі працы было менш, сялянская хата ператварылася ў рамесную майстэрню. Дзяўчынкі з матулямі пралі, вышывалі. Хлопцы з татамі плялі з лазы і саломкі, выразалі цацкі з дрэва, або рабілі свісцёлкі, а ўлетку працавалі ў полі (Усе рэчы паказвае).
Музычны кіраўнік. А дзеткі ведаюць пра працу прыказкі і прымаўкі. Вось паслухайце.
Хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца.
Работа і корміць, і поіць.
Хочаш есці калачы, так не сядзі на пячы.
Хто працуе, той і святкуе.
Гаспадыня. Так-так, вы ўсё правільна сказалі. Гаспадыні насілі сваім гаспадарам у поле ў гарлачыках квас ці малако, у спякотны дзень вельмі было смачна папіць халоднага малака ці квасу.
Музычны кіраўнік. Гаспадынька, а мы ведаем такую гульню пра гарлачык.
Гульня “Гарлачык”
Гаспадыня. Наш беларускі край вельмі гасцінны, і калі адбываліся кірмашы, прыязджала шмат гасцей, гучала музыка, жарты, выконвалі песні.
Музычны кіраўнік. А давайце і мы заспяваем песню “Зайграй жа, дударочку”, а ты, гаспадынька, нам дапамажы.
Гаспадыня. З ахвотаю!
Песня “Зайграй жа, дударочку”
Гаспадыня. А яшчэ вам хачу паведаміць: калі адбываўся кірмаш, прыязджалі і госці з замежжа, яны надта любілі ласавацца нашымі Смаргонскімі абаранкамі.
Гаспадыня. Даўным-даўно на Смаргоншчыне была мядзведжая акадэмія…
Мядзведжая акадэмія – школа дрэсіраваных мядзведзяў.Тут маладых мядзведзяў вучылі танцаваць, пераступаючы з лапы на лапу пад гукі бубна і ражка, вучылі барукацца, кланяцца. З мядзведзем ездзілі па розных краінах, дзе выступалі на кірмашах і зараблялі грошы. Тут, на гэтым месцы (паказвае здымак) існавала мядзведжая акадэмія, а мядзведзь – яе сімвал.
Так, у гарадскім парку на адной з алей ёсць помнік, прысвечаны мядзведжай акадэміі.
Гаспадыня. Хто гэта да нас грукаецца?
Пад беларускую музыку заходзіць Павадыр і з ім “мядзведзь”.
Павадыр.
А вось мядзведзь калматы,
Злавiў яго дзед барадаты.
Ён мёд хацеў увесь злiзаць.
Ну як яго тут не паймаць.
Зараз ён пацешыць вас,
Паслухмяны ён у нас.
Павадыр. Міхась, а ну прайдзіся і з гасцямі павітайся. (Ходзіць прывітае). А ну, Міхай, пакажы, як дзеўкі перад люстэркам упрыгожваюцца (“Мядзведзь” паказвае). А пакажы, Мiхай, чэснай публiцы, як гультай працуе? (“Мядзведзь” бярэ бочку з мёдам, лыжку i частуецца.)
Гаспадыня. А як хлопцы перад дзяўчатамi красуюцца? (“Мядзведзь” паказвае)
Павадыр. А цяпер, Мiхай, паскачы для нашых даражэнькіх гасцей. (“Мядзведзь” танцуе i кланяецца. Гаспадыня хвалiць “мядзведзя” i частуе яго цукеркамi).
Павадыр. Дзякую вам, гаспадынька, але нам пара ісці адпачываць. Да пабачэння!
Музычны кіраўнік. Дзякуем табе, гаспадынька, за цудоўны расказ пра гісторыю нашага краю. І на развітанне хочам пажадаць усім дабрабыту і каб над нашай краінай заўжды было васільковае неба. У знак пашаны хочам падараваць танец.
Танец “Васільковае неба”
Музычны кіраўнік. Давайце падзякуем гаспадыні за гасціннасць, за цудоўны расказ.
Дзеці. Дзякуем, да пабачэння і бывайце здаровы!