Тэрэса ЮЗВІК,
настаўнік гісторыі і геаграфіі
ДУА “Беняконская сярэдняя школа”
Воранаўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта ўрока: сфарміраваць уяўленне пра эпоху Пятра I.
Задачы ўрока:
– навучальныя: вызначыць прычыны i сутнасць рэформ Пятра, пазнаёміць вучняў з рознымі ацэнкамі дзейнасці Пятра I;
– развіваючая: садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей вучняў, актывізацыі ix разумовай дзейнасці;
– выхаваўчая: на прыкладах з жыцця i дзейнасці Пятра I паглыбіць уяўленне вучняў аб ролі асобы ў гісторыі.
Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.
Эпіграф да ўрока: “Россию поднял на дыбы”, – А.С.Пушкін.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
Калі вы слухаеце, вы многае забываеце,
Калі вы бачыце, то вы разумееце,
Калі вы дзейнічаеце, вы вучыцеся.
Я запрашаю вас да сумеснай працы на ўроку. Вы згодны вучыцца разам? Тады ў дарогу!
II Праверка дамашняга задання
– Якія пытанні ёсць па дамашнім заданні?
Рашэнне тэста на камп’ютарах або на лістах (з арганізацыяй узаемаправеркі)
Тэст: Пачатак праўлення Раманавых
1. Міхаіл Фёдаравіч быў выбраны ў 1613 годзе на царстваванне:
1) Выбранай радай
2) Земскім саборам
3) Сенатам
4) Баярскай думай
2. Земскі сабор выбіраў новага цара з:
1) польскай дынастыі
2) рускага дваранства
3) шведскай дынастыі
4) французскай дынастыі
3. Земскі сабор 1613 года:
1) спыніў Лівонскую вайну
2) змяніў парадак прастоланаследдзя
3) выбраў новага цара
4) паклаў пачатак новай дынастыі
4. Міхаіл Раманаў – унук:
1) Барыса Гадунова
2) Васіля ІІІ
3) Івана Грознага
4) Кацярыны ІІ
5. Земскі сабор адбыўся:
1)1413 г.
2)1313г.
3)1513г.
4) 1613г.
6. Перамір’е Расія з РП заключыла ў:
1) 1618г.
2)1518г.
3)1814г.
4) 1456г.
7. На Балотнай плошчы ў Маскве быў пакараны смерцю ў 1670 годзе:
1) Сцяпан Разін
2) Кузьма Мінін
3) Іван Балотны
8. Саборнае ўлажэнне земскім саборам было прынята:
1) 1549г.
2) 1649г.
3) 1548г.
4) 1648г.
9. Асноўнай апорай абсалютнай манархіі Расіі ў XVII ст сталі:
1) дзяржаўны апарат
2) прыказы
3) дзякі і пад’ячыя
4) сяляне
5) армія
6) суддзі
7) дваране
10. Цар Аляксей Міхайлавіч апіраўся першапачаткова на:
1) Баярскую думу
2) царкву
3) Земскія саборы
4)”тайную”малую думу
Ключ адказаў: 1) 3; 2) 2; 3) 3,4; 4) 3; 5) 4; 6) 1; 7) 1; 8) 2; 9) 1,5; 10) 1,3
III Уступная частка
Настаўнік зачытвае ўрывак з паэмы А.С.Пушкіна “Медны коннік”.
На берегу пустынных волн
Стоял он, дум великих полн,
И вдаль глядел,
И думал он:
Отсель грозить мы будем шведу,
Здесь будет город заложен
На зло надменному соседу.
Природой здесь нам суждено
В Европу прорубить окно.
Адкажыце на пытанні:
1. Як вы думаеце, каму i якім падзеям з гісторыі Расіі будзе прысвечаны наш урок?
2. Ці вядомы вам гістарычны дзеяч, пра якога ідзе размова ў паэме? Што вы ведаеце пра яго?
3. Хто аўтар гэтага твора?
Настаўнік абагульняе: Сапраўды, гаворка ў паэме А.С.Пушкіна “Медны коннік” ідзе пра Пятра І.
Перад вамі ацэнка дзейнасці Пятра І.
Прачытайце і адкажыце: ці аднолькавая яна?
“Мы сталі грамадзянамі свету, але перасталі быць у некаторых выпадках грамадзянамі Расіі – вінаваты ў гэтым Пётр! Ён вялікі, безумоўна, але яшчэ мог бы ўзвялічыцца больш, калі б знайшоў спосаб прасвятліць розум расейцаў без шкоды для іх грамадзянскіх дабрачыннасцей”.
Н.М.Карамзін
“Пётр I не баяўся народнай свабоды, немінучага следства асветы, бо давяраў сваёй магутнасці і пагарджаў чалавецтва, можа быць, больш, чым Напалеон… Гісторыя ўяўляе каля яго рабства”.
А.С.Пушкін
“Шмат няўдач і расчараванняў зведаў Пётр, вялікія былі ахвяры, якія ён патрабаваў ад народа, але вялікія былі і яго дасягненні”.
С.Г.Пушкароў
“Але ёсць, і нямала, плям на сонцы Пятра Вялікага. Еўрапеізацыя, якая праводзілася ім, насіла гвалтоўны, спешны, малапрадуманы і таму шмат у чым павярхоўны характар…”
“На ўсё XVIII стагоддзе і шырэй – пецярбургскі перыяд рускай гісторыі – кладзецца адзін гіганцкі цень – Пятра Вялікага – імператара-рэфарматара. І хай ён дзейнічаў у тым напрамку, які цалкам вызначаўся пры яго бацьку, хай яго рэформы народжаныя самой логікай гістарычнага развіцця XVII ст., усё роўна нельга адмаўляць, што менавіта Пётр стаў стваральнікам новай Расеі”.
С.В.Бушуеў
– Як ацэньваюць гісторыкі дзейнасць Пятра? (Адказы вучняў)
Сапраўды, па ацэнцы дзейнасці Пятра I i яго рэформ спрэчкі не ўціхаюць з часу яго смерці. Ставяцца пытанні: “Чаму Пятра называюць Вялікім? Можа, за яго двухметровы рост?” Пра яго казалі: “То акадэмік, то герой, то мараплавец, то цясляр”, цар суровы, але справядлівы i дэмакратычны; цар, які “прарубіў акно ў Еўропу”. Дык хто ён на самай справе? Злы геній ці прарок у сваёй Айчыне?
І сёння нам патрэбна будзе адказаць на гэтыя праблемныя пытанні, вызначыць свой погляд наконт дзейнасці Пятра І. А тэма нашага ўрока “Эпоха Пятра Вялікага”
ІV Вывучэнне новага матэрыялу
Давайце вызначым мэту ўрока (Адказы вучняў).
Настаўнік абагульняе: Нам патрэбна пазнаёміцца з эпохай праўлення Пятра І і даць ацэнку яго дзейнасці.
1 Перадумовы рэформ
(Матэрыял вывучаецца вучнямі самастойна: § 24, п. 1).
Успомніце:
– Што такое “рэформа”?
– Якім словам можна замяніць слова “рэформа”?
Заданне: прачытайце § 24, п. 1 і адкажыце на пытанне: Што ўяўляла сабой Расія ў канцы XVII ст.? Для гэтага вам патрэбна выправіць памылкі ў тэксце з дапамогай падручніка. (Вучням раздаецца тэкст, у якім прапануецца выправіць памылкі з дапамогай падручніка)
У канцы XVII ст. Расія была адной з самых эканамічна развітых краін свету. Правячая дынастыя Рурыкавічаў была зацікаўлена ў хуткім развіцці мануфактурнай вытворчасці, гандлю.
У той час у Расіі існавала рэгулярная, добра ўзброеная армія, ваенна-марскі флот. Але дзяржава не мела выхадаў да мора, што стрымлівала развіццё гандлёвага i культурнага абмену. Шлях у Еўропу праз Чорнае мора закрывала Швецыя, а праз Балтыйскае мора – Асманская імперыя.
Праверка тэксту і прапанова адказаць на пытанні:
– Што ўяўляла сабой Расія ў канцы XVII ст.?
– Для чаго былі патрэбны рэформы ў Расіі?
Давайце абагульнім: Якім было становішча Расіі? (Абагульненне вучняў і дапаўненне настаўніка)
2 Пачатак праўлення Пятра I
Праглядзіце ўважліва відэафільм і адкажыце на пытанні, якія знаходзяцца ў картцы № 2.
Прагляд відэафільма https://youtu.be/58sE3dQzIjQ
Калі пытанне засталося без адказу, вам дапаможа падручнік (с. 142, п. 2).
Пытанні:
1. Якія роды вялі барацьбу за ўладу? (Міраслаўскія і Нарышкіны)
2. Якія два малалетнія цары апынуліся на троне? (Пётр І і Іван V)
3. Куды быў сасланы Пётр Соф’яй? (Сяло Праабражэнскае)
4. Якім навукам навучаўся малады цар? (Матэматыка, артылерыйская справа)
5. Ці падабаўся яму еўрапейскі ўклад жыцця? (Так)
6. У якім узросце Пётр І стаў адзіным царом? (24 гады)
Заданне: З пытанняў і адказаў складзіце аповед “Пачатак праўлення Пятра”. (Абагульненне вучняў і настаўніка)
3 Рэформы Пятра I
Цар разумеў, што патрэбны змены, а якія, мы даведаемся праз работу ў групах. Кожная група атрымоўвае сваё заданне і рыхтуе адказ.
Групы фарміруюцца ў залежнасці ад колькасці вучняў.
1-я група. Рэформы дзяржаўнага кіравання.
1) Выпішыце, якія змены былі ў дзяржаўным кіраванні.
2) У “Табелі аб рангах” вызначаліся наступныя чыны: канцлер, правадзейны тайны саветнік, калежскі асэсар, генерал-фельдмаршал, генерал, палкоўнік, штаб-капітан. Якія з іх захаваліся да сённяшняга часу?
3) 3 якой рэформай Пятра I звязана паняцце “сінод”?
2-я група. Ваенныя рэформы.
1) Вызначыце, у чым быў сэнс ваенных рэформ.
2) Прадоўжыце кароткі аповед. Пасля паражэння над Нарвай у 1700 г. Пётр загадаў зняць частку званоў з цэркваў i манастыроў. Да 30 тыс. пудоў звонавай медзі было завезена ў Маскву. Пасля Пётр I загадаў…
3) Як вы зразумелі выраз “падобныя на еўрапейцаў”?
3-я група. Паўночная вайна.
1) Складзіце план вывучэння пытання.
2) Знайдзіце на карце месцы буйнейшых бітваў і абазначце іх на контурнай карце.
3) Чаму Расія атрымала перамогу ў вайне?
Дадатковы матэрыял для 3-й групы
Да пачатку XVIII ст. усё заходняе ўзбярэжжа Балтыкі кантралявала Швецыя. Пад яе ўладай апынуліся і тыя тэрыторыі на ўсходзе Фінскага заліва, якія стагоддзямі належалі Расіі. Балтыйскае мора ператварылася ў свайго роду “шведскае возера”. Гэта не магло не выклікаць турботы суседніх са Швецыяй краін. Для барацьбы з яе валадарствам на Балтыцы ў 1699 г. быў заключаны Паўночны саюз у складзе Расіі, Даніі і Саксоніі.
Вайна пачалася ў 1700 годзе. Аднак першы яе этап прынёс саюзнікам поўныя няўдачы. У Нарвскай бітве шведы страцілі 3 тыс. чалавек, а рускія – 8 тыс. салдат, 1451 гармат і ўсе запасы харчавання. У выніку руская армія ў самым пачатку вайны засталася без артылерыі. Пётр I загадаў здымаць званы з цэркваў і пераплаўляць іх у гарматы. У народзе пра яго пачалі гаварыць «цар-Антыхрыст».
Аднак у 1702 г. рускія войскі штурмам авалодалі крэпасцю Нотэбург у вусце Нявы. З улікам ключавой ролі ў выхадзе на Балтыку Пётр пераназваў яе ў Шлісельбург (“горад-ключ”). Вясной 1703 г. на Няве быў закладзены Санкт-Пецярбург.
Кожная група абараняе сваё заданне.
А зараз я прапаную вам праглядзець уважліва відэафільм і дапоўніць свае адказы.
Прагляд відэафільма. https://youtu.be/rVxqllVumKQ
Дапаўненне вучнямі сваіх адказаў і абагульненне.
4 Санкт-Пецярбург
Санкт-Пецярбург – адзін з самых прыгожых гарадоў Расіі і свету. Вы ведаеце гісторыю гэтага горада? Калі не, то паслухайце свайго сябра.
Адзін вучань выступае з творчым папераджальным заданнем. Прэзентацыя “Санкт-Пецярбург”: https://docs.google.com/presentation/d/1MRbhMK3S73050HrwSDSNsz0XDZfuhkQc/edit?usp=sharing&ouid=107446889985856883945&rtpof=true&sd=true
– Што вы даведаліся новага з гісторыі горада?
У пачатку ўрока мы пазнаёміліся з ацэнкай дзейнасці Пятра Вялікага. А зараз я вам прапаную даць сваю ацэнку.
Устаньце тыя, хто лічаць, што рэформы былі неабходнымі.
Астатнія, я разумею, прытрымліваюцца іншага погляду.
Зараз мы дзелімся на дзве групы згодна сваіх поглядаў. Калі ласка, абмяркуйце ў групах і адкажыце, чаму вы так лічыце.
Адказы дзяцей
– У выніку абмеркавання ў каго-небудзь змяніўся погляд? Чаму?
Я думаю, што мы яшчэ звернемся да гэтага пытання на наступных уроках гісторыі.
Пра эпоху Пятра Вялікага можна расказваць шмат цікавага, але сёння мы паспрабуем скласці пасланне ў будучыню, дзе абазначым, што вы лічыце галоўным і што патрэбна каб ведалі іншыя. (Вучням 1–3 узроўняў прапаноўваю выказванні па тэме, якія яны могуць выкарыстоўваць, а вучні 4–5 узроўняў вызначаюць галоўнае самастойна. Можна працаваць індывідуальна, у парах, групах).
Адказы афармляюцца на дошцы:
ЭПОХА ПЯТРА ВЯЛІКАГА
1.
2. і г.д.
Абагульненне вучнямі па тэме ўрока.
Вяртаемся да эпіграфа ўрока.
– Ці адпавядае эпіграф уроку?
– Чаму так лічыце?
Выкажыце сваю думку па ўроку:
– | + | Цікава |
V Выстаўленне адзнак
VI Дамашняе заданне
§ 24, пытанні на ст.146.
Творчае заданне (на выбар):
1) скласці крыжаванку па тэме ці заданне для суседа па парце;
2) абгрунтаваць адказ на пытанне “Пётр I быў рэвалюцыянерам ці рэфарматарам на троне?”