Матэрыялы для правядзення ўрока матэматыкі ў 5-м класе па тэме “Арыфметычныя дзеянні з натуральнымі лікамі”.
Марына ІГНАЦІК,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Дварэцкая сярэдняя школа” Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тэма ўрока: Арыфметычныя дзеянні з натуральнымі лікамі.
Мэты ўрока:
– адукацыйная: стварыць умовы для фарміравання навыкаў вучняў па прымяненні выканання арыфметычных дзеянняў з натуральнымі лікамі да рашэння кантэкстных задач;
– развіваючая: стварыць умовы для развіцця пазнаваўчай дзейнасці вучняў, фарміравання асабістых якасцей, неабходных не толькі для матэматычнай навукі, але і для паўнавартаснага, асэнсаванага жыцця ў грамадстве;
– выхаваўчая: стварыць умовы для фарміравання грамадзянска-патрыятычных якасцей вучняў сродкам выхавання павагі да культуры, традыцый і гістарычнага мінулага беларускага народа.
Фрагмент урока
Сёння мы правядзём з вамі не зусім звычайны ўрок. Урок будзе прысвечаны тэме, вельмі значнай для кожнага з нас, беларусаў.
Слайд 1. Беларусь
Паглядзіце на экран і скажыце, як вы думаеце, якой тэме будзе прысвечаны сённяшні ўрок? (Адказы вучняў). Так, наш урок будзе прысвечаны Беларусі. Беларусь… Наша любімая Радзіма – край лясоў і блакітных азёр, дзе жывуць працавітыя і адказныя людзі, якія захоўваюць спадчыну нашых продкаў і прымнажаюць дасягненні папярэдніх пакаленняў. Нам ёсць чым ганарыцца!
Слайд 2. Мінск
Як вы думаеце, фотаздымкі якога горада вы бачыце на слайдах? (Адказы вучняў) Так, горада Мінска. Мінск – сталіца Беларусі, палітычны, эканамічны, навуковы і культурны цэнтр краіны.
А зараз давайце парашаем задачы. (У вучняў на партах картачкі з умовамі задач).
Задача 1
У верасні 2022 года беларуская сталіца адзначыла свой 955-ы дзень нараджэння. Вызначыце год, да якога адносіцца першы летапісны ўспамін пра Мінск. Адказ: 1067 год.
А яшчэ што вы ведаеце пра Мінск? (Адказы вучняў)
Так, Мінск – адзін з абласных цэнтраў нашай краіны. А колькі наогул абласных цэнтраў Беларусі? Назавіце іх. (Адказы вучняў)
Слайд 3. Карта Беларусі, падзеленая на вобласці
У Беларусі жывуць цярплівыя і міралюбівыя людзі. Цярпенне і міралюбівасць беларусаў шмат у чым вызначаны гісторыяй, азмрочанай незлічонымі войнамі. Прычым самі беларусы ніколі іх не пачыналі. Беларусь заўсёды рада гасцям і зацікаўлена, каб яны бліжэй пазнаёміліся з культурай, традыцыямі краіны.
Шырокі доступ насельніцтва да каштоўнасцей айчыннай і сусветнай культуры забяспечваюць музеі рэспублікі.
Назавіце музеі, якія вы наведвалі, ці проста ведаеце пра іх і марыце наведаць. (Адказы вучняў)
Задачы 2 і 3 мы выканаем у групах. (Вучні працуюць з падрыхтаваным раздрукаваным матэрыялам).
Задача 2
Размясціце гарады Беларусі, якія з’яўляюцца абласнымі цэнтрамі, па ўзрастанні колькасці іх жыхароў, выкарыстоўваючы прапанаваныя даныя.
Раздрукаваны матэрыял
Адказ:
1) Брэст – 340700
2) Магілёў – 355400
3) Гродна – 357400
4) Віцебск – 360400
5) Гомель – 503900
6) Мінск – 1996500
Задача 3
У 2021 годзе музеі Беларусі наведалі больш за 32 мільёны жыхароў і гасцей нашай краіны. Карыстаючыся статыстычнымі звесткамі, прадстаўленымі ў табліцы, складзіце рэйтынг папулярнасці ТОП-10 музеяў Беларусі па выніках наведванняў за 2021 год.
Раздрукаваны матэрыял
Адказ:
1) Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» – 222600
2) Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – 196700
3) Гомельскі палацава-паркавы ансамбль – 187100
4) Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» – 141100
5) Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь – 121900
6) Замкавы комплекс «Мір» – 119600
7) Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік – 91800
8) Віцебскі абласны краязнаўчы музей – 82200
9) Гомельскі абласны музей ваеннай славы – 82000
10) Парк-музей «Сула» – 72200
Два вучні выконваюць задачы 2 і 3 з дапамогай анлайн-дошкі Miro за індывідуальнымі ноўтбукамі.
Правяраем вынікі выканання задач. (Дэманстрацыя вынікаў работы вучняў, якія працавалі за ноўтбукамі, на інтэрактыўнай дошцы, і вучняў, якія працавалі ў групах, на партах). Правяраем, зачытваем адказы з адпаведнымі лікамі.
Штогод мы адзначаем традыцыйныя дзяржаўныя святы. Магчыма хтосьці назаве іх? (Адказы вучняў)
Слайд 4. Дзень беларускага пісьменства і друку. Эмблема свята
У першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага пісьменства і друку. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Задача 4
Даведайцеся, у якім годзе быў упершыню праведзены Дзень беларускага пісьменства і друку. Не выконваючы множання, вызначыце апошнюю лічбу здабытку. Лік, складзены з гэтых лічбаў без змены парадку запісу лічбаў, і будзе адказам на пытанне.
1) 839 × 19
2) 243 × 53
3) 571 × 89
4) 936 × 74
Адказ: 1994.
(Вучні па чарзе з тлумачэннем вызначаюць лічбы, настаўнік на дошцы запісвае вынікі, агучваецца адказ)
У пачатку 2010 года Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь дадзены старт акцыі “Культурная сталіца Беларусі”, якая штогод надзяляе адзін з гарадоў такім правам. Гэтая акцыя заклікана развіваць і ўзбагачаць культурнае жыццё рэгіёнаў, актывізаваць грамадскія ініцыятывы, прыцягваць ва ўнікальныя месцы нашай зямлі турыстаў.
Задача 5
Вызначыце, як называецца горад, які стаў першаадкрывальнікам акцыі “Культурная сталіца Беларусі”, калі вядома, што назва горада зашыфравана наступнымі прыкладамі. Не выконваючы дзяленне, вызначыце першую лічбу дзелю, замяніце яе літарай, прачытайце назву культурнай сталіцы Беларусі 2010 года.
1) 6734 : 74
2) 21576 : 62
3) 630 : 15
4) 2184 : 84
5) 4056 : 78
6) 7872 : 96
8 ––> К; 9 ––> П; 5 ––> Ц; 3 ––> О; 6 ––> Е; 4 ––> Л; 2 ––> А
(Вучні па чарзе з тлумачэннем вызначаюць лічбы, настаўнік на дошцы запісвае вынікі, агучваецца адказ – Полацк).
Слайд 5. Полацк. Сафійскі сабор
У Полацку знаходзіцца архітэктурны помнік нашай краіны – Сафійскі сабор. А якія архітэктурныя помнікі Беларусі вы яшчэ ведаеце? (Адказы вучняў)
Так, вядомыя архітэктурныя помнікі нашай краіны: Брэсцкая крэпасць, Камянецкая вежа, Мірскі замак, Лідскі замак, Косаўскі замак, Спаса-Еўфрасіннеўская царква і іншыя.
Слайд 6. Нясвіжскі замак
Задача 6
У горадзе Нясвіж Мінскай вобласці знаходзіцца самы вядомы ў Беларусі палацава-замкавы комплекс. Запішыце ў адказ год, у якім быў закладзены першы камень у падмурак Нясвіжскага замка, вылічыўшы значэнне лікавага выразу:
12655 + 179950 : 59 – 307 × (132 – 86)
Адказ: 1583.
Штогадовы каляндар поўны знамянальных дат у гісторыі нашай краіны, у тым ліку юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. Ці ведаеце вы беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2022 года? (Адказы вучняў)
Задача 7
Вызначыце гады нараджэння ўсіх пералічаных далей беларускіх пісьменнікаў, папярэдне высветліўшы, якія юбілеі з дня іх нараджэння мы адзначылі або будзем яшчэ адзначаць у 2022 годзе, рашыўшы наступныя ўраўненні:
(203 – х) × 96 = 6048 (юбілей Янкі Купалы і Якуба Коласа, 140 гадоў)
(234 – х) + 26 = 155 (юбілей Янкі Брыля і Пімена Панчанкі, 105 гадоў)
8150 : (216 + х) = 25 (юбілей Максіма Танка, 110 гадоў)
242 + х – 53 = 284 (юбілей Алеся Адамовіча, 95 гадоў)
Адказ: Я.Колас, Я.Купала нарадзіліся ў 1882 годзе, Я.Брыль, П.Панчанка – у 1917, М.Танк – у 1912, А.Адамовіч – у 1927.
Слайды 7, 8, 9. Беларускія пісьменнікі – юбіляры 2022 года
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту.
Слайд 10. Фота Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 12 верасня 2015 года
У Музеі беларускай дзяржаўнасці захоўваецца самы вялікі сцяг Беларусі. Каб разгарнуць гэты экспанат, спатрэбілася 300 чалавек. Рабілася гэта аднойчы: 12 верасня 2015 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
Задача 8
Вызначыце памеры самага вялікага сцяга Беларусі, які захоўваецца ў Музеі беларускай дзяржаўнасці, калі перыметр палотнішча роўны 270 м, а даўжыня сцяга даўжэйшая за яго шырыню ў 2 разы.
Адказ: 45 м × 90 м.
Нам, беларусам, сапраўды ёсць чым ганарыцца! Мы жывём у краіне з багатай гісторыка-культурнай спадчынай і цудоўнымі народнымі традыцыямі!
Спадзяюся, што вы абавязкова прыкладзяце намаганні па захаванні і прымнажэнні дасягненняў беларускага народа.