Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на ўроках матэматыкі на прыкладзе ўрока ў 6-м класе па тэме “Складанне і адніманне рацыянальных лікаў”
Людміла ЗАЯЦ,
настаўнік матэматыкі
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Тып урока: урок абагульнення і сістэматызацыі ведаў.
Эпіграф: Мы любім усё – і жар халодных лікаў… (А.Блок. “Скіфы”).
Мэты ўрока:
– паўтарэнне тэарэтычнага матэрыялу па тэме “Складанне і адніманне рацыянальных лікаў”, замацаванне ведаў па тэме ў ходзе рашэння прыкладаў, ураўненняў і задач;
– развіццё ўмення засяроджвацца, канцэнтраваць увагу, развіваць знаходлівасць і кемлівасць;
– стварэнне ўмовы для рэалізацыі творчых здольнасцей, пашырэння кругагляду і развіцця інтэлекту вучняў;
– выхаванне патрыятызму, фарміраванне правільных адносін да агульначалавечых каштоўнасцей.
Ход урока
I Арыенціровачна-матывацыйны этап
Чакаемы вынік: добразычлівы настрой настаўніка і вучняў на супрацоўніцтва.
Задачы настаўніка: псіхалагічна падрыхтаваць вучняў да зносін на ўроку.
Настаўнік: Добры дзень, я рада вітаць вас!
Вось ізноў звінеў званок,
Запрасіў нас на ўрок.
Добры дзень, я вас вітаю,
Да заняткаў запрашаю.
Наш урок хай будзе плённым,
І цікавым, і натхнёным.
Поспехаў я вам жадаю,
Калі што – я паспрыяю.
Матывацыя
Чакаемы вынік: пазнавальная падрыхтаванасць вучняў да працы на ўроку, наяўнасць у іх матывацыі.
Задачы настаўніка: забяспечыць цікавасць вучняў да работы на ўроку.
Настаўнік: Рабяты, сёння на ўроку мы павінны паўтарыць матэрыял па тэме “Складанне і адніманне рацыянальных лікаў” і для гэтага давайце адправімся з вамі ў мінулае. Яно мае некаторы асаблівы сэнс: гэта і мінулае ў агульным разуменні гэтага слова (нават імгненні, якія былі секунду таму, ужо ў мінулым), гэта і ў матэматычным разуменні – паўтарэнне пройдзенага. Мы паўторым і абагульнім веды па тэме “Складанне і адніманне рацыянальных лікаў”. Для работы нам спатрэбяцца карткі з “+”, “–”, “0”. Падрыхтуйце іх, калі ласка (“+” азначае “веру”, “–” – “не веру”).
ІІ Асноўны этап
1 Гульня “Веру – не веру”
а) Ці верыце вы, што без адмоўных лікаў я не змагла б хадзіць па вадзе? (Вучні паднімаюць карткі, жадаючых можна папрасіць пракаменціраваць адказ.)
б) Ці верыце вы, што існуе помнік “0”? (Так, у Венгрыі, у цэнтры Будапешта.)
в) Вы ведаеце, што ёсць сярэдняе арыфметычнае. Ці верыце вы, што ёсць крайняе арыфметычнае? (Не.)
г) Ці верыце вы, што лікавую прамую называюць арыфметычны кантынуум? (Так.)
д) Ці верыце вы, што існаваў год, які змяшчаў не 12, а 16 месяцаў? (Так, Пётр І загадаў лічыць пачатак 1700 г. не з 1 верасня, а з 1 студзеня. Таму 1699 год доўжыўся 16 месяцаў.)
е) Ці верыце вы, што ў Антарктыдзе тэмпература паветра апускаецца да –89,2 ºC? (Так.)
ж) Ці верыце вы, што ў XVII стагоддзі французскі матэматык Рэнэ Дэкарт прыдумаў вагі з адмоўнымі дзяленнямі? (Не, ён увёў лікавую прамую.)
з) Піраміда Хеопса (3–4 тыс. да н.э.), яе вышыня – 146 м. Ці верыце вы, што гэта самая вялікая піраміда? (Не, самая вялікая – у Мексіцы (100 г. н.э.), вышыня – 53,9 м, але плошча роўна 18,2 га.)
і) Адмоўныя лікі як толькі не называлі: недахоп, доўг, ілжывыя, фіктыўныя, немагчымыя. Ці верыце вы, што Ньютан называў іх лікі, “менш, чым нішто”? (Так, у 1707 г. “Усеагульная арыфметыка”.)
к) Ці верыце вы, што ў свой першы небяспечны паход Чырвоная Шапачка выйшла ў XV стагоддзі, такім чынам ёй каля 500 гадоў? (Так, першыя казкі з’явіліся ў XV стагоддзі, потым толькі ў XVII ст. – Шарль Перо, у XIX ст. – Браты Грым.)
Як бачыце, на ўроку матэматыкі можна гаварыць на тэмы любога школьнага прадмета і не толькі.
2 Тэорыя і практыка
1) Практыка. Тэрмометр
Першыя тэрмометры з’явіліся ў XVІ стагоддзі. У 1592 годзе Г.Галілей прапанаваў свой тэрмометр – тэрмаскоп, які складаўся са шклянога шарыка, напоўненага паветрам, што закрыты слупком вады. (На экране паказаны розныя тэмпературныя шкалы.)
Вуснае практыкаванне
Запісаны рад лікаў, які паказвае змяненне тэмпературы. Вы павінны падлічыць на колькі градусаў павялічылася або паменшылася тэмпература, адносна папярэдняга значэння: 0; –3; –7; +5; +8,2; +4; –3; –3,5; –6; –1; +10; +8; +2; –7; –10; –4.
2) Тэорыя. Паўтарэнне правіл і ўласцівасцей
Рабяты, падрыхтуйце вашы карткі. Цяпер “+” азначае дадатны лік, “–” – адмоўны лік, а “0” азначае нуль. Адказ на пытанні – картка са знакам.
– Сума двух адмоўных лікаў ёсць лік… (“–”).
– Сума двух лікаў з рознымі знакамі ёсць лік… (усе тры карткі).
– Сума двух процілеглых лікаў роўна… (“0”).
– Рознасць двух лікаў ёсць лік… (усе тры карткі).
Перакласці на сучасную матэматычную мову:
– “сума дзвюх маёмасцей ёсць маёмасць”;
– “сума маёмасці і доўгу ёсць рознасць”.
ІІІ Фізкультхвілінка
Гістарычная даведка
Армія персаў высадзілася каля мястэчка Марафон у 42 км ад Афін. Грэкаў было нашмат менш, чым персаў, але яны вырашылі біцца да канца і распрацавалі хітры план. Грэкі аслабілі цэнтр сваёй баявой лініі, чым заманілі ворагаў у сваё размяшчэнне – у “мяшок”, а затым злучыліся ў тыле персідскага войска і перамаглі. Гэта марафонская бітва адбылася ў 490 г. да н. э.
Падобную тактыку прымянялі і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Задача ліквідацыі акружной групоўкі была ўскладзена на войскі Данскога фронту, якія прыступілі да выканання аперацыі “Кольца”. Завяршылася яна 2 лютага 1943 года поўным разгромам фашыстаў. Гэта пра Сталінградскую бітву.
Колькі год раздзяляюць гэтыя падзеі?
Рашэнне:
1) 1943 – (–490) = 2433 (г.)
2) 2433 + 1 = 2434 (г.)
Адказ: 2434 гады.
78 год прайшло ўжо, як наша краіна вызвалілася ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта вялікае і радаснае свята.
Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!…
Самастойная работа
Каб найхутчэй вярнуцца з перамогай дамоў, партызаны, тыя, хто ваяваў на фронце, працаваў у тыле, выконвалі розныя заданні. Нам зараз таксама неабходна выканаць “Асобае заданне”. (На партах ляжаць карткі з надпісам “Асобае заданне”, Дадатак) Асаблівасць яго ў тым, што часу на выкананне ўсяго 6–7 хвілін.
“Галубы”. Рабяты, у вас на партах ляжаць маленькія “галубкі”, дастаньце іх. Што сімвалізуе гэта птушка? Так, голуб – гэта птушка міру! Кожнаму з вас птушка прынесла ўраўненне, якое неабходна рашыць. Хто рашае, выходзіць да дошкі і пераварочвае голуба з адпаведным адказам. (Адкрываецца слова “ПЕРАМОГА”.)
Слова Перамога асвятляла
Нам дарогі і акопны жвір,
І яно навекі побач стала
З самым дарагім нам словам Мір!
Мазгавы штурм
Вы бачыце на экране карціну П.Крываногава “Перамога”, на якой мастак намаляваў штурм рэйхстага. Штурм – рашучая атака, рашучае наступленне. У нас з вамі будзе мірны штурм, “мазгавы штурм”.
Я задаю вам пытанні, а адказы павінны быць хуткімі і кароткімі.
1) Яблык даражэйшы за лімон на –100 рублёў. Як гэта зразумець? (Яблык таннейшы за лімон.)
2) Вы прыйшлі ў магазін, а на цэнніках адмоўныя лікі. Што б гэта значыла? (Скідка на тавар.)
3) Мы на планеце “Адмоўных лікаў”. Як з дапамогай знака мінус і адмоўных лікаў паказаць 10º цяпла? (–(–10))
4) Назавіце лік, што больш –4 у 2 разы?
ІV Дамашняе заданне
V Рэфлексія
Чакаемы вынік: самаацэнка, асэнсаванне значнасці вучэбнай дзейнасці і сітуацыі поспеху.
Задачы настаўніка: стварыць умовы для самаацэнкі вучнямі сваёй дзейнасці па дасягненні мэты ўрока.
Прынцып “Мікрафон” (вучні па чарзе даюць абгрунтаваны адказ на адно з пытанняў).
На ўроку я працаваў… (актыўна/пасіўна)
Сваёй працай на ўроку я… (задаволены/не задаволены)
Урок для мяне быў… (кароткім/доўгім)
За ўрок я… (не стаміўся/стаміўся)
Мой настрой… (стаў лепшы/стаў горшы)
Матэрыял урока для мне быў… (карысным/некарысным)
(цікавым/нецікавым)
Дамашняе заданне мне здаецца… (лёгкім/цяжкім)
(цікавым/нецікавым)
Настаўнік: Паважаныя вучні! Дзякуй вам за добрую працу на ўроку. Вы былі актыўнымі і ўпэўненымі ў сабе.
Вы ўсе малайцы!
Вы ўсе ўдальцы!
І няхай на годы
Любімай заўсёды
Для вас матэматыка будзе!
Урок закончаны.