Практыка паказвае, што выкарыстанне элементаў праблемных, пошукавых, даследчых метадаў навучання робіць працэс навучання больш прадуктыўным. Адной з формаў арганізацыі дзейнасці навучэнцаў, якая дазваляе максімальна набліжаць навучанне да жыцця, з’яўляецца праектная і даследчая праца. Сёння вялікі акцэнт у адукацыі дзяцей робіцца на фарміраванні іх здольнасці думаць самастойна, прымяняць і знаходзіць веды, эфектна працаваць у групах.
Аксана АНДРУКОНІС,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Доцішская сярэдняя школа” Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Кожны настаўнік, які хоча дасягнуць высокіх паказчыкаў пры вывучэнні свайго прадмета, заўжды знаходзіцца ў стане творчага пошуку, менавіта творчы падыход з’яўляецца асновай педагагічнага майстэрства.
За ўвесь час сваёй педагагічнай дзейнасці выкарыстоўваю набыты вопыт, каб ствараць на ўроку ўмовы для праяўлення і задавальнення пазнаваўчых і камунікатыўных патрэб вучняў.
Практыка паказвае, што выкарыстанне элементаў праблемных, пошукавых, даследчых метадаў навучання робіць працэс навучання больш прадуктыўным. Адной з формаў арганізацыі дзейнасці навучэнцаў, якая дазваляе максімальна набліжаць навучанне да жыцця, з’яўляецца праектная і даследчая праца. Сёння вялікі акцэнт у адукацыі дзяцей робіцца на фарміраванні іх здольнасці думаць самастойна, прымяняць і знаходзіць веды, эфектна працаваць у групах.
Я лічу, што добра арганізаваная і сістэматызаваная даследчая дзейнасць навучэнцаў спрыяе не толькі развіццю іх творчых здольнасцей, але і матывіруе на выкананне вучэбнай задачы ў цэлым і, самае галоўнае, спрыяе іх сацыяльнай адаптацыі ў асяроддзі аднагодкаў, дапамагае змяніць статус у калектыве, дазваляе адчуць уласную значнасць.
Вельмі важна своечасова выяўляць адораных дзяцей і спрыяць іх развіццю. Але не менш важна адносіцца да звычайнага навучэнца як да адоранага.
Галоўныя мэты маёй педагагічнай дзейнасці – стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальных, творчых здольнасцей навучэнцаў на ўроках біялогіі праз праектную і даследчую дзейнасць, фарміраванне навуковага светапогляду, неабходнага для разумення з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе.
Пры арганізацыі праектнай і даследчай дзейнасці на ўроках біялогіі стараюся дакладна арганізаваць працу, якая ўключае працяглыя назіранні, эксперымент, самастойныя даследаванні на ўроках і ў пазаўрочны час.
Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў на ўроку ўключае наступныя напрамкі:
1) дыягнастычны;
2) матывацыйна-мэтавы;
3) тэарэтычны і праектна-творчы.
На ўсіх этапах праводзяцца дыягнастычныя замеры і стымулюецца цікавасць да даследчых пошукаў.
Пры арганізацыі даследчай працы на ўроку ўлічваю ўзрост навучэнцаў.
Таксама асаблівую ўвагу пры арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў звяртаю на такія віды дзейнасці:
1) пастаноўка праблемы;
2) збор матэрыялу;
3) аналіз апісання і метады аналізу матэрыялу;
4) асабісты аналіз матэрыялу.
Сродкі навучання ўжываю ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія вырашаюцца на кожным этапе ўрока.
Этап | Задачы этапа | Заданне |
Арыентыровачна-матывацыйны | Псіхалагічная і пазнавальная гатоўнасць навучэнцаў да працы на ўроку, складанне матывацыі на вучэбную дзейнасць, вызначэнне і пастаноўка мэты ўрока | Метады: “Працягні сказ”, “Алфавіт”, “Чатыры вуглы”, “Праблемнае пытанне”. Прыёмы: стварэнне праблемнай сітуацыі, выкарыстанне QR-кодаў |
Аперацыйна-пазнавальны | Успрыманне, запамінанне навучэнцамі асноўнага вучэбнага матэрыялу | Метады: “Мазгавы штурм”, “Калаж”. Прыёмы: складанне разгорнутага плана параграфа, рашэнне нетрадыцыйных задач на логіку, ралевы падыход і гульня |
Кантрольна-карэкцыйны | Самакантроль навучэнцаў, знаходжанне сваіх памылак і цяжкасцей, якія звязаны з новым вучэбным матэрыялам | Метады: “Лагічны ланцужок”, “Інтэрв’ю”, “Складзі праект”. Прыёмы: біялагічны дыктант, крыжаванкі, рэбусы, творчыя заданні, гульні і конкурсы |
Рэфлексійна-ацэначны | Суаднясенне атрыманага матэрыялу з пастаўленай мэтай, правядзенне самааналізу і самаацэнкі | Метады” “Пісьмо самому сабе”, “Паштоўка”, “Чорная скрыня” Прыёмы: закончы сказ, складзі сінквейн |
Прыклады заданняў
Тэма “Размнажэнне жывых арганізмаў. Бясполае размнажэнне” (6-ы клас)
Заданне. Разгледзьце расліны. Назавіце іх згодна з фотакаталогам-вызначальнікам, апішыце спосаб вегетатыўнага размнажэння раслін, карыстаючыся падручнікам і дадатковай літаратурай.
Размнажэнне чаранкамі пакаёвай расліны колеус.
1) Неабходна зрэзаць часткі сцябла з лістамі.
2) Зрабіць паглыбленне ў глебе.
3) Змясціць чаранок у гаршчок з зямлёй і прысыпаць яго.
4) Паліць вадой і накрыць шклянкай.
5) Назіраць за прарастаннем чаранка.
Заданне. Выкарыстоўваючы дадатковыя сродкі інфармацыі, у тым ліку інтэрнэт, высветліце, як патрэбна даглядаць пакаёвыя расліны. Складзіце і запішыце ў сшытак “Памятку па догляду за пакаёвымі раслінамі”.
Памятка па доглядзе за пакаёвымі раслінамі.
1) Паліў.
2) Рыхленне глебы.
3) Апырскванне.
4) Выдаленне пылу з лісця.
5) Дастатковае асвятленне.
6) Перасадка.
7) Падкормка.
8) Абрэзка па неабходнасці.
Тэма “Грыбы” (6-ы клас)
Заданне. Біялагічныя загадкі. Навучэнцам прапануецца наступная біялагічная загадка на этапе вывучэння новай тэмы.
Стаіць ляпёшка на адной ножцы.
Хто міма ні пройдзе, усякі ёй паклоніцца. (Грыб)
Тэма “Папараці” (7-ы клас)
На ўроках біялогіі ў 7-м класе пры вывучэнні тэмы “Папараці” расказваю вучням, што ў дэкаратыўных мэтах вырошчваюцца папараці з роду адыянтум “венерын волас”, платыцэрыум, нефралепіс, дэманструю гэтыя віды. А затым прапаную вучням дома скласці этыкетку, якая будзе прымацавана да вазону для выкарыстання ў кабінеце біялогіі. У этыкетцы трэба апісаць дэкаратыўныя якасці папараці і рэкамендацыі па яе доглядзе.
Заданне. Складзіце этыкетку, якая будзе прымацавана да вазону для выкарыстання ў кабінеце біялогіі. У этыкетцы трэба апісаць дэкаратыўныя якасці папараці і рэкамендацыі па яе доглядзе.
Этыкетка
Гэта самы старажытны від раслін на зямлі. Вядома каля 10000 відаў папарацей. Папараці вызначаюцца прыгожымі перыстымі лістамі. Сцябло ў іх кароткае і захавана ў глебе. Гэта шматгадовая расліна. Для яе неабходны яркі свет і абарона ад прамых сонечных прамянёў. Расліне патрабуецца багаты паліў. Вельмі важна кожны дзень праводзіць апырскванне. Перасаджваць па меры росту – адзін раз у два гады. |
Тэма “Ядомыя і ядавітыя дзікарослыя расліны” (7-ы клас)
З мэтай развіцця ў навучэнцаў творчага патэнцыялу прапаную заданні міжпрадметнага характару. Вучні складаюць апісанне раслін Блудава балота, выкарыстоўваючы літаратурную казку-быліну М.М.Прышвіна “Кладоўка солнца”.
Кислая и очень полезная для здоровья клюква растет в болотах летом, а собирают ее поздней осенью. Но не все знают, что самая хорошая клюква, сладкая, как у нас говорят, бывает, когда она перележит зиму под снегом.
– Ты это помнишь, – сказал Митраша сестре, – как отец нам говорил о клюкве, что есть палестинка.
Тэма “Цыянабактэрыі” (7-ы клас)
Заданне. Пабудуйце ланцужок з падзей, якія надыдуць пасля масавага размнажэння і гібелі цыянабактэрый у сажалцы.
Гетератрофныя бактэрыі паядаюць цыянабактэрыі (бактэрыі выкарыстоўваюць шмат кіслароду) → памяншаецца колькасць кіслароду ў возеры → у ваду выдзяляюцца ядавітыя рэчывы → гібель водных арганізмаў, рыбы.
Тэма “Бактэрыі – найстаражытныя арганізмы на Зямлі” (7-ы клас)
Заданне. Прапаную рашыць біялагічную задачу.
Пры спрыяльных умовах клеткі бактэрыі кішэчнай палачкі могуць дзяліцца кожныя 20 мін. Разлічыце, якая колькасць бактэрый утворыцца ад адной зыходнай клеткі праз 2 г; праз 5 г (Праз 2 г. – 8 клетак; праз 5 г – 40 клетак).
Тэма “Тып Малюскі” (8-ы клас)
Заданне. На этапе замацавання ведаў пры дапамозе QR-кода праглядзець відэафрагмент “Разнастайнасць малюскаў” і арганізаваць самастойную работу навучэнцаў па складанні праекта. Мэта: разгледзець асаблівасці будовы вінаграднага смаўжа.
Апісанне праекта: цела вінаграднага смаўжа заключана ў спіральна закручаную ў 4–5 абаротаў ракавіну, якая мае вяршыню і вялікую адтуліну. Ракавіна ў асноўным вапняная, пакрытая слоем зеленавата-карычневага рэчыва. У целе вызначаюць тры асноўныя часткі: тулава, галаву і нагу. Нага мускулістая і займае ўвесь брушны бок. Дыхае ён атмасферным паветрам, крывяносная сістэма незамкнутая, маецца сэрца. Выдзяляльная сістэма ажыццяўляецца адной ныркай. Яны гермафрадыты, але апладненне ў іх перакрыжаванае. Яны адкладваюць яйцы, заключаныя ў празрыстыя слізістыя шнуры, якія прымацоўваюцца да падводных раслін. Пры правільным доглядзе яны могуць пражыць 20–30 гадоў.
Тэма “Страваванне ў страўніку і кішэчніку. Рэгуляцыя стрававання” (9-ы клас)
Заданне. Складзіце памятку “Страўнікава-кішачныя захворванні і іх прафілактыка”
Батулізм |
Халера |
Тэма “Апорна-рухальны апарат”
“Прэс-канферэнцыя”
Настаўнік. Сёння на ўрок да нас у госці прыйшоў госць – белы халат. Той, хто яго надзене, ператворыцца ў чалавека, які ўмее арыентавацца ў самых складаных сітуацыях.
Прыкладныя заданні.
Урач. Да вас прыйшоў чалавек з пытаннем, якое значэнне для здароўя чалавека мае яго пастава? Якія фактары прыводзяць па парушэння паставы чалавека? Абгрунтуйце свой адказ.
Пацыент. Пастава мае вельмі важнае значэнне для чалавека. Пры правільнай паставе выгібы пазваночніка ўмераныя, лапаткі размешчаны сіметрычна, а плечы разгорнуты. Чалавек з правільнай паставай трымае галаву прама, або злёгку адкінуўшы назад. Яго грудзі выступаюць наперад, а жывот уцягнуты.
Урач. Першая дапамога пры расцяжэнні звязак, вывіхах суставаў і пераломах касцей. Пацыент прыйшоў з пытаннем, якую дапамогу неабходна аказаць пры расцяжэнні звязак?
Пацыент. Неабходна прыкласці да пашкоджанага месца пакет з лёдам, снегам або змочаную халоднай вадой тканіну для зняцця болю і ацёку. Затым накласці тугую павязку і даставіць пацярпелага ў медустанову.
Урач. Да вас прыйшоў чалавек з пытаннем, што такое плоскаступнёвасць? Як у хатніх умовах можна яе праверыць?
Пацыент. Плоскаступнёвасць – гэта захворванне, пры якім расцягваюцца звязкі ступні, яе звод становіцца плоскім. У выніку ступня губляе сваю здольнасць да амартызацыі, і доўгая хадзьба суправаджаецца болямі ў ступнях, каленях, сцёгнах і спіне. Каб вызначыць наяўнасць або ступень плоскаступнёвасці дома, дастаткова ўзяць ліст паперы і падрыхтаваць вадкасць. Можна ўжываць фарбу, ваду ці алей. Вадкасцю трэба нашмараваць усю падэшву і наступіць апрацаванай ступнём на ліст. Ацэнка ступені праводзіцца па адбітку ступні. У норме шырыня дарожкі паміж пярэднім аддзелам і пяткай не перавышае 1/3 усёй шырыні ступні. Калі яна больш за трэць, але менш за дзве трэці, значыць, першая ступень. Шырыня адбітка больш за 2/3 ступні – 2-я ступень, роўная шырыні – 3-я.
Тэма “Будова і функцыі сэрца”
Метад “Хатняя нарыхтоўка”. Прапаную вучням пратэсціраваць адно аднаго па нарыхтаваных тэстах або пытаннях па тэме, праверыць правільнасць выканання заданняў і ацаніць адно аднаго, здаць свае работы настаўніку.
Заданне. Закончыце сказ, упісаўшы замест кропак неабходныя паняцці і тэрміны.
Варыянт I
1 Полы мышачны орган, размешчаны ў грудной поласці за грудзінай, крыху налева ад яе (Сэрца).
2 Звонку сэрца пакрыта тонкай, але трывалай абалонкай (Калясардэчная сумка).
3 Тонкі вонкавы слой (Эпікард).
4 Тоўсты сярэдні слой (Міякард).
5 Тонкі ўнутраны слой (Эндакард).
Варыянт II
1 Які клапан знаходзіцца ў правай палавіне сэрца (Трохстворкавы).
2 Які клапан знаходзіцца ў левай палавіне сэрца (Двухстворкавы).
3 Рытмічнае скарачэнне без знешніх раздражненняў (Аўтаматыя).
4 Перыяд, які ахоплівае адно скарачэнне (Сістала).
5 Перыяд, які ахоплівае адно расслабленне (Дыястала).
У 6–7-м класах вучні толькі набываюць прасцейшыя веды, уменні і навыкі, якія неабходны для даследчай дзейнасці. У працэсе ўрочнай дзейнасці прапаную вучням наступныя віды работ:
1) Падчас рэфлексіі прапаную падумаць над пачутым у час заняткаў і адказаць на прапанаваныя пытанні:
– Што для вас з’яўляецца асноўным з сённяшняга вывучанага матэрыялу?
– Якую інфармацыю па гэтым пытанні вы хацелі б атрымаць дадаткова?
2) Прапаную выбраць тэму, якая патрабуе аналізу, сінтэзу, абмеркавання. Паведаміць школьнікам неабходную інфармацыю, сфармуляваць пытанні. Навучэнцам неабходна абмеркаваць у групах праблему і прапанаваць шляхі яе вырашэння.
3) Вельмі эфектыўнымі на гэтым этапе з’яўляюцца прыёмы тэхналогіі крытычнага мыслення (складанне сінквейна, кластараў, выкарыстанне неабходных табліц).
Сінквейн. Выкарыстоўваю як эфектыўны метад на стадыі рэфлексіі. Але скласці сінквейн навучэнцам з нізкім узроўнем развіцця пазнавальнай актыўнасці не заўсёды лёгка. Таму прапаную ім выкарыстоўваць словы для даведак, а навучэнцаў з сярэднім узроўнем кансультую. Спачатку прапаную вучням скласці адзін сінквейн на дваіх, з якім абодва будуць згодны. Гэта, з аднаго боку, палегчыць працэс падбору слоў, а з другога – дапаможа выбраць больш дакладныя словы. Навучэнцы, якія маюць высокі ўзровень развіцця пазнавальнай актыўнасці, складаюць сінквейн самастойна.
Прыклад сінквейна па тэме “Будова і функцыі сэрца”(9-ы клас)
Сэрца
Здаровае, хворае
Б’ецца, працуе, функцыянуе
Падтрымлівае жыццё кожнага чалавека
Жыццё
Для прадуктыўнай арганізацыі ўрокаў біялогіі ў 6-м класе пры вывучэнні тэмы “Фотасінтэз – спосаб харчавання раслін” выкарыстала хатнія расліны для правядзення вопыту “Уплыў навакольнага асяроддзя на фотасінтэз раслін”.
На стадыі асэнсавання зместу вывучанага матэрыялу прапаноўваю заданне па групах. Эфектыўна арганізаваць даследчую працу з вучнямі можна пры вывучэнні тэмы “Размнажэнне жывых арганізмаў. Бясполае размнажэнне”. На ўроку вучням даецца некалькі хатніх раслін, прапануецца выканаць заданні: назваць расліны згодна з фотакаталогам-вызначальнікам, апісаць спосаб вегетатыўнага размнажэння раслін, карыстаючыся падручнікам і дадатковай літаратурай.
На ўроках біялогіі ў 7-м класе пры вывучэнні тэмы “Папараці” расказваю вучням, што ў дэкаратыўных мэтах вырошчваюцца папараці з роду адыянтум “венерын волас”, платыцэрыум, нефралепіс, дэманструю гэтыя віды. А затым прапаную вучням дома скласці этыкетку, якая будзе прымацавана да вазону для выкарыстання ў кабінеце біялогіі. У этыкетцы трэба апісаць дэкаратыўныя якасці папараці і рэкамендацыі па яе доглядзе.
У 8–9-м класах надаецца асаблівая ўвага выкананню самастойных даследаванняў і заданняў творчага характару. Напрыклад, на ўроках біялогіі ў 9-м класе пры вывучэнні тэмы “Захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам. ВІЧ-інфекцыя” прапаную вучням практычнае заданне – скласці памятку на тэму “Паняцці пра захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам”. Пры вывучэнні “Сардэчна-сасудзістай сістэмы” прапаную вучням скласці схему “Кругі кровазвароту чалавека” і параўнаць з кругамі кровазвароту ў птушак. Прапаноўваю параўнаць вучням розныя сістэмы сабакі і чалавека. Што паміж імі агульнага, і чым яны адрозніваюцца?
На абагульняючых уроках у 7–11-м класах, улічваючы інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў, можна выкарыстоўваць гульні “Шчаслівы выпадак”, “Што? Дзе? Калі?”.
Гэтыя заданні патрабуюць крытычнага мыслення, развіцця меркавання, умення рабіць адпаведныя вывады.
Вельмі часта ў сваёй практыцы прымяняю віды нетрадыцыйных урокаў, якія дазваляюць выкарыстоўваць даследчы метад навучання, якія прымяняю ў сваёй працы: урок-даследаванне, урок-лабараторыя, урок – творчая справаздача, урок-праект, урок-прэзентацыя, урок-экспертыза, урок-падарожжа, урок-аповед, урок – экскурс у эпоху дзейнасці вучонага і іншыя.
Але лічу, што найбольшыя магчымасці для правядзення сістэмнай даследчай работы навучэнцаў дае пазакласная даследчая дзейнасць і самастойная работа навучэнцаў. Даследаванні можна выкарыстоўваць на алімпіядах, разнастайных конкурсах, інтэлектуальных марафонах, канферэнцыях, факультатыўных занятках, экспедыцыях, экскурсіях і інш.
Ужо на працягу некалькіх гадоў удзельнічаю са сваімі вучнямі ў раённых, абласных павукова-практычных канферэнцыях (дыплом І ступені ў раёне і ІІ ступені на абласной канферэнцыі за работу “Чайны грыб: тэхналогія вырошчвання і прымянення ў хатніх умовах”, дыплом III ступені ў раёне за работу “Пігменты расліннага свету. Чаму яны такія розныя?”, дыпломы II ступені ў раёне і вобласці за работу “Імправізаваны інкубатар: кураня, народжанае ў “кашулі”, дыплом I ступені за работу “Лета–2019: гісторыя выратавання шапачкавага грыба”, дыплом I ступені за работу “Такі незнаёмы і цікавы АВАКАДА”, удзел у алімпіядах і конкурсах на экалагічную тэматыку).
Лічу, што самае галоўнае, што можа ўнесці вучэбнае даследаванне ў працэс выкладання біялогіі – гэта дапамога ў фарміраванні самасвядомасці школьніка, у набыцці пазіцыі зацікаўленага і адказнага ўдзелу ў пазнавальнай і творчай рабоце на ўроках.
Літаратура
1 Біялагічны эксперымент у школе / А.В.Бінас [і інш]. – М. : Асвета, 1990. – 192 с.
2 Вялікая кніга эксперыментаў для школьнікаў / рэд. А.Мейяні. – М. : Росмэн – Прэс, 2016. – 264 с.
3 Біялогія: вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў агул.сярэд.адукацыі з беларус.мовай навучання / М.Д.Лісаў. – Мінск : Народная асвета, 2017. – 230 с.
4 Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў агул.сярэд.адукацыі з беларус.мовай навучання / І.Г.Бядарык, А.Я.Бядарык, У.М.Іваноў. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2018. – 240 с.
5 Біялогія: вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў агул.сярэд.адукацыі з беларус.мовай навучання / М.Д.Лісаў, 2021 са змяненнямі – Мінск : Народная асвета, 2021. – 157 с.