Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Прыметнік як самастойная часціна мовы”. Урок беларускай мовы ў 6-м класе

- 16:34II И III СТУПЕНИ, БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Сцэнарыі, Методичка

Гэта апошні ўрок у сістэме вывучэння прыметніка як самастойнай часціны мовы. Вучні ўжо вывучылі марфалагічную і словаўтваральную характарыстыку прыметніка, сінтаксічныя, стылістычныя, сінанімічныя і антанімічныя магчымасці прыметніка.

Аксана ПАЛЯШЧУК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст
ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

Узаемасувязь з атрыманымі раней ведамі: гэта апошні ўрок у сістэме вывучэння прыметніка як самастойнай часціны мовы. Вучні ўжо вывучылі марфалагічную і словаўтваральную характарыстыку прыметніка, сінтаксічныя, стылістычныя, сінанімічныя і антанімічныя магчымасці прыметніка.

Тып урока: урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў.

Мэты заняткаў: плануецца, што напрыканцы ўрока вучні змогуць сістэматызаваць веды пра разрады прыметнікаў па значэнні, ступені параўнання прыметнікаў, сінтаксічную ролю прыметнікаў, род, лік прыметнікаў.

Задачы асобаснага развіцця:

адукацыйная
– садзейнічаць выпрацоўцы навыкаў вучняў адрозніваць прыметнікі ў тэксце, даваць марфалагічную і словаўтваральную характарыстыку, выкарыстоўваць сінанімічныя, антанімічныя, стылістычныя і выяўленчыя магчымасці прыметніка ва ўласных вусных і пісьмовых выказваннях;

развіццёвая
– спрыяць фарміраванню навыкаў самакантролю, умення планаваць сваю дзейнасць;

выхаваўчая
– садзейнічаць павышэнню вучэбнай матывацыі на аснове далучэння вучняў да ўласнага самавызначэння;

– спрыяць фарміраванню навыкаў здаровага ладу жыцця.

Абсталяванне: карткі з заданнямі, ліст самакантролю вучняў.

 

Ход урока

1 Арыенціровачна-матывацыйны этап

Добры дзень. Я шчыра вітаю вас на ўроку беларускай мовы.

Метад “Кацянятка”. Уявіце, што вы трымаеце ў руках маленькае кацяня. Перадайце яго на кожны рад у рукі дзецям. Апішыце, якім вы ўяўляеце кацяня? (Белае, пушыстае, тоўсценькае; рыжае, з белай “манішкай” і зялёнымі вочкамі; чорнае, з белымі вусамі і белымі “шкарпэтачкамі” і г.д.) Дзеці могуць пагладзіць уяўнае кацяня па галаве, пацерабіць за вушкам і перадаць сваім сябрам. Калі кацяня перадалі апошняму ў радзе вучню, той выпускае яго на падлогу. Заданне – пагладзіць або пацерабіць свайго суседа.

Апісваючы кацянятка, якую часціну мовы мы выкарыстоўвалі часцей? Чаму? (Прыметнікі, таму што яны абазначаюць прымету прадмета і дапамагаюць вобразна і дэталёва апісаць прадмет, з’яву або жывую істоту). Тэма нашага ўрока “Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага па тэме “Прыметнік”.

 

2 Этап актуалізацыі вопыту вучняў

На дошцы прымацаваны карткі са словамі:

Лік, род, якасны, месны, прыналежны, ступень параўнання, адносны, вінавальны, азначэнне, выказнік, вышэйшая, найвышэйшая, жаночы, ніякі, мужчынскі, давальны, адзіночны, творны, множны, назоўны, склон, разрад па значэнні.

Словы пераблытаны. Размяркуйце іх па катэгорыях, склаўшы кластар “Прыметнік як самастойная часціна мовы”. (Род: жаночы, мужчынскі, ніякі; лік: адзіночны, множны; разрад па значэнні: якасны, адносны, прыналежны; ступень параўнання: вышэйшая, найвышэйшая; сінтаксічная роля: азначэнне, выказнік; склон: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны). Сёння на ўроку мы замацуем веды, атрыманыя на папярэдніх уроках па тэме “Прыметнік”.

 

3 Этап мэтавызначэння

На аснове складзенага кластара вучні самастойна ставяць задачы на ўрок.

Напрыканцы ўрока я буду ведаць:

– разрады прыметнікаў па значэнні, ступені параўнання прыметнікаў, сінтаксічную ролю прыметнікаў, род, лік прыметнікаў.

Напрыканцы ўрока я буду ўмець:

– вызначаць разрады прыметнікаў па значэнні; утвараць ступені параўнання прыметнікаў, вызначаць сінтаксічную ролю прыметнікаў у сказе, ставіць прыметнікі ў патрэбны род, лік, склон, дапасуючы іх да назоўнікаў.

Звярніце ўвагу на табліцу “Мае дасягненні”. На працягу ўрока, карыстаючыся сцікерамі, вам трэба будзе самастойна ацаніць свае веды па кожным раздзеле, указаным у табліцы. Адкажыце, якія тэмы адсутнічаюць на кластары, але ёсць у табліцы? (Правапіс складаных прыметнікаў; правапіс -н- і -нн- у прыметніках).

Мае дасягненні

Разрады прыметнікаў па значэнні

Правапіс складаных прыметнікаў

Правапіс -н- і -нн- у прыметніках

Скланенне прыметнікаў

Утварэнне ступеняў параўнання прыметнікаў

Ужыванне прыметнікаў у маўленні

 

 

 

 

 

 

Сцікеры могуць быць такія:

Гэту тэму я засвоіў(ла) паспяхова

Па гэтай тэме яшчэ ёсць невялікія прабелы ў ведах

Гэта тэма мной не засвоена зусім

 

У працэсе знаёмства з новай тэмай мы паразважаем на тэму “Здаровы лад жыцця”. Звярніце ўвагу на эпіграф: “У здаровым целе – здаровы дух” (Ювенал).

Чым, на вашу думку, адрозніваецца прыметнік здаровы ў гэтым сказе ў спалучэнні з рознымі назоўнікамі? (Здаровае цела – прамое значэнне; здаровы дух – пераноснае значэнне).

Як вы разумееце гэты эпіграф? Паводле вызначэння Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, здароўе – гэта не толькі адсутнасць хвароб, але і стан поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту. Атрымліваецца, што ў найбольшай ступені здароўе чалавека залежыць ад яго самога.

 

Рубрыка “Гэта цікава”

Цікава, што ў эпоху Антычнасці сярэдні ўзрост жыцця чалавека складаў 36 гадоў, у Сярэднявеччы – 40 гадоў, у сярэдзіне ХІХ ст. – 48 гадоў. Сёння самая высокая працягласць жыцця ў Японіі і ў Ісландыі – 80 гадоў, а самая нізкая – у афрыканскай краіне Чад (39 гадоў). А ў Беларусі на перыяд 2020 года сярэдняя працягласць жыцця жанчын 78 гадоў, а мужчын – 64 гады. Для таго каб быць доўгажыхарамі, неабходна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.

 

4 Этап замацавання ведаў і спосабаў дзеяння

Заданне 1. Вызначыць разрад прыметнікаў па значэнні. Размеркаваць словазлучэнні ў табліцы. Адзін вучань каля дошкі, астатнія – самаправерка.

Мішавы гантэлі, гарналыжны спорт, трохслойны торт, добры настрой, яблычна-бярозавы сок, фізкультурна-спартыўнае спаборніцтва, кіслы яблык, кругласутачная праца, спартыўная пляцоўка, гарачы суп, турысцкі паход, свежая гародніна, водныя працэдуры, актыўнае жыццё, ранішняя зарадка, арахісавае масла, Яраслававы лыжы, шакаладны батончык, вячэрняя прагулка, жалезны характар, Таццянін сон, пяціразовае харчаванне, каўказскі шашлык.

Якасныя Адносныя Прыналежныя
кіслы яблык
гарачы суп
свежая гародніна
жалезны характар
актыўнае жыццё
добры настрой
гарналыжны спорт
трохслойны торт
яблычна-бярозавы сок
фізкультурна-спартыўнае спаборніцтва
кругласутачная праца
спартыўная пляцоўка
турысцкі паход
водныя працэдуры
ранішняя зарадка
арахісавае масла
шакаладны батончык
вячэрняя прагулка
пяціразовае харчаванне
каўказскі шашлык
Мішавы гантэлі
Яраслававы лыжы
Таццянін сон

 

Дадатковыя заданні

1) Індывідуальнае заданне. Растлумачыць правапіс складаных слоў і паказаць пісьмова спосаб іх утварэння:

гарналыжны, трохслойны, кругласутачная, пяціразовае, яблычна-бярозавы, фізкультурна-спартыўнае.

2) Франтальная работа. Растлумачыць правапіс суфіксаў -ск-, -цк- у прыметніках турысцкі, каўказскі.

3) Назваць словазлучэнні, якія, на ваш погляд, не звязаны з тэмай “Здаровы лад жыцця”. (Трохслойны торт, кругласутачная праца, шакаладны батончык, каўказскі шашлык).

4) Знайсці прыметнік, які пры спалучэнні з другім назоўнікам можа выступаць у другім значэнні і адносіцца да іншага разраду па значэнні. (Жалезны).

Пасля выканання гэтага задання ў табліцы “Мае дасягненні” у калонках “Разрады прыметнікаў па значэнні” і “Правапіс складаных прыметнікаў” сцікерам кожны пазначае ўзровень засвоенасці тэмы.

 

Заданне 2. Слоўнікавы тлумачальны дыктант па тэме “Правапіс -н- і -нн- у прыметніках”.

Аўсяная каша, лімонны пірог, белакачанная капуста, булённы кубік, журавінны сок, бульбяны суп, свіное сала, пчаліны мёд, ільняное семя, курынае мяса, перапяліныя яйкі, гусіная печань, духмяны яблык, ячменны хлеб, вітамінны салат, блінны торт.

Дадатковыя пытанні

1) Якія стравы з пералічаных, на вашу думку, можна аднесці да здаровага харчавання? (Аўсяная каша, белакачанная капуста, журавінны сок, пчаліны мёд, ільняное семя, курынае мяса, перапяліныя яйкі, гусіная печань, духмяны яблык, ячменны хлеб, вітамінны салат). Якія стравы вы дабавілі б у гэты спіс?

 

Фізкультхвілінка

Французскія дактары яшчэ ў XVIII стагоддзі казалі: “Рух сам па сабе можа замяніць любыя лекі, але ўсе лекавыя сродкі ў свеце не здольныя замяніць уздзеянне руху”. Сучасныя вучоныя мяркуюць: штодзённыя практыкаванні падаўжаюць жыццё на 6–9 гадоў! Фізічная нагрузка – найлепшы “эліксір маладосці”.

Ну а зараз крыху парухаемся. Успомніце, што такое антонімы? (Адказы вучняў). Я называю вам прыметнік, а вы падбіраеце да яго антонім і паказваеце рухамі, жэстамі, мімікай.

Левая рука – правая.
Правая нага – левая.
Левае вока – правае.
Высокі чалавек – нізкі.
Вузкія плечы – шырокія.
Павольны бег – хуткі.
Сумны вучань – вясёлы.
Слабыя рукі – моцныя.

 

5 Этап кантролю, самакантролю ведаў і спосабаў дзеяння

Заданне. Праца з тэкстам у парах. Уставіць прапушчаныя прыметнікі, карыстаючыся словамі для даведак. Прыметнікі паставіць у патрэбную склонавую форму, вызначыць склон. Даць назву тэксту. Узаемаправерка.

1. Дзень неабходна пачынаць з … зарадкі для … фігуры.
2. … практыкаванні змогуць павялічыць працаздольнасць, палепшыць працу мозга.
3. Харчаванне павінна быць … і …: ужываць … прадукты, адмовіцца ад … страў, наладзіць … рэжым харчавання.
4. Ежа павінна быць …: у рацыёне павінны прысутнічаць … і … стравы, … гародніна і садавіна, … прадукты.
5. … сон павінен доўжыцца не менш за 7-8 гадзін у … пакоі пры тэмпературы 17-18 градусаў.
6. Для ўмацавання імунітэту прымайце … душ.
7. Выконвайце правілы …гігіены.
8. Выпівайце як мага больш … вады.
9. … прагулкі на свежым паветры дапамогуць падтрымаць … настрой.
10. Будзьце заўсёды …, … і разважлівыя.

Словы для даведак: карысны, кантрасны, ранішні, мясны, добры, прыгожы, чысты, шкодны, свежы, стройны, добразычлівы, здаровы, пастаянны, разнастайны, фізічны, збалансаваны, рыбны, правільны, паўнавартасны, кісламалочны, прахалодны, асабісты, рэгулярны, спакойны.

Карысныя парады

1. Дзень неабходна пачынаць з ранішняй (Р.) зарадкі для прыгожай стройнай (Р.) фігуры.
2. Пастаянныя фізічныя (Н.) практыкаванні змогуць павялічыць працаздольнасць, палепшыць працу мозга.
3. Харчаванне павінна быць збалансаваным (Т.) і паўнавартасным (Т.): ужываць карысныя (В.) прадукты, адмовіцца ад шкодных (Р.) страў, наладзіць правільны (В.) рэжым харчавання.
4. Ежа павінна быць разнастайнай (Т.): у рацыёне павінны прысутнічаць мясныя і рыбныя (Н.) стравы, свежая (Н.) гародніна і садавіна, кісламалочныя (Н.) прадукты.
5. Здаровы (Н.) сон павінен доўжыцца не менш за 7-8 гадзін у прахалодным (М.) пакоі пры тэмпературы 17-18 градусаў.
6. Для ўмацавання імунітэту прымайце кантрасны (В.) душ.
7. Выконвайце правілы асабістай (Р.) гігіены.
8. Выпівайце як мага больш чыстай (Р.) вады.
9. Рэгулярныя (Н.) прагулкі на свежым паветры дапамогуць падтрымаць добры настрой.
10. Будзьце заўсёды добразычлівыя, спакойныя (Н.) і разважлівыя.

Дадатковыя заданні

1) Індывідуальнае заданне. Утварыце ўсе магчымыя формы ступеняў параўнання прыметнікаў добры, чысты, спакойны. (Добры – лепшы, найлепшы, самы лепшы; чысцейшы, найчысцейшы, больш чысты, найбольш чысты; спакайнейшы, найспакайнейшы, менш спакойны, найбольш спакойны).

2) Творчая работа. Знайдзіце прыметнікі – антонімы і сінонімы ў тэксце. (Карысны – шкодны, карысны – здаровы, правільны, паўнавартасны, разнастайны, рэгулярны).

Пасля выканання задання ў калонках “Скланенне прыметнікаў”, “Утварэнне ступеняў параўнання прыметнікаў” і “Ужыванне прыметнікаў у маўленні” ацаніце свой узровень падрыхтаванасці па гэтых тэмах адпаведнымі сцікерамі.

 

6 Этап карэкцыі ведаў і спосабаў дзеяння

Настаўнік арганізоўвае дзейнасць вучняў па карэкцыі выяўленых недахопаў. Вучні выяўляюць свае памылкі на аснове пастаўленай настаўнікам ацэнкі іх карэкцыі. Вучні аказваюць дапамогу іншым вучням у пошуку і карэкцыі сваіх памылак.

 

7 Этап інфармацыі пра дамашняе заданне

Падрыхтаваць вуснае лінгвістычнае паведамленне пра прыметнік як часціну мовы.

 

8 Этап падвядзення вынікаў

Зварот да табліцы “Мае дасягненні”. Вучні запаўняюць табліцу да канца, аналізуюць, падводзяць вынікі самастойна. Настаўнік выстаўляе адзнакі.

 

9 Этап рэфлексіі

Зварот да мэт, пастаўленых у пачатку ўрока. Вучні аналізуюць самастойна, наколькі паспяхова яны засвоілі тэму і дасягнулі мэты ўрока.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий